Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Калі маркетынг важнейшы за спорт. Быць цікавым Гран Пры Нідэрландаў не быў абавязаны ад пачатку

Калі маркетынг важнейшы за спорт. Быць цікавым Гран Пры Нідэрландаў не быў абавязаны ад пачатку

Этап Формулы-1 у Нідэрландах ад самага пачатку планаваўся найперш не як спартыўнае мерапрыемства, а як сродак заробку грошай. Што, канечне, зусім не абясцэньвае перамогу Макса Ферстапена на хатнім Гран Пры.

6 сентября 2021, 18:23
Калі маркетынг важнейшы за спорт. Быць цікавым Гран Пры Нідэрландаў не быў абавязаны ад пачатку

Фота: formula1.com

Этап Формулы-1 у Нідэрландах ад самага пачатку планаваўся найперш не як спартыўнае мерапрыемства, а як сродак заробку грошай. Што, канечне, зусім не абясцэньвае перамогу Макса Ферстапена на хатнім Гран Пры.

Траса Зандварт – падарунак для тэлевізіёншчыкаў! Олдскульная, звілістая, з прафіляванымі паваротамі і блізкімі адбойнікамі. Прыгажосць! Аднак яна вузкая, і таму калі машынам той жа серыі GT World Challenge Europe і іншых кузаўных яна яшчэ больш ці менш пасуе, то сучасным хуткім і даволі буйнагабарытным балідам Формулы-1 на ёй цесна. Таму ўсім аматарам каралеўскіх аўтагонак адразу было зразумела, што чакаць на ёй барацьбы кола ў кола і вялікай колькасці абгонаў не варта.

Разумелі гэта і арганізатары і прамоўтэры Гран Пры Нідэрландаў. Аднак у іх быў (і ёсць) неаспрэчны козыр – Макс Ферстапен. Нават калі Формула-1 вярнулася б у Зандварт у мінулым годзе (як першапачаткова і планавалася, для чаго аўтадром быў сур’ёзна абноўлены і чаму перашкодзіла пандэмія), калі, нагадаю, Льюіс Хэмілтан і Mercedes былі проста непераможныя, этап не проста акупіўся б, а прынёс бы звышпрыбытак. Высокая цікавасць нідэрландскіх заўзятараў да гонкі з удзелам мясцовага пілота была гарантаваная ў любым выпадку.

У чым, дарэчы, мы пераканаліся ў мінулы ўік-энд, калі на трыбунах быў аншлаг. І гэта пры тым, што на іх былі дапушчаныя толькі дзве траціны ад тых, хто набыў квіткі – пандэмія працягваецца і працягвае ўносіць свае карэктывы ў планы правядзення спартыўных спаборніцтваў. Толькі што, паўтаруся, Гран Пры Нідэрландаў быў такім толькі фармальна. На самой жа справе маркетынг у ім дамінаваў.

Тым больш што гэтым годзе, калі Red Bull атрымаў ад Хонды канкурэнтаздольную сілавую ўстаноўку, дзякуючы чаму яго баліды падняліся на адзін узровень з машынамі Mercedes, а Макс Ферстапен пачаў змагацца за чэмпіёнства на роўных з Хэмілтанам, арганізатары Гран Пры Нідэрландаў атрымалі двайны падарунак. Наўрад ці памылюся, зрэшты, калі зраблю здагадку, што і ў Рэд Буле доўга і дасканала рыхтаваліся да яго.

Хутчэй за ўсе, падчас працы на сімулятары былі адпрацаваныя ўсе магчымыя сцэнарыі развіцця падзей на хатнім для Макса этапе. Разумеючы, што поўл у Зандварце будзе вельмі важным, каманда і пілот максімальна выклаліся ў суботу. У выніку менавіта за Ферстапенам і засталася першая стартавая пазіцыя і новы афіцыйны рэкорд трасы – 1:08,885. Час, дарэчы, мог бы быць і лепей, думаю, на палову секунды, але ў фінальнай спробе нідэрландзец застаўся без DRS – выйшаў з ладу прывад, які адкрывае задняе антыкрыло. Перад гонкай вузел быў заменены, і гэта стала адзіным для Макса расчараваннем уік-энду.

Так, можна яшчэ ўспомніць, што ў гонцы лепшы круг усталяваў, зарабіўшы бонуснае ачко, усё ж не ён, а Хэмілтан – яго галоўны канкурэнт у чэмпіянаце. Аднак перамога дома ўсё роўна вярнула Ферстапена на першую пазіцыю ў асабістым заліку, таму галоўная для яго задача пакуль што выглядае выкананай. А вось для Red Bull у цэлым – не. Таму што Серхіа Перэс, з якім каманда яшчэ перад непаразуменнем пад назвай Гран Пры Бельгіі працягнула кантракт на наступны год, у Зандварце кваліфікацыю праваліў, не прайшоўшы нават у другі яе сегмент.

Кваліфікаваўся Перэс шаснаццатым, а стартаваў увогуле з піт-лэйну – у камандзе вырашылі парушыць рэжым закрытага парку і замяніць на яго балідзе сілавую ўстаноўку. Што раней ці пазней усё роўна прыйшлося б рабіць са штрафам, бо пасля аварый Ферстапена на Сільверстоўне і самога Серхіа на Хунгарорынгу (прывітанне Хэмілтану і Валтары Ботасу адпаведна!) у Red Bull атрымаўся дэфіцыт новых вузлоў.

Чэка, канечне, рэабілітаваўся ў нядзелю, стаўшы аўтарам шматлікіх абгонаў. Прычым некалькіх супернікаў мексіканец эфектна і эфектыўна абыходзіў па вонкавым радыусе першага павароту. Фінішаваў ён у выніку восьмым і ачкі набраў, але не столькі, колькі мог бы, і Red Bull у Кубку Канструктараў Mercedes не апярэдзіў. Хаця званне «Гоншчыка дня» па выніках балельшчыцкага галасавання ў Інтэрнэце Серхіа атрымаў цалкам заслужана.

Перэс жа даказаў (не толькі ён, зрэшты), што абганяць у Зандварце ўсё ж такі можна. Толькі ў спрэчцы за перамогу паміж Ферстапенам і Хэмілтанам абышлося без іх. Макс і Red Bull, дарэчы, такімі ўжо дамінатарамі нідэрландскага Гран Пры не выглядалі – Хэмілтан у гонцы калі і саступаў, то зусім крыху. Лепшы круг, ізноў жа, застаўся за ім. Але яго барацьба з любімцам мясцовых трыбун выйшла тактычнай.

Стартавалі абодва на шынах Soft (у Нідэрланды кампанія Pirelli прывезла самыя жорсткія кампаўнды C1, C2 і C3), Ферстапен хутка адарваўся ад Хэмілтана з Ботасам (фін стартаваў трэцім), а на дваццатым кругу – праз круг пасля Льюіса – наведаў боксы, атрымаўшы, як і брытанец, свежы Medium. Замінка з заменай правага пярэдняга кола, што адбылася на піт-стопе Хэмілтана, вялікай ролі не адыграла – Макс усё роўна быў хутчэй. І Ботаса, які затрымаўся на трасе і мусіў быў яго прытармазіць, каб дапамагчы напарніку да яго наблізіцца, пілот Red Bull на трыццаць першым кругу абагнаў так лёгка, што нагадаў стары анекдот пра Чапаева і карацістаў: «Куды ім, Пецька, з голымі пяткамі ды супраць шашцы?».

Хэмілтану Валтары, зразумела, не замінаў, і тут жа прапусціў і яго. Не меў намеру ўскладніць брытанцу жыццё Ботас і пазней, калі на апошніх кругах па невядомай прычыне яго заклікалі ў боксы і ўсталявалі на яго балід прыкачаны «софт». Магчыма, ў Мерсэдэсе адчулі пагрозу з боку Перэса, які свой фінальны адрэзак праводзіў на гуме таго ж тыпу, і тэарэтычна мог адабраць лепшы круг у Льюіса (сяміразовы і дзейсны чэмпіён да таго моманту ён ужо належыў).

Але ў выніку калектыў Тота Вольфа ледзь не перахітрыў самога сябе – хоць Ботасу і забаранілі перапісваць гэтае дасягненне на сваё імя, фінскі пілот паспеў гэта зрабіць, нават запаволіўшыся на фінальным сектары трасы! Таму каб абараніць пазіцыі Хэмілтана ў чэмпіянаце, на перадапошнім кругу боксы наведаў і ён, таксама атрымаў камплект мяккіх шын і апошні круг усё ж такі праехаў хутчэй за ўсіх у гонцы.

Другое месца Льюіс пры гэтым захаваў, а Валтары фінішаваў трэцім. Толькі гэта яго ўжо не ратавала, бо рашэнне наконт яго будучыні было прынятае даўно. І сёння, акурат перад тым, як я сеў за гэты артыкул, было афіцыйна абвешчана, што ў наступным годзе ён будзе пілотам Alfa Romeo.

Хто будзе яго напарнікам, пакуль невядома, але дакладна не Кімі Райканен. Чэмпіён 2007 году ў сваю чаргу напярэдадні Гран Пры Нідэрландаў аб’явіў аб завяршэнні сваёй кар’еры ў Формуле-1 па сканчэнні гэтага сезону. Таксама, дарэчы, адзначыўшы, што ўсё вырашыў яшчэ зімой. Нажаль, праз станоўчы тэст на каронавірус прапусціць яму прыйшлося і гонку ў Зандварце. Замяніў яго Роберт Кубіца, які выступіў не так і дрэнна, заняўшы пятнаццатае месца.

Затое сакрэтам Палішынэля цяпер ёсць імя будучага напарніка Хэмілтана! Наўрад ці яно радуе самога Льюіса, бо імя гэта – Джордж Расэл. Малады, таленавіты, хуткі і амбіцыйны, ён дакладна зробіць жыццё свайму тытулаванаму суайчынніку значна больш складаным. І сезон-2022 робіцца цікавым ужо зараз.

У Нідэрландах Джордж, дарэчы, выступіў не так удала, як многія ад яго чакалі. У фінал кваліфікацыі ён на гэты раз не прайшоў, хоць і паказаў адзінаццаты вынік. Прытым што па ходу другога сегменту ледзь не разбіў свой балід, зляцеўшы з трасы ў трынаццатым павароце. Аб бар’ер бяспекі ён усё ж такі стукнуўся, але не моцна, і нават здолеў вярнуцца на трасу і даехаць да боксаў для рамонту. Дырэкцыя гонкі на ўсялякі выпадак (паправіць трэба было і адбойнік) прыпыніла кваліфікацыю чырвонымі сцягамі, а хутка пасля яе аднаўлення зрабіла гэта зноў – ужо ў восьмым павароце і ўжо фатальна свой балід разбіў напарнік Расэла па Williams Нікаля Лаціфі.

Але канадзец хаця б у гонцы фінішаваў, хай і шаснаццатым. Тады як Расэл, які яшчэ і штрафныя пяць секунд за перавышэнне хуткасці на піт-лэйне атрымаў, пад бліжэй да фінішу сышоў з дыстанцыі праз праблемы са скрыняй перадач (магчыма, пашкоджанай у суботнім інцыдэнце). Аднак, улічваючы, што Джордж ведае, за якую каманду будзе выступаць у наступным годзе (пра што сам заяўляў), наўрад ці ён моцна расстроіўся.

Лепшую ролю другога плану ў Зандварце выканаў пілот AlphaTauri П’ер Гаслі, які і кваліфікаваўся, і фінішаваў чацвёртым. У гоншчыкаў McLaren гэта не атрымалася: хуткасці не было ні ў Ланда Норыса, ні ў Даніэля Рыкарда, ні ў суботу, ні ў нядзелю. У выніку адзінае ачко за дзясятае месца атрымаў толькі брытанец, тады як аўстраліец фінішаваў адзінаццатым. Прытым што стартавалі яны дзясятым і трынаццатым адпаведна.

Так што McLaren пасля Гран Пры Нідэрландаў ізноў саступіў Ferrari трэцюю пазіцыю ў Кубку канструктараў і зараз мае 170 ачкоў супраць 181,5. Пілоты Скудэрыі ўчора выступілі значна лепей – Шарль Леклер заняў пятае месца, Карлас Сайнс фінішаваў сёмым. Mercedes, які працягвае лідзіраваць, мае 344,5 ачка, яго перавагу над Red Bull павялічылася да дванаццаці балаў.

Вось у асабістым заліку, як я адзначыў вышэй, Ферстапен лідарства сабе вярнуў – у яго 224,5 ачка, на тры болей чым у Хэмілтана, які апусціўся на другую пазіцыю. Ботас у сваю чаргу падняўся на трэцюю, апярэдзіўшы Норыса, і мае цяпер 123 ачкі. Хоць гэта зробіць крыху саладзейшым яго горкі яблык.

Ну а Формула-1 свой сезон працягне ўжо на гэтым тыдні ў легендарнай Монцы. У мінулым годзе там сенсацыйна перамог згаданы вышэй Гаслі, шмат чаго можна чакаць і гэтым разам. І таму ў тым ліку, што гэта будзе другі пасля брытанскага ўік-энд са спрынтам.

Другие посты блога

Все посты