Няправільны Гран Пры Італіі

Фота: motogp.com

Этап чэмпіянату MotoGP у італьянскім Муджэла прайшоў зусім не так, як мусіў. І я зусім не пра чарговую перамогу Фабіа Куартарара.

Гонкі небяспечныя – такое папярэджанне вы сустрэнеце на любым гоначным спаборніцтве болей ці меней высокага ўзроўню. Але гэтыя словы тычацца найперш гледачоў, якія могуць паводзіць сябе бестурботна, рызыкуючы здароўем і жыццём. Хоць вялікай небяспецы падвяргаюць сябе і гоншчыкі.

Смяротна рызыкуюць нават аўтаспартсмены, якія акрамя шлемаў і камбінезонаў абароненыя кузавамі, каркасамі, рамянямі і прыладамі для падтрымкі галавы і шыі HANS (head and neck support). Што ўжо казаць пра мотагоншчыкаў. У іх любое падзенне можа скончыцца сур’ёзнымі траўмамі і нават смерцю.

Трагічныя выпадкі, канечне, рэдкія, але дагэтуль здараюцца, як з маладым (усяго 19-гадовым) швейцарцам Джэйсанам Дзюпаск’е у мінулы ўік-энд у Муджэла. Няшчасце здарылася ў суботу ў кваліфікацыі катэгорыі Moto3. Джэйсан упаў паміж дзявятым і дзясятым паваротамі трасы, а ззаду ў яго ўляцеў японскі гоншчык Аюмі Сасакі, які таксама перажыў сур’ёзнае падзенне, але застаўся жывы, як і іспанец Джэрэмі Алькоба.

Дзюпаск’е атрымаў удар у галаву ад матацыкла Сасакі. Жывым з месца аварыі медыкі забралі і яго, аператыўна на верталёце даставіўшы ў бальніцу ў Фларэнцыі, што знаходзіцца побач. Там дактары змагаліся за жыццё юнака ўсю ноч, аднак раніцай яго не стала.

Смуткуем разам з усім гоначным светам і выказваем спачуванні родным і блізкім Джэйсана, а таксама яго балельшчыкам. Такія трагедыі не мусяць здарацца ні з кім, тым больш з такімі маладымі і таленавітымі людзьмі. Вечная памяць…

Падзенні падчас учарашняй гонкі прэм’ер-катэгорыі былі ўжо не трагічнымі. Хіба што кур’ёзнымі, як з прадстаўніком Avintia Esponsorama Энэа Басціаніні, які пасля прагрэўнага кругу ўрэзаўся ззаду ў матацыкл Жоана Зарко, крыху яго пашкодзіўшы. Выглядала гэта хутчэй смешна, хоць нікому на стартавай рашотцы ў такі ўік-энд было не да смеху. Ды і сам Басціаніні ўдзел у гонцы прыняць пасля гэтага не змог.

Былі падзенні і крыўдныя. Адно з іх на другім кругу перажыў шасціразовы чэмпіён Марк Маркес, які яшчэ не да канца залячыў траўмы на мінулагоднім Гран Пры Іспаніі. Так, гоншчык Repsol Honda Team цяпер не змагаецца за абсалют, і на момант падзення займаў дзясятую пазіцыю, толькі што адыграўшы адну. Аднак новыя пераломы яму патрэбныя зараз найменей за ўсіх, а вось ачко ні адно не будзе лішнім. Учора ж Марк застаўся без іх, сышоўшы з дыстанцыі пасля гэтага эпізоду.

Ну а крыўдней за ўсіх было на італьянскім Гран Пры аднаму з тых гоншчыкаў MotoGP, для якіх ён хатні. Прадстаўнік завадской каманды Ducati Франчэска Баньяя пачынаў гонку з другой пазіцыі і наважваўся паспаборнічаць за перамогу з Куартарара.

Француз з завадской Ямахі, як гэта часта бывае, стартаваў з поўлу, які напярэдадні здабыў без асабістых цяжкасцей. А на старце гонкі Эль Д’ябла дапамагла абноўленая сістэма хол-шот на яго YZR-M1 (яна рэгулюе палажэнне задняй падвескі матацыкла, дапамагаючы захоўваць аптымальнае размеркаванне вагі) – перавагу поўлу ён рэалізаваў.

Аднак не лыкам шыты і Баньяя – італьянец абыграў Фабіа на тармажэнні перад першым паваротам, дзе перахапіў у яго лідарства. Толькі захоўваў яго Пека дзесьці паўтары кругі, упаўшы на другім у дзявятым павароце і сышоўшы з дыстанцыі. І гэта ў самы непатрэбны момант, калі неабходна адыгрываць ачкі ў Куартарара альбо не даваць яму адарвацца занадта далёка.

Самога ж Фабіа, як тую старадаўнюю літоўскую пагоню, учора было не спыніць і не стрымаць. Нават Зарко, які таксама выступае на новым Ducati Desmosedici GP21, хоць і паўзавадской каманды Pramac, і стартаваў трэцім, нічога ў выніку не змог супрацьпаставіць свайму маладому суайчынніку.

Хоць, здавалася б, траса Муджэла больш пасуе як раз італьянскім матацыклам з іх наймагутнейшымі ў чэмпіянаце рухавікамі. І Жоан зноў быў у ліку тых, хто ставіў рэкорды максімальнай хуткасці, разганяючыся на галоўнай прамой да 360 км/г.

Першыя кругі Зарко яшчэ трымаўся непасродна ззаду ў Куартарара, але на пятым Эль Д’ябла ўдала скарыстаўся станоўчымі якасцямі сваёй Ямахі – яе выдатнымі паводзінамі ў паваротах. На секцыі з імі ён адарваўся ад канкурэнта з Pramac, а затым зноў жа без відавочных намаганняў атрымаў перамогу, пасвяціўшы яе Джэйсану Дзюпаск’е. У гонар загінулага гоншчыка перад стартам таксама прайшла хвіліна маўчання.

Ну а гоншчыкі на матацыклах Ducati на гэты раз, як ні дзіўна, не здолелі паказаць задавальняючыя вынікі. Пераможца двух папярэдніх этапаў у іспанскім Херэсе і французскім Ле Мане ўчора стартаваў толькі пятым, а ў гонцы адну пазіцыю нават згубіў. Аўстраліец быў не здольны стрымаць нават дуэт Алекса Рынса і дзейснага чэмпіёна Жоана Міра на Suzuki GSX-RR, якія не славяцца ні магутнасцю, ні высокай максімалкай!

Затое яны да шын нашмат болей міласэрныя чым тэхніка канкурэнтаў. Што і дапамагло іспанцы, якія імі кіруюць і які стартавалі восьмым і дзявятым адпаведна, трымаць высокі тэмп. Куартарара быў недасягальны, а вось дукацісты – цалкам.

Непасродна перад імі двума гонку пачынаў цяпер ужо завадскі гоншчык KTM Мігель Алівейра, а вось яго у RC16 і паказчыкі хуткасці на высокім узроўні. Так што мінулагодні пераможца Гран Пры Штырыі і роднай для яго Партугаліі быў сярод тых, хто спаборнічаў за дзве ніжнія ступені подыуму італьянскага этапу MotoGP.

На пятнаццатым кругу Мігель першым паспяхова атакаваў Зарко ў адзінаццатым павароце. Амаль адразу на француза пачалі насядаць і Мір з Рынсам, якія раней абмяняліся пазіцыямі паміж сабой. Аднак Рынс ужо чацвёртую гонку запар скончыў заўчасна, ўпаўшы ў апошнім павароце. Наўрад ці ў Suzuki атрымаецца так абараніць тытул…

Тым больш што і Мір хутчэйшым ну ніяк не выглядае. Хоць Жоан як раз фінішаваў, прытым на трэцім месцы, абагнаўшы свайго французскага цёзку на наступным кругу пасля таго, як гэта зрабіў Алівейра. І неўзабаве пачаў біцца за другое месца ўжо з партугальцам.

На трасе здзейсніць абгон не атрымалася, аднак ужо пасля фінішу Алівейра быў пазбаўлены суддзямі аднаго месца за мінімальнае – на лічаныя міліметры! – парушэнне меж трасы ў пятым павароце. Толькі практычна адразу аналагічнае парушэнне заўважылі і за Мірам, які быў пакараны аналагічным чынам. Так што ў выніку Мігель і Жоан засталіся на тых пазіцыях, на якіх і фінішавалі фізічна.

Зарко фінішаваў чацвёртым, аднак у чэмпіянаце нават падняўся на другую пазіцыю. Жоан мае 81 ачко, саступаючы 24 Куартарара, які лідзіруе. Баньяя, у якога па-ранейшаму 79 балаў, апусціўся на трэці радок.

І сам італьянец, і яго напарнік Джэк Мілер, і той жа Зарко, і тыя ж Мір і Рынс паспрабуюць рэабілітавацца ўжо ў наступныя выхадныя падчас Гран Пры Каталоніі на трасе ў Барселоне. А Куартарара зноў паспрабуе не даць ім гэтага зрабіць.

Абы толькі, калі Фабіа пераможа яшчэ раз, прысвячаць свой поспех яму не прыйшлося камусьці з загінулых калег. Хай усе наступныя Гран Пры будуць правільнымі – без чалавечых старт.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+11
Написать комментарий