Tribuna/Футбол/Блогі/Нечаканая праблема «Баварыі» – пазіцыя брамніка. Ноер усё яшчэ аднаўляецца, а ўсе патэнцыйныя трансферы сарваліся

Нечаканая праблема «Баварыі» – пазіцыя брамніка. Ноер усё яшчэ аднаўляецца, а ўсе патэнцыйныя трансферы сарваліся

Цяпер бяруць ноўнэйма з Ізраіля.

24 жніўня, 14:20
Нечаканая праблема «Баварыі» – пазіцыя брамніка. Ноер усё яшчэ аднаўляецца, а ўсе патэнцыйныя трансферы сарваліся

«Баварыя» гэтым летам сур'ёзна ўзмацнілася – на правах свабодных агентаў ужо падпісала старажылаў Бундэслігі Конрада Лаймера і Рафаэла Герэйру, выклала 50 млн еўра за цэнтральнага абаронцу Кіма Мін Чжэ і 100 – за новага цэнтрфорварда і лідара атак Хары Кейна.

Зрэшты, нягледзячы на ўсе гэтыя трансферы, у рэкардмайстра ўсё яшчэ ёсць адна нявырашаная праблема.

Аднаўленне Ноера пасля пералому нагі зацягнулася – Мануэлю трэба яшчэ некалькі тыдняў

Пасля нявыхаду ў плэй-оф ЧС-2022 Мануэль Ноер вырашыў «давесці да ладу свой маральны стан» і выправіўся катацца на лыжах. На вялікі жаль для яго, «Баварыі» і зборнай Германіі, з ім здарылася яшчэ адна непрыемнасць – на гэтым жа лыжным туры ён зламаў галёнку.

Ноера тут жа прааперавалі, аднак адразу было ясна, што сезон 2022/23 завяршыўся для яго яшчэ ў снежні. Мюнхенцы экстрана набылі Яна Зомера, які і стаў першым нумарам каманды да канца сезона, а вяртанне Ноера планавалася як раз да пачатку летняй перадсезоннай падрыхтоўкі.

Выканаць план не ўдалося, бо ў канцы траўня Мануэля прааперавалі яшчэ раз – пасля астэасінтэзу яму выдалілі шрубу, якая дапамагала косткам аднавіць натуральнае становішча.

У канцы ліпеня-пачатку жніўня Ноер пачаў павялічваць нагрузку на трэнаваннях, але да поўнага аднаўлення і вяртання ў агульную групу яшчэ трэба пачакаць – па словах Томаса Тухеля, дзесьці 2-3 тыдні (з такімі прагнозамі трэба быць асцярожней, Томас).

Тухель хацеў паўнавартасную замену Ноеру, аднак усе наяўныя варыянты адпалі – брамнік «Аякса» нават паспеў сабраць чамаданы

Баючыся, што Ноер можа або зноў выпасці на некалькі месяцаў (а спачатку прагнозы былі менавіта такімі), або падвергнуцца рэцыдыву падчас завяршальных стадый рэабілітацыі, Тухель звярнуўся да кіраўніцтва клуба з просьбай падпісаць новы першы нумар – і з ім быццам бы пагадзіліся.

«Баварыя» усё ж адпусціла Зомера ў «Інтэр» (ён хацеў рэгулярна гуляць у стартавым складзе) і Аляксандэра Нюбеля ў «Штутгарц» (наогул не хацеў выступаць за мюнхенскі клуб) і зноў выйшла на трансферны рынак.

Адразу з'явіліся чуткі пра Роберта Санчэса з «Брайтана», але да канкрэтыкі, верагодна, не дайшло. Іспанец ужо тады вёў перамовы з «Чэлсі», да якога далучыўся ў пачатку жніўня.

Ужо дастаткова сур'ёзны інтарэс быў да кіпера «Валенсіі» Гіоргія Мамардашвілі. Усё дайшло нават да перамоваў з агентамі, а легендарны Сант'яга Канісарэс рэкамендаваў грузіну перабрацца ў мюнхенскі клуб. Ужо пасля чутак, што Мамардашвілі «на 99% стане гульцом «Баварыі», стала вядома, што немцы адмовіліся плаціць 25 млн еўра, якія патрабаваў іспанскі клуб, таму пошук новага галкіпера працягнуўся.

З магчымым пераходам у «Баварыю» звязвалі Давіда дэ Хеа, Томаса Стракошу, Олівера Баумана і нават Давіда Рая, аднак зноў-такі – без канкрэтыкі.

У рэшце рэшт мюнхенцы пачалі весці перамовы адразу з трыма варатарамі, і, здавалася, усё ідзе да лагічнага завяршэння. Кіраўніцтва нямецкага клуба размаўляла пра арэнду Кепы з прадстаўнікамі «Чэлсі» і пра паўнавартасныя трансферы Ясіна Буну з «Севільі» і Хераніма Рульі з «Аякса». Але пасля практычна ў адзін момант – усе варыянты адпалі.

Кепа атрымаў прапанову ад «Рэала», Буну – шматмільённы кантракт у Саудаўскай Аравіі, а Рульі (кажуць, ужо сабраў чэмаданы для адлёту ў Мюнхен) сур'ёзна траўмаваўся і выпаў на некалькі месяцаў.

Кіраўніцтва змяніла тактыку – давяраюць Ульрайху як асноўнаму, бяруць яму замену і чакаюць вяртання Ноера

Пасля ўсіх гэтых няўдач з падпісаннем новага галкіпера босы «Баварыі» сабраліся разам, абмеркавалі сітуацыю і змянілі тактыку ў гэтым пытанні – вырашылі цалкам даверыцца Свену Ульрайху, які сёння выконвае абавязкі асноўнага галкіпера каманды. Ульрайх прапусціў тры мячы ад «Лейпцыга» ў матчы за Суперкубак Германіі, але ўжо адгуляў на нуль у стартавым паядынку Бундэслігі супраць брэменскага «Вердэра» (4:0).

Зрэшты, новы брамнік у Мюнхене ўсё ж такі будзе. На ўсё той жа сустрэчы кіраўніцтва было прынятае рашэнне падпісаць замену Ульрайху і нейкага галкіпера «на будучыню», таму цяпер мюнхенцы працуюць над трансферам Даніэля Пераца – ізраільцяніна з нямецкімі каранямі, які выступае за «Макабі» Тэль-Авіў і ўжо дэбютаваў за нацыянальную каманду.

23-гадовы футбаліст прыцягнуў да сябе ўвагу на моладзевым Еўра менавіта ў матчы супраць Германіі – пацягнуў адразу два пенальці (відэа першага – тут, відэа другога – тут) і дапамог сваёй камандзе ўтрымаць стратэгічна важную нічыю для праходу ў раунд плэй-оф.

У бліжэйшы час Перац прыбудзе ў Мюнхен і падпіша доўгатэрміновы кантракт з мюнхенцамі. «Баварыя», па звестках нямецкіх СМІ, заплаціць крыху больш за 5 млн еўра.

Фота: Christina Pahnke – sampics, manuelneuer/Instagram, Inter, Peter Lous/BSR Agency/Global Look Press, Michael Bulder/REUTERS

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты