Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Калі важныя і поўл, і піт-стопы

Калі важныя і поўл, і піт-стопы

Другі этап серыі GT World Challenge Europe, што прайшоў у французскім Маньі-Куры ў мінулы ўік-энд, складаўся з двух кароткіх спрынтарскіх гонак. У чым іх асноўнае адрозненне ад доўгіх і чым запомніліся менавіта гэтыя дзве?

Калі важныя і поўл, і піт-стопы

Другі этап серыі GT World Challenge Europe, што прайшоў у французскім Маньі-Куры ў мінулы ўік-энд, складаўся з двух кароткіх спрынтарскіх гонак. У чым іх асноўнае адрозненне ад доўгіх і чым запомніліся менавіта гэтыя дзве?

Першае відавочна – у шматгадзінных заездах фармату Endurance не так важна стартаваць з першай пазіцыі, як трымаць высокі тэмп цягам усёй дыстанцыі. У кароткіх жа спрынтарскіх гонках стартавая пазіцыя вырашае значна больш, і гэта добра адлюстравалі абедзве, што прайшлі ў мінулыя выхадныя на трасе Маньі-Кур.

Суботні заезд быў начным, што, верагодна, паспрыяла таму, што прайшоў ён адносна спакойна. Гоншчыкі асцярожнічалі, бо дапусціць памылку ў такіх умовах значна прасцей, а кошт яе можа аказацца занадта высокім – сёння машыну можна разбіць так, што заўтра не будзе на чым стартаваць.

Так што гоншчыкі каманды Team WRT Шарль Віртс і Дрыс Вантор (экіпаж №32), заваяваўшы поўл у суботу, фактычна гарантавалі сабе перамогу. Тым больш што абодва бельгійцы маюць сур’ёзны досвед і выступаюць у заліку Pro Cup. Таму амаль шэсць з паловай секунд, якія яны на сваім Audi R8 LMS GT3 «прывезлі» на фінішы прадстаўнікам Emil Frey Racing Рыкарда Фелеру і Альберту Косце (экіпаж №163) на Lamborghini Huracan GT3 Evo, не павінны здзіўляць.

Да таго ж, пераможцы болей удала правялі абавязковы піт-стоп (вокны для яго ў спрынтах адкрываюцца прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі) – да пачатку рэжыму жоўтых сцягоў на усёй трасе, у якім піт-лэйн закрываецца. Ды й механікі Team WRT абслужылі трыццаць другі аўтамабіль аператыўна, паставіўшы рэкорд гоначнага вечара.

Зрэшты, і у камандзе Emil Frey Racing не былі моцна расстроеныя тым, што не перамаглі. Урэшце рэшт, яе экіпажы пазіцый падчас гонкі не страцілі, фінішаваўшы на тых жа, з якіх і стартавалі. Згаданыя Фелер і Коста, якія таксама выступаюць у заліку Pro Cup, занялі другое месца, а іх партнёры Артур Руж’е і Алекс Фантана (экіпаж №14) сталі трэцімі – і першымі ў заліку Silver Cup. У заліку Pro-Am Cup перамаглі прадстаўнікі AF Corse Луі Маш’ель і Андрэа Берталіні (экіпаж №52), якія на сваім Ferrari 488 GT3 фінішавалі васямнаццатымі ў абсалюце.

У нядзелю, калі гонка праходзіла ўжо ўдзень (дзякуючы чаму і падзей было болей – гоншчыкі сталі смялейшымі), склад галоўных дзейных асоб крыху змяніўся. Чарга канвертаваць поўл у перамогу перайшла да экіпажа №6 – Лукі Штольца і Мара Энгеля з Toksport WRT на Mercedes-AMG GT3. Драмы ў другой гонцы хапала, але разварочвалася яна за спінамі ў немцаў.

Напрыклад, незадоўга да адкрыцця акна піт-стопаў развярнула (верагодна, праз пракол задняга правага кола) машыну прызёраў суботы – сто шэсцьдзесят трэцюю Lamborghini, якой у той момант кіраваў Коста. Гэта дазволіла выйсці наперад экіпажу №38 каманды Jota – Оліверу Ўілкінсану і Бэну Барнікоту на McLaren 720S GT3. Аднак іх механікі саступілі падчас піт-стопа канкурэнтам з Team WRT і Akka ASP, экіпажы якіх і спаборнічалі за другое месца.

Канкрэтна гаворка ў дадзеным выпадку ідзе пра суботніх пераможцаў Віртса і Вантора і Цімура Багуслаўскага і Рафаэле Марчэла. Механікі апошніх на гэты раз на піт-стопе спрацавалі лепей, выпусціўшы восемдзесят восьмы Mercedes-AMG GT3 з расіянінам за стырном раней, што дазволіла яму вярнуцца на трасу перад Віртсам. Аднак іх далейшай барацьбе дзіўным чынам паспрыялі іх партнёры па камандзе!

Спачатку за пятнаццаць хвілін да канца гоншчык Team WRT Бэнджамін Гётэ з трыццатага экіпажу, у якім ён ехаў разам з Кельвінам ван дэр Ліндэ, разбіў сваю Audi R8 LMS GT3 аб бар’ер, праз што на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі. Гэта дазволіла Віртсу наблізіцца да Багуслаўскага, і пасля рэстарту Шарль атакаваў Цімура ў шпільцы Adelaide, але той удала адбіўся.

Але бельгіец зламаў супраціў расіяніна пасля другога рэжыму аўтамабіля бяспекі, які скончыўся ўсяго за тры хвіліны да сканчэння часу гонкі. Па іроніі лёсу, пэйс-кар на трасу выязджаў пасля сутыкнення ўжо другога аўтамабіля Akka ASP – восемдзесят дзявятага экіпажу Петру Развана Умбрарэску і Жуля Гунона – з Aston Martin Vantage AMR GT3 сто пяцьдзесят дзявятага экіпажу каманды Garage 59, якім кіравалі Туомас Туюла і Нікалай К’ядэгаард.

У выніку ж Віртс і Вантор занялі другое месца, а Багуслаўскі з Марчэла фінішавалі трэцімі. Уся першая чацвёрка, якую замкнулі Ўілкінсан і Барнікот, прадстаўляла залік Pro Cup. Лепшыя ж прадстаўнікі Silver Cup – восемдзесят сёмы экіпаж усё той жа Akka ASP Канстанцін Цярэшчанка і Джым Пла – размясціліся на пятым месцы. У заліку Pro-Am Cup у нядзельнай гонцы перамаглі Мігель Рамас і Энрыке Чавес з семдзесят сёмага экіпажу Barwell Motorsport (аўтамабіль Lamborghini Huracan GT3 Evo), якія ў абсалюце сталі шаснаццатымі.

Як і вас ўсіх чэмпіянатах, дзе ёсць доўгія гонкі, у серыі Fanatec GT World Challenge Europe Powered by AWS залікаў шмат. Таму звернем увагу толькі на асноўныя – абсалютныя сярод гоншчыкаў і каманд, якія складаюцца з вынікаў як спрынтарскіх, так і з доўгіх гонак (пры гэтым асобныя камандныя і асабістыя залікі вядуцца і для Кубкаў Sprint і Endurance). Адзначу толькі, што ў спрынтах ачкоў налічваецца меней (хоць таксама першай дзясятцы), а пераможцы атрымліваюць шаснаццаць з паловай.

Такім чынам, пасля двух этапаў сярод каманд з 39,5 ачка лідзіруе Team WRT. Akka ASP займае другую пазіцыю, маючы 37 ачкоў. Emil Frey Racing замыкае першую тройку і мае 33 ачкі. У абсалютным асабістым заліку лідарам зараз з’яўляецца Рафаэле Марчэла, у якога 33,5 ачка. Вантор і Віртс з 29,5 ачка займаюць другую пазіцыю, а на трэцяй размяшчаецца Рыкарда Фелер, які мае 27 ачкоў.

Наступны этап GT World Challenge Europe пройдзе 28-30 мая у той жа Францыі, але на трасе Поль Рыкар ужо ў фармаце Endurance. Яго вянцом стане суботняя вечаровая 1 000-кіламетровая гонка, якае будзе доўжыцца шэсць гадзін.

Другие посты блога

Все посты