Tribuna/Футбол/Блогі/«Інтэр» ужо перамагаў адну з суперкамандаў Гвардыёлы. Дапамог вулкан, закрытая тактыка і сумнеўныя судзейскія рашэнні

«Інтэр» ужо перамагаў адну з суперкамандаў Гвардыёлы. Дапамог вулкан, закрытая тактыка і сумнеўныя судзейскія рашэнні

Той паўфінал падараваў некалькi мемаў.

Аўтар — Бона Сфорца
10 чэрвеня, 20:00
«Інтэр» ужо перамагаў адну з суперкамандаў Гвардыёлы. Дапамог вулкан, закрытая тактыка і сумнеўныя судзейскія рашэнні

Перад фіналам Лігі чэмпіёнаў заўзятары «Інтэра» і проста нейтральныя заўзятары, якія любяць сенсацыі, шукаюць шанцы для міланскага клуба. Гэта можа быць брамнік або абарона «нерадзуры» цi простае шанцаванне. А хтосьці ўзгадае, што «Інтэр» ужо спыняў неверагодную каманду Пепа.

У 2010 годзе «Барселона» Гвардыёлы ўпэўнена ішла за другім запар трафеем Лігі чэмпіёнаў, Ліянель Месі быў найлепшым бамбардзірам турніру, а адзінай праблемай Пепа было тое, як памірыцца з Ібрагімавічам.

Паралельным курсам пайшоў «Інтэр» Жазэ Маўрынью, які меў у сваім складзе каманду сапраўдных байцоў на чале з бліскучым Уэслі Снэйдэрам на полі і Марка Матэраццы ў распранальні. Менавіта гэтая каманда спыніла мару Пепа на піку, і Маўр арганізаваў свой знакаміты спрынт вакол поля «Камп Ноу».

Праз Эяф’ядлаякюдль «Барса» не змагла дабрацца на матч самалётам (а Левандоўскі не перайшоў у АПЛ)

Амаль дзвесце гадоў спаў вулкан з назвай, якую складана вымавіць з першага разу. Яго вывяржэнне пачалося 20 сакавіка 2010 года, а першыя хмары попелу паляцелі ў атмасферу ў сярэдзіне красавіка. З 15 па 21 чысло паветранае спалучэнне над Еўропай было паралізавана.

«Ліверпулю» Рафы Бенітэса патрэбна было згуляць у паўфінале Лігі Еўропы супраць «Атлетыка». Іх маршрут цягнікамі праз еўратунэль быў наступным: Ліверпуль – Лондан – Бардо – Мадрыд. Мерсісайдцы саступілі 0:1. Малады польскі бамбардзір Роберт Левандоўскі атрымаў запрашэнне на прагляд ад Сэма Алердайса у «Блэкберн», але не змог прыляцець праз попел над Брытаніяй. Роберту спадабалася ідэя з АПЛ, але калі туман рассеяўся, «Барусія» апынулася больш спрытнай.

Амаль 1000 км да Мілана каталонцам прыйшлося ехаць на аўтобусе, і каб хоць трохі зменшыць стомленасць, было вырашана арганізаваць начлег у Канах. Агулам шлях заняў 16 гадзін.

«Вулкан не можа быць апраўданнем, калі мы не выйдзем у фінал», – сказаў Серджы Бускетс.

Маўрынью наглуха закрыў Месі, а арбітр не ўбачыў афсайд у Дыега Міліта

Перад матчам існавала яшчэ адна інтрыга: Маўрынью спрабаваў даказаць «Барсе», што ён не горшы трэнер за Пепа. У 2008 годзе партугалец хацеў узначаліць каталонцаў, сустракаўся з кiраўнiцтвам у Лісабоне і нават паказаў у Power Point прэзентацыю, якой павінна быць каманда. У «Барсе» абралі Пепа, а Жазэ перайшоў у «Інтэр».

Каманды добра ведалі адна адну, бо на групавым этапе гулялі разам. Партугалец доўга аналізаваў гульню саперніка, а потым звёў усё да дзвюх відавочных задач: спыніць Месі і хутка контратакаваць, бо мяч усё адно большую частку паядынку будзе у «Барселоны».

Так і атрымалася: за Месі адказвалі Дзанэці і Камб“яса, а хуткаму Майкону з Эта“О прыйшлося шукаць Дыега Міліта. Хуткі гол Пэдра не сапсаваў настрою камандзе Маўрынью, праз некалькі хвілін Снэйдэр зраўняў лік, а ў другім тайме Майкон і Міліта забяспечылі гандыкап у два мячы. Мiлiта, у адрозненне ад свайго суайчынніка Леа, правёў выбітны матч – на рахунку Дыега яшчэ два асiста.

Акрамя яго, быў яшчэ адзін чалавек, які пакінуў след у тым матчы – партугальскі арбітр Алегарыу Бенкерэнса. Каталонская прэса і заўзятары былі перакананыя, што трэці гол «Інтэра» быў забіты з афсайду, а за фол на Дані Алвеса трэба было прызначаць пенальці.

Канфлікт абвастраўся тым, што Алегарыу сябраваў з Жазэ. Пазней стала вядома, што яны нават валодалі рэстаранам у Лейрыі, дзе Маўрынью пачынаў кар“еру трэнера, а таксама спрэчныя рашэнні былі на карысць «Порту», ​​калі гэты клуб трэніраваў Жазэ.

«У каталонцаў вельмі кароткая памяць», — адказаў трэнер «Інтэра» на крытыку, маючы на ​​ўвазе судзейства годам раней у паўфінале «Барселоны» супраць «Чэлсі».

«Барселона» амаль 85% часу валодала мячом, але «Інтэр» выстаяў

«Гэта самая напружаная гульня, якую я калі-небудзь гуляў», — сказаў пасля матчу бразільскі абаронца Лусіа. А гэта чалавек, у якога за плячыма былі фіналы чэмпіянату свету і Лігі чэмпіёнаў. У матчы ў адказ было мала сапраўды добрага футбола, але ён стаў скарбніцай мемных эпізодаў.

На 28-й хвіліне за адмашку супраць Бускетса арбітр выдаліў Тыягу Моту (выхадзец з «Барселоны»). Лежачы на ​​газоне, Серджы трымаўся за твар і выглядваў з-за пальцаў, каб убачыць рашэнне суддзі. Гэты эпізод настроіў супраць «Барселоны» нават нейтральных заўзятараў.

Тады ж камера зафіксавала эпізод, у якім Гвардыёла нешта тлумачыў Ібрагімавічу, а Маўр падслухоўваў. Праз дзесяць гадоў пасля таго матчу партугалец распавёў у інтэрв’ю La Gazzetta Dello Sport, як усё адбылося.

«Калі Бускетс упаў амаль без прытомнасці, я знаходзіўся роўна пасярэдзіне паміж лавамі камандаў і месцам, дзе выдалілі Моту. Краем вока я заўважыў, як лаўка запасных «Барселоны» пачала святкаваць так, быццам яны ўжо выйгралі.

У гэты момант Гвардыёла паклікаў Ібрагімавіча, каб пагаварыць пра тактыку: 11 супраць 10. Я проста сказаў яму: «Не пачынайце вечарыну, матч яшчэ не скончыўся», – сказаў Жазэ.

У «Барсы» было татальнае дамінаванне. «Інтэр» меў толькі 15,3% валодання мячом (па-ранейшаму самы нізкі паказчык у гісторыі плэй-оф Лігі чэмпіёнаў). Футбалісты «нерадзуры» падстрахоўвалі адзін аднаго практычна ў кожным эпізодзе.

«Я пабачыў Эта’О, які гуляў левага абаронцу побач са мной», – успамінаў Хаўер Дзанеці.

Гвардыёла дастаў апошні козыр – перавёў у атаку цэнтральнага абаронцу Жэрара Піке. Ён тэхнічна разабраўся з абаронцамі італьянцаў і ўсё ж забіў адзін мяч, але гэтага не хапіла. Перамога «Барсы» 1:0 – але агульны лiк 3:2 на карысць «Інтэра».

Пасля фінальнага свістка Маўрынью пабег святкаваць і ледзь не пабіўся з Віктарам Вальдэсам, але гэта было ўжо не так важна. Яго аўтобус вытрымаў, і Жазэ застаўся пераможцам эпічнай дуэлі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты