Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Чужыя тут не ходзяць! Ян Капецкі адсвяткаваў чарговы трыумф на хатнім ралі Чэхіі

Чужыя тут не ходзяць! Ян Капецкі адсвяткаваў чарговы трыумф на хатнім ралі Чэхіі

Ралійны ветэран і чэмпіён еўрапейскага першынства 2018 года Ян Капецкі ізноў атрымаў перамогу ў гонцы Barum Czech Rally Zlín. Але Аляксей Лук’янюк згубіў лідарства ў чэмпіянаце не праз гэта.

3 сентября 2021, 15:22
Чужыя тут не ходзяць! Ян Капецкі адсвяткаваў чарговы трыумф на хатнім ралі Чэхіі

Фота: fiaerc.com

Ралійны ветэран і чэмпіён еўрапейскага першынства 2018 года Ян Капецкі ізноў атрымаў перамогу ў гонцы Barum Czech Rally Zlín. Але Аляксей Лук’янюк згубіў лідарства ў чэмпіянаце не праз гэта.

Чэшскае ралі Зліна – тэрыторыя Яна Капецкага. 39-гадовы гоншчык першы раз перамог на ім яшчэ ў часы серыі Intercontinental Rally Challenge у 2009 годзе, а ў 2011-м паўтарыў свой поспех. Былі, праўда, у яго там і няўдачы – у 2010 і 2012 гадах хатняе ралі закончвалася для яго сходамі. Затое калі гэта гонка пачала ўваходзіць у каляндар чэмпіянату Еўропы, Ян перамагаў у ёй кожны раз, калі стартаваў: у 2013-м годзе і з 2015-га па 2019-ты.

Вядома, і на мінулых выхадных, калі Barum Czech Rally Zlín святкавала 50-гадовы юбілей, дамагчыся поспеху было для Капецкага справай гонару. Тым больш што канкурэнты ў Яна падбіраліся моцныя – гэта ж быў чацвёрты этап ERC. Так што двухразовы чэмпіён Еўропы Аляксей Лук’янюк, і адзіны двухразовы чэмпіён IRC Андрэас Мікельсэн, і хуткі іспанец Эфрэн Ларэна ў Зліне прысутнічалі.

Лук’янюк, праўда, прысутнічаў хіба што ў якасці гледача. Расіянін разбіў свой Citroën C3 Rally2 на трэніроўцы ў сераду, і да афіцыйнага старту ралі аднавіць машыну не прадстаўлялася магчымым. Крыўдны сход з дыстанцыі азначаў для Аляксея амаль аўтаматычную страту лідарства ў асабістым заліку, бо Мікельсэн, які займаў другую пазіцыю, саступаў яму ўсяго адно ачко. Перашкодзіць нарвежцу маглі толькі тэхнічныя праблемы і яго ўласныя памылкі. Аднак, забягаючы наперад, непрыемнасцей Андрэас пазбег – ён не надта рызыкаваў, разумеючы, што на кану.

Нельга, зрэшты, казаць, што за перамогу Мікельсэн не змагаўся. Яшчэ як змагаўся, паказваючы ў першы спаборніцкі дзень на спецучастках часы, блізкія да такіх у Капецкага (абодва, дарэчы, выступаюць на Škoda Fabia Rally2 Evo, прычым Яна з чэшскай маркай звязваюць даўнія сяброўскія адносіны). Памылковым будзе і сцвярджэнне, што нарвежац быў адзіным моцным канкурэнтам свайго чэшскага візаві.

Пад вечар суботы, па выніках сёмага 18,9-кіламетровага допу Hošťálková, Мікельсэна, які перад гэтым займаў другую пазіцыю, абагнаў малады суайчыннік Капецкага Эрык Чайс на Ford Fiesta R5 MkII. Які першы спаборніцкі дзень скончыў увогуле ў рангу лідара ралі. Выдатна Чайс выступаў і ў нядзелю, хутка ад’ехаўшы ад Капецкага на дваццаць секунд. Пасля чаго 22-гадовы гоншчык ўпэўнена кантраляваў адрыў да самага апошняга пятнаццатага 25,4-кіламетровага спецучастка Májová, на якім патрапіў у аварыю і сышоў з дыстанцыі…

Непрыемнасць, у якой, на шчасце, не пацярпеў ні сам Эрык, ні яго штурман Йіндрышка Закава, здарылася праз трынаццаць кіламетраў пасля старту допа. Адзін з правых паваротаў у тым месцы аказаўся занадта слізкім пасля дажджу, што і справакавала памылку Чайса, у выніку якой яго Фіеста зляцела з трасы і завалілася на бок. Капецкі з Мікельсэнам пасля гэтага вярнуліся на першую і другую пазіцыі адпаведна, на іх і фінішаваўшы. Трэцяе месца заняў яшчэ адзін мясцовы гоншчык Філіп Марэш, які таксама як і Ян з Андрэасам выступае на Шкодзе.

Подыум Мікельсэна вывеў яго ў лідары чэмпіянату Еўропы, дзе ён мае 97 ачкоў. На другую пазіцыю падняўся паляк Міка Марчык, у якога 78 балаў і які ў Чэхіі заняў пятае месца. Адну пазіцыю яму ў Зліне саступіў Эфрэн Ларэна, які на адну ж адстае ад Марчыка і ў асабістым заліку, адстаючы ўсяго на два ачкі. Лук’янюк, у якога засталіся 67 балаў, апусціўся на чацвёртую пазіцыю, пры гэтым знізу яго падпірае Норберт Херцыг, у якога такая ж колькасць ачкоў. Ён ралі Зліна скончыў чацвёртым.

У заліку каманд Sainteloc Junior Team, за якую Лук’янюк і выступае, са сваімі 75 ачкамі апусцілася ажно на восьмую пазіцыю. Toksport WRT працягвае лідзіраваць і мае цяпер 218 балаў, да дзесяці павялічыўшы адрыў ад калектыву Rallye Team Spain, які застаўся другім. У сваю чаргу Porvoon Autopalvelu, у якіх 107 ачкоў, захавалі трэцюю пазіцыю.

Задача адыграцца, якая стаіць перад Лук’янюком і яго камандай, пасля чэшскага ралі надзвычай ускладнілася. Аднак можна не сумнявацца, што Аляксей пойдзе ў рашучую контатаку на наступным этапе, ужо гравійным і адным з самых маляўнічых – ралі Азорскіх выспаў, якое пройдзе 16-18 верасня і якое расіянін выйграў ў 2018 годзе за стырном яшчэ Ford Fiesta R5. Досвед, тым больш пазітыўны, можа моцна дапамагчы Лукасу.

Другие посты блога

Все посты