Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Кваліфікацыйныя гонкі і фора Гайсэру ад Херлінгса і Фэвра. Новы сезон сусветнага мотакросу стартаваў у Вялікабрытаніі

Кваліфікацыйныя гонкі і фора Гайсэру ад Херлінгса і Фэвра. Новы сезон сусветнага мотакросу стартаваў у Вялікабрытаніі

Мотакросавы Гран Пры Вялікабрытаніі ў Матэрлі-Байсіне быў адкладзены на тыдзень, прайшоў і апошнія выхадныя лютага. Прайшоў у абноўленым фармаце, але не з поўным складам гоншчыкаў.

3 марта 2022, 22:26
Кваліфікацыйныя гонкі і фора Гайсэру ад Херлінгса і Фэвра. Новы сезон сусветнага мотакросу стартаваў у Вялікабрытаніі

Фота: mxgp.com

Мотакросавы Гран Пры Вялікабрытаніі ў Матэрлі-Байсіне быў адкладзены на тыдзень, прайшоў і апошнія выхадныя лютага. Прайшоў у абноўленым фармаце, але не з поўным складам гоншчыкаў.

Вайна ва Украіне зараз хвалюе ўсіх нашмат болей любых гонак. Пакуль пішуцца гэтыя радкі, ад расійскіх авіябомб, рэактыўных снарадаў і крылатых ракет гінуць мірныя ўкраінцы. Пад пагрозай найбуйнейшая ў Еўропе АЭС у Энергадары. Крамлёўскі дыктатар звар’яцеў і, відаць, не супраць спаліць увесь свет.

«Гоначная псіхапатыя» стаіць за нашых сяброў і братоў украінцаў, якія ўжо цэлы тыдзень трымаюць абарону і супрацьстаяць страшэннаму і крыважэрнаму ворагу. Мужнасць і гераізм ваяроў Узброеных сіл Украіны і Тэрытарыяльнай абароны стала каменем, аб які рускі звер абломіць свае іклы.

Таксама «Гоначная псіхапатыя» разам з усім светам смуткуе аб ахвярах расійскай агрэсіі – мірных жыхарах Украіны, якія гінуць у малых і вялікіх гарадах. Баліць душа і за абаронцаў Украіны, што аддалі за яе сваё жыццё. Я ў чарговы раз заклікаю беларускіх вайскоўцаў не саўдзельнічаць у злачынствах супраць украінцаў і не рабіць з беларусаў іх ворагаў на дзесяцігоддзі.

Але я перакананы, што ўкраінцы абароняць сваю зямлю, чым вызваляць і нашу ад фашызму. Украінцы зараз – сапраўдныя супергероі, за якімі праўда, дабрыня і святло. Зычу вам перамогі, даражэнькія! Слава Україні! Героям слава! Жыве Беларусь!

За свае злачынствы Расія ўжо паплацілася, страціўшы ўсе міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, што былі запланаваныя на яе тэрыторыі. Формула 1 сёння дык увогуле разарвала кантракт з прамоўтэрам Гран Пры Расіі, які цяпер, здаецца, не адбудзецца ўжо ніколі. Адменены і этап чэмпіянату свету па мотакросе ў Краснадарскім краі, дзе пачаўся мінулы сезон.

Гэты пачаўся раней – у лютым, але на тыдзень пазней, чым планавалася – у апошнія выхадныя лютага, а не ў перадапошнія. Прычынай стаў шторм, што абрушыўся на брытанскія выспы тыднем раней. Але праз сем дзён надвор’е ў Матэрлі-Байсіне палепшылася, і сезон MXGP распачаўся.

І распачаўся ён па новых правілах. Стартавая рашотка ў абедзвюх гонках цяпер вызначаецца ў кароткай кваліфікацыйнай. І менавіта з яе ў малодшай катэгорыі MX2 пачаў свой шлях на вяршыню подыуму нямецкі гоншчык каманды Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які агулам першым перасек фінішны створ тройчы.

У кваліфікацыйным заездзе, зрэшты, Сімону крыху пашанцавала, і ён не патрапіў у завал на старце ў першым павароце. Першая з асноўных гонак пачалася меней драматычна, і ў ёй Лангенфельдэр, выйграўшы хол-шот, як і ў кваліфікацыйнай, таксама кантраляваў сітуацыю ад старту да фінішу.

Другім фінішаваў француз Том Віаль, які працягвае выступаць за Bull KTM Factory Racing. Для яго гонка прайшла таксама даволі спакойна, адбівацца ці прарывацца не давялося. Толькі на апошніх кругах да яго наблізіўся нідэрландзец Кай дэ Вольф з каманды Nestaan Husqvarna Factory Racing, які і замкнуў першую тройку. Вось яму пабіцца з канкурэнтамі па ходу гонкі давялося.

Другі заезд Лангенфельдэр таксама пачаў хол-шотам, але гэтым разам немцу прыйшлося складаней. На першых кругах Сімон памыліўся, дазволіўшы Віалю выйсці на дыстанцыю атакі і перахапіць лідарства. Але пазней памыліўся і ўпаў ужо француз, прапусціўшы Лангенфельдэра ізноў наперад.

Том пры гэтым здолеў хутка падняцца і не страціць другую пазіцыю, і бліжэй да фінішу пачаў ізноў атакаваць Сімона, пакуль на апошніх кругах не ўпаў у другі раз, прапусціўшы дзейснага віцэ-чэмпіёна MX2 Яга Гіртса з завадскога калектыву Monster Energy Yamaha Factory Racing. Бельгіец па ходу гонкі здолеў апярэдзіць яшчэ і нарвежскага гоншчыка каманды F&H Kawasaki Racing Кэвіна Хоргма, які пазней упаў, прапусціўшы яшчэ і Роана ван дэн Моосдайка з Nestaan Husqvarna Factory Racing.

Так што менавіта Гіртс фінішаваў другім, а Віаль задаволіўся трэцяй пазіцыяй. Лангенфельдэр, атрымаўшы перамогі ў абодвух заездах, выйграў і брытанскі этап. Віаль заняў другое месца, Гіртс трэцяе. У такім жа парадку яны размясціліся і ў чэмпіянаце, дзе Сімон мае 50 ачкоў, Том 42, а Яга 40. Па столькі ж балаў і ў вытворцаў, GasGas, KTM і Yamaha, якія ў сваім заліку займаюць пазіцыі з першай па трэцюю.

Іншымі словамі, барацьба завязваецца цікавая, і калі нікому з фаварытаў не перашкодзяць траўмы, яна будзе напружанай да самага канца сезону, як было ў мінулым годзе ў старэйшай катэгорыі MXGP. А вось там траўмы яшчэ да пачатку сезону вывелі з ладу адразу двух фаварытаў – дзейсных чэмпіёна Джэфры Херлінгса і віцэ-чэмпіёна Рамэна Фэвра. Калі яны вернуцца, дакладна невядома, але абодва абяцаюць зрабіць гэта як мага хутчэй.

Таму Цім Гайсэр, які мінулы сезон скончыў трэцім, на пачатку гэтага адразу атрымаў велізарную фору. Хоць вось яму для атрымання перамогі на першым этапе пастарацца прыйшлося мацней, чым Лангенфельдэру. У кваліфікацыйнай гонцы перамог швейцарац Джэрэмі Сівэр з каманды Monster Energy Yamaha Factory Racing, але хол-шотам першы заезд пачаў не ён, а Хорхе Прада, які цяпер выступае з Red Bull GasGas Factory Racing (марка GasGas, як і Husqvarna, належыць KTM) і які перахапіў лідарства.

Але ненадоўга – Сівэр хутка контратакаваў, адціснуўшы Прада на другую пазіцыю. Гайсэр жа захрас у сярэдзіне першай дзясятцы. Перад завадскім гоншчыкам Хонды былі, напрыклад, яшчэ два прадстаўнікі завадской Ямахі – француз Максім Рэно, дзейсны чэмпіён MX2, і нідэрландзец Глэн Колдэнхоф.

Разам з імі славенец і пачаў падкочваць да Прада, і хутка апынуся непасродна за спінай у іспанца, абагнаўшы абодвух ямахаўцаў. І за трынаццаць хвілін да сканчэння асноўнага часу пакінуў ззаду і Хорхе. Цім знайшоў свой тэмп, пачаўшы наганяць і Сівэра, з якім схапіўся на апошніх кругах, а абагнаў на перадапошнім, каб потым і фінішаваць першым. Сівэр заняў другое месца, а трэцім, таксама абагнаўшы Прада, стаў Рэно.

Другую гонку, па традыцыі, закладзенай яшчэ ў мінулым годзе, Прада ізноў пачаў з хол-шота, але на гэты раз здолеў замацавацца на лідарскай пазіцыі і адарвацца ад пераследнікаў у пачатковай фазе. Гайсэру зноў належала прарывацца з сярэдзіны першай дзясятцы, але з гэтым ён справіўся выдатна.

Ужо на трэцім кругу Цім абагнаў Сівэра ў барацьбе за трэцюю пазіцыю, а праз пару кругоў абышоў і Колдэнхофа, накіраваўшыся за Прада. За некалькі наступных кругоў славенец пад’ехаў да Хорхе, і абышоў яго на адзінаццатым кругу, за тры з малым хвіліны да сканчэння асноўнага часу, каб меней чым за хвіліну да яго сканчэння ўпасці і вярнуць лідарскую пазіцыю Прада.

На шчасце, пераследнікі былі далёка, і Гайсэр здолеў хутка падняцца, не прапусціўшы і іх. На дзіва, на яго хуткасці гэта непрыемнасць не адлюстравалася, і на апошніх кругах гоншчык Хонды ізноў пачаў насядаць на Прада, але абагнаць яго не здолеў, фінішаваўшы другім у палове секунды. Трэцім да фінішу прыйшоў Колдэнхоф.

Але па выніках брытанскага этапу перамог усё роўна Гайсэр. Прада заняў другое месца, Сівэр падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Адпаведна, у чэмпіянаце Цім лідзіруе з 47 баламі, Хорхе саступае яму чатыры, Джэрэмі сем. У заліку вытворцаў першая Honda, у якой тыя ж 47 ачкоў, GasGas з 43 баламі другі, Yamaha замыкае першую тройку, маючы 42.

Другі этап MXGP – Гран Пры Ламбардыі – адбудзецца ў італьянскай Мантуе ўжо ў бліжэйшыя выхадныя.

Другие посты блога

Все посты