Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: агляд чацвёртага этапа, дзе абвастрылася барацьба
Блогі

Дакар-2023: агляд чацвёртага этапа, дзе абвастрылася барацьба

фота таксама тут

5 студзеня 2023, 14:21
Дакар-2023: агляд чацвёртага этапа, дзе абвастрылася барацьба

Фота: A.S.O.

Па выніках пятага (з улікам пралога) дня ралі Дакар падводзіць яго вынікі яшчэ дакладна занадта рана. Амаль ва ўсіх катэгорыях барацьба за перамогу шчыльная і прынцыповая. І пасля 574-кіламетровага чацвёртага этапу, які праходзіў у наваколлях Хаіля, інтрыга месцамі яшчэ абвастрылася.

Фонам любых спартыўных спаборніцтваў, які, насамрэч, вызначае лёс усяго свету, застаецца вайна ва Украіне. Свет абавязаны не проста не дапусціць яе паразы, а забяспечыць яе перамогу, якая прынясе спакой усяму свету і дапаможа вызваліцца і беларусам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль звар’яцелы дыктатар самасцвярджаецца з дапамогай свайго войска, Дакар сабраў гоншчыкаў з усяго свету для непараўнальна лепшай справы. Знакаміты ралі-марафон працягваецца ўжо шосты дзень, і ўчора прайшоў яго афіцыйны чацвёрты этап. Надвор’е, як і днём раней, таксама не было пастаянным, але скарачаць спецучастак не прыйшлося, і ўдзельнікі пераадолелі ўсе яго 425 кіламетраў з пяскамі, камянямі і вышынямі да 1 300 метраў над узроўнем мора.

Дакладней, пераадолелі баявую дыстанцыю тыя, хто афіцыйна фінішаваў. Таму што катэгорыя матацыклаў панесла чарговую страту – пасля 90-кіламетровай адсечцы ўпаў і зламаў нагу партугальскі гоншчык каманды Hero MotoSports Team Rally Хаакім Радрыгеш. Напярэдадні ў агульным заліку ён займаў шаснаццатую пазіцыю, аднак лідару саступаў меней за гадзіну, і калі не за перамогу, то за высокае месца пабароцца мог.

Маладому амерыканцу Мэйсану Клэйну, які выступае за BAS Dakar KTM Racing Team і які яшчэ два дні таму захапіў быў лідарства ў абсалюце, пашанцавала болей – на яго матацыкле ўзніклі праблемы з паліўнай помпай. Гэта каштавала яму каля дзесяці хвілін, і фінішаваў ён толькі адзінаццатым.

У генеральнай класіфікацыі Мэйсан апусціўся на шостае месца, хаця яго адставанне ад лідара – гоншчыка Red Bull GasGas Factory Racing Даніэля Сандэрса – зусім не катастрафічнае, і складае крыху болей за дзесяць хвілін. Агульны час Сандэрса – 18 гадзін 40 хвілін 3 секунды, ён сам у сераду паказаў восьмы вынік, болей шасці хвілін саступіўшы Хуану Барэдзе Борту, які і перамог, справіўшыся з допам за 4 гадзіны 28 хвілін 18 секунд.

Ветэран з каманды Monster Energy JB Team усяго на шаснаццаць секунд апярэдзіў свайго чылійскага канкурэнта з завадской Хонды Пабла Кінтанілью і на 1 хвіліну 5 секунд – амерыканца з завадской Хускварны Скайлера Хаўса. Першы з іх у абсалюце сёмы, крыху болей чым у адзінаццаці хвілінах ад Сандэрса, а другі з’яўляецца галоўным пераследнікам Даніэля, і адстае ад яго на 3 хвіліны 33 секунды.

Трэцюю пазіцыю займае аргенцінец Кэвін Бенавідэс, які выступае за Red Bull KTM Factory Racing. Ад лідара яго аддзяляе 4 хвіліны 5 секунд, а Барэдзе Борту ўчора ён саступіў болей за тры хвіліны, фінішаваўшы сёмым. Хуан пры гэтым у абсалютным заліку размяшчаецца на чацвёртай пазіцыі, саступаючы Сандэрсу чатыры з паловай хвіліны.

Не змянілася сітуацыя ў катэгорыі квадрацыклаў, дзе працягвае лідзіраваць мінулагодні пераможца Александр Жыру, чый час складае 22 гадзіны 49 хвілін 35 секунд. На чацвёртым этапе ён ізноў перамог з вынікам 5 гадзін 52 хвіліны 17 секунд, на 4 хвіліны 46 секунд апярэдзіўшы Мануэля Андухара, які заняў другое месца. Аргенцінцу не пашанцавала ў папярэднія два дні, і цяпер ён спрабуе адыграць адставанне ад француза, якому саступае 1 гадзіну 8 хвілін 12 секунд, займаючы трэцюю пазіцыю ў абсалюце.

На другой застаецца суайчыннік Андухара Франсіска Марэна Флорэс, чыё адставанне ад Жыру павялічылася да 47 хвілін 4 секунд. У сераду ён фінішаваў з пятым вынікам, саступіўшы Александу адзінаццаць з паловай хвілін. Трэцяе месца на чацвёртым этапе заняў літовец Лайсвідас Канчыус, які адстаў ад Жыру на 10 хвілін 34 секунды. У генеральнай класіфікацыі ён саступае французу болей за гадзіну, займаючы чацвёртую пазіцыю.

Пакуль што ізноў невядома, ці працягваецца Дакар 2023 года для Халіда Аль-Джафлы, з якім у экіпажы ў катэгорыі T3 для лёгкіх прататыпаў-SSV выступае наш суайчыннік і мой сябар Андрэй Рудніцкі. Відаць, арабска-беларускі дуэт зноў набраў штрафаў, і гонку працягвае ўжо ў асноўным для асалоды і каб набрацца досведу. Жадаем ім поспеху хаця б у гэтым.

Лідар жа ў гэтым класе ў чарговы раз змяніўся – ім стаў пераможца другога этапу Мітчэл Гатры. Амерыканец з каманды Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG перамог ізноў, справіўшыся са спецучасткам за 5 гадзін 1 хвіліну 55 секунд. Магчыма, ізноў бліснуў бы яго суайчыннік і адзін з партнёраў па калектыве Сэт Кінтэра, які лідзіраваў напярэдадні, але яго багі не вытрымаў выпрабаванняў і застаўся без кола. У выніку былы лідар фінішаваў толькі шаснаццатым, прайграўшы новаму амаль паўтары гадзіны, а ў агульным заліку апусціўся на чацвёртую пазіцыю, і таксама адстае ад Гатры амаль на паўтары гадзіны.

Бельгіец Гіём дэ Мэвіус захоўвае другую пазіцыю, саступаючы Мітчэлу 1 хвіліну 29 секунд. Учора ён прайграў амерыканцу 6 хвілін 4 секунд, замкнуўшы першую тройку. Другое месца заняў партугалец Хуан Ферэйра, які саступіў Гатры 5 хвілін 49 секунд. У абсалюце ён, праўда, толькі сорак першы, болей чым у сарака гадзінах ад лідара. Першую ж тройку замыкае суайчыннік і партнёр па камандзе Кінтэра і Гатры Осцін Джонс, які адстае ад Мітчэла на 11 хвілін 31 секунду. Учора ён фінішаваў чацвёртым, прайграўшы Гатры болей за дзесяць хвілін.

У катэгорыі серыйных SSV T4 на наступны дзень пасля сваёй перамогі штраф у дзве хвіліны атрымаў паляк Марэк Гочал. У выніку у пратаколе трэцяга этапу ён саступіў першую пазіцыю Крышціана Бацісце. Лідарства ў агульным заліку ён тады, аднак, захаваў, але на наступны дзень пазбавіўся і яго. Дзеля справядлівасці, не па сваёй віне, а праз аварыю.

Ўсюдыход Марэка перажыў лабавое сутыкненне з машынай свайго класу іншага экіпажа. На шчасце, у інцыдэнце ніхто не пацярпеў, але час Гочал на гэтым згубіў, фінішаваў дваццатым амаль у сарака шасці хвілінах ад пераможца этапу – яго ж сына Эрыка, а ў генеральнай класіфікацыі апусціўся на чацвёртую пазіцыю.

Ад лідара Гочал-старэйшы адстае болей чым на дваццаць восем з паловай хвілін, аднак такі гандыкап ліквідаваць магчыма. Лідарам жа з’яўляецца цяпер бразілец Радрыга Лупі дэ Алівэйра, чый агульны час складае 20 гадзін 5 хвілін 55 секунд. На чацвёртым этапе ён чацвёртае месца і заняў, адстаўшы ад Эрыка Гочала на сем з паловай хвілін. І менавіта малады паляк ёсць яго галоўным пераследнікам – дэ Алівэйра апярэджвае яго на 14 хвілін 4 секунды.

Другое месца ў сераду заняў іспанец Жэрар Фарэс Гуэль, які саступіў Эрыку Гочалу 3 хвіліны 29 секунд. А замкнуў першую тройку дзядзя Эрыка і брат яго бацькі Міхал. Пляменніку на этапе ён саступіў 6 хвілін 50 секунд, а ад лідара агульнага заліку адстае амаль на трыццаць сем хвілін, займаючы шостую пазіцыю. На трэцяй жа размяшчаецца літовец Рокаш Бацюшка, чыё адставанне ад дэ Алівэйры складае 25 хвіліны 57 секунд. На чацвёртым этапе ён заняў шостае месца, прайграўшы Эрыку Гочалу болей за дзесяць хвілін.

Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб праз праколы на другім этапе на выніковую перамогу ўжо не прэтэндуе, але гэта не ёсць для яго забаронай на перамогі на этапах. Вось на чацвёртым эльзасец і стаў лепшым, справіўшыся на сваім поўнапрывадным прататыпе Prodrive Hunter BRX з баявой дыстанцыяй за 4 гадзіны 11 хвілін 34 секунды. Пры гэтым Сэб усяго на трынаццаць секунд апярэдзіў свайго не меней знакамітага суайчынніка Стэфана Петэрансэля, які абараняе гонар Audi і які заняў другое месца.

Трэцім у сераду стаў партнёр Петэрансэля па камандзе Карлас Сайнс-старэйшы, які прыняўся адыгрывацца пасля паломкі падвескі днём раней. Лёбу ён саступіў 1 хвіліну 50 секунд, а лідару генеральнай класіфікацыі – чатырохразоваму і дзейснаму пераможцу Дакару з завадской каманды Toyota Насэру Аль-Аціі – прайграе амаль трыццаць тры хвіліны, займаючы чацвёртую пазіцыю.

Сам Аль-Ація ўчора ізноў не ірваў жылы, задаволіўшыся чацвёртым месцам на этапе і саступіўшы Лёбу 2 хвіліны 6 секунд. У абсалюце француза, які знаходзіцца на чатырнаццатай пазіцыі, ён усё роўна апярэджвае болей чым на паўтары гадзіны. Агульны час Насэра складае 16 гадзін 34 хвіліны 13 секунд, а любімец мясцовых заўзятараў з каманды Overdrive Racing Язід-Аль Раджы, які захоўвае другую пазіцыю, саступае яму 18 хвілін 18 секунд. Учора ён фінішаваў следам за Насэрам, на пятай пазіцыі ў сямі з малым хвілінах ад Лёба. Петэрансэль у сваю чаргу захоўвае другую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі і адстае ад Аль-Аціі на 18 хвілін 52 секунды.

У катэгорыі грузавікоў працягваецца чэшска-нідэрландскае супрацьстаянне. Цяпер ужо былы лідар Яраслаў Вальтр на чацвёртым этапе сутыкнуўся з праблемамі, пакуль не ўдакладняецца, якімі менавіта. Так ці інакш, ён фінішаваў толькі восьмым, прайграўшы пераможцу болей за сорак тры хвіліны, а ў абсалюце апусціўся на трэцюю пазіцыю. Новаму старому лідару і свайму суайчынніку Алешу Лапрайсу ён саступае 34 хвіліны 9 секунд.

Пры гэтым на чацвёртым этапе лепшым быў не Лапрайс, і іншы чэх – Марцін Мацык. Ён пераадолеў спецучастак за 5 гадзін 10 хвілін 23 секунды. Лапрайс заняў трэцяе месца, прайграўшы яму 9 хвілін 22 секунды. Другім фінішаваў малады нідэрландзец з каманды Eurol team de Rooy IVECO Мітчэл ван дэн Брынк, які саступіў Мацыку 8 хвілін 50 секунд.

Яго бацька і партнёр па камандзе Марцін замкнуў першую чацвёрку, прайграўшы свайму чэшскаму цёзцы амаль дванаццаць хвілін, аднак у абсалюце ён займае другую пазіцыю, саступаючы Лапрайсу 15 хвілін 6 секунд. Мацык знаходзіцца на чацвёртай пазіцыі і адстае ад Алеша на сорак пяць з паловай хвілін. Агульны час Лапрайса складае 19 гадзін 23 хвіліны 29 секунд.

Сёння ўдзельнікі сорак пятага ралі Дакар пераадольваюць дыстанцыю пятага этапу. Як і чацвёрты, ён закальцаваны, пачынаецца і канчаецца ў Хаілі. Маршрут і профіль, канечне, іншыя. Чацвёрты быў пракладзены на захад ад горада, а пяты знаходзіцца на поўначы. Яго агульная працягласць складае 645 кіламетраў, з якіх на спецучастак прыходзіцца 373. Знаходзіцца ён даволі высока ў гарах і ўключае ў сябе камяні і пяскі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты