Tribuna/Фігурнае катанне/Блогі/Winterfell/Фігурыст з Расіі спачатку стаў беларусам, а цяпер хоча быць амерыканцам. За год працы ў Мінску з яго спаганяюць 25 тысяч долараў

Фігурыст з Расіі спачатку стаў беларусам, а цяпер хоча быць амерыканцам. За год працы ў Мінску з яго спаганяюць 25 тысяч долараў

Супраць вайны не выступаў, затое знайшоў ў ЗША партнёрку – збіраюць грошы разам.

Блог — Winterfell
Аўтар — bytribuna com
8 чэрвеня, 09:36
Фігурыст з Расіі спачатку стаў беларусам, а цяпер хоча быць амерыканцам. За год працы ў Мінску з яго спаганяюць 25 тысяч долараў

Фігурыст Іван Дзясятаў у чэрвені пачаў збор сродкаў, каб адкупіцца ад Беларускага саюза канькабежцаў і перайсці пад амерыканскі сцяг. 22-гадоваму спартоўцу неабходна 25 тысяч долараў - столькі патрабуюць беларускія функцыянеры, каб кампенсаваць сродкі, што былі выдаткаваныя на падрыхтоўку Дзясятава. Па стане на сераду 8 чэрвеня фігурыст сабраў амаль 13 тысяч долараў. Расказваем, хто такі Дзясятаў і чаму федэрацыя выбівае з яго грошы.

Дзясятаў - ураджэнец Расіі. Па юніёрах лічыўся там у танцах на лёдзе адным з найлепшых выканаўцаў, праўда, не топавым. У пары з Кацярынай Андрэевай масквіч часта трапляў у склад расійскай зборнай на розныя міжнародныя спаборніцтвы, але на ўнутранай арэне вышэй за чацвёртае месца не паднімаўся. Вялікіх перамог дуэт Андрэева - Дзясятаў не меў, таму існавала вялікая рызыка, што фігурысты будуць нікому не патрэбныя пасля пераходу ў дарослы спорт. Праз гэта летам 2021-га пара прыняла рашэнне змяніць спартовае грамадзянства на беларускае.

За новую краіну ў другой палове 2021-га расіяне паспелі з'ездзіць на два этапы юніёрскага Гран-пры ў Куршавель і Гданьск, дзе вышэй за пятае месца не ўзнімалася. Акрамя гэтага Дзясятаў і Андрэева выйгралі два этапы адкрытага Кубка Беларускага саюза канькабежцаў, а таксама першынство Беларусі-2022 сярод юніёраў.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Дзясятаў з парады старэйшага брата вырашыў спыніць выступы за Беларусь і пакінуць краіну. За два тыдні Іван сабраў рэчы, развітаўся са шматгадовай партнёркай Андрэевай і паляцеў у ЗША, дрэнна ведаючы англійскую мову. У сацыяльных сетках спартоўца не знайсці пастоў з асуджэннем вайны. На нешматлікіх фатаграфіях у Instagram Іван дзеліцца здымкамі з паўсядзённага жыцця за акіянам.

Пасля спантаннага, па выразе самога спартоўца, пераезду ён не закінуў фігурнае катанне і ўжо ў пачатку лета 2022-га знайшоў новую партнёрку - амерыканку Ізабэлу Флорэс. Тут і ўзнікла праблема. Флорэс, як і сам Дзясятаў, не хацела выступаць пад беларускім сцягам, і гэта было натуральна, бо Міжнародны саюз канькабежцаў забаніў беларусаў і расіян за вайну ва Украіне. Уласна, таму Дзясятаў і страціў магчымасць выступаць на міжнародным узроўні.

Адзіным выйсцем для яго было адмовіцца ад беларускага грамадзянства і змяніць яго на амерыканскае. Для запуску працэсу патрабаваўся год каранціну, і Дзясятаў прапусціў міжнародны сезон-2022/23. Пасля яго заканчэння Іван звярнуўся ў беларускую федэрацыю па дакументы, што неабходныя для змены спартыўнага грамадзянства, але функцыянеры выставілі рахунак у 25 тысяч долараў, пасля аплаты якога абяцаюць аддаць паперы.

Расіянін збірае грошы на рахунак Флорэс, якая кажа, што ўпала ў роспач пасля таго, як даведалася пра патрабаванні беларускага боку. Менавіта амерыканка ініцыявала збор на дабрачыннай платформе.

«Сітуацыя з Ванем можа быць адлюстраваннем больш сур'ёзнай геапалітычнай напружанасці. Тым не менш гэтая сітуацыя не дала камандзе іншага выбару, акрамя як знайсці грошы самастойна ці пачакаць яшчэ год і спадзявацца на станоўчае вырашэнне гісторыі. Аднак за гэты час Беларускі саюз канькабежцаў можа не змяніць свае ўмовы, і тады Ваню ўвогуле не адпусцяць», – гаворыцца ў звароце па зборы сродкаў.

Флорэс даволі вядомая ў свеце фігурнага катання. У канцы 2021-га Ізабэла засталася без партнёра, якім быў амерыканскі спартовец расійскага паходжання Дзмітрый Царэўскі. Пара таксама выступала на юніёрскіх Гран-пры, дзе двойчы заваёўвала бронзу. За тыдзень да чэмпіянату ЗША-2021 Царэўскі нечакана знік, перастаўшы выходзіць на сувязь з Флорэс. Аказалася, што фігурыст паехаў да бацькоў у Лейквуд, у якіх вырашыў застацца на працяглы тэрмін. Цярпенне дзяўчыны лопнула ў лютым 2022-га, калі яна афіцыйна аб'явіла пра растанне з Царэўскі. У траўні 2023-га Дзмітрый вырашыў вярнуцца на лёд і пачаў працаваць з Катарынай Вулфкасцін.

Дзясятаў і Флорэс па ўзросце ўжо не могуць выступаць па юніёрах, таму ў іх пачаўся пераход на дарослы ўзровень. Пара паспела выступіць на адным спаборніцтве - чэмпіянаце ЗША, дзе экс-расіянін/беларус быў заяўлены як амерыканец. Дуэт заняў дзясятае месца - эксперты называлі гэта нядрэнным вынікам для першага сезона.

Цяпер Ізабэла і Іван ужо рыхтуюцца да наступнага года і займаюцца пастаноўкай новых праграм.

Андрэева, якую Дзясятаў пакінуў у Мінску, засталася выступаць пад беларускім сцягам. Ёй ужо знайшлі новага партнёра - таксама расіяніна Дзмітрый Блінова, які пагадзіўся на змену спартыўнага грамадзянства.

У мінулым сезоне пара выйграла два этапы і фінал адкрытага Кубка Беларускага саюза канькабежцаў, а таксама перамагла на першынстве Беларусі-2023 сярод юніёраў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты