Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Місія невыканальная: дагнаць Аж’е. Але Элфін Эванс у Фінляндыі сяміразовага чэмпіёна свету па ралі нават абагнаў

Місія невыканальная: дагнаць Аж’е. Але Элфін Эванс у Фінляндыі сяміразовага чэмпіёна свету па ралі нават абагнаў

Сезон чэмпіянату свету па ралі імкліва набліжаецца да фінішу, і пакуль усё падобнае на тое, што Себасцьен Аж’е перад завяршэннем сваёй кар’еры напрыканцы выйграе і восьмы тытул. Хаця Элфін Эванс дзякуючы перамозе ў Фінляндыі таксама яшчэ можа ўпершыню прымерыць чэмпіёнскую карону.

5 октября 2021, 17:34
Місія невыканальная: дагнаць Аж’е. Але Элфін Эванс у Фінляндыі сяміразовага чэмпіёна свету па ралі нават абагнаў

Фота: www.wrc.com

Сезон чэмпіянату свету па ралі імкліва набліжаецца да фінішу, і пакуль усё падобнае на тое, што Себасцьен Аж’е перад завяршэннем сваёй кар’еры напрыканцы выйграе і восьмы тытул. Хаця Элфін Эванс дзякуючы перамозе ў Фінляндыі таксама яшчэ можа ўпершыню прымерыць чэмпіёнскую карону.

У мінулым годзе валійскі гоншчык саступіў свайму тытулаванаму французскаму партнёру па камандзе Toyota ў спрэчцы за тытул на фінальным этапе ў Монцы. Ці не паўторыцца гісторыя цяпер? Бягучы ж сезон таксама фінішуе ў Храме Хуткасці, а Эванс пасля выдатна праведзенага ралі Фінляндыі павялічыў свае шанцы ізноў адкласці пытанне аб прыналежнасці чэмпіёнскага тытулу да фінальнага этапу.

Праўда, дагнаць Аж’е ўсё роўна надзвычай складана. Себасцьену ў яго апошнім поўным сезоне ў сусветным ралі шанцуе: ён выйграў чатыры з дзесяці этапаў, што прайшлі, тады як канкурэнты з Hyundai некалькі разоў сутыкаліся з праблемамі, сыходзячы з дыстанцыі праз механічныя паломкі, або фінішуючы за межамі ачковай дзясяткі.

Канечне, той жа чэмпіён 2019 году От Цянак нават у амаль што ўсіх найгоршых сітуацыях знаходзіў магчымасці набіраць хаця б бонусныя балы, што налічваюцца за перамогі на фінальных суперспецучастках. «Абаранак» яму дастаўся толькі ў Монтэ-Карла, але няўдачы ў Партугаліі, Італіі і ў яго роднай Эстоніі каштавалі яму задорага, і бонуснымі ачкамі кампенсаваць страчаныя асноўныя не атрымлівалася.

Так што на сёння От можа пазмагацца хіба што са сваім партнёрам па Hyundai Цьеры Нэвілем і партнёрам Аж’е і Эванса па Таёце Кале Раванпэрай за трэцюю пазіцыю або, калі моцна пашанцуе, за віцэ-чэмпіёнства. На фінскім ралі Цянак, дарэчы, выглядаў вельмі нядрэнна, і нават лідзіраваў амаль увесь першы спаборніцкі дзень. І толькі пад вечар яго апярэдзіў яшчэ адзін яго партнёр па камандзе Крэйг Брын, які выступае на асобных этапах, мяняючыся з Дані Сорда.

Аж’е пры гэтым хуткасцю ў пятніцу не бліскаў, у тым ліку праз працу бульдозерам. Па выніках дня ён быў толькі сёмым, а вось Эванс з Раванпэрай абодва былі ў Топ-5, дзе было шчыльна – усе гоншчыкі тут умясціліся ў васьмі секундах. Малады фін, які ў гэтым годзе ўжо адзначыўся перамогамі ў Эстоніі і на папярэднім этапе ў Грэцыі, на хатнім ралі, праўда, выступаў не так бліскуча. І пакуль Эванс пасля атакі ў суботу ранкам захапіў лідарства ў гонцы і нікому яго не думаў аддаваць, учапіўшыся ў яго мёртвай хваткай, Раванпэра застаўся на чацвёртай пазіцыі, ды і яе згубіў праз памылку на дзясятым допе, у выніку якой ён пашкодзіў пярэднюю частку свайго Yaris WRC аб земляную кучу.

Цянак жа прэтэндаваў на перамогу. Абагнаўшы ў другой палове дня Брына, эстонец не надта адставаў ад Эванса. Увечары паміж імі было крыху болей чым за дзевяць секунд, таму ў нядзелю ўсё яшчэ магло змяніцца. І раніцай От нават крыху наблізіўся да Элфіна, аднак валіец затым канчаткова перахапіў ініцыятыву і адарваўся ад эстонца яшчэ на некалькі секунд.

Важна, дарэчы, што і на фінальным суперспэшле Эванс быў найхутчэйшым, таму звёз з Фінляндыі максімальныя трыццаць балаў. Цянак і на апошнім допе, і ва ўсім ралі фінішаваў другім, а Брын заняў трэцяе месца. Аж’е скончыў фінскае ралі пятым, атрымаўшы яшчэ і хвілінны штраф (на становішча ў пратаколе ён, зрэшты, не паўплываў) за тое, што ў суботу на дванаццатым спецучастку няправільна зашпіліў папружкі свайго шлема.

Аднак у чэмпіянаце француз па-ранейшаму лідзіруе даволі камфортна, маючы 190 ачкоў. У Эванса іх 166, таму тэарэтычна, перамогі на двух этапах, што засталіся, яшчэ могуць прынесці яму яго першы тытул. Але Аж’е, каб завяршыць кар’еру непераможным, можа будзе задаволіцца пры гэтым і другімі месцамі.

Пры гэтым Эванса могуць абагнаць і Нэвіль, які на ралі Фінляндыі сышоў з дыстанцыі праз пашкоджанне радыятара ў суботу, але пакуль захоўвае трэцюю пазіцыю са 130 ачкамі, і Раванпэра з Цянакам, якія ад бельгійца адстаюць на адзін і два балы адпаведна.

У заліку вытворцаў Таёту, якая лідзіруе, маючы 439 ачкоў, дагнаць яшчэ цяжэй – Hyundai саступае ёй ужо 61 ачко. Калектыў M-Sport Ford са 171 балам па-ранейшаму замыкае першую тройку. На фінскім этапе лепшы вынік яму зноў забяспечыў Гас Грынсміт, які заняў сёмае месца.

Пераможцам у катэгорыі WRC2 ў Фінляндыі стаў мясцовы любімец Цеему Сунінен, які ўпершыню стартаваў на Volkswagen Polo GTI R5. Яго радыятар у суботу таксама быў прабіты, але гэта не запаволіла Цеему катастрафічна, і фінальны дзень ён пачаў з васьмісекунднай перавагай перад сваім галоўным пераследнікам – нарвежцам Мадсам Остбергам на Citroën C3 Rally2, які і заняў другое месца. Трэцяе заняў яшчэ адзін фін Яры Хутунен на Hyundai i20 N Rally2.

Для многіх удзельнікаў катэгорыі WRC3 ралі Фінляндыі таксама было хатнім. У выніку фіны акупіравалі ўсю першую пяцёрку. Перамога дасталася Эмілю Ліндхольму, які на сваёй Škoda Fabia Rally2 быў хутчэйшым за ўсіх на дзесяці допах. Другое месца заняў Міка Хэйкіля, які таксама выступаў на Шкодзе, а замкнуў першую тройку Ээрык П’етарынен на Volkswagen Polo GTI R5.

Фінскае ралі было апошнім у гэтым годзе гравійным у чэмпіянаце свету, два апошнія пройдуць на асфальце. Наступным этапам стане іспанскі, які пройдзе 14-17 кастрычніка.

Другие посты блога

Все посты