Tribuna/Футбол/Блогі/Як у спорце можна ўбачыць творы мастацтва – Казімір Малевіч, Марк Шагал, Эль Лісіцкі і (нечакана) Арына Сабаленка

Як у спорце можна ўбачыць творы мастацтва – Казімір Малевіч, Марк Шагал, Эль Лісіцкі і (нечакана) Арына Сабаленка

А яшчэ думкі пра страту Смаленска ад гульца НБА.

Аўтар — Замір Закіеў
27 верасня, 20:00
6
Як у спорце можна ўбачыць творы мастацтва – Казімір Малевіч, Марк Шагал, Эль Лісіцкі і (нечакана) Арына Сабаленка

У Instagram існуе старонка Art But Make It Sports, дзе аўтары знаходзяць падабенствы паміж эпізодамі са спартыўных матчаў і творамі выяўленчага мастацтва. Тут мы не сустрэнем фрагментаў з беларускіх чэмпіянатаў ці выступаў, напрыклад, каманды Карласа Алоса, але ўбачым шмат карцін мастакоў з Беларусі. А калі больш канкрэтна – прадстаўнікоў віцебскай мастацкай школы.

Адна з самых знакамітых карцін Марка Шагала «Над Віцебскам» знайшла сваю «копію» ў амерыканскім студэнцкім баскетболе.

А «Скрыпача» ўсё таго ж Шагала можна было заўважыць ужо на студэнцкім амерыканскім футболе.

Супрэматычныя кампазіцыі Казіміра Малевіча таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў спорце.

Яшчэ адзін віцебскі мастак Лазар Лісіцкі (ён жа «Эль Лісіцкі») стаў знакамітым адразу з адной са сваіх першых прац – «Клином красным бей белых!» У 2020-м гэты агітацыйны плакат трапіў на форму футбольнага «Віцебска».

А аварыя на этапе «Формулы-1», дзе балід сутыкнуўся з агароджай, нагадаў аўтарам Art But Make It Sports кампазіцыю Лісіцкага, якая даволі падобна да плаката «Клином красным бей белых!»

Далей – карціна польскага мастака Яна Матэйкі «Станьчык». Станьчык – гэта імя блазна, які працаваў пры двары ажно трох каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. На карціне побач са Станьчыкам ляжыць ліст з датай 1514, у якім паведамляецца пра страту Смаленска ВКЛ. Гэты горад быў найважнейшай крэпасцю, якая ахоўвала ўсходнія межы. І пакуль на фоне блазна на балі весяляцца магнаты ён усведамляе пачатак канца яго Радзімы, што па-майстэрску мастак паказаў на твары Станьчыка (гэта аўтапартрэт Матэйкі).

Тая вайна з Масковіяй скончылася вяртаннем шматлікіх зямель у склад ВКЛ, але не Смаленска. Вяртанне горада адбылося ў часы Смуты, але пасля Патопу ён быў страчаны для ВКЛ назаўсёды. Здаецца, пра страту Смаленска падумаў і баскетбаліст «Маямі Хіт» Гэйб Вінцэнт.

А вось пакуль адзіны на старонцы прадстаўнік Беларусі не ў мастацтве, а менавіта ў спорце – Арына Сабаленка. Прычым параўналі тэнісістку, якая падтрымлівае дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, з боскім – карцінай Джавані Бацісты Сальві «Мадонна ў малітве».

І гэта толькі частка знаходак падабенства паміж спортам і мастацствам. Таксама аўтары параўноўвалі гоншчыка НАСКАР з царом Аляксандрам ІІІ, зорку жаночай НБА – са «Свабодай, якая вядзе народ». Ёсць і нядаўнія сітуацыі: картка гульні Уна замест жоўтай карткі і графіка матча Лігі чэмпіёнаў паміж «Ман Сіці» і «Црвенай Звездай». А яшчэ Месі на закупах, калабарацыя з баскетбольным клубам «Юта Джаз» (прэзентацыя календара на сезон) і вельмі шмат Эдварда Мунка, які напісаў «Крык» (раз, два, тры, чатыры, пяць).

Тым часам у Беларусі, як ужо бачылі ў прыкладзе з футбольным «Віцебскам», спрабуюць рухацца ў адваротным кірунку: культуру інтэгруюць у спорт. Так сёлета талісманам ІІ гульняў краін СНД стала рысь.

Арганізатары адзначылі, што рысь – вынік натхнення маляванымі дыванамі Алены Кіш. Адна розніца – беларуская мастачка ў сваіх творах, прысвечаных раю, малявала не рысяў, а котак.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты