І было цікава! Перад пачаткам другой паловы сезону MotoGP успамінаем першую

Фота: motogp.com

Матацыклетны Гран Пры Штырыі на трасе Red Bull Ring у аўстрыйскім Шпільбергу фактычна ўжо пачаўся – сёння праходзяць яго першыя вольныя практыкі. Ён адкрывае сабой другую палову сезону, а мы зараз успомнім самае важнае з першай. Ну і прагнозы зрабіць паспрабуем.

Гэты матэрыял мусіў быў выйсці раней, але насычанае гонкамі лета доўга не давала ім заняцца. Да таго ж, я доўга думаў над яго формай. Моцна не хацелася рабіць маркотны і нудны пераказ падзей у гонках. Іх самі і іх прычыны я і так разбіраю пасля кожнага этапу. Таму ў выніку я вырашыў параўнаць свае прагнозы з перадсезоннага прэв’ю з рэчаіснасцю. Гэтак жа зраблю з аналагічным матэрыялам пра Формулу-1, якая будзе адпачываць амаль увесь жнівень пасля вар’яцкага Гран Пры Вугоршчыны.

У тым самым прэв’ю я паабяцаў сваім чытачам, што сезон MotoGP 2021 году дакладна будзе цікавым і непрадказальным. Угадаў? Ну, калі вы не фанат завадской каманды Monster Energy Yamaha MotoGP і асабіста яе гоншчыка Фабіа Куартарара, то зараз паморшчыцеся. Маўляў, што гэта за цікавасць, калі дамінуе адзін гоншчык!

Сапраўды, Эль Д’ябла ў гэтым сезоне неверагодна моцны. Адразу нараджаюцца ў галаве аналогіі з Маркам Маркесам, калі ён быў у сваёй лепшай форме, страчанай ім на мінулагоднім хатнім Гран Пры Іспаніі ў Херэсе. Аднак давайце ўспомнім, як Куартарара сам правёў мінулы сезон. На тым самым першым этапе ён перамог (збольшага дзякуючы ўсё той жа аварыі Маркеса, дарэчы), праз тыдзень у тым жа Херэсе на Гран Пры Андалусіі француз увогуле дамінаваў, а вось потым…

Не буду ізноў пераказваць усе тыя складанасці, з якімі Фабіа сутыкнуўся далей і якія не дазволілі яму стаць нават віцэ-чэмпіёнам, якім стаў яго тагачасны напарнік па Petronas Yamaha SRT (а, магчыма, і будучы ўжо па завадской Ямахе, якую пасля гэтага сезону пакідае Маверык Віньялес) Франка Марбідэлі. А вось працу, што Куартарара правёў над сабой у міжсезонні, успомніць варта.

Як і працу самой завадской каманды Yamaha над сваім матацыклам. Не маючы магчымасці моцна дапрацоўваць яго матор (бо на подыумы ў мінулым годзе Валянціна Росі і Віньялес прыязджалі), хіба што надзейнасць палепшыць, там настолькі «вылізалі» шасі, што ў гэтым годзе завадскі YZR-M1 стала не пазнаць.

Як, зрэшты, і Куартарара на ім. Перашкодзіць яму, здаецца, могуць толькі фізічныя праблемы, як на Гран Пры Іспаніі, або расшпілены камбінезон, як на Гран Пры Каталоніі. Моц Фабіа і стала адной з галоўных калі не нечаканасцей, то дакладна добрых навін. Горай, што крокі наперад яго канкурэнтаў аказаліся не такімі вялікімі.

Не-не, у здольнасцях тых жа завадскіх гоншчыкаў Ducati Франчэска Баньяі і Джэка Мілера ніхто не сумняваецца. Аўстраліец нават перамог на тым самым іспанскім этапе, а праз два тыдні і на французскім. Толькі ў першым выпадку Джэк скарыстаўся як раз праблемамі з рукой у Куартарара, а ў другім яму дапамог штраф Фабіа за парушэнне правілаў змены матацыкла на піт-лэйне.

Дарэчы, што ў мінулым годзе, што ў гэтым хатнія Гран Пры Куартарара былі дажджавымі, і як кантраставалі выступленні на ім Фабіа. Мінулагодні ён праваліў, а ў другі раз прэтэндаваў на перамогу. Што, ізноў жа, ёсць прагрэс і яго асабісты, і ўсёй каманды. Завадскія ж Ducati Desmosedici GP21, застаўшыся хуткімі на прамых, быццам бы і сталі лепей у паваротах, але Yamaha YZR-M1 пад Куартарара ўсё роўна раз за разам аказваецца там хутчэйшай.

Затое здзівіла дукаціеўская каманда-сатэліт Pramac Racing! Жоан Зарко на таксама найновым Desmosedici (ён у першую чаргу, бо яго пастаянны напарнік Хорхе Марцін, які заняў трэцяе месца на Гран Пры Дохі, потым прапусціў некалькі этапаў праз траўму) у гэтым годзе імчыць заўважна хутчэй за завадчан.

Заваяваўшы подыумы на Вялікіх Прызах Катара і Дохі, Францыі і Каталоніі, гэта ён з’яўляецца цяпер галоўным пераследнікам Куартарара ў чэмпіянаце, займаючы там другую пазіцыю і маючы 122 ачкі. Баньяя і Мілер толькі трэці і чацвёрты адпаведна. Канечне, цягацца на роўных з маладым суайчыннікам з завадской каманды яму цяжкавата, аднак перамогі на асобных этапах магчымыя і для яго.

Нажаль, не магу гэтак жа смела спрагназаваць аналагічныя поспехі пакуль яшчэ дзейснага чэмпіёна Жоана Міра з яшчэ адной завадской каманды Team Suzuki Ecstar. Наўрад ці ўся справа ў заходзе кіраўніка калектыву Давідэ Брывіа ў Формулу-1 у каманду Alpine (а там як раз у Вугоршчыне Эстэбан Акон ужо яго парадаваў), аднак у бірузовых нейкага заўважнага прагрэсу ў параўнанні з мінулым сезонам пакуль што не назіраецца.

Завадскія (а іншых у чэмпіянаце пакуль і няма) GSX-RR усё такія ж збалансаваныя, аднак чыстай хуткасці ім шчыра бракуе. Пры гэтым сам Мір робіць усё ад яго залежнае – гэта ён у Партугаліі, Італіі і Нідэрландах падымаўся на ніжнія ступені подыумаў.

Ды і ў цэлым ачкі Жоан набірае болей стабільна, чым ягоны напарнік і суайчыннік Алекс Рынс, у якога найвышэйшым дасягненнем пакуль што застаецца чацвёртае месца на Гран Пры Дохі. Затое ў яго багата падзенняў і сходаў з дыстанцыі, праз якія, а таксама праз пропуск каталонскага этапу ў выніку пералому рукі, атрыманага падчас велатрэніроўкі напярэдадні, Алекс зараз займае толькі чатырнаццатую пазіцыю ў чэмпіянаце і мае 33 ачкі. Тады як Мір са 101 ачком знаходзіцца на чацвёртым радку.

Куартарара, праўда, з яго 156 ачкамі ўсё роўна далёка, а задача Міра і Suzuki абараніць свае тытулы пакуль што выглядае хай сабе і не немагчымай, але ўсё роўна надзвычай складанай. І адсутнасць моцнага лідару каманды, якім быў Брывіа, усё роўна адбіваецца на спартыўных выніках гоншчыкаў. Той жа Давідэ лепей за ўсіх бачыў і напрамкі, у якіх лепей за ўсё дапрацоўваць матацыклы. Зараз жа яго замяняюць адразу некалькі супрацоўнікаў, што плёну, аднак, не дае.

Вось у ізноў жа завадскога калектыву Red Bull KTM Factory Racing такіх праблем няма. Такога ж моцнага прагрэсу, як Ямаха не зрабіў і ён, аднак і рэгрэсу пазбег. А Мігель Алівейра, які перайшоў сюды з сатэліту Tech 3 KTM Factory Racing, у складзе якога ў мінулым годзе перамог як раз на Гран Пры Штырыі і ў роднай Партугаліі, ускладзеныя на яго надзеі цалкам спраўдзіў.

Другія месцы ў Італіі і Германіі і першае ў Каталоніі хай і не зрабілі Мігеля фаварытам сезону, але выразна прадэманстравалі яго патэнцыял. У цэлым нядрэнна спраўляецца і яго напарнік Брэд Біндэр, які стабільна набірае ачкі і пасля першай паловы сезону займае дзявятую пазіцыю, маючы 60 ачкоў. Алівейра, аднак, крыху вышэй – на сёмай пазіцыі з 85 ачкамі.

Увагі, канечне, заслугоўвае і гоншчык, які зараз замыкае першую дзясятку чэмпіянату, маючы 50 ачкоў. Таму што гэта гоншчык завадской каманды Repsol Honda Team Марк Маркес. Цяжкае вяртанне пасля мінулагодняй траўмы, пропуск першых двух этапаў, падзенні і сходы з дыстанцыі ў Ле Мане, Муджэла і Барселоне. Аднак сёмае месца ў першым жа пасля вяртання ў гонкі Гран Пры Партугаліі, стабільны набор ачкоў на астатніх этапах і апагей – выдатная і яскравая перамога на Заксэнрынгу.

Толькі ўявіце сабе, як Марк паедзе пасля болей чым месячнага адпачынку! Прынамсі, хочацца верыць у тое, што яго траўміраванае плячо зажыло. Вось менавіта зараз моцны Маркес асабліва патрэбны чэмпіянату, хай Куартарара і ўжо надта далёка ад яго адарваўся. Таму я акуратна спрагназую, што ў другой палове сезону іспанец будзе прыцягваць да сябе значна больш увагі. Зразумела, залежыць усё ў канчатковым выніку ад яго здароўя, якое яму зараз зычаць нават тыя, хто ніколі за яго не заўзеў.

Дарэчы, на надыходзячым Гран Пры Штырыі па ўайлд-кард у складзе завадскга KTM выступіць суайчыннік Маркеса Дані Педроса, які ўжо завяршыў кар'еру. А ў складзе Petronas Yamaha SRT выступіць Кэл Кратчлоў. Брытанец будзе замяняць Франка Марбідэлі, які працягвае залечваць сваё праапераванае плячо. І для якога гэты сезон стаў зусім ужо складаным.

Здавалася б, дзейсны віцэ-чэмпіён заслужыў права выступаць на найновым матацыкле. Аднак італьянцу ў сезоне-2021 дасталася мінулагодняя і, мякка кажучы, не самы ўдалая Yamaha YZR-M1. Таму не варта вінаваціць Франка ў тым, што ён фінішаваў па-за ачкамі ў палове гонак, у якіх узяў удзел (у першай у Катары, у Францыі, у Італіі і ў Германіі). Ну а потым траўма калена ўвогуле на некаторы час вывела яго з барацьбы.

Тым не менш у Парцімане Франка здолеў заняць чацвёртае месца, а ў Херэсе трэцяе. І хоць у чэмпіянаце ён зараз толькі трынаццаты з 40 ачкамі, менавіта яго на наступны год сватаюць у напарнікі Куартарара ізноў. Тады ён ужо атрымае такі ж найновы байк, як у француза, і дакладна будзе адным з фаварытаў MotoGP.

Ну а яго цяперашні напарнік (які, дарэчы, выступае на YZR-M1 як раз 2021 году) Валянціна Росі акурат учора заявіў, што гэты сезон стане для яго апошнім у Вялікіх Прызах. Апошні як для гоншчыка, бо ў яго з наступнага году ў прэм’ер-катэгорыі будзе яго ўласная каманда Aramco Racing Team VR46, тэхнікай якой будуць матацыклы Ducati (з італьянскім брэндам падпісаны трохгадовы кантракт).

Гэты год выдаўся складаны і для Вале, і ўзрост, паклаўшы руку на сэрца, ёсць адной з галоўных прычын гэтага. Аднак развітваецца Доктар толькі з матацыклетнымі гонкамі. Яго ўвесь час вабілі і аўтамабільныя, гадоў дзесяць таму ўсур’ёз хадзілі плёткі, што Росі можа перайсці ў Формулу-1 (ён нават праводзіў тэсты ў Ferrari).

Пры гэтым Валянціна паспяхова ўдзельнічаў і ў ралі (ён мае досвед нават у чэмпіянаце свету), а таксама яму падабаюцца гонкі на цягавітасць. Так што цалкам магчыма, што ў наступным годзе мы пабачым яго ў WEC і ў 24 гадзінах Ле Мана (пакуль немаведама, у якой катэгорыі). Пакуль жа мы разам з усім гоначным светам кажам яму дзякуй за папярэднія 25 (!) гадоў у MotoGP, дзе ён выйграў дзевяць тытулаў (з улікам малодшых катэгорый 125 см3 і 250 см3), а таксама зычым яму годна завяршыць гэты сезон. Grazie, Dottore Vale!

Саміх жа сябе мы віншуем са стартам другой паловы чэмпіянату і зычым ёй быць цікавай. Вынікі матацыклетнага Гран Пры Штырыі мы падвядзём ужо ў панядзелак. Сачыце за публікацыямі на «Гоначнай псіхапатыі»!

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+11
Написать комментарий
Реклама 18+