Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Бывай, інтрыга? Мотакросавы Гран Пры Фінляндыі не ўшчыльніў барацьбу ў чэмпіянаце

Бывай, інтрыга? Мотакросавы Гран Пры Фінляндыі не ўшчыльніў барацьбу ў чэмпіянаце

Бывай, інтрыга? Мотакросавы Гран Пры Фінляндыі не ўшчыльніў барацьбу ў чэмпіянаце

Фота: mxgp.com

Здаецца, ніхто не падае часцей за гоншчыкаў мотакросу і мала каму падзенні каштуюць гэтак жа дорага, як ім. Рамэн Фэвр, які перамог у фінскай Ванце, ведае гэта добра, а Яга Гіртс, здаецца, яшчэ лепей. Няўдача бельгійца ў мінулы ўік-энд можа аказацца асабліва крыўднай.

Пакуль гоншчыкі займаюцца сваёй небяспечнай, але любімай справай, Украіна займаецца сапраўды смяротнай і неабходнай, абараняючы свет ад звар’яцелага расійскага дыктатара. Наша задача – патрабаваць ад заходніх краін дапамагчы ёй тэрмінова і ў поўным аб’ёме. Любыя размовы пра небяспечнасць такой дапамогі – палітычнае махлярства і гульня на карысць агрэсара. Толькі яго знішчэнне ўратуе свет і вызваліць і ўкраінцаў, і беларусаў, і астатнія заняволеныя народы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гоначныя драмы на фоне ваеннай трагедыі – нішто, хаця і іх удзельнікам бывае па-сапраўднаму балюча. Яга Гіртсу, які з’яўляецца (прынамсі, з’яўляўся да апошняга часу) адным з фаварытаў малодшай катэгорыі чэмпіянату свету па мотакросе MX2, якраз балюча ў мінулы ўік-энд на Гран Пры Фінляндыі і было.

Траса ў Ванце гоншчыку Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team у прынцыпе пасуе. Як і Ломель, дзе тыднем раней прайшоў хатні для Яга Гран Пры Фландрыі, які ён выйграў, яна пясчаная, а бельгіец такое пакрыццё любіць. І хай кваліфікацыйную гонку выйграў не ён, а яго канкурэнт з Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр (сам Яга фінішаваў трэцім), адыграцца ў нядзельных заездах у яго была магчымасць.

Першы Гіртс пачаў хоць і не ідэальна, але нядрэнна, апынуўшыся на пятай пазіцыі. І напэўна б паспаборнічаў за перамогу, калі б на першым жа кругу акурат перад ім няўдала прызямліўся пасля трампліну гоншчык Fantic Racing MX Хакан Остэрхаген. Яга не паспеў ухіліцца, наляцеў на яго матацыкл і сам упаў вельмі няўдала. У выніку ён сышоў з дыстанцыі першай гонкі і не выйшаў на старт другой.

Што горш, толькі ізноў уключыўшыся ў барацьбу за тытул – а перамагчы ў MX2 ў яго ў гэтым годзе апошняя магчымасць, у наступным ён пойдзе ў старэйшую катэгорыю па ўзросце – Гіртс выбыў з яе зноў, і ў самы непадыходны момант. Застаецца толькі спадзявацца, што Яга здзейсніць чарговы подзвіг і хутка вернецца ў лад. Балазе да наступнага этапу час ёсць.

Без Гіртса за перамогі ў Фінляндыі змагаліся той жа Лангенфельдэр і лідар чэмпіянату з завадской каманды KTM Андрэа Адама. Немец выйграў хол-шот першай гонкі, але італьянец, які на старце прыладзіўся следам, абагнаў яго на трэцім кругу. Сімон не здаўся і ціснуў на Андрэа да самага фінішу, але так і застаўся другім. Трэцім фінішаваў партнёр Адама па камандзе Ліам Эвертс.

Падобным чынам скончылася і другая гонка – Адама, захапіўшы лідарства на старце, яе выйграў, а Лангенвельдэр фінішаваў другім. Толькі Сімону прыйшлося цяпер прарывацца скрозь пелатон, бо на першым кругу ён не пазбег падзення. Хаця хуткасць яго нікуды не дзелася, і са сваёй задачай ён справіўся выдатна. Трэцім адмашку клецістым сцягам атрымаў гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн.

Адама і Лангенфельдэр, зразумела, занялі першае і другое месцы адпаведна і па выніках Гран Пры Фінляндыі, а Эвертс падняўся на ніжнюю ступень подыуму. На трэцюю пазіцыю Ліам падняўся і ў чэмпіянаце – у яго 532 ачкі, і Гіртс, які мае 559 і пакуль што застаецца другім, для яго ўжо дасягальны. А вось Адама цяпер лідзіруе камфортна з 619-цю баламі. Толькі сярод вытворцаў у MX2 Yamaha, у якой 732 ачкі, пакуль першая, а KTM з 676-цю – трэці. Зрэшты, Husqvarna ўсяго ў трох ачках наперадзе.

У старэйшай катэгорыі MXGP працягваецца пераможная серыя гоншчыка Kawasaki Racing Team Рамэна Фэвра. Што часткова тлумачыцца і тым фактам, што лідар чэмпіянату з завадской каманды GasGas Хорхе Прада лідзіруе настолькі камфортна, што можа дазволіць сабе крыху расслабіцца і не рызыкаваць. Хаця асобныя гонкі чаму б і іспанцу не выйграць, што ён і зрабіў у Ванце, у прыватнасці, фінішаваўшы першым у кваліфікацыйнай.

У першай з нядзельных, праўда, перамог усё ж Фэвр. Аўтарам хол-шоту пры гэтым стаў гоншчык Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Джэрэмі Сівер, тады як француз пасля старту апынуўся на трэцяй пазіцыі. Аднак Рамэн ужо на першым кругу абагнаў Прада, які на старце захапіў другую пазіцыю, а на другім кругу – і швейцарца. Заезд першая тройка скончыла ў нязменным парадку.

Хол-шот у другім заездзе выйграў ужо Прада, а Фэвр адразу скочыў на другую пазіцыю. Да сапраўднай барацьбы паміж імі справа так і не дайшла, хаця Рамэн часам падбіраўся даволі блізка да Хорхе. Аднак абодва захавалі свае пазіцыі да самага фінішу. Трэцім гонку скончыў прадстаўнік Ямахі Глэн Колдэнхоф, абагнаўшы ў тым ліку завадчаніна KTM Джэфры Херлінгса, які нарэшце вярнуўся ў лад і фінішаваў восьмым у першай гонцы і чацвёртым у другой.

Выніковая перамога на фінскім этапе дасталася Фэвру, Прада заняў другое месца, Колдэнхоф – трэцяе. У чэмпіянаце ж Хорхе па-ранейшаму далёка ад усіх астатніх наперадзе. Іспанец мае 720 ачкоў, на дзевяноста восем апярэджваючы Фэвра, які застаецца на другой пазіцыі. Сівер у сваю чаргу захоўвае трэцюю, у яго 550 балаў. Сярод вытворцаў першы GasGas, у якога 726 ачкоў, хаця Yamaha з 703-ма даволі блізка на сваёй другой пазіцыі. Kawasaki мае 638 ачкоў і замыкае першую тройку.

Наступным этапам чэмпіянату свету па мотакросе стане Гран Пры Швецыі, які пройдзе ва Удэвале 11-13 жніўня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты