Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Toyota расслабілася? На Ралі Японія перамаглі Цьеры Нэвіль і Hyundai

Toyota расслабілася? На Ралі Японія перамаглі Цьеры Нэвіль і Hyundai

17 лістапада 2022, 19:13
Toyota расслабілася? На Ралі Японія перамаглі Цьеры Нэвіль і Hyundai

Фота: wrc.com

Сезон чэмпіянату свету па ралі 2022 года завяршыўся ў мінулыя выхадныя ў Японіі. Але паставіць тлустую кропку, атрымаўшы перамогу на хатнім этапе, у каманды Toyota не атрымалася. Затое атрымаўся дубль у Hyundai.

Пакуль сусветныя гоначныя серыі завяршаюць свае сезоны, вайна ва Украіне працягваецца. І яна не скончыцца, пакуль злачынны рэжым звар’яцелага расійскага дыктатара існуе. Першым крокам да яго знішчэння будзе ваенная перамога Украіны, якой неабходна дапамагаць.

Следам за расійскім фашызмам рухне і калгасны, які пануе на беларускай зямлі. Для свайго вызвалення беларусам неабходнае вызваленне ўкраінцаў, і яны набліжаюць яго ў тым ліку са зброяй у руках. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У гонках пакуль што перамагае паўсюль, дзе ўдзельнічае, каманда Toyota. Ёй некалькі гадоў няма роўных у гонках на цягавітасць і Ле Мане, дый сусветнае ралійнае пяршынства – яе тэрыторыя. Праўда, у другім выпадку годныя канкурэнты ў яе ёсць, проста ім не заўсёды шанцуе. А вось на японскім этапе, фінальным у гэтым годзе, пашанцавала.

Але не адразу. Спачатку на першым суперспэшле ў парку Курагаіке ў горадзе са шматзначнай назвай Таёта ў чацвер вечарам лідарства захапіў васьміразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Аж’е, які ў гэтым годзе выступае за каманду Toyota па скарочанай праграме. Праўда, ужо ў пятніцу раніцай французу не пашанцавала, і праз пракол ён страціў без малога тры хвіліны, праваліўшыся ўніз пратакола.

Першы паўнавартасны спаборніцкі дзень для многіх удзельнікаў японскага ралі стаў днём тэхнічных праблем. Недастатковая паварочвальнасць, якая перашкаджала яшчэ аднаму прадстаўніку Таёты і мясцоваму герою Такамата Катсуте, была самым бяскрыўдным выпадкам.

Горш было гоншчыку M-Sport Ford Гасу Грынсміту, на чыёй Puma Rally1 на чацвёртым спецучастку зрэзала прывад. Найбольш жа пацярпеў Дані Сорда, Hyundai i20 N Rally1 якога на трэцім допе проста згарэў. Экіпаж, на шчасце, не пацярпеў, але спецучастак прыйшлося адмяняць.

Адначасова вымалявалася група лідараў, у якой апынуліся дзейсны чэмпіён Кале Раванпэра і яго партнёр па Таёце Элфін Эванс, а таксама Цьеры Нэвіль і От Цянак з Hyundai. На першай пазіцыі за пятніцу паспеў пабываць кожны з іх акрамя эстонца, па выніках жа дня яна засталася за Эвансам. Нэвіль пры гэтым саступаў яму тры секунды, а Раванпэра – пяць з малым.

Малады фін, праўда, выбыў з кола прэтэндэнтаў на перамогу ў суботу раніцай праз пракол на восьмым спецучастку. Цянак такіх непрыемнасцей пазбег, але пакутаваў ад недастатковага балансу свайго аўтамабіля, і шмат прайграваў ужо па выніках пятніцы. Так што ўсю суботу Эванс і Нэвіль фактычна вялі дуэль, змагаючыся за перамогу на фінальным этапе сезона.

Валіец утрымліваў першую пазіцыю да адзінаццатага спецучастка, а на дванаццатым саступіў яе бельгійцу. Аднак па выніках суботы іх раздзяляла ўсяго чатыры секунды, і нядзеля мелася быць вырашальнай. А там яшчэ і нябесная канцылярыя ў ход гонкі ўмяшалася.

Пасля пятнаццатага спецучастка ўдзельнікі Ралі Японія завіталі на апошні ў сезоне сэрвіс. Што дождж можа пайсці ў любы момант, разумелі ўсе, і выбар шын на чатыры допы, што засталіся, меў вырашальнае значэнне. І Нэвіль вырашыў усталяваць на свой аўтамабіль камбінацыю з жорсткай і мяккай гумы для сухога надвор’я, а таксама дажджавой.

Эванс рызыкнуў, і абмежаваўся толькі мяккай і жорсткай, але для яго ўсё пайшло не па плане па іншай прычыне. Толькі скараціўшы адставанне ад Цьеры да 0,6 секунды, Элфін злавіў на наступным спецучастку пракол, памыліўшыся ў правым павароце праз непаразуменне са сваім штурманам Скотам Марцінам, што каштавала яму больш за паўтары хвіліны.

Праз гэта валіец пазбавіўся шанцаў не толькі на перамогу, але і на подыум – адкаціўся на пятую пазіцыю, на якой і фінішаваў. Нэвіль непрыемнасцей пазбег, а калі перад пачаткам перадапошняга васямнаццатага допа дождж нарэшце пайшоў, яшчэ і атрымаў перавагу ад сваёй незвычайнай шыннай тактыкі.

Сезон 2022 года Цьеры скончыў перамогай, а Цянак на развітанне з Hyundai заняў другое месца. Трэцяе, на радасць мясцовым заўзятарам, заняў Катсута. Нядрэнна выступіў і Аж’е, які пасля няўдачы ў пятніцу наехаў у выніку да чацвёртай пазіцыі.

Супакоіцца ў Таёце могуць і тым, што і так выйгралі ў гэтым сезоне ўсё, што можна. Раванпэра, які ў Японіі заняў дванаццатае месца, стаў чэмпіёнам яшчэ ў Новай Зеландыі, і чэмпіянат завяршыў з 255 ачкамі. Цянак свабодным агентам зрабіўся ў статусе віцэ-чэмпіёна, саступіўшы фіну пяцьдзесят балаў. Нэвіль, у якога 193 ачкі, заняў трэцяе месца.

Toyota яшчэ ў Іспаніі датэрмінова выйграла заліку вытворцаў, а да фінішу сезона дабралася з 525 баламі. Hyundai на другім месцы, яе гоншчыкі прынеслі ёй 455 ачкоў. M-Sport Ford набраў 257 балаў і заняў трэцяе месца.

З малодшых катэгорый на японскім этапе была прадстаўленая толькі WRC2, затое тут вызначаўся чэмпіён. Ім стаў фін Эміль Ліндхольм, які на сваёй Škoda Fabia Rally2 нікуды не спяшаўся – для заваявання кароны яму трэба было заняць месца ў першай пяцёрцы. З гэтай задачай ён справіўся, фінішаваўшы трэцім.

Пераможцам жа ралі стаў гоншчык з Люксембурга Грэгуар Мюнстэр, які лепей за астатніх зарыентаваўся ў складаных надворных умовах і прарваўся на сваім Hyundai i20 N Rally2 на перадапошнім допе з трэцяй пазіцыі на першую. Другое месца заняў фін Цеэму Сунінен, які таксама выступаў на Hyundai.

Каляндар сусветнага ралі на наступны год пакуль што не апублікаваны. Аднак амаль дакладна яго ізноў у канцы студзеня адкрые Ралі Монтэ-Карла. Чакаць застаецца крыху больш за два месяцы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты