Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Прарвемся! Джэфры Херлінгс і Яга Гіртс парадавалі сваіх прыхільнікаў на мотакросавым Гран Пры Сардыніі

Прарвемся! Джэфры Херлінгс і Яга Гіртс парадавалі сваіх прыхільнікаў на мотакросавым Гран Пры Сардыніі

31 сакавіка 2023, 15:53
Прарвемся! Джэфры Херлінгс і Яга Гіртс парадавалі сваіх прыхільнікаў на мотакросавым Гран Пры Сардыніі

Фота: mxgp.com

Каб перамагчы на другім этапе чэмпіянату свету па мотакросе, чэмпіёну MXGP 2021 года і дзейснаму віцэ-чэмпіёну MX2 прыйшлося змагацца і абганяць супернікаў. Усіх абагнаць не атрымалася, але Джэфры Херлінгс і Яга Гіртс стараліся.

Украіне для вызвалення ад расійска-фашысцкіх захопнікаў патрэбная падтрымка ўсяго свету, і важным фактарам тут было б выключэнне краіны-агрэсара з Рады бяспекі ААН, дзе яна будзе старшыняваць увесь красавік. Аднак найперш нашы суседзі мусяць здабыць перамогу на полі бою, таму што гэта будзе перамога над дыктатурамі, у тым ліку той, што апанавала нашу краіну, і саюзнікам Украіны нельга марудзіць з дапамогай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Расійскія і беларускія гоншчыкі ўжо паплаціліся за злачынствы рэжымаў, што пануюць у іх краінах. FIM, як і FIA, забараніла ўладальнікам расійскіх і беларускіх ліцэнзій удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах. Зрэшты, у сусветным мотакросе расіян, не кажучы пра беларусаў, і так даўно няма, і страты, якія ён панёс, абумоўленыя іншымі фактарамі.

Новы сезон MXGP пачаўся два тыдні таму ў Аргенціне без дзейсных чэмпіёнаў галоўнай катэгорыі і малодшай MX2 – адпаведна, Ціма Гайсэра і Тома Віаля. Яны выбылі з ладу праз траўмы, і пакуль што іх залечваюць, таму і на Гран Пры Сардыніі ні славенца, ні француза не было. Аднак былі іншыя моцныя і таленавітыя гоншчыкі, якім давялося свой талент прадэманстраваць.

Дзейсны віцэ-чэмпіён MX2 Яга Гіртс пачаў ўік-энд на трасе Рыола-Сарда з перамогі ў кваліфікацыйнай гонцы ў суботу. Але першая з нядзельных выдалася для бельгійца з каманды Monster Energy Yamaha Factory Racing MX2 Team надзвычай складанай. Пачаў яе Яга хол-шотам, аднак памылка на другім кругу адкінула яго на трэцюю пазіцыю, за спіны Кая дэ Вольфа і Сімона Лангенфельдэра.

Нідэрландзец з каманды Nestaan Husqvarna Factory Racing лічыцца спецыялістам па пясчаных трасах, якой і з’яўляецца Рыола-Сарда. Тым не менш ён на некалькі кругоў прапусціў наперад немца з RedBull GasGas Factory Racing. На пятым дэ Вольф апярэдзіў Лангенфельдэра, падлавіўшы яго на памылцы, а праз круг Сімона абагнаў і Гіртс, які ўжо амаль быў захапіў лідарства ізноў, але яшчэ раз памыліўся, заглушыўшы матор свайго матацыкла, і зноў апынуўся на трэцяй пазіцыі.

Лангенфельдэр з дэ Вольфам зноў ад’ехалі далёка, але Яга не здаўся і пачаў іх даганяць. Гіртс здолеў абагнаць Сімона, які ў выніку фінішаваў трэцім, а вось да Кая падабрацца на адлегласць атакі не паспеў, задаволіўшыся другім месцам. Другая гонка абышлася для бельгійца без прыгод – ён на першым жа кругу абагнаў гоншчыка WZ Racing Арыоля Аліўе, які выйграў хол-шот, і больш першую пазіцыю не саступаў. Кай дэ Вольф яго памылкі так і не дачакаўся, заняўшы другое месца.

Замкнуў першую тройку ў другой гонцы партнёр Гіртса па камандзе Цібольт Беністан. Француз стаў трэцім і па выніках Гран Пры Сардыніі, на якім дэ Вольф заняў другое месца, а Гірст перамог. У такім жа парадку яны ідуць і ў чэмпіянаце, дзе Гіртс мае 117 ачкоў, а дэ Вольф – 87, на адно болей, чым Беністан. Залік вытворцаў з тымі ж 117-цю баламі ўзначальвае Yamaha, Husqvarna знаходзіцца на другой пазіцыі і мае 93 ачкі, у KTM, які замыкае першую тройку, 85 ачкоў.

У старэйшай катэгорыі MXGP Джэфры Херлінгс на Сардыніі стаў галоўным героем, але не адзіным. Кваліфікацыйную гонку, напрыклад, выйграў гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing Хорхе Прада, лідар чэмпіянату. Іспанец і ў першай гонцы ў нядзелю фактычна дамініраваў, на першым жа кругу абагнаўшы канкурэнта з завадской Ямахі Джэрэмі Сівера, які выйграў хол-шот. Але яшчэ большая непрыемнасць здарылася са швейцарцам на адзінаццатым кругу, калі ён упаў і адкаціўся з другой пазіцыі на шостую.

Непрыемнасць Сівера дазволіла фінішаваць другім Херлінгсу, які адразу пасля старту захапіў чацвёртую пазіцыю. А на дзявятым кругу Джэфры скарыстаўся памылкай яшчэ аднаго прадстаўніка Ямахі – свайго суайчынніка Калвіна ван Вландэрэна, якога абагнаў у спрэчцы за тады яшчэ другую пазіцыю і які замкнуў першую тройку. Аднак яшчэ больш захапляльнай для Херлінгса стала другая гонка.

На яе старце нідэрландзец патрапіў у невялічкі замес у першым павароце. Без падзення абышлося, але апынуўся Джэфры пасля гэтага на чатырнаццатай пазіцыі. Толькі ж і Куляй яго празвалі не проста так! Ужо на трэцім кругу чэмпіён 2021 года бачыў спіну лідара пяршынства. Прада таксама стартаваў не ідэальна і ішоў шостым, некаторы час стрымліваючы Херлінгса, але прапусціў яго на дзявятым кругу.

За наступныя некалькі кругоў Джэфры абагнаў Вландэрэна і Сівера і хутка пабачыў наперадзе двух французаў – Максіма Рэно, які выступае за завадскую Ямаху, і Рамэна Фэвра з Kawasaki Racing Team MXGP, які на старце выйграў хол-шот. Яны біліся адзін з адным за другую пазіцыю, што было на руку Херлінгсу. Абодва, аднак, хуткія, і даволі доўгі час эфектыўна стрымлівалі і Джэфры, але той нарэшце абагнаў абодвух разам на апошніх кругах, пасля чаго амаль дагнаў яшчэ аднаго свайго суайчынніка – яшчэ аднаго ямахаўскага завадчаніна Глэна Колдэнхофа, які лідзіраваў з першага круга, калі абагнаў Фэвра.

Першым, меней чым у дзвюх секундах ад Херлінгса, ён і фінішаваў. Джэфры атрымаў адмашку клецістым сцягам другім, а Рэно – трэцім. Аднак двух другіх месцаў, з улікам адноснай няўдачы Прада ў другой гонцы (Хорхе фінішаваў шостым), хапіла Херлінгсу для перамогі па выніках этапу – юбілейнай у яго кар’еры, сотай.

Колдэнхоф заняў другое месца, Прада падняўся на ніжнюю ступень подыуму, аднак застаўся лідарам чэмпіянату, у якім ён мае 100 ачкоў. Херлінгс, які падняўся на другую пазіцыю, адстае ад яго на сем. Рэно замыкае першую тройку, у яго 78 балаў – столькі ж, колькі і ў Фэвра. У заліку вытворцаў пры гэтым са 102-ма ачкамі лідзіруе Yamaha. Яна на два ачкі апярэджвае GasGas, які займае другую пазіцыю, і на дзевяць – KTM, які ідзе трэцім.

Над Рыола-Сарда ў мінулую нядзелю гралі гімны Нідэрландаў і Аўстрыі (у гонар Херлінгса і KTM адпаведна). Цікава, ці яны будуць граць у гэтую ў гонар Макса Ферстапена і Red Bull над Альберт-Паркам у Мельбурне, дзе Формула 1 праводзіць Гран Пры Аўстраліі. Мінулай ноччу прайшлі яго пятнічныя свабодныя заезды, з вынікамі якіх і з іншымі навінамі вы можаце пазнаёміцца Тэлеграм-канале нашых партнёраў «Формула перамогі». Ну а чэмпіянат свету па мотакросе працягнецца ў наступны ўік-энд у Швейцарыі, на трасе ў Фраўнфельдзе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты