Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Скандалы, інтрыгі і расследванні новага сезона Формулы 1, а таксама пара слоў пра мінулы

Скандалы, інтрыгі і расследванні новага сезона Формулы 1, а таксама пара слоў пра мінулы

Скандалы, інтрыгі і расследванні новага сезона Формулы 1, а таксама пара слоў пра мінулы

Фота: formula1.com

Ох, колькі навін прынесла міжсезонне Каралеўскіх аўтагонак! Надыходзячы сезон будзе цікавым, нават калі Макс Ферстапен возьме чацвёрты тытул, выйграўшы абсалютна ўсе Гран Пры. Хоць мы, канечне, спадзяемся на лепшае, і мінулы год даў нам мінімальныя падставы на такія надзеі.

Эх, такую гонку – і не толькі яе, а амаль усе восеньскія! – праз калгасных фашыстаў (называць праваахоўчымі органамі памагатых дыктатара, узурпатара і саўдзельніка ваенных злачынстваў супраць Украіны я катэгарычна адмаўляюся) прыйшлося ў запісу глядзець! Гран Пры Сінгапура стаў тым самым праменчыкам у змрочным царстве дамінавання Red Bull і Ферстапена, што не дае канчаткова страціць веру ў Формулу 1.

Тая даволі нечаканая перамога пілота Ferrari Карласа Сайнса паказала, што ў Чырвонага Быка, якога асядлаў цяпер ужо трохразовы чэмпіён свету, ёсць і слабыя бакі. Ды іх было бачна і па рэгулярным праблемам у кваліфікацыях Серхіа Перэса, які, аднак, усё ж такі стаў віцэ-чэмпіёнам, упершыню ў гісторыі Red Bull забяспечыўшы камандзе дубль па выніках сезону.

Таму лепей не сілкаваць ілюзій: на сённяшні момант у чэмпіянаце свету ёсць калектыў з Мілтан-Кінса і ёсць усе астатнія. Пра кожнага з іх мы ніжэй пагаворым асобна, тым больш што ці не кожны ж даў нам для гэтага прычыны, аднак тэндэнцыя апошніх, напэўна, дзесяцігоддзяў захоўваецца, і перавагу па-ранейшаму мае той, хто адразу пасля змены тэхнічнага рэгламенту захапіў лідарства.

Так было з Mercedes, які дамінаваў з пачатку турба-гібрыднай эры, так потым стала з тым жа Red Bull, які вярнуўся на вяршыню пасля вяртання граўнд-эфекту, калі праз выкліканую ім з’яву так званага «дэльфінавання» намучыліся амаль усе астатнія каманды. Так, быў яшчэ 2021 год, калі Макс Ферстапен і Льюіс Хэмілтан змагаліся на роўных, а нідэрландзец перамог з мацнейшым скандалам. І той сезон моцна нас распесціў, у выніку чаго два наступныя ледзь у дэпрэсію не загналі.

Але і тут ужо можна знайсці падставы для аптымізму, бо аказалася, што напружаная барацьба магчымая і без кардынальных змен правілаў. Праўда, я б тут жа зрабіў агаворку, што для таго, каб гэта атрымлівалася, правілам тым лепей бы заставацца стабільнымі больш ці менш працяглы час. Цяперашнія ж будуць выкарыстоўвацца яшчэ ўсяго два гады, а пасля…

А пасля можа быць усё, што заўгодна, бо зменяцца і машыны, і сілавыя ўстаноўкі. І як будзе працаваць тая, што Ford падрыхтуе для Red Bull, мы можам толькі рабіць здагадкі. Што справядліва і для Audi, якая нарэшце дабярэцца да Вялікіх Прызоў, і для іх колішніх фаварытаў – Mercedes, Ferrari і нават McLaren.

Дый згаданы 2021-шы навучыў нас таму, што ўсё можа здарыцца і раней, тым больш што ў шэрагу каманд адбыліся або маюць адбыцца кардынальныя змены нетэхнічнага характару. І таму замест агульных прагнозаў наконт сезона-2024 асабліва варта асобна ацаніць шанцы на поспех кожнай з каманд і кожнага з пілотаў. Сезон ужо блізка, навін пра яго, як і гонак, будзе багата. Пра ўсё самае важнае і цікавае будзе пісаць і «Гоначная псіхапатыя», у тым ліку ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja, і нашы сябры і партнёры – Formuła Pieramohi | F1. Ну і вядома: віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Oracle Red Bull Racing

Першае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (860 ачкоў)

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: Макс Ферстапен (Нідэрланды, стартавы нумар 1), чэмпіён 2023 года (575 ачкоў), Серхіа Перэс (Мексіка, стартавы нумар 11), другое месца ў 2023 годзе (285 ачкоў). Рэзервовы пілот Ліам Лоўсан (Новая Зеландыя).

Кіраўнік: Крысціан Хорнэр

Тэхнічны дырэктар: П’ер Вашэ

Нават той не лепшы Гран Пры Сінгапура не перашкаджае сцвярджаць, што сезон-2023 для каманды з Мілтан-Кінса прайшоў як па маслу. Дакладней, так яго правёў найперш цяпер ужо трохразовы чэмпіён Макс Ферстапен. Серхіа Перэс жа, бліснуўшы ў Саудаўскай Аравіі і Азербайджане, затым рэгулярна сутыкаўся з праблемамі, асабліва ў кваліфікацыях і дарам, што стаў віцэ-чэмпіёнам, але па ачках саступіў самому сабе ў параўнанні з 2022-м годам, калі ён набраў 305.

Кантракт Чэка падпісаны да канца гэтага года, таму яму як ніколі патрэбныя поспехі і калі не перамогі, то хаця б рэгулярныя подыумы. Зразумела, што каманда ўсё роўна будзе працаваць на Ферстапена, аднак ніхто і Перэсу не забароніць паказваць сябе з лепшых бакоў. Вядома, сваю негатыўную ролю можа адыграць тэхнічны фактар, калі балід RB20 будзе будавацца пад Макса, таму Серхіа мусіць старацца ўдвая.

Ці такое ўжо насамрэч яго становішча складанае? З аднаго боку, другога Ферстапена ў моладзевай праграме Red Bull пакуль што быццам бы не праглядаецца, а то б Юкі Цунода, напэўна, даўно б саступіў сваё месца ў былой AlphaTauri, як гэта пасярэдзіне мінулага сезона зрабіў Нік дэ Фрыс. З іншага ж, той жа Даніэль Рыкарда яшчэ ў мінулым годзе вярнуўся ў распараджэнне доктара Хельмута Марка, які вядомы сваёй бязлітаснасцю да тых, у кім не бачыць перспектыў.

А нечаканы крок сяміразовага чэмпіёна Льюіса Хэмілтана можа вярнуць у структуру Red Bull і Карласа Сайнса, які пасля гэтага сезона саступіць месца ў Ferrari брытанцу. Карацей, Перэса ў любым выпадку чакае няпросты сезон, і выкладацца яму прыдзецца па максімуму. Лідарам жа, фармальным або не, застанецца Ферстапен, у якога дакладна будзе ўсё, каб заваяваць і чацвёрты тытул, у тым ліку лепшая ў пелатоне машына. Наўрадці мінулагоднія фінансавы і спартыўны штрафы неяк значна перашкодзілі Эдрыану Ньюі, таму ён сваю працу выканаў выдатна, можна не сумнявацца.

Праўда, зусім без скандалаў у Red Bull не абышлося, і ў чарговы патрапіў цэлы вялікі бос Крысціан Хорнэр. Нейкія яго незразумелыя непрыстойныя паводзіны прывялі да ўнутрыкаманднага расследвання. Хадзілі плёткі пра тое, што брытанец даслаў адной з супрацоўніц каманды фота ледзь не ў стылі Алега Гайдукевіча, аднак на самой справе з ёй быццам бы меў месца чыста працоўны канфлікт.

Таму наўрад ці ён прывядзе да нейкіх непрыемных для Хорнэра наступстваў, а ў Red Bull не будуць раскідвацца карыснымі кадрамі, тым больш што ў адваротным выпадку калектыў мог бы застацца і без Ньюі – іх з Крысціанам пасады ўзаемазалежныя. Так што прыдзецца канкурэнтам Чырвонага Быка неяк перамагаць яго на гоначных трасах, а не чакаць у яго шэрагах гучных драм.

Mercedes-AMG Petronas Formula One Team

Другое месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (409 ачкоў)

Склад: Льюіс Хэмілтан (Вялікабрытанія, стартавы нумар 44), трэцяе месца ў 2023 годзе (234 ачкі), Джордж Расэл (Вялікабрытанія, стартавы нумар 63), восьмае месца ў 2023 годзе (175 ачкоў). Рэзервовы пілот Мік Шумахер (Германія).

Кіраўнік: Тота Вольф

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Элісан

У чэмпіянаце свету MotoGP яшчэ па ходу міналага сезону адбылася сенсацыя, калі стала вядома, што шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес пакідае заводскую Хонду і пераходзіць у Gresini. Параўнаць гэта я збіраўся якраз з тым, як быццам бы Льюіс Хэмілтан пакінуў Mercedes і перайшоў… ну ў Ferrari, напрыклад (хаця параўнанне не зусім карэктнае, бо Gresini ў адрозненні ад Скудэрыі незаводская каманда). Вядома, я адразу планаваў зрабіць абмоўку, што ні ў якую Ферары Хэмілтан не збіраецца, а ён, аказваецца, якраз збіраўся!

Канечне, пра мары Льюіса аб чырвоным камбінезоне мы ведалі і раней, але лютаўская навіна пра яго рашэнне ўсё роўна мела эфект бомбы, што выбухнула. Цяперашняя форма каманды, з якой брытанец дабіўся найбольшага ў сваёй кар’еры, яўна яго не задавальняе і не матывуе. Так, 2023 год у параўнанні з папярэднім можна нават прызнаць удалым – перамог хоць і не было, але Ferrari атрымалася пакінуць ззаду.

Праўда, Срэбраныя Стрэлы апярэдзілі скакуноў з Маранэла ўсяго на тры ачкі, і форма «чырвоных» у прынцыпе дазваляла ім паўтарыць поспех 2022 года. Што, напэўна, і дапамагло Хэмілтану паверыць у Скудэрыю і прыняць новы выклік. І калі ў Ferrari добра падрыхтуюцца да чарговай змены тэхнічнага рэгламенту ў 2026-м, Льюіс апынецца на кані ледзь не ва ўсіх сэнсах.

Але спачатку яго і Джорджа Расэла, чые вынікі ў мінулым годзе натуральна праселі, чакае сезон з балідам Mercedes W15, які рыхтаваўся ўжо пад кантролем Джэймса Элісана і які пабудаваны па іншай канцэпцыі. Двух невыразных сезонаў хапіла, каб прызнаць, што папярэдняя не працавала так, як мусіла б. Але ці дасць новая тое, чаго ад яе чакаюць? Вынікі перадсезонных тэстаў у Бахрэйне, што прайшлі на гэтым тыдні, не гавораць ні аб чым, хаця ў пілотаў адчуванні хутчэй пазітыўныя. Вось толькі ў FIA ўжо ўзніклі пытанні да мерсэдэсаўскага пярэдняга антыкрыла…

Так ці інакш, толькі першая гонка сезона дасць на заданае вышэй пытанне дакладны адказ. Што ж да гоншчыкаў, то старацца будуць абодва, прытым што вядомая будучыня абодвух. Хіба што Расэл, на маю думку, будзе ўсё ж такі крыху болей матываваным. Пасля сыходу Хэмілтана яму будзе адведзеная роля лідара каманды, і хоць яе кіраўніцтва не будзе спяшацца з выбарам новага напарніка Джорджа, яму ўсё роўна трэба будзе спраўдзіць стаўку на яго. Але і для Льюіса добры вынік будзе важным, а паколькі ніякіх абавязкаў у яго цяпер быццам бы няма, унутрыкамандная барацьба ў Mercedes можа аказацца напружанай і цікавай.

Scuderia Ferrari

Трэцяе месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (406 ачкоў)

Склад: Шарль Леклер (Манака, стартавы нумар 16), пятае месца ў 2023 годзе (206 ачкоў), Карлас Сайнс (Іспанія, стартавы нумар 55), сёмае месца ў 2023 годзе (200 ачкоў). Рэзервовы пілот: Антоніа Джавінацы (Італія).

Кіраўнік: Фрэдэрык Васёр

Тэхнічныя дырэктары: Энрыка Кардыле (шасі), Энрыка Гуалцьеры (сілавая ўстаноўка), Фабіа Мантэкі (канцэпцыя машыны і праектыроўка шасі), Энрыка Рака (пастаўкі і вытворчасць)

Адносна папярэдняга сезона Скудэрыя даволі моцна не дабрала балаў, саступіла тры Мерсэдэсу і апусцілася на трэці радок Кубку канструктараў, хаця была на другім. Але ці ўсё так ужо дрэнна? Так, у асноўным гоншчыкі ў чырвоным былі па-за барацьбой за перамогі, а лакальны поспех Карласа Сайнса не зрабіў надвор’я (і не ўратаваў самога іспанца, які дакочвае ў складзе каманды з Маранэла апошні сезон). А хто, паклаўшы руку на сэрца, апроч пілотаў Red Bull наогул быў прэтэндэтам на высокія месцы?

Барацьба ж з Mercedes ішла ледзь не да апошняга, і калектыву з Браклі проста крыху больш пашанцавала. І не факт, што сітуацыя паўторыцца ў 2024 годзе, хаця тут, канечне, усё будзе залежыць ад таго, як дзве каманды падрыхтуюцца да новага сезона. Канструктарскі штаб Срэбраных Стрэл напэўна правёў працу над памылкамі, і новая машына напэўна лепей за старую, але і ў Ferrari могуць, калі хочуць. Ну і калі не даюць занадта волі сваім гоначным стратэгам.

За перамогі, на маю думку, у надыходзячым сезоне рэальна змагацца не будуць ні Mercedes, ні Ferrari, але паміж іх пілотамі, а таксама іх канкурэнтамі з McLaren, пра якіх гаворка пойдзе ніжэй, мы пабачым нямала баталій. Матываванымі будуць і Сайнс, і Леклер – першаму трэба будзе гучна пляснуць дзвярыма і прарэкламаваць сябе патэнцыйным працадаўцам (Mercedes? Red Bull?), другі мусіць прадэманстраваць свае лідарскія якасці перад прыходам у каманду сапраўднай зоркі. І тут Скудэрыя можа патрапіць у пастку, якую сама ж і створыць.

Справа не ў патэнцыйным надзяленні Леклера званнем першага нумару ў камандзе, на чым, па інфармацыі італьянскага выдання Corriere dello Sport, настойвала вышэйшае кіраўніцтва Ferrari і з чым пагадзіўся кіраўнік Скудэрыі Фрэдэрык Васёр. Бо наўрад ці прэзідэнт кампаніі Джон Элкан, які быцццам бы моцна хацеў бачыць у камандзе Хэмілтана, хацеў яго бачыць у якасці другога нумару.

Праблемай могуць быць якраз высокія чаканні ад Льюіса, якія спраўдзяцца толькі ў выпадку, калі брытанец атрымае вартую машыну. Разлік тут, верагодна, на тое, што Хэмілтан прывядзе ў Ferrari і інжынераў з механікамі, якія дапамогуць італьянскай камандзе вярнуцца на вышыні, на якія яна была ў часы, калі за яе выступаў Міхаэль Шумахер.

Аднак мне здаецца, што шлях да перамог адкрывае не толькі канструктаскі геній, але і пісьменны мэнэджмэнт, з чым у Маранэла ў апошнія гады былі моцныя праблемы. Ацэньваць эфектыўнасць кіраўніцтва Васёра пакуль зарана, аднак у 2026 годзе вынікі яго намаганняў ўжо могуць быць бачнымі. І калі яны будуць пазітыўнымі, стаўка на Хэмілтана спрацуе.

Вось толькі ўзрост сяміразовага чэмпіёна, якому ўжо 39 гадоў, не ёсць яго канкурэнтнай перавагай, і 26-гадовы Леклер у гэтым плане знаходзіцца ў болей выгадным становішчы. Яму з Сайнсам і карты ў рукі – сезон-2024 будзе надзвычай важным для абодвух.

McLaren Formula 1 Team

Чацвёртае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (302 ачкі)

Матор: Mercedes

Склад: Ланда Норыс (Вялікабрытанія, стартавы нумар 4), шостае месца ў 2023 годзе (205 ачкоў), Оскар Піастры (Аўстралія, стартавы нумар 28), дзявятае месца ў 2023 годзе (97 ачкоў). Рэзервовыя пілоты: Рыючы Хіракава (Японія), Патрысіа О’Ворд (Мексіка).

Кіраўнік: Андрэа Стэла

Тэхнічныя дырэктары: Роб Маршал (інжынірынг і канструкцыя), Пітэр Прадрому (аэрадынаміка), Давід Санчас (канцэпцыя машыны)

Прагрэс адносна 2022 года відавочны, і так шкада, што па-сапраўднаму ў каманды з Уокінга ён адбыўся толькі бліжэй да другой паловы сезона, калі спачатку Ланда Норыс (у Аўстрыі), а затым і Оскар Піастры (у Вялікабрытаніі) атрымалі тэхнічныя абнаўленні. Былі б іх баліды такімі ад самага пачатку, глядзіш, McLaren па выніку сезону заняў бы і другое месца ў Кубку канструктараў. Па хуткасці, прынамсі, аранжавыя машыны ў другой палове былі дакладна другімі.

Тэхнічная мадэрнізацыя базы каманды працягваецца, новая аэрадынамічная труба ўжо працуе, таму мы маем права чакаць і далейшага прагрэсу ў выніках. Канкурэнтаздольнымі сябе паказалі абодва пілоты, і калі яны ізноў атрымаюць якасную зброю, барацьба за другое месца па выніках сезона-2024 будзе вострай і шчыльнай. Дацягнуцца да Red Bull, як і ў выпадках з Mercedes і Ferrari, наўрад ці атрымаецца, аднак лакальных поспехаў, у тым ліку перамог на асобных Гран Пры, змогуць дабіцца і Норыс, і Піастры.

Пры гэтым кіраўнік McLaren Зак Браўн яшчэ ў 2021 годзе быў нават больш катэгарычным. У адным з каментароў адносна якраз аэрадынамічнай трубы ён тады заявіў, што ў каманды не будзе апраўданняў, калі ў 2024-м яе пілоты не будуць прэтэндаваць на чэмпіёнскі тытул. Але я б глядзеў на сітуацыю цвяроза і не чакаў цудаў тут і зараз. Што – ізноў раблю такую абмоўку – не выключае ў прынцыпе магчымасці такіх цудаў. Захаванне мінулагодняга ўзроўню і паступовы стабільны прагрэс у цяперашніх умовах таксама важныя і каштуюць дорага.

Канечне, не спяць у шапку і канкурэнты, і той жа Mercedes можа ў сваю чаргу стрэліць адносна мінулага года. Напэўна паспрабуе рэабілітавацца і Aston Martin, які так яскрава стартаваў летась. Аднак падначаленым Андрэа Стэлы, што я прадбачыў год таму, удалася эфектыўна выправіць хібы, якія ўзніклі пасля змены рэгламенту, і, відаць, без рэвалюцыйнага перагляду канцэпцыі, які відавочна неабходны таму ж Мерсэдэсу.

А гэта значыць, што ва ўмовах бюджэтных абмежаванняў наяўныя сродкі можна выдаткаваць больш эфектыўна, развіваючы аўтамабіль, а не латаючы яго тэхнічныя дзіркі. База перад новым сезонам у McLaren добрая, гоншчыкі таленавітыя, таму другое месца ў Кубку канструктараў сёлета будзе дасягальным.

Aston Martin Aramco F1 Team

Пятае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (280 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Фернанда Алонса (Іспанія, стартавы нумар 14), чацвёртае месца ў 2023 годзе (206 ачкоў), Лэнс Строл (Канада, стартавы нумар 18), дзясятае месца ў 2023 годзе (74 ачкі). Рэзервовы пілот: Феліпэ Другавіч (Бразілія).

Кіраўнік: Майк Крак

Тэхнічны дырэктар: Дэн Фэлоўз

Яшчэ адна каманда, якая дабілася прагрэсу ў параўнанні з 2022-м годам, падняўшыся ў Кубку канструктараў з сёмага месца на пятае. Але ж мы чакалі большага! Успомніце толькі, як сезон-2023 пачынаўся. Здавалася, што яшчэ крыху, і Фернанда Алонса прынясе Астан Марціну і першую перамогу (поспех Серхіа Перэса на Гран Пры Сахіра ў 2020 годзе фармальна належыць камандзе з іншай назвай).

Аднак сезон ішоў, а прагрэсу не назіралася, тады як канкурэнты выступалі ўсё лепей. Спачатку наперадзе апынуліся Mercedes і Ferrari, а потым і ў McLaren адкрыўся другі подых. У выніку калектыў Лоўрэнса Строла паказаў той вынік, які ў цэлым адпавядае яго сапраўднаму ўзроўню. Ці павысіўся ён у 2024-м?

Майк Крак і Дэн Фэлоўз сцвярджаюць, што паспрабавалі прыбавіць ва ўсім, зрабіць машыну болей універсальнай. І, грунтуючыся на сваім мінулагоднім прагнозе, я схільны ім верыць. Усё ж такі нельга сказаць, што другую палову сезона-2023 у Aston Martin правалілі – Алонса на подыумы хоць і радзей, але заязджаў. І напэўна двухразовы чэмпіён свету не разгубіў сваёй хуткасці за міжсезонне.

Слабым звяном застаецца Лэнс Строл, але тут нічога не зробіш – сына ўладальніка каманды так проста з хаты на мароз не выкінеш. Хаця летась 25-гадовы канадзец заўважна прыбавіў і ачкі зарабляў часцей, чым не зарабляў. Верагодна, пад прыбаўкай ва ўніверсальнасці баліду AMR24 адносна папярэдніка мелася на ўвазе і тое, што яго патэнцыял зможа раскрыць не толькі Алонса.

Калі так, то мы ізноў зможам разлічваць, што зялёныя (дакладней, чорна-зялёныя – чорны колер цяпер у трэндзе) баліды рэгулярна будуць у групе лідараў. Не ў лідарах, канечне, але з Mercedes і Ferrari паспаборнічаць можна будзе. А вось наконт McLaren не ўпэўнены – ад гэтай каманды я цяпер чакаю многага. Таму найбольш рэалістычнай мэтай надыходзячага сезону для Aston Martin мне бачыцца трэцяе месца ў Кубку канструктараў.

BWT Alpine F1 Team

Шостае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (120 ачкоў)

Склад: П’ер Гаслі (Францыя, стартавы нумар 10), адзінаццатае месца ў 2023 годзе (62 ачкі), Эстэбан Акон (Францыя, стартавы нумар 31), трынаццатае месца ў 2023 годзе (58 ачкоў). Рэзервовы пілот: Джэк Дуэн (Аўстралія)

Кіраўнік: Бруна Фамэн

Тэхнічныя дырэктары: Мэт Харман (шасі), Эрык Мэйнан (сілавая ўстаноўка)

Напэўна, сапраўдны правал-2023 – з чацвёртага месца ў Кубку канструктараў годам раней на шостае. Як і да гэтага, бракавала і хуткасці, і надзейнасці. Што П’ер Гаслі, што Эстэбан Акон у асноўным ледзь набіралі ачкі, хаця пару разоў кожнаму ўдалася бліснуць: П’еру – у Нідэрландах і Осціне, Эстэбану – у Манака і Лас-Вэгасе.

Замена Отмара Сафнаўэра Бруна Фамэнам пасярэдзіне сезона сітуацыі не змяніла, у верхнюю групу сяраднякоў Alpine так і не патрапілі. І пакуль не бачна прычын думаць, што нешта істотна зменіцца ў лепшы бок у 2024 годзе. Хаця ізноў жа, спадзявацца на лепшае ніхто не забараняе. Склад пілотаў каманды ў прынцыпе нядрэнны, аднак магчымасці Гаслі і Акона аб’ектыўна абмежаваныя тэхнічным узроўнем іх машын.

Таму вось у выпадку з Альпін я б цудаў не чакаў наогул. На асобныя ўдалыя гонкі ў выкананні то аднаго гоншчыка, то іншага, разлічваць можна, але не на іх сістэматычную барацьбу за высокія месцы. Што ў выніку можа прывесці да таго, што канцэрн Renault у чарговы раз нагуляецца ў Формулу 1 і пакіне яе, калі не пасля гэтага года, то пасля наступнага.

Каманда пры гэтым можа застацца, але ўжо пад новай шыльдай – Andretti, напрыклад. У якасці адзінаццатага ўдзельніка Майкла Анрэці разам з Кадылакам кіраўніцтва Вялікіх прызоў бачыць не хоча, маўляў, у такім выглядзе, у якім ён прапануецца, гэты праект не мае каштоўнасці для Формулы 1. Яшчэ раз па складах: прыход фактычна новага вытворцы (а гэта мусіць быць Andretti Cadillac) не мае для Ф1 каштоўнасці. О, дзівосны новы свет!

Не абавязкова, зрэшты, што ў Renault зусім страцяць веру ў сваю каманду ў Формуле 1. З гледзішча маркетынгу ён у прынцыпе ўдалы, брэнд Alpine прасоўваць на рынку дарожных спорткараў дапамагае. Дый у Майкла Андрэці выбар, каго б у крайнім выпадку купіць, толькі гэтай камандай не абмяжоўваецца (пра гэта – ніжэй). А змена рэгламенту ў 2026 годзе можа і французскі калектыў узняць нават на вяршыню. Ён там ужо быў, так што нічога немагчымага тут няма.

Williams Racing

Сёмае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (28 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Алекс Албан (Тайланд, стартавы нумар 23), трынаццатае месца ў 2023 годзе (27 ачкоў), Логан Сарджэнт (ЗША, стартавы нумар 2), дваццаць першае месца ў 2023 годзе (1 ачко). Рэзервовы пілот: Ліам Лоўсан (Новая Зеландыя)

Кіраўнік: Джэймс Ваўлз

Тэхнічны дырэктар: Пэт Фрай

Цуд не адбыўся ізноў, дзясяты Кубак канструктараў калектыў з Гроўва не выйграў, восьмага тытулу сярод гоншчыкаў таксама пакуль няма. Аднак прагрэс відавочны – Williams болей не на апошнім месцы. Хуткасці ў балідаў каманды прыбавілася, але заўважная яна летась была толькі ў асаблівых умовах – пераважна на трасах з нізкай або адносна нізкай прыціскной сілай.

Было б лагічным чакаць, што канструктарскі штаб Williams паставіў перад сабой задачу зрабіць новы аўтамабіль канкурэнтаздольным і пры наладах з высокім прыціскам. Трэба думаць, што для Пэта Фрая, які цяпер з’яўляецца тэхнічным дырэктарам, такая місія не ёсць невыканальнай, і ў 2024 годзе мы пабачым далейшы прагрэс некалі чэмпіёнскай каманды.

Прагрэс патрэбны і аднаму з пілотаў – Логану Сарджэнту. Калі яго мінулагоднія, скажам шчыра, не самыя ўражальныя вынікі ячшэ можна было спісаць на недахоп досведу, то сёлета амерыканец ужо павінен будзе ехаць хутчэй. Што на балідзе Williams у прынцыпе магчыма набіраць ачкі, неаднаразова даказваў яго напарнік Алекс Албан, які, напэўна, і ў надыходзячым сезоне стане галоўным здабытчыкам каманды.

І калі каманда вырашыць свае тэхнічныя задачы, а Сарджэнт – свае пілоцкія, то… Ну, хай не подыумы, а вось барацьба з тымі ж Alpine за шостае месца ў Кубку канструктараў не будзе выглядаць чымсьці з разраду ненавуковай фантастыкі. А Sauber з AlphaTauri (ці як яны там зараз завуцца?) і Haas і так ужо пакінутыя ззаду.

Visa Cash App RB Formula One Team

Восьмае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (25 ачкоў)*

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: Юкі Цунода (Японія, стартавы нумар 22), чатырнаццатае месца ў 2023 годзе (17 ачкоў), Даніэль Рыкарда (Аўстралія, стартавы нумар 3), сямнаццатае месца ў 2023 годзе (6 ачкоў).

* Пад назвай AlphaTauri

Кіраўнікі: Ларан Мекіс, Петэр Баер

Тэхнічны дырэктар: Джодзі Эгінтан

Прывыкайце: цяпер у чэмпіянаце свету ёсць Red Bull і ёсць RB. Менавіта так у скарочаным варыянце называецца з гэтага сезона экс-AlphaTauri і экс-Toro Rosso (і экс-Minardi). Ці дапаможа змена назвы палепшыць спартыўныя вынікі? Змянілася ж, дарэчы, і кіраўніцтва калектыву – Франц Тост пасля многіх гадоў сышоў на заслужаны адпачынак. І гэта, канечне, нашмат важней дзіўнай назвы.

Узначальвае RB цяпер былы спартыўны дырэктар Ferrari Ларан Мекіс. І сам па сабе гэты факт не адыграе такой значнай ролі, як, наколькі можна зразумець, з’яўленне адразу двух тытульных спонсараў – аплатнай кампаніі Visa і аплатнага ж мабільнага сэрвісу Cash App. Усё ж такі задачы перад канструктарамі будуць ранейшыя, а вось сродкі на сваю працу яны цяпер, напэўна, будуць атрымліваць большыя.

Але як мы ведаем на шматлікіх прыкладах, вялікія грошы зусім не гарантуюць поспеху. Натуральна, лепей калі яны ёсць, але і выдаткаваць іх неабходна эфектыўна, і гэты сезон стане для новага кіраўніцтва RB своеасаблівым экзаменам. У прынцыпе, для таго, каб адваяваць страчаныя за пару апошніх гадоў пазіцыі ў каманды з Фаэнцы ёсць усё, у тым ліку зусім нядрэнныя пілоты.

Як на годнай машыне можа выступаць Даніэль Рыкарда, мы ўсе выдатна ведаем. І застаецца толькі здагадвацца, як па-іншаму склаўся б лёс аўстралійца ў McLaren, калі б стан каманды быў бы такім, як пад канец мінулага сезону (дзеля справядлівасці, Ланда Норыс дабіваўся большага і на тым, што ў McLaren было адразу пасля змены рэгламенту). Прынамсі, у адрозненні ад Ніка дэ Фрыса, якога Хельмут Марка высадзіў з каманды пасля Сільверстоўна, Дэн, які і замяніў нідэрландца, ачкі ўсё ж такі зарабіў.

Калі захоча, можа і Юкі Цунода, і ён, улічваючы агульны ўзровень сваёй каманды, летась зрабіў усё ад яго залежнае, асабліва ў другой палове сезону. І калі ў новым сезоне японец атрымае годны балід, то RB зможа падняцца ў Кубку канструктараў у тым ліку і яго намаганнямі.

Stake F1 Team Kick Sauber

Дзявятае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (16 ачкоў)*

Матор: Ferrari

Склад: Валтары Ботас (Фінляндыя, стартавы нумар 7), пятнаццатае месца ў 2023 годзе (10 ачкоў), Гуаньюй Джоў (Кітай, стартавы нумар 24), васямнаццатае месца ў 2023 годзе (6 ачкоў).

Кіраўнікі: Андрэас Зайдль, Алесандра Алуні Браві

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Кі

* Пад назвай Alfa Romeo

Яшчэ адна дзіўная назва, якая ўжо прывяла каманду, што яе носіць, да непрыемнасцей. Дзейнасцю кампаніі Stake, зарэгістраванай на выспе Кюрасао, з’яўляецца апроч іншага і анлайн-казіно, стаўкі ў якім робяцца ў крыптавалюце. Многа дзе ў свеце да такога віду азартных гульняў улады ставяцца, мякка кажучы, неадназначна. У Швейцарыі, дзе знаходзіцца база Sauber, анлайн-казіно дазволеныя, але толькі кампаніям, у Швейцарыі ж зарэгістраваным. Stake, відавочна, рэкламаваць там сваю дзейнасць не можа

Паведамлялася, што Федэральная камісія па казіно падала супраць Sauber Motorsport пазоў, пасля чаго над камандай з Хінвіля павісла пагроза штрафу ў 500 000 швейцарскіх франкаў (амаль 530 000 еўра). Каб пазбегнуць такіх непрыемнасцей, Sauber Group прыйшлося выдаляць са спісу сваіх спонсараў і партнёраў брэнд Stake, хаця ў назве ён усё роўна згадваецца.

Зразумела, упэўненасці кіраўніцтву каманды такая сітуацыя не прыбаўляе, і афіцыйны прадстаўнік Алесандра Алуні Браві прама асцярог усіх ад завышаных чаканняў перад сезонам-2024. Яно і зразумела, што якая б назва ў калектыва не была, пакуль там няма слова «Audi», нейкіх прарываў ад яе патрабаваць проста несправядліва. Па выніках мінулага года тады яшчэ Alfa Romeo апусцілася на дзявятае месца ў Кубку Канструктараў пасля шостага годам раней, і калі ў 2024-м Kick Sauber хаця б утрымае яго – гэта ўжо будзе поспехам.

Хаця пад кіраўніцтвам экс-главы McLaren Андрэаса Зайдля, які цяпер узначальвае непасродна каманду Kick Sauber, справы могуць пайсці і лепей. Тым больш што следам за ім з Уокінга прыйшоў і Джэймс Кі, які заняў тую ж пасаду, што займаў і на папярэднім месцы працы – тэхнічнага дырэктара (Жан Маншо пайшоў на павышэнне і стаў тым жа тэхнічным дырэктарам, але ў камісіі FIA па гонках на аднамесных машынах).

Што немец, што брытанец у сваіх галінах кампетэнтныя, склад гоншчыкаў у Kick Sauber таксама дакладна не горшы. Хаця галоўным здабытчыкам ачкоў усё роўна застаецца Валтары Ботас, тады як Гуаньюй Джоў іх па розных прычынах увесь час не дабірае. Кітайцу будзе цяжэй удвая, бо яму на хутчэй за ўсё адной з самых павольных машын паказваць лепшае з таго, на што ён здольны. У адваротным выпадку ўжо ў Audi напарнікам Ботаса (калі фін сам застанецца ў камандзе) можа быць ужо хтосьці іншы.

MoneyGram Haas F1 Team

Дзясятае месца ў Кубку канструктараў у 2023 годзе (12 ачкоў)

Матор: Ferrari

Склад: Ніка Хюлькенберг (Германія, стартавы нумар 27), шаснаццатае месца ў 2023 годзе (9 ачкоў), Кэвін Магнусэн (Данія, стартавы нумар 20), дзевятнаццатае месца ў 2023 годзе (3 ачкі). Рэзервовыя пілоты: П’етра Фіціпальдзі (ЗША), Олівер Бэрман (Вялікабрытанія)

Кіраўнік: Аяо Камацу

Тэхнічны дырэктар: Андрэа дэ Зорда

Кіраўніцтва Формулы 1 лічыць, што прыход у чэмпіянат свету каманды Майкла Андрэці не быў бы каштоўным. А наяўнасць каманды Haas, якая ў 2018 годзе яшчэ здолела заняць пятае месца ў Кубку канструктараў, але затым не падымалася вышэй за восьмае, нейкую каштоўнасць нясе? Выбачаюся за англіцызм, тэйкі пра Williams не прымаюцца – у брытанскага калектыва славутае мінулае, а зараз пасля заняпаду ён паступова ачуньвае.

Мне ўжо даводзілася сустракаць у экспертным асяроддзі прапанову аб нейкім выпрабавальным тэрміне для новых каманд, пасля якога яны мусяць або стаць канкурэнтаздольнымі і быць як мінімум моцнымі сераднякамі, або сысці з Формулы 1 і саступіць месца тым, якія, магчыма, уяўляюць сабой тую самую так неабходную босам чэмпіянату каштоўнасць. І, гледзячы на Haas, я схіляюся да таго, што пэўнае рацыянальнае зерне ў такіх прапановах утрымліваецца.

Не, яркія эпізоды ў гісторыі амерыканскай каманды ў Ф1 былі. Яркай ва ўсіх сэнсах была аварыя Рамэна Гражана на Гран Пры Катара 2020 года, вельмі яскрава Кэвін Магнусэн пачаў сезон-2022, а на Гран Пры Сан-Паўлу таго ж года датчанін заваяваў першы і ў сваёй гісторыі, і ў гісторыі Haas поўл. Той год, нагадаю, быў вельмі няпросты для каманды – яна пазбавілася свайго тытульнага спонсара, кампаніі «Уралкалий». Адносіны і з ёй, і з сынам яе ўладальніка Мікітай Мазепіным прыйшлося парваць праз агрэсію Расіі супраць Украіны.

Аднак Haas быццам бы выстаялі і нават знайшлі новага тытульнага спонсара – амерыканскую фінансавую кампанію MoneyGram. Гюнтэр Штайнэр тады радаваўся, казаў, што цяпер нарэшце каманда дасягне столі бюджэту і атрымае дастаткова сродкаў для развіцця. Ну, атрымала (калі атрымала, канечне), і што? Вынікі дзе? Восьмае месца ў 2022 годзе і дзясятае ў 2023-м? І гэта каштоўна для Формулы 1?

Свечку я пры размовах уладальніка калектыву Джына Хааса са Штайнерам не трымаў, але, падазраю, змест іх прыблізна такім і быў. У выніку сезон-2024 каманда пачынае з новым главой – сваім былым гоначным інжынерам Аяо Камацу. Экзамен японца чакае ці не найцяжэйшы: ён не чарадзей, але гарбуз павінен нейкім чынам пераўтварыць у карэту.

Каго ў яе запрагаць ёсць – і Кэвін Магнусэн, і Ніка Хюлькенберг абодва здольныя спаборнічаць на роўных з канкурэнтамі на тэхніцы блізкага ўзроўню. Таму справа за малым – даць ім такую тэхніку. У адваротным выпадку, баюся, у 2026 годзе каманда Andretti ўсё ж з’явіцца ў Формуле 1, але на месцы Haas, якая пойдзе з чэмпіянату свету.

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты