Tribuna/Футбол/Блогі/🏆 «Атлетык» нарэшце ўзяў Кубак. На фінал прыехала 1/5 частка жыхароў Більбаа – і ярка адсвяткавала

🏆 «Атлетык» нарэшце ўзяў Кубак. На фінал прыехала 1/5 частка жыхароў Більбаа – і ярка адсвяткавала

Хутка па горадзе ўпершыню за 40 гадоў пройдзе знакамітая баржа.

8 красавіка, 11:28
🏆 «Атлетык» нарэшце ўзяў Кубак. На фінал прыехала 1/5 частка жыхароў Більбаа – і ярка адсвяткавала

6 красавіка «Атлетык» абгуляў у серыі пенальці «Мальёрку» (1:1 у асноўны час, 4:2 у серыі), што дапамагло клубу ўзяць першы за 40 гадоў Кубак Іспаніі.

Кубак, у адрозненне ад Ла Лігі, даволі часта мяняе сваіх уладальнікаў. За апошнія шэсць гадоў гэта ўжо шосты гаспадар трафея, а сярод пераможцаў былі такія каманды як «Валенсія», «Бетыс» і «Рэал Сасьедад».

Але, мабыць, менавіта для клуба з Більбаа гэты поспех быў самым доўгачаканым.

Першая перамога Більбаа за 40 гадоў, 11-ы тытул Вальвердэ ў кар'еры

Праз 40 гадоў прыйшоў час і для Більбаа ўзяць Кубак Іспаніі. Да гэтага апошні раз баскі бралі Кубак і чэмпіянат у 1984-м. Ніхто з цяперашняга складу тады яшчэ нават не нарадзіўся.

З той пары каманда прайграла шэсць кубкавых фіналаў, а ў 2021-м нават два за тыдзень. Калі не лічыць двух Суперкубкаў у 2015-м і 2020-м, то бестрафейная эпоха завяршылася праз 40 гадоў. Калі вы не верыце ў магію лікаў, то самы час, бо «Атлетык» браў Кубак у 1904-м, 1944-м, 1984-м і 2024-м.

Да фіналу ў каманды быў больш складаны шлях, ёй давялося абгуляць «Атлетыка» і «Барселону». «Мальёрка» з моцных каманд перайграла «Жырону» і «Рэал Сасьедад». Фінал зладзілі ў Севільі на стадыёне «Ла Картуха», дзе не гуляе ні адзін з севільскіх грандаў.

Сам матч не быў вельмі відовішчным, на гол Дані Радрыгеса адказаў Аян Сансет. У серыі пенальці вырашальны ўдар на рахунку нападніка каманды з Більбаа Алекса Берэнгера.

Што адбывалася далей – гэта ўжо без перабольшання гісторыя. За трафеем выйшаў капітан Ікер Муніяін, які з'явіўся на полі толькі на замену, рэалізаваў свой пенальці і нарэшце падняў над галавой Кубак Караля праз 15 гадоў знаходжання ў клубе.

Эрнэста Вальвердэ заваяваў 11-ы трафей у кар'еры, а каманда гарантавала сабе ўдзел у Лізе Еўропы і Суперкубку Іспаніі.

Браты Уільямс атрымалі жаданую ўзнагароду, а на рахунку Ніка яшчэ і галявая перадача.

Баскі акупавалі Севілью – на фінал прыехалі 70 тысяч чалавек

Каб зразумець, наколькі гэты фінал быў важны для Більбаа, возьмем толькі некалькі лічбаў. Афіцыйна ў Більбаа пражывае 350 тысяч чалавек, 70 тысяч выправіліся ў Севілью, з іх квіткі мелі толькі 25 тысяч. Але тым, хто не патрапіў на трыбуны, дакладна не было сумна.

Нават на наступны дзень фанты Баскаў працягнулі запальваць у Севільі.

Таксама 50 тысяч сабраліся на мясцовым «Сан-Мамесе», каб разам глядзець фінал. Вось так выглядаюць людзі, якія чакалі доўгіх 40 гадоў перамогі ў Кубку.

Баржа «Габарыра» – сімвал перамог клуба. Хутка ёю нарэшце зноў скарыстаюцца

Галоўная фішка святкавання ў Більбаа – гэта выхад на знакамітую баржу «Габарыра», на якой гульцы «Атлетыка» святкуюць свае трафеі. Яна не выходзіла ўжо 40 гадоў, нават дзве перамогі ў Суперкубку былі недастатковай падставай для гэтага. 

Міф зарадзіўся яшчэ ў 1920-х, калі водамі Нервьёна па горадзе паплылі гульцы мясцовага клуба «Асера». Тады яны выйгралі дывізіён Б, але святкавалі вельмі пышна. Калі «Атлетык» сёмы раз стаў чэмпіёнам Іспаніі ў 1983-м, прэзідэнт клуба вырашыў адсвяткаваць гэта па-асабліваму. Для гэтага набыў баржу, якая насіла даволі лаканічную назву «Баржа №1» і была пабудаваная ў 1960-м.

Яна мае 18,5 метраў у даўжыню і 8,5 метраў у шырыню, але каманду на ёй тады выйшлі сустракаць дзясяткі тысяч заўзятараў. Баржа мае выразна вызначаны маршрут да мэрыі горада, дзе яе павінен сустрэць мэр.

З тых часоў баржа называецца «Габарыра Атлетык» і чакала свайго часу, каб зноў правезці трафей праз Більбаа. Нарэшце гэты час настаў. 

Фота: Global Look Press/H.Bilbao/Keystone Press Agency, FC Athletic

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты