Перамога Баньяі і Ducati і падзенне не толькі Куартарара на Гран Пры Парцімана

Фота: motogp.com

Франчэска Баньяя атрымаў на другім у гэтым годзе партугальскім этапе MotoGP трэцюю ў сваёй кар’еры і ў гэтым сезоне перамогу. А вось для новаспечанага чэмпіёна Фабіа Куартарара мінулы этап скончыўся падзеннем і сходам з дыстанцыі – першым у сезоне.

Красавіцкі Гран Пры Партугаліі, што таксама прайшоў на трасе Альгарвэ, для Куартарара склаўся выдатна – малады гоншчык завадской каманды Monster Energy Yamaha MotoGP тады перамог. У мінулы ўік-энд Эль Д’ябла вярнуўся ў Парціман ужо ў званні новага чэмпіёна, і быццам бы ужо не мусіў ірваць жылы. Канечне, як і належыць сапраўднаму гоншчыку, развіць поспех ён паспрабаваў, але ў яго не атрымалася.

Аднак Фабіа хаця б прыехаў на этап, што не ўдалася зрабіць Марку Маркесу. Шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі з завадской Хонды ў папярэднюю суботу ўпаў, катаючыся на веласіпедзе падчас трэніровак на перасечанай мясцовасці. І да сваіх шматлікіх траўм, праз адну з якіх ён прапусціў увесь мінулы сезон і доўга быў не ў лепшай форме ў гэтым, дадаў яшчэ і лёгкае скалынанне мозгу.

Верагодна, іспанец прапусціць і апошні этап (на мінулым яго замяняў Штэфан Брадль), але, на шчасце, дакладна адновіць сваё здароўе да наступнага сезону. Так што Куартарара мусіць не адпачываць, а рыхтавацца да складанага спаборніцтва. Ён і не адпачывае, а працягвае працаваць, і далёка не ўсё даецца яму так ужо проста.

Вось на Гран Пры Парцімана Фабіа хуткасцю не бліскаў, і кваліфікаваўся ў суботу толькі сёмым. Вядома, стартавая пазіцыя мала што вырашае ў мотагонках, у чым мы неаднаразова пераконваліся ў мінулым годзе і ў гэтым. І ў нядзельнай гонцы Куартарара паспрабаваў адыграцца, але для яго гонка скончылася за пяць кругоў да меркаванага фінішу падзеннем у пятым павароце. Першы сход у сезоне для новага чэмпіёна MotoGP.

Праўда, гоначны заезд таксама скончыўся заўчасна, сутыкненнем на дваццаць чацвёртым кругу ў трынаццатым павароце прадстаўнікоў двух сяброўскіх калектываў – Мігеля Алівейры з завадской Red Bull KTM Factory Racing і Ікера Лекуоны з сатэліту Tech 3 KTM Factory Racing. Аднаго з гоншчыкаў нават эвакуіравалі з месца здарэння на насілках, але, на шчасце, абодва засталіся ў прытомнасці і пазней абодва ж хадзілі на сваіх дваіх. Тым не менш гонка была спыненая чырвоным сцягам і адноўлена не была, а вынікі былі прынятыя па папярэднім дваццаць трэцім кругу.

Які лідарам скончыў той, хто і стартаваў з поўлу – Франчэска Баньяя. На старце з італьянцам яшчэ крыху пабадаўся яго аўстралійскі напарнік па завадской Ducati Джэк Мілер, аднак Пэка аказаўся хутчэйшым за яго і за ўсіх астатніх. Мілер жа вымушаны быў адбівацца ад атак з боку ўжо былога чэмпіёна Жоана Міра, але ў выніку саступіў і яму, замкнуўшы першую тройку.

Гоншчык Team Suzuki Ecstar фінішаваў другім, але Баньяі саступіў і ў турнірнай табліцы – Франчэска з 227 ачкамі цяпер афіцыйна віцэ-чэмпіён. Мір, у якога 195 балаў у асабістым заліку трэці. Затое хоць Куартарара са сваімі 267 ачкамі недасягальны для абодвух, Yamaha разам з ім праз нестабільныя выступленні астатніх сваіх райдэраў не перамагла ні ў заліку вытворцаў, ні ў заліку каманд.

Болей за гэта, у першым з іх японская марка ўжо і не пераможа, бо гэта ўжо зрабіла Ducati – перамагалі або дабіраліся да подыумаў у гэтым годзе і Баньяя з Мілерам, і Хорхе Марцін з Жоанам Зарко з каманды Pramac, і нават прадстаўнік Avintia Esponsorama Энэа Басціаніні. Так што Ducati набрала 332 балы супраць 298 у Ямахі, якая забяспечыла сабе другое месца, бо ў Suzuki, якая на трэцяй пазіцыі, толькі 227 балаў. Ну а завадскі калектыў з Борга-Панігале яшчэ паспрабуе перамагчы і сярод каманд.

Зробіць або не зробіць ён гэта ўжо на гэтым жа тыдні – сезон MotoGP фінішуе ў бліжэйшы ўік-энд. Чэмпіянат ужо ў чацвёрты раз у гэтым годзе наведае Іспанію, на гэты раз трасу Рыкарда Торма ў Валенсіі.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+9
Написать комментарий