Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/МакЛафлін, Лундквіст, Джарджына і іншыя дзейныя асобы этапу IndyCar у Алабаме

МакЛафлін, Лундквіст, Джарджына і іншыя дзейныя асобы этапу IndyCar у Алабаме

МакЛафлін, Лундквіст, Джарджына і іншыя дзейныя асобы этапу IndyCar у Алабаме

Фота: indycar.com

Калі нельга, але вельмі хочацца, то можна. Гэта пра магчымасць абгонаў на трасе Barber Motorsports Park, якая ў мінулыя выхадныя прымала трэці этап амерыканскай формульнай серыі IndyCar – Гран Пры Алабамы. Хаця пілоту Team Penske Скоту МакЛафліну, які і атрымаў перамогу, асабліва абганяць і не прыйшлося.

Трэк паблізу ад Бірмінгема тэхнічны і прыгожы, з перападам вышынь, але даволі кароткі – 2,3 мільны (3,7-кіламетровы), прамыя тут не надта доўгія, таму месцаў для атакі не так і шмат. Але некаторыя ўдзельнікі гонкі IndyCar у мінулую нядзелю іх тым не менш знаходзілі, дзякуючы чаму мы пабачылі цікавы заезд. Хаця цікавым ён стаў дзякуючы не толькі ім, і нават дзякуючы не толькі людзям. Але аб усім па парадку.

Поўл на Гран Пры Алабамы заваяваў прадстаўнік Team Penske Скот МакЛафлін, які за пару дзён да гэтага даведаўся, што яго разам з яго партнёрам па камандзе Джозэфам Ньюгардэнам, які выйграў быў першы этап у Сэнт-Пітэрсбэргу, дыскваліфікавалі на тым самым этапе. Праз паўтары месяцы, так. Калектыў ужыў не дазволеныя правіламі налады сістэмы push-to-pass – так званай абгоннай кнопкі. Хоць каму-небудзь з іх важна было адыграцца, і новазеландзец зрабіў гэта.

На старце гонкі Скоці Мак захаваў лідарства, хаця хутка саступіў яго яшчэ аднаму свайму партнёру па камандзе Уілу Паўэру. Аднак далёка аўстралійца не адпусціў і калі той памыліўся на дваццаць трэцім кругу ў пятым павароце, вярнуў сабе першую пазіцыю. І захаваў яе пасля наведвання боксаў некалькімі кругамі пазней, калі перайшоў, як і Паўэр, з жорсткіх шын на мяккія.

Пры гэтым бліжэйшым пераследнікам МакЛафліна на той момант быў не Паўэр, а канкурэнт з Rahal Letterman Lanigan Racing Крысціан Лундгаард, які стартаваў трэцім і таксама апярэдзіў Уіла падчас яго памылкі. Датчаніну Скот «вёз» пры гэтым болей за сем секунд і прэсінгу не адчуваў. А потым яшчэ і ўдала скарыстаўся перыядам нейтралізацыі пасля таго, як пілот Arrow McLaren Александэр Росі, вярнуўшыся на трасу пасля свайго піт-стопу, застаўся без левага задняга кола, што не было прыкручанае належным чынам.

МакЛафлін пад пэйс-карам пераабуўся яшчэ раз, таксама атрымаўшы мяккі кампаўнд. Зрабілі гэта і Паўэр з Лундгаардам, прычым Уіл заадно адыграўся адносна Крысціана і вярнуўся на другую пазіцыю. Вядома, Скот апынуўся ў шчыльнай групе ў сярэдзіне пелатону, але як толькі перыяд нейтралізацыі скончыўся, новазеландзец пачаў прарывацца, карыстаючыся ў тым ліку перавагаў па шынам, бо змяніць іх вырашылі не ўсе яго супернікі, якія засталіся на зношаных або жорсткіх.

Аднак стратэгія Скота не выглядала поўнасцю бяспройгрышнай. Было відавочна, што наведваць боксы яму прыдзецца і трэці раз, але тут і абставіны дапамаглі, бо нейтралізавалася гонка неаднаразова. У тым ліку і пасля аварыі на пяцьдзесят пятым кругу пілота A.J. Foyt Enterprises Стынга-Рэя Роба, які праз паломку стырнавога кіравання перажыў непрыемную сустрэчу з адбойнікам у першым павароце. На шчасце, малады амерыканец у гэтым інцыдэнце не пацярпеў, а яшчэ дазволіў з мінімальнымі стратамі правесці піт-стопы тым, хто гэтага яшчэ не зрабіў.

У ліку апошніх быў і дзейны чэмпіён з Chip Ganassi Racing Алекс Палоў, які вырашыў ехаць ужо да канца (а заставалася меней за сорак кругоў) і перайшоў на жорсткія шыны. МакЛафлін жа, як і чакалася, вярнуўшыся было ў лідары, за пятнаццаць кругоў да фінішу накіраваўся на фінальны піт-стоп, на якім атрымаў ужываны камплект мяккай гумы. Але нарошчанага раней адрыву Скоту хапіла, каб вярнуцца на трасу лідарам, перад Паўэрам і Палоў.

Пры гэтым Алекс на ўжо паношанай гуме быў не ў стане стрымаць некаторых з супернікаў, у тым ліку свайго партнёра па камандзе Лінуса Лундквіста. Швед стартаваў дзевятнаццатым, але дзякуючы якраз рызыкоўнай стратэгіі з трыма піт-стопамі біўся за месцы ў першай тройцы ўжо на сярэдзіне дыстанцыі, а цяпер наогул у гэтую тройку прабіўся, тады як Палоў потым прапусціў яшчэ і суайчынніка Лундквіста з Meyer Shank Racing Фелікса Розэнквіста і задаволіўся пятым месцам.

Лінус жа пад канец гонкі атрымаў магчымасць яшчэ і паўдзейнічаць на нервы Паўэру. Дапамог пілот Ed Carpenter Racing Крысціан Расмусэн, які заглух пасля развароту ў трынаццатым павароце за пяць кругоў да фінішу, што прывяло да яшчэ адной нейтралізацыі. На рэстарце на перадапошнім кругу МакЛафлін захаваў лідарства, а Паўэру прыйшлося не столькі атакаваць партнёра па камандзе, колькі глядзець у люстэркі задняга віду, у якіх маячыў балід Лундквіста.

Да сапраўднай атакі з боку Лінуса справа, зрэшты, не дайшла, але пілот Chip Ganassi Racing, які фінішаваў трэцім, усё роўна атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. Дзяліць яго Лундквісту, аднак, прыйшлося з Джарджынай – зоркай трасы Barber Motorsports Park. Манекен па распараджэнні ўладальніка трасы Джорджа Барбера ў 2016 годзе дзеля смеху быў павешаны на адным з мастоў, і ўвесь гэты час спакойна вісеў. Ну а ў нядзелю падчас гонкі нарэшце ўпаў. Добра, што на ўзбочыну, а не непасродна на гоначнае палатно, а то многім было б не да смеху. А так справа абмежавалася чарговай нейтралізацыяй заезду.

Фота з прыгажуняй потым рабіў і пераможца гонкі МакЛафлін, які ў чэмпіянаце зараз дзявяты з 59-цю ачкамі. Паўэр фінішаваў у Алабаме другім, затое аўстраліец другі і ў турнірнай табліцы. Ён мае 100 балаў, усяго адзін саступаючы новаму лідару Колтану Херце, якому гэтым разам пашанцавала не так, як мінулым у Лонг-Біч – амерыканец з Andretti Global w/ Curb-Agajanian фінішаваў толькі восьмым.

Ну хаця б не пятнаццатым, як пераможца другога этапу Скот Дзіксан, у якога мінулая гонка не абышлася без праблем і візіту за межы трасы. Ён з першай пазіцыі ў чэмпіянаце адкаціўся на чацвёртую, мае 94 ачкі і саступае чатыры Палоў, які цяпер замыкае першую тройку.

Усё бліжэй галоўны этап сезону – гонка 500 міль Індыянапаліса. Ён будзе другім за наступным, які таксама пройдзе на знакамітай трасе, але не на авальнай яе версіі, а на так званай дарожнай. Гран Пры Сонсіа будзе праходзіць 10-11 мая, пра яго напішуць і нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты