Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Камандная тактыка і дубль у Манака. Jaguar як па нотах правялі восьмы этап Формулы Е

Камандная тактыка і дубль у Манака. Jaguar як па нотах правялі восьмы этап Формулы Е

28 красавіка, 13:14
Камандная тактыка і дубль у Манака. Jaguar як па нотах правялі восьмы этап Формулы Е

Фота: Formula E

Траса ў Манака застаецца сабой што ў Формуле 1, што ў Формуле Е. Вырашальныя тут заўсёды не абсалютная хуткасць, а тактычныя гульні, і менавіта яны дазволілі ўчора пасля доўгага перапынку атрымаць перамогу Мітчэлу Эвансу.

Напэўна абавязковыя піт-стопы маглі б зрабіць гонкі электрычнай Формулы больш непрадказальнымі, і ўвесці іх арганізатары чэмпіянату свету плануюць. Толькі плануюць цяпер у лепшым выпадку ў канцы гэтага сезона, калі будзе гатовая сістэма хуткай падзарадкі батарэй магутнасцю 600 кВт.

Пакуль жа пілотам прыходзіцца выбіраць зручныя моманты для актывацыі рэжыму атакі і потым пісьменна распараджацца дадатковай магутнасцю, каб не «абсохнуць» на фінішы. Пры гэтым абганяць у Манака складана нават на электрычных балідах, а то, магчыма, перамог бы ўчора і лідар сезона з Tag Heuer Porsche Паскаль Верляйн.

Немец учора стартаваў з поўлу, захаваў лідарства на стаце, але страціў яго якраз калі адправіўся ў зону актывацыі рэжыму атакі на трэцім кругу, адкаціўшыся на пятую пазіцыю. На якой, забягаючы наперад, ён і фінішаваў, так і не вярнуўшыся ў барацьбу за перамогу.

Перашкодзіў Паскалю ў тым ліку аўтамабіль бяспекі, які выехаў на трасу ўжо праз два кругі, у тым ліку праз аварыю каля Басейну пілота Mahindra Racing Эдоарда Мартары, які сутыкнуўся з праблемамі з тармазамі. Хаця ў пачатку гонкі хапала і дробных інцыдэнтаў, пасля якіх на трасе засталіся абломкі.

Рэстартавала гонка на восьмым кругу, і Мітчэл Эванс, які яшчэ на старце апярэдзіў напарніка па Jaguar TCS Racing Ніка Кэсідзі, выйшаўшы тады на трэцюю пазіцыю, пайшоў у атаку на канкурэнта з DS Penske Стофеля Вандорна. Бельгіец стартаваў другім і ўзначаліў пелатон пасля таго, як Верляйн адправіўся за дадатковымі кілаватамі. Эванса ж Стофель прапусціў толькі калі сам актываваў рэжым атакі.

Мітчу ж пашанцавала, што ў яго такі напарнік, бо сваёй перамогай ён у многім абавязаны Кэсідзі. Пераможца другой гонкі ў Ад-Дырыі наўмысна пачаў адтарможваць пелатон, каб даць магчымасць новазеландцу атрымаць дадатковую магутнасць без страты пазіцыі.

На сто адсоткаў гэта не атрымалася, бо пазіцыю на пятнаццатым кругу Эванс усё ж такі саступіў, але толькі адну і толькі Кэсідзі, ад якога ўжо быў ад’ехаў на чатыры секунды. Нік і сам цалкам заслугоўваў перамогі, бо ён якраз пасля актывацыі рэжыму атакі лідарства захаваў, але праз два кругі новазеландзец прапусціў наперад свайго напарніка і суайчынніка.

Напарнік жа Вандорна Жан-Эрык Вернь у сваю чаргу прасіў каманду прымяніць тактыку і даць яму магымасць выйсці наперад і паспрабаваць пабароцца другое месца або нават перамогу, тым больш што Верляйн быў у небяспечнай блізказці. Француз нават абяцаў вярнуць пазіцыю Стофелю, калі ў яго не атрымаецца абагнаць кагосьці з суперніаў з Ягуара наперадзе, але ў камандзе вырашылі праявіць асцярожнасць, і Вандорн спакойна даехаў да фінішу на трэцяй пазіцыі.

Кэсідзі ў сваю чаргу звярнуўся да каманды за тлумачэннямі, што рабіць яму – бароцца з Эвансам або ўтрымліваць другую пазіцыю. Гледзячы па выніках гонкі, у Jaguar аддалі перавагу другому варыянту. Верагодна, па прычыне таго, што Мітчу ачкі болей патрэбныя, бо ў чэмпіянаце ён пасля сваёй перамогі мае 77 і ідзе толькі пятым, даволі далёка ад групы лідараў.

А вось Кэсідзі спрачаецца за лідарства, займаючы другую пазіцыю. У яго 95 ачкоў супраць 102-х у Верляна. Праўда, блізка і пераследнікі – дзейны чэмпіён з Andretti Джэйк Дэніс, які праз неабходнасць замены перэдняга спойлеру фінішаваў у Манака толькі дзевятнаццатым, ідзе следам з 89-цю баламі, на адзін апярэджваючы пераможца першай гонкі ў Мізана Олівера Роўланда, які ўчора фінішаваў шостым. Jaguar цяпер упэўнена ўзначальвае камандны залік, маючы ў ім 172 ачкі, Porsche са 128-мю баламі на другой пазіцыі, Andretti мае 113 балаў і замыкае першую тройку.

Наперадзе роўна палова сезона Формулы Е – восем этапаў. Усе яны будуць праходзіць парна, па два за ўік-энд. На наступных у Берліне 11 і 12 мая склады многіх каманд зменяцца часткова або нават поўнасцю, бо некаторым пілотам прыдзецца выступаць у Спа-Франкаршам на этапе WEC. Нашаму жа блогу, як і яго Тэлеграм-каналу Honačnaja psichapatyja ніхто не забароніць сачыць за абодвума чэмпіянатамі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты