Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Без перамогі, але з перамогай. У ELMS цяпер і такое магчыма, і на 4-х гадзінах Ле Кастэле гэта адбылося

Без перамогі, але з перамогай. У ELMS цяпер і такое магчыма, і на 4-х гадзінах Ле Кастэле гэта адбылося

Без перамогі, але з перамогай. У ELMS цяпер і такое магчыма, і на 4-х гадзінах Ле Кастэле гэта адбылося

Фота: ELMS

Атрымаць дзве перамогі запар у абсалютным заліку гонкі Еўрапейскай серыі Ле Ман у трыццаць чацвёртага экіпажа каманды Racing Team Turkey не атрымалася. Аднак у сваім заліку LMP2 Pro/Am Саліх Ёлук, Чарлі Іствуд і Луі Дэлетраз усё роўна фінішавалі першымі, а перамога ў галоўным класе LMP2 дасталася дваццаць пятаму экіпажу Algarve Pro Racing.

Звар’яцелы расійскі дыктатар будзе працягваць вайну супраць Украіны і ўсёй цывілізацыі столькі, колькі тая цывілізацыя яму дазволіць. Рашучая і тэрміновая ваенная дапамога нашым суседзям дапаможа хутчэй вызваліцца і ім, і нам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Украіна ўжо ёсць унікальнай краінай з унікальным народам, а Еўрапейская серыя Ле Ман з наступнага года стане ўнікальнай на палову. Чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць ад прататыпаў катэгорыі LMP2 адмовіцца, і застануцца гэтыя машыны апроч ELMS толькі ў Азіяцкай серыі і амерыканскай IMSA. Але хаця б не знікнуць, і гэта ўжо добра. Ну а калі з’явіцца іх наступнае пакаленне, гонкі на іх могуць стаць яшчэ больш цікавымі.

У Еўрапейскай серыі не падводзяць і цяперашнія. Вынікі папярэдняга этапу ў Барселоне дык нават былі даволі нечаканымі дзякуючы перамозе экіпажа з фармальна малодшага класу LMP2 Pro/Am, у якім едуць у тым ліку так званыя бронзавыя пілоты, аматары, кажучы па-простаму. Тады бліснулі Саліх Ёлук, Чарлі Іствуд і Луі Дэлетраз, якія паспрабавалі паўтарыць поспех і ў мінулы ўік-энд на этапе ў французскім Ле Кастэле, аднак атрымалася гэта ў іх толькі часткова.

На старце гонкі наперадзе іх машыны апынулася дзевяноста дзявятая каманды Proton Competition, якой кіруюць Джорджыа Рода (ён і быў у той момант за стырном), Йонас Рыд і Джанмарыя Бруні. Аднак ужо на шостым кругу Саліх Ёлук вярнуў лідарства свайму экіпажу, а яго партнёры затым падняліся і на першую пазіцыю ў абсалюце гонкі.

Дапамог гэтаму, дзеля справядлівасці, пракол пярэдняй левай шыны ў дваццаць восьмага экіпажа IDEC Sport у складзе Поля Лафарга, Поля-Люпа Шатэна і Лаўрэнца Хёра, якія лідзіравалі на апошняй гадзіне, але адкаціліся назад і фінішавалі толькі шостымі. Праўда, і сам трыццаць чацвёрты экіпаж пад канец гонкі мучыўся на зношанай гуме, праз што і прапусціў адразу дзве машыны асноўнай катэгорыі LMP2 – дваццаць пятую каманды Algarve Pro Racing і трыццатую Duqueine Team. Экіпаж першай з іх – Кіфін Сімпсан, Джэймс Ален і Алекс Лін – і атрымаў перамогу ў абсалюце.

Гонку яе трыумфатары правялі на самой справе выдатна, улічваючы іх пятую стартавую пазіцыю. Таму хуткіх канкурэнтаў наперадзе хапала, як тых жа ўладальнікаў поўлу Уладзіслава Ломка, Рэшада дэ Жэруса і Хасэ-Марыі Лопеса з сорак сёмага экіпажа Cool Racing. Але ў гонцы тэмпу ім не хапіла, і фінішавалі яны толькі пятымі.

Пераможцам, зрэшты, таксама не было лёгка, і той жа трыццаты экіпаж ціснуў на іх да самага фінішу, адстаўшы ў выніку на секунду з малым. Хаця і такім вынікам Нікалас Піна, Рэнэ Біндэр і Ніл Джані напэўна былі задаволеныя.

На ніжнюю ступень подыуму ў LMP2 падняліся Руі Андрадэ, Джонатан Абердэйн і Олі Колдуэл з сорак трэцяга экіпажа Inter Europol Competition. Трыццаць сёмы экіпаж Cool Racing у складзе Александра Куані, Мальтэ Якабсэна і Нікаля Лап’ера фінішаваў другім у LMP2 Pro/Am, а трэцімі ў гэтым класе сталі пілоты восемдзесят трэцяга экіпажа AF Corse Франсуа Перадо, Мацьё Ваксів’ер і Бэн Барнікот.

У катэгорыі LMP3 у Ле Кастэле перамог трыццаць першы экіпаж каманды Racing Spirit of Leman. Пры гэтым стартавалі Жак Вольф, Антані Дзюкін і Фабіен Міхал толькі дзясятымі! Найбольш уражліва тут выступіў Дзюкін – за апошнюю гадзіну ён прарваўся з шостай пазіцыі на першую і на дзесяць секунд ад’ехаў ад уладальнікаў поўлу з дванаццатага экіпажа WTM by Rinaldi Racing Торстэна Кратца, Леанадра Вайса і Оскара Тунха, якія фінішавалі другімі. Трэцяе месца занялі пераможцы гонкі ў Барселоне з сямнаццатага экіпажа Cool Racing Адрыен Чыла, Маркас Зіберт і Алехандра Гарсія.

Амаль узорнапаказальна на трасе Поль Рыкар выступілі Крысціан Рыд, Джамарка Леварата і Жульен Андлаэ з семдзесят сёмага экіпажа Proton Competition. Яны стартавалі з поўлу і лідзіравалі цягам першай гадзіны. У пачатку другой, аднак, прапусцілі наперад супернікаў з пяцьдзесят пятага экіпажа Spirit of Race, але затым іх Porsche 911 RSR-19 усё роўна вярнуўся на першую пазіцыю, на ёй і скончыўшы гонку.

Другое месца заняў шасцідзясяты экіпаж Iron Lynx у складзе Клаўдзіа Скіавоні, Матэа Крэсоні і Матэа Кайролі, таксама на Porsche. Трэціці фізічна адмашку клецістым сцягам атрымалі гоншчыкі пяцьдзесят сёмага экіпажа Kessel Racing Такешы Кімура, Грэгары Хафакер Другі і Фрэдэрык Шандорф на Ferrari 488 GTE Evo, але яны па ходу гонкі сутыкнуліся з шаснаццатым экіпажам Proton Competition, за які выступаюць Раян Хардвік, Захары Рабішон і Алесіа Пікарыелы, атрымалі за гэта 10-секундны штраф і адкаціліся на чацвёртае месца. Першую тройку, такім чынам, замкнулі гоншчыкі на Aston Martin Vantage AMR – Джона Хатсхорна, Бэна Така і Джонатана Адама з дзевяноста пятага экіпажа TF Sport.

Што ж да Proton Competition, то з пілотаў гэтага калектыву толькі Рыду, Леварата і Андлаэ і пашанцавала. Згаданы шаснаццаты экіпаж па ходу гонкі сутыкнуўся яшчэ і з сястрынскім дзевяноста трэцім, які мог бы прынесці камандзе дубль. Майклу Фасбэндэру, Марціну Румпу і Рыхарду Літцу, якія выступаюць у яго складзе, пазней не пашанцавала яшчэ раз, калі яны не падзялілі трасу з пяцідзясятай Ferrari каманды Formula Racing, на якой выступаюць датчане Джоні і Конрад Лаўрсэны і Мікел Мак. Фінішавалі шаснаццаты і дзевяноста трэці экіпажы ў выніку дзявятым і дзясятым адпаведна.

Пасля двух этапаў (а гэта, страшна сказаць, ужо траціна сезона ELMS) у турнірнай табліцы катэгорыі LMP2 з 43-ма ачкамі лідзіруюць Duqueine Team і Джані, Піна і Біндэр. Другую пазіцыю займаюць Algarve Pro Racing і Лін, Ален і Сімпсан, у якіх 35 балаў. Замыкаюць першую тройку, маючы 26 ачкоў, Panis Racing і Йоб ван Уйтэрт, Мануэль Мальданада і Тіймэн ван дэр Хельм. У іх, аднак, аднолькавая колькасць балаў з Cool Racing і Лопесам, дэ Жэрусам і Ломка.

Racing Team Turkey і Іствуд, Дэлетраз і Ёлук замацавалі лідарства ў LMP2 Pro/Am – у іх 52 ачкі. За другую пазіцыю адчайна змагаюцца AF Corse Барнікотам, Перадо і Мацьё Ваксів’ерам і Cool Racing з Куані, Якабсэнам і Лап’ерам – ва ўсіх па 33 ачкі.

Таму Cool Racing тут трэція проста фармальна, а ў LMP3 яны наогул першыя і маюць, як і Чыла, Зіберт і Гарсія, 41 бал, што ўсяго на адзін болей, чым у Racing Spirit of Leman і Дзюкіна і Вольфа. На трэцяй пазіцыі Inter Europol Competition і Кай Аскі, Мігель Крыштаван і Уаят Брыхачэк, якія маюць 26 ачкоў.

У LMGTE лідарства захапілі Iron Lynx і Скіавоні, Кайролі і Крэсоні, у якіх 30 балаў. Proton Competition дзякуючы цікавым правілам гонак на цягавітасць займаюць адразу другую і трэцюю пазіцыі, Пікарыела, Хардвік і Рабішон з 27-мю ачкамі на адно апярэджваюць Рыда, Леварата і Андлаэ.

Наступны этап Еўрапейскай серыі Ле Ман пройдзе 24-26 жніўня на трасе Мотарлэнд Арагон у Альканісе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты