Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: драмы адзінаццатага этапу

Дакар-2023: драмы адзінаццатага этапу

13 студзеня 2023, 15:18
Дакар-2023: драмы адзінаццатага этапу

Фота: A.S.O.

У чацвер удзельнікі ралі Дакар пачалі марафон у наваколлях Шэйбы, адзінаццаты этап стаў яго першай часткай. І хоць баявая дыстанцыя склала ўсяго 114 кіламетраў, некаторым і гэтага не падалося мала.

Пад Бахмутам і Саледарам у гэтыя дні не падаецца мала расійска-фашысцкім захопнікам, якія прыйшлі забіваць украінцаў. Аднак агрэсару прыйдзецца сысці не толькі з Украіны, але і з Беларусі, якую ён акупіраваў на пару з калгасным дыктатарам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Напружанасць зусім іншага паходжання, так бы мовіць, здаровага чалавека, захоўваецца на ралі Дакар. У катэгорыі матацыклаў яна зноў павысілася, хаця з фаварытаў на адзінаццатым этапе ніхто лепшым не стаў, хаця сёй-той з іх стаў адным з такіх.

Перамога дасталася прадстаўніку завадскога калектыву Хускварны Лусіана Бенавідэсу, які справіўся са спецучасткам за 2 гадзіны 57 хвілін 59 секунд. Другое месца заняў прадстаўнік GasGas Даніэль Сандэрс, які саступіў аргенцінцу 1 хвіліну 38 секунд. Побач яны і ў агульным заліку – Лусіана шосты, Даніэль сёмы, у васямнаццаці і амаль дваццаці дзвюх хвілінах ад лідара, якім па выніках адзінаццатага этапу ізноў стаў Скайлер Хаўс, партнёр Лусіана па камандзе.

Агульны час амерыканца складае 38 гадзін 47 хвілін 43 секунды, пры гэтым ён усяго на 28 секунд апярэджвае аўстралійскага гоншчыка KTM Тобі Прайса, які займае другую пазіцыю. Наперадзе Тобі быў і ўчора, заняўшы трэцяе месца і саступіўшы пераможцу этапу 1 хвіліну 56 секунд.

Кэвін Бенавідэс, старэйшы брат Лусіана Бенавідэса, які з’яўляецца партнёрам Прайса па камандзе, у чацвер замкнуў першую дзясятку, больш за шэсць хвілін адстаўшы ад Лусіана. У агульным заліку аргенцінец апусціўся на трэцюю пазіцыю, Хаўсу па стане на ўчора ён саступаў 2 хвіліны 44 секунды.

Лідар катэгорыі квадрацыклаў Александр Жыру, чый час складае 48 гадзін 31 хвіліну 56 секунд, працягвае назіраць за лакальнымі поспехамі аўтсайдэра Марчэла Медэйраса, які замыкае генеральную класіфікацыю, займаючы адзінаццатае месца і адстаючы ад француза на трыццаць адну гадзіну без пары хвілін. Але доп адзінаццатага этапу ён пераадолеў хутчэй за ўсіх – за 3 гадзіны 50 хвілін 47 секунд.

Жыру прайграў яму 6 хвілін 9 секунд, заняўшы другое месца. Зразумела, яго бліжэйшыя канкурэнты засталіся ззаду, і перад бліжэйшым з іх – Франсіска Марэна Флорэсам – Александр захаваў камфортную перавагу ў 1 гадзіну 20 хвілін 23 секунды. Сам Франсіска заняў учора трэцяе месца, саступіўшы Медэйрасу 8 хвілін 36 секунд. Першую ж тройку абсалюту замыкае Пабла Капэці, які адстае ад Жыру ўжо на 2 гадзіны 7 хвілін 18 секунд. У чацвер амерыканец паказаў сёмы вынік, прайграўшы пераможцу амаль дванаццаць хвілін.

Што заўгодна з кім заўгодна на Дакары можа здарыцца на любым этапе, нават такім невялікім па баявой дыстанцыі, як учарашні адзінаццаты. І ў катэгорыі лёгкіх прататыпаў-SSV T3 гэта здарылася з цяпер ужо былым лідарам Гіёмам дэ Мэвіусам. Пасля сарака кіламетраў дыстанцыі бельгіец сутыкнуўся з механічнай паломкай, праз якую згубіў разам паўтары гадзіны.

Фінішаваў дэ Мэвіус толькі дваццаць дзявятым, прайграўшы пераможцу болей за паўтары гадзіны. У абсалютным заліку ён апусціўся на трэцюю пазіцыю, аднак да Осціна Джонса, які падняўся на першую, бельгіец адстае цяпер на 1 гадзіну 28 хвілін 19 секунд. Час Джонса складае 45 гадзін 19 хвілін 15 секунд, больш за шэсць з якіх ён учора прайграў пераможцу Рыкарда Парэму, заняўшы пятае месца.

Партугалец пераадолеў баявыя кіламетры за 3 гадзіны 19 хвілін 11 секунд, на 20 секунд апярэдзіўшы свайго суайчынніка і партнёра па камандзе X-raid Yamaha Supported Team Хоана Ферэйру, які заняў другое месца. У абсалюце абодва ад лідарскай групы далёка – Парэм чатырнаццаты, Ферэйра – наогул трыццаць пяты, амаль у дзесяці і сарака трох гадзінах ад Джонса.

Найбліжэйшы да амерыканца яго суайчыннік і партнёр па камандзе Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Сэт Кінтэра, які займае другую пазіцыю, адстаючы на 55 хвілін 54 секунды. Хаця ён учора заняў толькі чацвёртае месца, саступіўшы Парэму больш за шэсць хвілін. Першую ж тройку на адзінаццатым этапе замкнуў чыліец Ігнасіа Касале, які ад Парэма адстаў на 22 секунды. Хаця і трохразовы трыумфатар Дакару на квадрацыкле за перамогу ў T3 гэтым разам не змагаецца, замыкаючы першую дзясятку і адстаючы ад лідара болей чым на сем гадзін.

Лідару катэгорыі серыйных SSV T4 Рокашу Бацюшке, чый агульны час складае 46 гадзін 42 хвіліны 42 секунды, пакуль што шанцуе, і на адзінаццатым этапе ён атрымаў перамогу, затраціўшы на пераадоленне баявой дыстанцыі 3 гадзіны 25 хвілін 13 секунд. Літовец на 37 секунд апярэдзіў свайго галоўнага канкурэнта – паляка Эрыка Гочала, які заняў другое месца. Разрыў паміж імі ў абсалюце складае цяпер 4 хвіліны 17 секунд. Пры гэтым Эрык усяго на адну секунду апярэджвае свайго бацьку Марэка, які вярнуўся на трэцюю пазіцыю. Трэцім Гочал-старэйшы быў і ўчора, ад Бацюшкі ён адстаў на 2 хвіліны 38 секунд.

Насэр Аль-Ація працягвае акуратна рухацца да сваёй ужо пятай і другой запар перамогі на Дакары. Катарскі гоншчык Таёты лідзіруе з часам 39 гадзін 16 хвілін 33 секунды, і ўчарашні пяты вынік яго не расстроіў, хоць бразілец з Overdrive Racing Лукаш Мараэс апынуўся непасродна перад ім. Адрыў Аль-Аціі ўсё роўна застаўся вялікім – 1 гадзіна 21 хвіліна 4 секунды.

Насэр болей за шэсць з паловай, а Лукаш – крыху больш за шэсць хвілін саступілі ўчора Себасцьену Лёбу, які атрымаў ужо чацвёртую запар перамогу (а сёння, па папярэдніх дадзеных – і пятую, але пра гэта мы пагаворым заўтра). Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі справіўся са спецучасткам за 2 гадзіны 56 хвілін 14 секунд, павысіўшы свае шанцы заняць выніковае другое месца. Пакуль жа француз з Bahrain Raid Xtreme трэці, ад Аль-Аціі ён адстае на 1 гадзіну 30 хвілін 41 секунду.

Другое месца на адзінаццатым этапе заняў яшчэ адзін француз, які гэтаксама, як і Лёб, выступае на поўнапрывадным прататыпе Prodrive Hunter BRX. Себасцьену ён саступіў 2 хвіліны 16 секунд, а ад Аль-Аціі у агульным заліку адстае болей чым на пяць гадзін, займаючы чатырнаццатую пазіцыю. Зорка самых розных гонак Маціас Экстром, які выступае за Audi, ідзе дваццатым, амаль у сямі гадзінах ад лідара, аднак гэта не перашкодзіла яму ўчора фінішаваць з трэцім вынікам, у 2 хвілінах 26 секундах ад Лёба.

Абвастрылася барацьба за перамогу ў катэгорыі грузавікоў, дзе на адзінаццатым этапе перамог Марцін ван дэн Брынк. Нідэрландзец на Iveco PowerStar дэ Рооеўскай армады прыйшоў да фінішу з вынікам 3 гадзіны 39 хвілін 52 секунды. Ён на 18 хвілін 8 секунд апярэдзіў свайго чэшскага цёзку на такой жа машыне, але іншай каманды, па прозвішчы Мацык, і на 18 хвілін 18 секунд – свайго суайчынніка на Renault C460 Паскалю дэ Баару, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.

Гэта, аднак, мала што змяніла ў генеральнай класіфікацыі – дэ Баар застаўся сёмым, а Мацык – трэцім. Янусу ван Кастэрэну, які працягвае лідзіраваць з агульным часам 47 гадзін 2 хвіліны 12 секунд, яны саступаюць амаль дзевяць гадзін і 47 хвілін 46 секунд адпаведна.

А вось чацвёртае месца ў чацвер самога ван Кастэрэна – змяніла. Ён захрас быў у пясках і саступіў ван дэн Брынку (чый сын Мітчэл, дарэчы, прыйшоў яму на дапамогу) дваццаць адну з паловай хвіліну. І ў агульным заліку, у якім Марцін займае другую пазіцыю, разрыў паміж імі скараціўся да 1 хвіліны 12 секунд. Так што і тут вырашаць усё будуць этапы, якія засталіся.

Зараз ужо апошнія экіпажы удзельнікаў Дакару фінішуюць на дванаццатым этапе, другой частцы марафону, і вяртаюцца ў Шэйбу. Агульная працягласць шляху складае сёння 376 кіламетраў, а камяніста-пясчанага спецучастка – 185.

Іншыя пасты блога

Усе пасты