Tribuna/Біятлон/Блогі/Winterfell/Экс-Алімбекава пачала трэнавацца, калі пасля родаў мінула толькі 2 тыдні. Нават Домрачава не вярталася так хутка

Экс-Алімбекава пачала трэнавацца, калі пасля родаў мінула толькі 2 тыдні. Нават Домрачава не вярталася так хутка

Здаецца, гэта рэкорд.

Блог — Winterfell
Аўтар — bytribuna com
26 кастрычніка, 13:51
Экс-Алімбекава пачала трэнавацца, калі пасля родаў мінула толькі 2 тыдні. Нават Домрачава не вярталася так хутка

28 верасня біятланістка Дзінара Смольская (у дзявоцтве Алімбекава) нарадзіла сына. Мужам спартсменкі таксама зʼяўляецца біятланіст зборнай Беларусі Антон Смольскі. Абодва атлеты – падпісанты ліста спартсменаў за беззаконне і актыўныя прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі.

За некалькі дзён да родаў жонкі Смольскі расказаў, што падчас цяжарнасці тая рвалася трэнавацца і нагружала сябе яшчэ за два дні да прыбыцця ў радзільню. Муж умешваўся і прасіў жонку хадзіць пешшу, а не бегаць. Яшчэ Смольскі казаў, што ягоная пасія мае намер вярнуцца да трэнаванняў адразу, як толькі зможа.

Праз некалькі дзён парадзіху з дзіцем выпісалі з радзільнага дому, а ўжо 14 кастрычніка экс-Алімбекава выклала фота ў форме з «Раўбічаў». То-бок прайшло ўсяго два з паловай тыдні пасля родаў.

Лекары нібыта правялі абследаванні і далі дазвол трэнавацца. Цяпер біятланістка паступова павялічвае нагрузкі.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Алег Рыжанкоў разлічвае на паўнацэннае вяртанне Смольскай у спорт да канца сезона-2023/24. Плануецца, што спартсменка стартуе ў красавіку на чэмпіянаце Расіі і этапе Кубка Садружнасці.

На днях біятлонная зборная адправілася ў Ханты-Мансійск, дзе пачала працу на снезе. У Расію сямʼя Смольскіх паехала ў поўным складзе.

А як хутка вярталіся ў спорт беларускія біятланісткі, якія нарадзілі раней?

Дарʼя Домрачава

У красавіку 2016-га алімпійская чэмпіёнка заявіла, што чакае дзіця ад нарвежскага біятланіста Уле Эйнара Бʼёрндалена. Праз некалькі месяцаў пара пабралася шлюбам, а ў кастрычніку таго ж года на свет у Мінску зʼявілася дачка Ксенія.

У зборнай Беларусі рабілі асцярожныя прагнозы наконт вяртання Домрачавай у біятлон. Галоўны трэнер Юрый Альберс увогуле прапаноўваў спартсменцы не спяшацца. Аднак у той былі свае планы – ужо ў канцы кастрычніка, праз чатыры тыдні пасля родаў, Домрачава прыступіла да трэнаванняў у Раўбічах. У студзені 2017-га, таксама па плане, Домрачава стартавала на першым этапе Кубка свету ў новым годзе. У Оберхофе беларуска стала 36-й у спрынце і прыехала 33-й у гонцы пераследавання. Упершыню пасля вяртання яна паднялася на пʼедэстал 12 лютага 2017-га, фінішаваўшы другой у пасьюце, хоць стартавала 27-й. Наперадзе ў Домрачавай былі эстафетнае золата і сярэбраны мас-старт на Гульнях у Пхенчхане-2018 і завяршэнне карʼеры ў тым жа годзе.

Анастасія Кінунен (Дубарэзава)

Адыход ад спорту ў сярэдзіне сезона-2016/17 Дубарэзавай-Кінунен стаў нечаканасцю для беларускай зборнай. Біятланістка адкатала два этапы КС, пасля чаго старшы трэнер жаночай каманды Фёдар Свобада заявіў, што спартсменка цяжарная (годам раней яна выйшла замуж за фіна).

У сярэдзіне жніўня 2017-га Дубарэзава-Кінунен стала мамай і назвала дачку Сафіяй-Лумі. Другое імя дзяўчынкі з фінскага перакладаецца як «снег». Пасля цяжарнасці спартсменка пачала паступова вяртацца да нагрузак, – трэнаванні распачала ўжо ў наступным месяцы пасля родаў. «Хоць цяжарнасць была ў мяне «спартыўнай», актыўнай, але ўсё ж усе мы разумеем, што не на ўзроўні КС. І сёння мае трэнаванні не зусім нагадваюць трэнаванні», – дзялілася біятланістка.

Першы час Дубарэзава-Кінунен не гаварыла пра намер вяртацца ў вялікі спорт. Але яна ўсё ж вярнулася, падчас сезону-2017/18 пачаўшы выступаць за зборную Беларусі ў Кубку IBU. Праўда, гэта працягвалася нядоўга. Трэнерскі штаб не бачыў перспектыў у супрацы са спартсменкай, і тая пачала выступаць за фінскі клуб без змены спартыўнага грамадзянства. Пазней Дубарэзава-Кінунен не выключала, што можа перайсці ў склад зборнай Фінляндыі.

У сезоне-2020/21 гэта і адбылося. Спартсменка адбегала тры апошнія ў карʼеры сезоны якраз за фінаў. Зрабіць якасны прарыў у выніках Дубарэзавай-Кінунен не ўдалося – максімум фінішавала ў асабістых гонках 15-й. У сакавіку-2023 яна завяршыла карʼеру ва ўзросце 38 год.

Надзея Скардзіна

У чэрвені 2018-га пасля алімпійскага эстафетнага золата расіянка, якая збудавала карʼеру ў зборнай Беларусі, абʼявіла пра сыход з прафесійнага спорту, а праз год выйшла замуж за швейцарскага біятланіста Марціна Егера, з якім пазнаёмілася ў Пхенчхане. Вяселле праходзіла, калі Скардзіна была на апошніх месяцах цяжарнасці. 10 лістапада 2019-га экс-спартсменка стала маці, нарадзіўшы сына Данііла.

Няхай Скардзіна і не вярнулася ў прафесійны спорт, але пасля родаў не закінула біятлон. Судзячы па сацсетках дзяўчыны, яна ўстала на лыжы ўжо ў снежні. Цяпер Надзея прывучвае сына да спорту, а сама трэнуе дзяцей у прыватных школах у Швейцарыі.

Ганна Сола

Спартсменка скарысталася адсутнасцю сурʼёзных спаборніцтваў праз санкцыі. 19 снежня 2022 года Сола стала мамай. Яе муж – гоншчыка веласіпеднага клуба «Мінск», чэмпіёна Беларусі Станіслаў Бажкоў. Пара назвала дачку Мірай.

Сваю першую фатаграфію пасля родаў на лыжнай трасе з Раўбічаў Сола выклала ўжо 15 студзеня 2023 года – не прайшло і месяца. Пры гэтым дзяўчына не спяшалася з вяртаннем у зборную і працавала па індывідуальнай праграме. Першым афіцыйным стартам для біятланісткі стаў летні чэмпіянат Беларусі ў верасні 2023-га, дзе з вялікай перавагай яна выйграла спрынт і мас-старт. Тады Сола не дапусціла ніводнага промаху, і прагрэс у стральбе звязала якраз са зʼяўленнем дачкі – маўляў, дзяўчынка патрабуе шмат часу, таму лепш страляць максімальна якасна. Па словах Рыжанкова, у Солы гараць вочы, і яна ўжо выйшла на ўзровень, які быў да родаў.

Ірына Лешчанка (Крыўко)

На наступны дзень пасля Солы, 20 снежня 2022-га, нарадзіла і гэтая біятланістка – і таксама дачку.

Першапачаткова Лешчанка думала завяршыць карʼеру пасля родаў, аднак затым вырашыла пабегаць яшчэ. У красавіку гэтага года паведамлялася, што спартсменка толькі прыступіла да заняткаў. Яна таксама працавала па індывідуальнай праграме, а задачай сабе ставіла адбор на Алімпіяду-2026. Пасля яе Лешчанка дакладна мае намер завяршыць карʼеру.

Пакуль пасля вяртання Лешчанка паўдзельнічала ў адным старце – у летнім чэмпіянаце Беларусі. Яна бегла толькі спрынт, дзе з адным промахам саступіла 2.46 Соле і стала трэцяй.

Іншыя пасты блога

Усе пасты