Tribuna/Футбол/Блогі/Гансалу Рамуш – тыповы форвард-драпежнік. Мае 4+1 за 106 хвілін у зборнай, даўно на алоўку ў «Баварыі»

Гансалу Рамуш – тыповы форвард-драпежнік. Мае 4+1 за 106 хвілін у зборнай, даўно на алоўку ў «Баварыі»

Чараўнік з Лісабона.

7 снежня 2022, 12:44
Гансалу Рамуш – тыповы форвард-драпежнік. Мае 4+1 за 106 хвілін у зборнай, даўно на алоўку ў «Баварыі»

Гансалу Рамуш – зараз галоўны герой зборнай Партугаліі. Форвард упершыню выйшаў у стартавым складзе нацыянальнай каманды – і зрабіў хет-трык. Не ў таварыскім матчы, а ў плэй-оф чэмпіянату свету.

Цяпер у яго дакладна павялічыцца падпісчыкаў у інстаграме. Але тыя, хто ўважліва сочыць за еўрапейскім футболам, ведалі пра Гансалу ўжо як мінімум некалькі месяцаў. Ён добра гуляе ў «Бенфіцы» і лічыцца галоўнай зоркай каманды. Цяпер чакаем мноства чутак пра пераезд у топ-чэмпіянат.

За апошнія чатыры сезоны «Бенфіка» прадала гульцоў на суму больш за 500 млн долараў. Партугальскі клуб даўно ператварыўся ў машыну па вытворчасці высакакласных футбалістаў. Там умеюць не толькі адшукваць топавых праспектаў, але і даводзіць іх да узроўню маладых зорак, а потым прадаць у топ-лігі. Сапраўднае мастацтва, падуладнае не кожнаму клубу.

Дык хто ён такі – Гансалу Рамуш? Як супрацьстаяць яму на полі, і чаму пра яго так шмат гавораць?

У дэбютным матчы адразу аформіў дубль

Рамушу толькі ў чэрвені споўніўся 21 год, але ў яго актыве ўжо 80 матчаў за «Бенфіку» і 28 галоў. Яго дэбюту ў Прымейры пазайздросціць кожны: перадапошні тур сезона-2019/20, выязны матч з «Авешам», хлопец выходзіць на поле на 85-й хвіліне і афармляе дубль.

І няхай «Бенфіка» на той момант ужо перамагала з лікам 2:0. Гансалу ўжо тады паказаў усім – ён проста створаны для галоў.

«Я быў далёкі ад таго, каб думаць пра два галы ў дэбютным матчы, і раптам маім першым дотыкам стаў гол. Я нават першы гол не паспеў пераварыць, і адразу забіў другі. Я дагэтуль не магу патлумачыць, што адбылося ў той вечар», – узгадвае Рамуш.

Адзін з сакрэтаў станаўлення Рамуша, ды і ўвогуле хуткага сталення партугальскіх талентаў – другія каманды. «Бенфіка Б», як і каманда «Порту», ​​выступае ў другой па сіле лізе Партугаліі, дзе ўзровень досыць нядрэнны. Гэта дазваляе маладым футбалістам хутчэй сталець. І з гэтым згодны сам Рамуш.

«Я лічу, што каманда Б – найлепшы спосаб падрыхтаваць маладых гульцоў з акадэміі да першай каманды. Ліга вельмі канкурэнтаздольная, усе матчы складаныя, і там можна шмат чаму навучыцца», – кажа Гансалу. Там ён забіваў практычна ў кожным другім матчы.

Менавіта ў «Бенфіцы Б» ён пазнаёміўся з Нэлсанам Верысіма. Трэнер паверыў у форварда, а калі атрымаў шанец узначаліць першую каманду, адразу перацягнуў за сабой і Рамуша. Хоць форвард мог сысці – ім актыўна цікавіліся англійскія клубы, але зыход Жоржэ Жэзуша, які не давяраў яму, і прызначэнне Верысіма цалкам змянілі рашэнне Гансалу.

Яго параўноўваюць з Мюлерам і называюць Чараўніком

З зыходам Дарвіна Нуньеса ў «Ліверпуль» (уругваец забіў 26 мячоў у 28 матчах чэмпіянату) Рамуш знайшоў сваю гульню і паказвае фантастычную рэзультатыўнасць. Гансалу – тыповы форвард-драпежнік, пры гэтым умее гуляць некалькі роляў у атацы, быць гнуткім. Рамуш выдатна развіты фізічна. Проста фантастычна выскоквае і дзякуючы гэтаму выдатна гуляе галавой – вялікая колькасць мячоў забіта ім менавіта пасля флангавых навесаў.

Ну і Рамуш проста выдатна сябе адчувае ў штрафной плошчы, з-за чаго ў Партугаліі яго часта параўноўваюць з Томасам Мюлерам і… далі мянушку Чараўнік. Ён умее знайсці прастору, своечасова адкрыцца, знайсці перадачу. А дзе-нідзе Рамушу проста неймаверна шанцуе на падборы, нібы ён партугальскі маг. Увогуле, ён выдатны фінішар, здольны завяршаць атакі сваёй каманды з неверагоднай эфектыўнасцю, што і прадэманстраваў у гульні са Швейцарыяй. Той скіл, пра які марыць кожны трэнер.

«Гансалу вельмі мэтанакіраваны гулец. Ён мае добрыя фізічныя дадзеныя, і ён той, хто аб'ядноўвае нашу каманду ў абарончым працэсе. Ён імкнецца сканаваць прастору паміж лініямі, а потым, пасля прыбыцця ў штрафную плошчу, шукаць зоны дабівання. Акрамя таго, ён здольны забіваць мячы, шмат мячоў, што з“яўляецца адной з яго найлепшых характарыстык», – апісваў свайго цяпер ужо экс-падапечнага Верысіма.

Рамуш мабільны і хуткі, любіць, каб яго каманда атакавала праз флангі, выкарыстоўвала там прастору і рэалізоўвала такім чынам сваю перавагу. Гэтаму трэнер надае вялікую ўвагу.

Але ж Гансалу, вядома, не ідэальны. У яго далёка не топавы дрыблінг, ён не мае якасцей добрага плэймэйкера і не вельмі добра гуляе на партнёраў. У яго няма добра пастаўленага ўдару здалёк. Але ўсё гэта ён кампенсуе выдатнай гульнёй у штрафной плошчы і працай на стандартах.

Калі прааналізаваць усе галы «Бенфікі» пад кіраўніцтвам Шмідта ў новым сезоне, то ільвіная доля з іх была забіта менавіта так – ці то пасля навесаў/прастрэлаў з флангаў, ці то пасля стандартаў.

У гэтым сезоне Гансалу мае 9 галоў у 11 матчах партугальскай лігі і 5 мячоў у 11 матчах Лігі чэмпіёнаў.

У зборную яго ўпершыню выклікалі ў верасні гэтага года. А дэбют адбыўся літаральна за некалькі дзён да ЧС-2022 – у матчы супраць Нігерыі выйшаў на замену, забіў гол і аддаў галявую перадачу. Гульня супраць Швейцарыі стала першай для яго ў аснове. Раней у Катары ён выходзіў толькі на замену супраць Ганы і Уругвая, але згуляў у тых паядынках сумарна 10 хвілін. Зараз у Рамуша 4 галы і 1 асіст за 106 хвілін у складзе Партугаліі. Вось так.

«Баварыя» трымае Рамуша на алоўку, клубы АПЛ выстраіліся ў рад

Упершыню інтарэс да партугальца ад буйных клубаў узнік яшчэ да яго дэбюту за першую каманду «Бенфікі». Летам 2019 года скаўты «Баварыі» сур'ёзна зацікавіліся форвардам, які стаў найлепшым бамбардзірам юнацкага Еўра-2019. Партугальцы ў фінале саступілі Іспаніі, але Рамуш з чатырма галамі стаў найлепшым бамбардзірам турніру.

Праз год ён згуляў у фінале Юнацкай лігі УЕФА і таксама заваяваў «Залатую буцу», а яго «Бенфіка» прайграла ў вырашальным матчы «Рэалу», нягледзячы на ​​тое, што Гансалу адзначыўся дублем. Неўзабаве форвард зноў патрапіў у фінал, але на гэты раз з моладзевай зборнай. І зноў яго прайграў – немцам.

Мінулым летам да Рамуша праяўлялі інтарэс клубы Італіі, Францыі і Англіі, сярод якіх быў нават «ПСЖ». Яго доўга разглядаў усюдыісны «Нотынгем Форэст», а таксама спрабаваў падпісаць «Ньюкасл». Увосень была інфармацыя пра інтарэс з боку "Манчэстэр Юнайтэд".

Агент футбаліста, усім вядомы Жоржэ Мендэш, у прадчуванні новай тлустай угоды. Кантракт Гансалу з «Бенфікай» разлічаны да лета 2026 года, а яго клаўсула складае 120 млн еўра.

Дапамагае Украіне

У пачатку сакавіка «Бенфіка» збірала гуманітарную дапамогу для Украіны і ўкраінцаў, Гансалу Рамуш у ліку іншых футбалістаў «арлоў» падахвоціўся дапамагчы.

«Мы значна больш, чым проста спартсмены ці футбалісты. Важна бачыць прыналежнасць да гэтай справы не толькі «Бенфікі», але і Партугаліі. Гэта сітуацыя, якую ніхто не можа сабе ўявіць, але мы робім усё магчымае, каб дапамагчы Украіне», – казаў нападаючы.

Рамуш бязлітасны на полі, але па-за яго межамі ён паказвае сваё добрае сэрца і адкрытую душу. Свой гол у нядаўнім матчы з «Ньюкаслам» форвард прысвяціў свайму былому партнёру Піцы, адсвяткаваўшы ў яго стылі – прыклаўшы руку да лба. Такім чынам падзякаваў сябру, які для яго шмат зрабіў, а ўлетку пакінуў Лісабон.

Фота: Pawel Andrachiewicz/Globall Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты