Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Арктычнае ралі Фінляндыі: у гасцях у казкі

Арктычнае ралі Фінляндыі: у гасцях у казкі

У апошні зімовы ўік-энд чэмпіянат свету па ралі завітаў у Лапландыю, каб правесці там свой другі этап сезону-2021. Пасля якога інтрыга ў WRC абвастрылася.

1 марта 2021, 16:16
Арктычнае ралі Фінляндыі: у гасцях у казкі

Фота: wrc.com

У апошні зімовы ўік-энд чэмпіянат свету па ралі завітаў у Лапландыю, каб правесці там свой другі этап сезону-2021. Пасля якога інтрыга ў WRC абвастрылася.

І так, вам не падалося – «Гоначная псіхапатыя» на самой справе стала беларускамоўнай! Ваш водгук на артыкул пра Формулу-1 перасягнуў мае нават самыя смелыя чаканні, што пераканала мяне ў тым, што артыкулы пра гонкі па-беларуску не проста могуць, а абавязкова мусяць быць. Асабіста ў часы, калі тыя, хто павінен ахоўваць спакой і правы грамадзян, арыштоўваюць пенсіянераў за чытанне кніг Ніла Гілевіча ў электрычцы і за сяброўскія пікнікі на лецішчы.

Таму пераход гэтага блога на нашу родную мову відавочна наспеў. Застанецца ён беларускамоўным і пасля перамогі ў нашай краіне здаровага сэнсу. Канчатковая мэта – каб артыкулы пра аўта- ці мотагонкі на беларускай успрымаліся чытачамі як нешта абсалютна натуральнае, што разумеецца само сабою. Як і беларуская мова ў паўсядзённым ужыванні на вуліцах і ў сем’ях. І мне здаецца, гэта вартае таго, каб змагацца за гэта і набліжаць гэта нават такімі сціплымі захадамі.

Тут вельмі своечасова і канец зімы выдаўся багатым на гоначныя падзеі сусветнага ўзроўню. Акрамя WRC і Formula E правяла свае першыя два этапы, пра якія я распавяду заўтра. Што ж да чэмпіянату свету па ралі, то ён знайшоў яшчэ адно выдатнае месца, якое заслугоўвае, каб застацца ў календары на ўвесь час.

Адмена ралі Швецыі праз каронавірусныя праблемы засмуціла ўсіх. Асабіста ўлічваючы, што ўжо мінулая зіма нават у Беларусі была снежнай і марознай. І шведскі этап, хутчэй за ўсё, таксама быў бы прыгожым і па-сапраўднаму зімовым, у адрозненні ад некалькіх апошніх мінулых гадоў, калі глабальнае пацяпленне было заўважным нават у Швецыі, і тамтэйшае ралі было не снежным, а гравійным.

Аднак арганізатары WRC аператыўна знайшлі выйсце і ўключылі ў каляндар дадатковы этап у Фінляндыі. Упершыню чэмпіянат свету прыехаў у госці да казкі – у Лапдандыю да Ёлапукі, за паўночнае палярнае кола. Дзе, дарэчы, у 2003 годзе ўжо было еўрапейскае ралійнае першынство. І тут снегу хапіла ўжо ўсім!

Нажаль толькі, гоначны свет на мінулым тыдні панёс і страты. Да таго ж самыя натуральныя чалавечыя. Спачатку ў аўторак праз каронавірус ва ўзросце 60 гадоў памёр Фауста Грэзіні – італьянскі мотагоншчык, двухразовы чэмпіён MotoGP у класе 125 см3 (у 1985 і 1987 гадах) і шматгадовы бос сваёй уласнай каманды Gresini Racing, якая ў прэм’ер-катэгорыі фактычна была завадской камандай Aprilia. А праз тры дні, у пятніцу, з жыцця пайшоў чэмпіён свету па ралі 1983 году Хану Мікала (на фота ніжэй), якому было 78 гадоў. Смуткуем па абодвух легендах разам з гоншчыкамі і заўзятарамі па ўсім свеце.

Фінскага раліста на выходных асабіста ўспаміналі на яго радзіме, дзе як раз разварочвалася спаборніцтва за перамогу на першым у гісторыі WRC Арктычным ралі Фінляндыі. Зразумела, сумная навіна настрой удзельнікам чэмпіянату не падняла, але жыццё працягваецца, і ў гонках трэба перамагаць. Што кожны і паспрабаваў зрабіць.

Натуральна, зрабіць цяжэй чым сказаць. Асабіста калі весці ралійны аўтамабіль трэба па слізкіх дарогах сярод лясоў. І не забываемся, што гэта Фінляндыя, і навокал Раваніемі трасы гэткія ж трохмерныя, як і каля Ювяскюля, дзе праходзіць традыцыйны летні фінскі этап чэмпіянату свету. І гэткія ж хуткія! Сучасныя аўтамабілі вышэйшай катэгорыі WRC разганяліся тут да 200 км/г, а на некаторых доўгіх прамых іх рухавікі на вышэйшых перадачах упіраліся ў абмежавальнікі абаротаў.

І ўсё гэта па снезе пры яркім сонцы, якое слепіць удзень, альбо наадварот – уначы, калі таксама не надта відно. Не дзіўна, што адкопваць свае аўтамабілі і вызваляць іх са снежнага палону давялося многім удзельнікам спаборніцтва. Нават шыпы на шынах Pirelli не былі панацэяй у асобных месцах.

Толькі чэмпіёна 2019 году Ота Цянака праблемы гэтым разам неяк абмінулі. Эстонец, які пацярпеў няўдачу на папярэднім ралі Монтэ-Карла, у Лапландыі неяк адразу асвоіўся, і ўжо на шэйдауне у чацвер узяў высокі тэмп. А па выніках пятніцы бліжэйшаму пераследніку, якім быў яго ірландскі партнёр па Hyundai Крэйг Брын, От «вёз» ажно 16,2 секунды! Пры тым, што ў першы спаборніцкі дзень удзельнікі ралі пераадолелі ўсяго толькі два спецучасткі.

А вось для пераможцы першага этапу і лідара чэмпіянату – сяміразовага і дзейснага чэмпіёна Себасцьена Аж’е Арктычнае ралі стала ва ўсіх сэнсах халодным душам. Куды падзявалася тая хуткасць, што была ў яго Toyota Yaris WRC у Монтэ-Карла?

На самой справе, зразумела куды. Гоншчык, што ўзначальвае асабісты залік, першым адпраўляецца на допы першага спаборніцкага дня і, як кажуць у ралі, на гравійных працуе бульдозерам – на гравійных і снежных этапах расчышчае трасу для супернікаў і не разлічвае на высокую хуткасць. Таму пятніцу француз скончыў на дзявятай пазіцыі з адставаннем ад Цянака амаль у 50 секунд.

Дасведчаны Аж’е саступіў нават маладому шведу Оліверу Сольбергу. Сын чэмпіёна свету па ралі 2003 года Петэра Сольберга ў мінулыя выходныя дэбютаваў на тэхніке вышэйшай катэгорыі чэмпіянату свету, выступіўшы за стырном Hyundai i20 Coupé WRC. Вядома, у такіх складаных умовах і на такім магутным і хуткім аўтамабілі Оліверу было не надта проста, у чым ён шчыра прызнаваўся. Але ён вучыўся, атрымліваў асалоду і скончыў ралі на высокім сёмым месцы.

Што ж да Себасцьена, то ён, пэўна, спадзяваўся пайсці ў контратаку ў суботу. Аднак з кожным спецучатскам ён толькі ўсё болей прайграваў Цянаку, які лідзіраваў і, здаецца, ўвогуле не дапускаў памылак. А вось Аж’е памыліўся, і вельмі моцна. Перад апошнім паваротам вечаровага восьмага і фінальнага з суботніх допа Siikakämä 2 у двухстах метрах ад яго фінішу француз зляцеў з трасы і затрымаўся ў снезе.

На вызваленне Сэб і яго штурман Жульен Інграсія патрацілі ажно дваццаць хвілін, і ў генеральнай класіфікацыі адкаціліся на дваццаць другую пазіцыю. Аб змаганні за перамогу гаворкі для іх ўжо не ішло, бо ў нядзелю, як і ў пятніцу, меліся быць толькі два спецучасткі.

Для партнёраў Аж’е па Таёце справы на Арктычным ралі складаліся лепей. Нават не надта дасведчаны японец Такамота Катсута выступіў даволі ўдала, заняўшы шостае месца, а віцэ-чэмпіён Элфін Эванс замкнуў першую пяцёрку. Але лепей за ўсіх таётаўцаў выступіў фін Кале Раванпэра. У прыгожай дуэлі ён апярэдзіў бельгійскага ветэрана з Hyundai Цьеры Нэвіля, які заняў трэцяе месца, а сам фінішаваў другім. Дый яшчэ не так і шмат – 17,5 секунды – саступіў Цянаку, які перамог.

Але самае галоўнае для Кале, што на фінальным 22,5-кіламетровым суперспэшле Aittajärvi 2 ён быў найхутчэйшым, што прынесла яму пяць бонусных балаў, тады як той жа Цянак узяў толькі два, паказаўшы чацвёрты час. І пасля другога этапу менавіта Раванпэра захапіў лідарства ў чэмпіянаце, дзе ён мае 39 ачкоў. Нэвіль, у якога 35 ачкоў, падняўся на другую пазіцыю, а Аж’е, які на другім этапе фінішаваў дваццатым, апусціўся на трэцюю – у яго 31 ачко, як і ў Эванса. Цянак, які на Арктычным ралі перамог, замыкае першую пяцёрку асабістага заліку з 27 ачкамі.

У заліку вытворцаў Toyota сваё лідарства захавала – у яе 88 ачкоў, аднак Hyundai саступае ёй усяго адзінаццаць балаў. Ford, якога прадстаўляе каманда M-Sport, адстаў ужо вельмі моцна – у яго толькі 24 ачкі.

Цікавая барацьба на Арктычным ралі ішла і ў малодшых катэгорыях. Так, у WRC2 перамогу атрымаў фін Эсапека Лапі, які сышоў пасля мінулага сезону з галоўнага класу. Адзіная памылка, якую ён дапусціў, быў разварот пад полагам цемры на тым самым нешчаслівым для Аж’е восьмым спецучастку. Увесь астатні маршрут Эсапека за стырном Volkswagen Polo GTI R5 пераадолеў выдатна. Нарвежац Андрэас Мікельсэн, які выступаў на Škoda Fabia Rally2 Evo і заняў другое месца, саступіў яму 47,7 секунды. Трэцяе месца заняў расіянін Мікалай Гразін, чыёй зброяй быў Polo GTI R5.

Фінскі гоншчык перамог і ў самай малодшай катэгорыі WRC3. Хоць тут мясцовай узыходнай зорцы Цеэму Асунмаа на Škoda Fabia Rally2 Evo давялося паспаборнічаць з эстонцам Эганам Каурам на Volkswagen Polo GTI R5 – ён заняў другое месца, саступіўшы пераможцы ўсяго 4,2 секунды. Пры гэтым Каур у суботу атрымаў ад суддзяў 10-секундны штраф. Іншымі словамі, перамагчы мусіў менавіта ён. Замкнуў першую тройку катэгорыі яшчэ адзін фін Міка Хэйкіля на Шкодзе.

Здаецца, гэты сезон чэмпіянату свету па ралі таксама будзе цікавым і непрадказальным (абы каронавірус зноў усё не сапсаваў). І вельмі шкада, што яго працягу нам прыйдзецца чакаць амаль два месяцы – наступнае ралі Харватыя, якое будзе ўжо асфальтавым і новым для WRC, пройдзе 22-25 красавіка.

Другие посты блога

Все посты