Tribuna/Футбол/Блогі/Самы таленавіты індыйскі футбаліст. Забіваў, каб было на што ставіць

Самы таленавіты індыйскі футбаліст. Забіваў, каб было на што ставіць

Неардынарная кар'ера Майкла Чопра – самага «клінічнага» лудамана англiйскага футбола.

13 красавіка, 03:35
Самы таленавіты індыйскі футбаліст. Забіваў, каб было на што ставіць

Майкл Чопра неафіцыйна лічыцца самым таленавітым індыйскім футбалістам усіх часоў. У зборнай Індыі ён не гуляў праз немагчымасць атрымаць індыйскі пашпарт (у Індыі забаронена падвойнае грамадзянства), але выступаў у Лізе чэмпіёнаў, забіваў у еўракубках і Прэм'ер-лізе, быў даволі прыкметным форвардам у англійскiм футболе ў пачатку 2000-х. Пры гэтым у самой Індыі Чопра пагуляў толькі на сканчэнні карʼеры, калі быў далёкі ад найлепшай формы настолькі, што змог забіць усяго адзін гол за амаль 20 матчаў у I-лізе.

Зрэшты, вядомы Чопра ў першую чаргу не сваімі футбольнымі дасягненнямі, а яшчэ адным неафіцыйным статусам – самага вядомага лудамана англійскага футбола. Практычна ў любым матэрыяле пра Чопру ёсць салідны кавалак тэксту пра яго праблемы з гемблiнгам, ды і побач з яго імем у пашукавіках часцей за ўсё фігуруюць тэрміны, звязаныя з гульнявой залежнасцю, а не футбольныя навіны.

Майкл Чопра сапраўды быў адным з самых «клінічных» лудаманаў англійскага футбола, якога ад згубнай залежнасці выратавала клініка «Спартыўны шанец» Тоні Адамса, а ад вялікіх непрыемнасцяў з крымінальным светам – адзін з яго шматлікіх клубаў, «Іпсвіч».

Чопра, як і практычна ўсе футбалісты з гульнявой залежнасцю, змяніў мноства клубаў, бо рэгулярна меў патрэбу ў падʼёмных для пагашэннях даўгоў. Але, здаецца, менавіта стабільна жудаснае фінансавае становішча гульца было рухавіком яго карʼеры. Пасля таго як «Іпсвіч» выплаціў усе даўгі Чопры – ён практычна перастаў забіваць і дакаціўся да ганебных выступаў за «Керала Бластэрс», дзе сутыкнуўся з кпінамі мясцовай публікі.

Найлепшы на трэнінгах

У Майкла адназначна быў талент, і яго стаўленне да футбола было максімальна прафесійным – у акадэміі роднага «Ньюкасла» яго вельмі шанавалі і нават ставілі ў прыклад іншым маладым гульцам. Легенда «сарок» Пітэр Бiрдслi, які працаваў у канцы 90-х у акадэміі «Ньюкасла», адгукаўся пра Чопру выключна ў пазітыўным плане: «Ён быў брыльянтам на трэнінгах – найлепшым у плане самааддачы. У яго быў голад да галоў – калі б усе хлопцы ў акадэміі былі такімі як ён, мая праца была б вельмі простай».

Чопра нарадзіўся ў Ньюкасл-апон-Тайне ў сям'і індуса і англічанкі і ніколі асабліва не пакутаваў ад расізму, бо яго індыйскае паходжанне выдавала толькі прозвішча бацькі, але не знешнасць. Ён выступаў за ўсе ўзросты зборнай Англіі ад U-16 да U-20, але пераход у дарослы футбол даваўся няпроста. «Ньюкасл» у той час быў адным з топ-клубаў Англіі, а ў нападзе ў «сарок» былі Алан Шырэр і Крэйг Бэламі, а таксама цемнаскурая парачка Шола Амеобі – Ламана Луа-Луа.

Менавіта Луа-Луа замяніў Чопра падчас свайго дэбюту ў матчы Кубка Лігі супраць «Эвертана», але яго першы матч у футболцы «Ньюкасла» быў азмрочаны незабiтым пенальці ў пасляматчавай серыі. Дрэнна прабіў пенальці не толькі Чопра, і «Ньюкасл» прайграў 1:3, але малады гулец быў літаральна спустошаны няўдачай. Яго тады падтрымаў сам Алан Шырэр: «Слухай, Чопс – не перажывай праз гэта, я не забіў пенальці ў вырашальны момант у матчы з «Сандэрлендам» – уяві сабе, што я адчуваў! Галоўнае, што ў цябе ёсць – смеласць. Ты падышоў да мяча і прабіў, тады як многія з тых, хто атрымлівае ў разы больш за цябе і былі набытыя за мільёны не захацелі ўзяць на сябе адказнасць».

У той час «Ньюкасл» гуляў у Лізе чэмпіёнаў, і Чопра нават стаў удзельнікам матчу супраць «Барселоны» на «Камп Ноу» («сарокі» прайгралі 1:3), а таксама выйшаў на замену ў гульні з «Баерам». Большую частку часу кантракта ў «Ньюкаслам» Чопра раз'язджаў па арэндах і выглядаў нядрэнна ў «Уотфардзе» (5 галоў у 5 матчах) і «Барнслі» (17 мячоў у паўнавартасным сезоне 2004/05), чым і прыцягнуў увагу моцнага клуба першага дывізіёна – «Кардыфа Сіці».

За «Ньюкасл» Чопра забіў усяго адзін гол, але гэта быў прыкметны момант – Майкл вызначыўся ў матчы з «Сандэрлендам» праз 15 секунд пасля выхаду на замену. Некаторы час гэты гол нават быў самым хуткім у гісторыі Прэмʼер-лігі, але пазней Ніклас Бендтнер змог дабегчы да штрафной пасля замены і адправіць мяч у сетку за 6 секунд.

З «Кардыфа» – толькі за грашыма

Седзячы на лаўцы за шырокімі спінамі Амеобі і Луа-Луа, Чопра настолькі згаладаўся па рэгулярнай гульні, што правёў ураганны сезон за «Кардыф» – найлепшы ў сваёй карʼеры: забіў 22 галы ў 44 матчах. Каманда нават лідаравала некаторы час, бо асабліва добрым для Чопры быў верасень (атрымаў узнагароду гульца месяца), але паступова «сінія птушкі» скаціліся ў сярэдзіну табліцы.

Фінансавае становішча «Кардыфа» было не найлепшым, а «Сандэрленд» прапаноўваў за Чопру 5 мільёнаў фунтаў – у дзесяць разоў больш сумы, за якую набылі форварда ў «Ньюкасла». Для выхаванца «сарок» пераход да «чорных катоў» быў рызыкоўным рашэннем, але акрамя вялікіх грошай для «Кардыфа» былі матывы і ў самога Чопры – ён вяртаўся да Прэмʼер-лігі, куды «Сандэрленд» вярнуўся з Роем Кінам у якасці менеджэра.

У «Сандэрлендзе» Чопра ў асноўным выходзіў на замену, забіўшы ўжо пасля першага з'яўлення з лаўкі. Але перыяд, праведзены ў стане ворагаў «Ньюкасла», быў для яго хутчэй расчаравальным – яго рэгулярна асвіствалі і абражалі заўзятары, што ў выніку прывяло да ўцёку падчас зімовага трансфернага акна. Аформіць яго арэнду здолеў «Кардыф», які змагаўся за павышэнне ў класе ў першым дывізіёне.

У «Кардыфе» Чопра заўсёды адчуваў сябе камфортна, а крыху пазней казаў пра тое, што перайшоў у «Сандэрленд» у першую чаргу праз добрыя прэміяльныя, якія дапамаглі аплаціць гульнявыя даўгі.

Як «трактарысты» выкупілі Чопру ў бандытаў

Свае стасункі з гемблінгам Чопра пачаў у 16 і не змог пазбавіцца ад залежнасці да канца сваёй карʼеры. Пачыналася ўсё з гульні за кампанію на аўтаматах у моладзевай камандзе «Ньюкасла», а завяршылася гісторыя сумарным пройгрышам 2 мільёнаў фунтаў, некалькімі паходамі ў клінікі для гульняманаў і забаронай на наведванне скачак у Брытаніі.

Гісторыя з забаронай на наведванне скачак здарылася ўжо ў «Іпсвічы», куды Чопра перайшоў за 3 мільёны фунтаў пасля парачкі прадуктыўных для яго (40 галоў за два з паловай года ў першым дывізіёне), але расчаравальных для каманды сезонаў. Зноў жа асноўнай прычынай трансферу было жаданне зарабіць – і ў клуба, і ў самога форварда, які меў патрэбу ў падʼёмных для пагашэння даўгоў.

У «Іпсвічы» ком назапашаных за гады футбольнай карʼеры праблем проста накрыў Чопру з галавой. Сам пераход да «трактарыстаў» быў крокам, які Чопра прыняў пад ціскам ліхвяроў, якія разумелі, што гэта дапаможа іх кліенту атрымаць нейкія грошы. А калі Чопра ўжо ў якасці гульца «Іпсвіча» не вельмі ахвотна аддаваў даўгі, на яго спусцілі «крэдытных акул» – граміл, якiя выбівалі даўгі шляхам пагроз і фізічнага ўздзеяння.

Апагеем стаў прыход аднаго з такіх хлопцаў на трэнінг «Іпсвіча». Распавядае Джымі Булард: «Аднойчы раніцай на трэнінг заявіўся сумніўнага выгляду персанаж. Ён выглядаў сапраўдным вылюдкам. Гафер (Пол Джуэл – менеджар «Іпсвіча» тых часоў) выклікаў ахову, якая адвяла бандыта, але ён чакаў праз дарогу каля базы. Пасля трэнінга ён схапіў Чопру за шыю і спытаў: «Ты Чопра?» на што той адказаў: «Не прыяцель, Чопра вунь там» і паказаў на Аарана Крэсуэла».

У выніку клуб умяшаўся і пагасіў частку даўгоў Майкла (150 тысяч фунтаў) пры ўмове, што ён пройдзе курс лячэння ад гульнявой залежнасці. Гульца нават пасялілі побач з клінікай, але па яго ўласных успамінах, адразу ж пасля паходу да спецыялістаў ён ішоў у букмекерскую кантору або на іпадром, каб рабіць стаўкі.

Зрэшты, са стаўкамі на скачкі яму ўсё ж давялося завязаць пасля забароны на наведванне іпадромаў на 10 гадоў, які прыляцеў Чопры і шэрагу яго таварышаў за сувязь з жакеем Эндру Хефернанам, абвінавачаным у карупцыі і парушэнні правілаў скачак. Жакей спецыяльна тармазіў сваіх коней, якія часта былі фаварытамі скачак, каб атрымаць прэмію ад зацікаўленых асоб, якія рабілі стаўкі супраць каня. Чопра, а таксама яго былы таварыш па акадэміі «Ньюкасла» Джэймс Копінджэр і былы гулец «МЮ» Марк Уілсан былі ў гэтым «сіндыкаце» разам са сваімі агентамі і іншымі ахвочымі пажывіцца за кошт дзеянняў Хефернана. Менавіта іх буйныя стаўкі ў выніку і сталі прычынай для расследавання брытанскага ўпраўлення скачак.

Чопра не стаў абараняцца ў судзе, бо ў яго не было 50 тысяч фунтаў на адваката, сказаўшы, што гэтая забарона будзе для яго дабром – ён не супраць пазбавіцца ад залежнасці, але не можа нічога з сабой зрабіць. У той перыяд з Чопрам здарылася яшчэ адна дзікая гісторыя – ён расстаўся са сваёй жонкай Хізэр Сван праз месяц пасля вяселля менавіта праз гульнявую залежнасць. Пара яшчэ некалькі разоў сыходзілася і разыходзілася, бо Чопра некалькі разоў даваў абяцанне выправіцца і наведваў курсы рэабілітацыі, але зрываўся.

Даць рады сваёй залежнасці Майкл змог толькі пасля таго як разам з пагрозамі ад бандытаў, забаронай на наведванне іпадромаў, праблемамі ў сям'і, яму прыляцеў яшчэ і судовы працэс па наркатычнай справе. Толькі калі Чопра пайшоў у клініку свядома – ён усё ж здолеў завязаць з гульняманіяй.

Завяршэнне карʼеры Майкла было ганебным – ён прыняў рашэнне паехаць на гістарычную Радзіму бацькі ў Індыю, але запусціў сябе настолькі, што быў пасмешышчам нават на не вельмі высокім узроўні індыйскай лігі. У клубе Дэвіда Джэймса «Керала Бластэрс» ён правёў усяго 9 матчаў і падвергнуўся рэзкай крытыцы заўзятараў. У сетках паўстала нямала «мемаў» і кпінаў над убогай фізічнай формай Чопры, які ніяк не мог забіць. У выніку ён перабраўся на некаторы час у шатландскую дрыгву («Алоа Атлетык»), а затым усё ж вярнуўся ў «Кералу», каб забіць свой апошні гол у карʼеры.

Не толькі для індусаў, але і для многіх заўзятараў у Англіі Майкл Чопра стаў футбалістам-мемам, але ў «Кардыф Сіці», дзе нападаючы правёў свае найлепшыя сезоны, яго вельмі любяць і паважаюць – і нават узнагародзілі статусам легенды клуба. Магчыма, кар'ера Чопры склалася б інакш, калі б ён не меў патрэбу ў рэгулярных падʼёмных і прэміяльных для пакрыцця гульнявых даўгоў, але на піку гульнявой формы галявы голад Чопры падсілкоўваўся у тым ліку неабходнасцю забіваць як мага больш, бо адной зарплаты для вырашэння стабільных фінансавых праблем яму бракавала.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты