Tribuna/Хакей/Блогі/У Беларусі ствараюць жаночую хакейную лігу. Удзельнікаў пакуль няшмат, але гэта ўсё роўна нядрэнна

У Беларусі ствараюць жаночую хакейную лігу. Удзельнікаў пакуль няшмат, але гэта ўсё роўна нядрэнна

Расказваем, чаму.

Аўтар — KentYara98
27 кастрычніка, 19:48
У Беларусі ствараюць жаночую хакейную лігу. Удзельнікаў пакуль няшмат, але гэта ўсё роўна нядрэнна

Учора Федэрацыя хакея Беларусі аб'явіла аб стварэнні жаночай лігі, старт якой запланаваны на 30 кастрычніка.

У турніры прымуць удзел тры каманды: дзяўчаты, якія прадстаўляюць пераважна сталічны рэгіён, дзяўчаты, якія прадстаўляюць заходні і цэнтральны рэгіёны (хакеісткі Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей) і дзяўчаты паўночнага і ўсходняга рэгіёнаў (спартсменкі з Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей).

Адразу вызначыліся і з фарматам: рэгулярка пройдзе па туравай сістэме на працягу 4 гульнявых тыдня адна восенню, адна ўзімку і дзве вясной. Кожны гульнявы тыдзень каманды правядуць па 4 матчы.

Па выніках «рэугуляркі» будуць вызначаны два фіналісты, якія разыграюць званне чэмпіёна ў фінальнай серыі матчаў. Пры гэтым, камандзе, якая заняла першае месца па выніках «рэгуляркі», будзе дастаткова адной перамогі, камандзе ж, якая заняла другое месца для заваявання залатых медалёў трэба будзе перамагчы двойчы.

Вядома, што колькасць удзельнікаў можа выклікаць усмешку. Аднак у гэтай сітуацыі ёсць і іншы бок.

Яшчэ дзесяць гадоў таму «Трыбуна» (тады goals.by – заўв.) расказвала гісторыю Ульяны Войцік, якая выступала за адзіны ў краіне прафесійны клуб «Пантэры». Дзяўчаты бралі ўдзел у адкрытым чэмпіянаце Латвіі, у аўстрыйскай Элітнай жаночай хакейнай лізе і ў Кубку Чэмпіёнаў. У жніўні 2013 года ад «Пантэр» сышоў спонсар – добра знаёмая нам кампанія «Трайпл». Знайсці замену, якая падтрымала б фінансавы стан клуба, не ўдалося. Не давамглі нават лісты ў адрас памочніка Лукашэнкі Рыжанкова. Клуб спыніў сваё існаванне, нягледзячы на спартыўныя поспехі.

Або вось гісторыя яшчэ адной дзяўчынкі Марыны Сургель, якая захапілася хакеем і далучылася да каманды хлопцаў. Сёння Марыне 14 і яна працягвае займацца хакеем, праўда ўжо з іншымі дзяўчатамі.

Беларуска Таццяна Шаталава дзеля мары гуляць у хакей змяніла грамадзянства на расійскае, а потым зʼехала ў ЗША. Там дзяўчына абараняла колеры «Метраполітан Рыветэрс», а затым стала трэніраваць каманды дзяўчынак u14 і u16 у «Нью-Джэрсі Прынстан Тайгерс».

Сёлета ў студзені ў Беларусі стварылі жаночую хакейную зборную і арганізавалі ім спарынг супраць 11-гадовых хлопцаў. Жаночая каманда таксама складалася з дзяцей і падлеткаў.

Усе гэтыя гісторыі аб'ядноўвае адно: дзяўчынкі хацелі займацца хакеем, нават нягледзячы на той факт, што трэніравацца давядзецца з хлопцамі. Але гэта можна было рабіць да пэўнага ўзросту, а далей пустата.

Пры гэтым у свеце жаночы хакей – далёка не дзіва. У чэмпіянаце Швецыі спаборнічаюць жаночых 10 каманд, у чэмпіянаце ў Расіі – 8. У Канадзе дзяўчат-гульцоў так шмат, што гэта дазваляе праводзіць асобны турнір для U-18. Акрамя таго, разам з ЗША яны праводзяць PWHL – жаночы аналаг НХЛ. (чакаецца, што ліга будзе перазапушчана пад такой назвай у студзені 2024, да гэтага турнір называўся PHL). У Штатах таксама праводзяцца аматарскія турніры па хакеі для жанчын.

Ёсць магчымасць займацца гэтым відам спорту і ў дзяўчат з інваліднасцю.

Ну і ў рэшце рэшт гэта алімпійскі від спорту.

Вяртаючыся ў нашу рэальнасць, у беларускай федэрацыі хакея зазначаюць, што новы турнір – гэта пілотны праект, мэта якога ўзняць прывабнасць хакея сярод дзяўчынак.

На кантрасце ўзгадваецца заява экс-генсека АБФФ Юрыя Вяргейчыка аб тым, што прызначэнне жанчыны – нараджаць. Футбол, на яго думку, зусім не жаночы від спорту (у далейшым чыноўніку прыйшлося папрасіць прабачэння за сказанае). Цікава, што бы ён сказаў пра жаночы хакей.

І ўсё ж вельмі хочацца верыць, што ў ФХБ не робяць гэтую працу для галачкі і не кінуць падтрымліваць беларускіх дзяўчынак у іх любові да гэтага віду спорту.

Фота: сацсеткі хк «Ліда», Таццяны Шаталавай, USA hockey

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты