Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Стары незнаёмы Ломель. Бельгійская траса для MXGP абнавілася, але не збіла з панталыку Рамэна Фэвра і Яга Гіртса

Стары незнаёмы Ломель. Бельгійская траса для MXGP абнавілася, але не збіла з панталыку Рамэна Фэвра і Яга Гіртса

Стары незнаёмы Ломель. Бельгійская траса для MXGP абнавілася, але не збіла з панталыку Рамэна Фэвра і Яга Гіртса

Фота: mxgp.com

Траса ў Ломелі прымала этапы чэмпіянату свету па мотакросе з 1990 года, а ў 2023-м была поўнасцю пераробленая. Аднак засталася пясчанай і каварнай, што, зрэшты, не стала праблемай для французскага гоншчыка Kawasaki Racing Team і бельгійскага Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team, якія працягнулі свае пераможныя серыі.

Працяг агрэсіі звар’яцелага расійскага дыктатара супраць Украіны – гэта не праблема, а бяда, але не адной Украіны. Свет абавязаны дапамагчы ёй уратавацца, таму што ў канчатковым выніку ён уратуе сябе. Ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і найперш Адэсы не прымусяць украінцаў здацца, а іх зямля ўсё роўна будзе вызваленая. А за ёй следам – і беларуская. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гоначны спорт (таксама на шчасце), бывае меней прадказальным (бо, ізноў жа на шчасце, складаецца не толькі з Формулы 1). Адзін з яскравых прыкладаў – сусветны мотакрос, які ў мінулы ўік-энд завітаў у Бельгію, на трасу ў Ломелі, дзе прайшоў Гран Пры Фландрыі. Ён стаў хатнім для многіх удзельнікаў чэмпіянату, асабліва ў малодшай катэгорыі MX2, аднак і для іх аказаўся новым.

Хіба што, як было адзначана ў пачатку артыкулу, не змяніўся характар складанай пясчанай трасы, якая не даруе многія памылкі. Падаць на пясок, можа, не так балюча фізічна, але ўсё роўна крыўдна, і крыўдна гэтым разам было многім. Яга Гіртс, аднак, у лік гэтых многіх не трапіў, упэўнена выйграўшы этап у MX2 на радасць мясцовай публіцы.

Свой узыход на вяршэнню подыуму юны бельгіец пачаў ужо ў кваліфікацыйнай гонцы, фінішаваўшы ў ёй першым. Атрымаліся ў Яга і абодва нядзельныя заезды – у абодвух адмашку клецістым сцягам ён атрымаў таксама першым. Бадай, адзіным, хто паспрабаваў кінуць яму выклік, стаў яго суайчыннік з Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн, дый то толькі ў першай гонцы.

Яе Гіртс пачаў хол-шотам, але Лукас адразу ўвязаўся акурат за ім. Пэўны час бельгійцы, адарваўшыся ад астатняга пелатона, ішлі побач, аднак з дзявятага круга Яга пачаў адрывацца і ад’ехаў ад Лукаса ў выніку болей чым на сем з паловай секунд. Хаця і другой пазіцыяй адзін з блізнят-Коэнэнаў (іншы, Саша, фінішаваў дзясятым) быў цалкам задаволены. Трэцім гонку скончыў прадстаўнік Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр.

Гэтыя ж трое ў тым жа парадку фінішавалі і ў другой гонцы! Хіба што на старце адзначыўся хол-шотам навічок Fantic Racing MX Хаакан Остэрхаген. На жаль, нарвежац упаў літаральна праз пару паваротаў і фінішаваў толькі дваццаць дзявятым. Затое ў першай тройцы была хоць нейкая барацьба – другую пазіцыю ў пачатку заезду апанаваў быў Лангенфельдэр, але Коэнэн адабраў яе ў немца да дзясятага круга, хаця пасля першага ішоў толькі сёмым.

Тыя ж месцы, што і ў гонках, два бельгійцы і немец занялі і на подыуме Гран Пры Фландрыі. Для Гіртса яго трэці запар поспех важны, бо дапамог яму падняцца на другую пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе Яга мае 551 ачко, на пяцьдзесят болей, чым у партнёра Лукаса Коэнэна па камандзе Кая дэ Вольфа, які ў выніку няўдачы ў Бельгіі (падзенне і сход з дыстанцыі ў першай гонцы і неўдзел у другой) апусціўся на трэцюю пазіцыю.

Не так катастрафічна, але ўсё роўна не надта ўдала бельгійскі этап склаўся для гоншчыка Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама, які фінішаваў чацвёртым у першай гонцы і трынаццатым у другой. Аднак лідарам чэмпіянату з 564-ма ачкамі італьянец застаўся. У заліку вытворцаў лідар таксама ранейшы – Yamaha, у якой 694 балы. Husqvarna, маючы 643, займае другую пазіцыю, KTM на трэцяй з 617-цю.

Сваю серыю ў Фландрыі працягнуў і адзін з фаварытаў старэйшай катэгорыі MXGP Рамэн Фэвр. Ён дабіўся не стоадсоткавага выніку, але таленты свае прадэманстраваў паспяхова. У першай гонцы ў нядзелю ён ужо на чацвёртым кругу захапіў лідарства і болей яго не саступаў.

Француз пры гэтым апярэдзіў адразу двух канкурэнтаў з завадской Ямахі: Джэрэмі Сівера, які захапіў лідарства на старце, і Глэна Колдэхофа, які амаль адразу абагнаў швейцарца, а напярэдадні выйграў кваліфікацыю. Ну і які памыліўся на чацвёртым кругу, якраз і прапусціўшы Фэвра. Прычым пасля Глэн яшчэ і ўпаў, аднак утрымаў другую пазіцыю да фінішу.

А вось Сіверу пашанцавала меней – на шостым кругу ён таксама ўпаў, прапусціўшы наперад лідара чэмпіянату з завадскога калектыву GasGas Хорхе Прада, які фінішаваў трэцім, а таксама яшчэ аднаго свайго партнёра па камандзе Кальвіна Влаандэрэна. Прыйшлося Джэрэмі задаволіцца пятай пазіцыяй.

На старце другога заезду хол-шотам адзначыўся завадскі гоншчык Хонды Рубэн Фернандэс, але хутка ён аддаў першую пазіцыю Прада. Хорхе ў сваю чаргу захаваў яе да самага фінішу, хаця Фэвр напэўна прымусіў яго пахвалявацца. Старт у француза не атрымаўся, і на першым кругу ён апынуўся дзесьці ў раёне дваццатай пазіцыі, але ўжо да сёмага круга прарваўся на чацвёртую!

Непасродна перад сабой Рамэн ізноў пабачыў Сівера і Колдэнхофа, якіх паслядоўна і абышоў на дзясятым і адзінаццатым кругах адпаведна. Гоншчыкі Ямахі пазней зноў размяняліся пазіцыямі, і Глэн фінішаваў трэцім, а Фэвр у пэўны момант саступаў Прада ўсяго паўтары секунды, але на дыстанцыю атакі так і не выйшаў, адпусціўшы іспанца на апошніх кругах на шэсць з паловай секунд.

Тым не менш для выніковай перамогі на Гран Пры гоншчыку Кавасакі хапіла і другой пазіцыі ў другой гонцы. Прада заняў другое месца, Колдэнхоф – трэцяе. Хорхе, аднак, усё роўна захаваў камфортнае лідарства ў чэмпіянаце, і мае цяпер 665 ачкоў. Фэвра, які займае другую пазіцыю, ён апярэджвае на дзевяноста дзевяць балаў. Сівер з 506-цю ачкамі застаецца трэцім. GasGas мае 671 бал і па-ранейшаму ўзначальвае залік вытворцаў, а Yamaha, у якой 654 ачкі, вярнула сабе другую пазіцыю. Kawasaki з 582-ма цяпер на трэцяй.

Мотакросавы нон-стоп працягваецца, і ўжо ў гэты ўік-энд на трасе ў Вантаа пройдзе Гран Пры Фінляндыі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты