Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/З перамогай, Доктар! У італьянскім Мізана Валянціна Росі адкрыў лік трыумфам і ў серыі GT World Challenge Europe

З перамогай, Доктар! У італьянскім Мізана Валянціна Росі адкрыў лік трыумфам і ў серыі GT World Challenge Europe

З перамогай, Доктар! У італьянскім Мізана Валянціна Росі адкрыў лік трыумфам і ў серыі GT World Challenge Europe

Дзевяціразовы чэмпіён MotoGP за сваю кар’еру на двух колах восемдзесят дзевяць раз падымаўся на вяршыню подыуму. А ў мінулыя выхадныя ў Мізана Вале зрабіў гэта і на этапе серыі GT World Challenge Europe. Хаця бліскаў там не толькі ён.

Украінскія героі абараняюць права Еўропы ў тым ліку на гонкі, бо ў выпадку перамогі расійска-фашысцкіх акупантаў спаборнічалі б еўрапейцы толькі за права хутчэй эвакуіравацца як мага далей. Украіне неабходна дапамагчы скончыць вайну сваёй перамогай хутчэй. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Каб не імперскія комплексы звар’яцелага дыктатара, расійскі сцяг лунаў бы і над гоначнымі трасамі, бо таленавітыя расіяне ў міжнародных аўтаспартыўных спаборніцтвах удзельнічаюць дагэтуль. Адзін з іх, Цімур Багуслаўскі, у мінулы ўік-энд нават перамог разам са сваім напарнікам па восемдзесят восьмым экіпажы Akkodis ASP ў суботняй гонцы этапу серыі GT World Challenge Europe у Мізана.

Падмуркам поспеху стаў поўл, здабыты Марчэла, які затым выдатна правёў першы адрэзак першага заезду. Ад стартавай пазіцыі ў дадзеным выпадку залежала даволі многа, бо акурат за групай лідараў на старце адбыўся завал з некалькіх аўтамабіляў. Які, аднак, не прывёў да нейтралізацыі гонкі, што дазволіла Рафаэле перад піт-стопам ад’ехаць ад бліжэйшых пераследнікаў – чатырнаццатага экіпажа Emil Frey Racing Джакама Альтоэ і Консты Лапалайнена на Ferrari 296 GT3 – на пяць секунд.

Ну а пасля таго, як у Emil Frey Racing піт-стоп прайшоў не ідэальна, перавага ужо Багуслаўскага вырасла да дзевяці секунд, і ён упэўнена давёў іх з Марчэла Mercedes-AMG GT3 EVO да фінішу на першай пазіцыі. Альтоэ і Лапалайнен занялі другое месца, трэцімі сталі Шарль Віртс і Дрыс Вантор на трыццаць другім BMW M4 GT3 каманды Team WRT. Затое калектыў Венсана Воса чакаў сюрпрыз на наступны дзень.

Марчэла і Багуслаўскаму, дарэчы, у нядзелю не пашанцавала – кваліфікаваліся яны толькі адзінаццатымі. У гонцы, праўда, адыграліся, фінішаваўшы ажно чацвёртымі, скарыстаўшыся шматлікімі здарэннямі на трасе, асабліва ў змену Цімура.

А вось Віртс і Вантор упершыню стартавалі з поўлу і напэўна разлічвалі першымі і фінішаваць. Але гонка для іх склалася не надта ўдала, найперш праз перыяд нейтралізацыі аўтамабілем бяспекі, што перашкодзіла Вантору ў яго змену далёка ад’ехаць ад пераследнікаў. Таму пасля піт-стопу, які яшчэ і зацягнуўся, экіпаж Дрыса і Шарля адкаціўся назад і атрымаў адмашку клецістым сцягам толькі дзявятым.

Затое Фартуна ўсміхнулася іх сястрынскаму сорак шостаму экіпажу ў складзе Валянціна Росі і Максіма Мартана. Гонку з трэцяй пазіцыі пачынаў бельгіец, якому ўдалася ўтрымацца ў лідарскай групе ў сваю змену. А калі ён перадаў машыну італьянцу, той літаральна паляцеў па трасе. Супернікі сорак шостага экіпажу тым часам адбывалі свае піт-стопы, што дапамагло Росі за дваццаць дзве хвіліны да сканчэння часу захапіць лідарства.

Трасу ў Мізана Валянціна выдатна вывучыў яшчэ падчас сваіх выступаў у MotoGP, таму цяпер знайшоў з ёй паразуменне і за стырном BMW M4 GT3, памылак не нарабіў і заслужана перамог на пару з Мартанам. Другое месца занялі Лукас Легерэ і Крыстафер Хаазэ на адзінаццатай Audi R8 LMS GT3 EVO II каманды ComToYou Racing, а на ніжнюю ступень подыуму падняліся партнёры пераможцаў па камандзе з трыццаць першага экіпажа Жан-Бапціст Сіменаўэр і Томас Нойбаўэр.

У камандным заліку GT World Challenge Europe пасля пяці этапаў лідар ранейшы – Akkodis ASP Team. У іх 121,5 ачка супраць Team WRT, які адстаюць на дваццаць адзін бал. Rowe Racing з 89-цю ачкамі замыкаюць першую тройку, іх галоўныя забойшчыкі Марка Вітман, Філіп Энг і Нік Йелалі выступаюць толькі ў Кубку Enduracne, але, маючы 76 ачкоў, ідуць другімі ў заліку гоншчыкаў. Жуль Гунон, які на этапах Enduracne выступае разам з Марчэла і Багуслаўскім, з 68-мю баламі аднаасобна замыкае першую тройку, а самі Рафаэле і Цімур, у якіх 115 ачкоў, лідзіруюць.

У Росі ж, які з Мартанам знаходзіцца на шостай пазіцыі і мае 43,5 бала, цяпер напэўна паставіў перад сабой мэту атрымаць перамогу і на этапе фармату Enduracne з даўгімі гонкамі. Наступны, які пройдзе 29-30 ліпеня на трасе Нюрбургрынг, якраз такім і будзе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты