Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Для разнастайнасці. На мотакросавым Гран Пры Швецыі пяршынствавалі Джэрэмі Сівер і Сімон Лангенфельдэр

Для разнастайнасці. На мотакросавым Гран Пры Швецыі пяршынствавалі Джэрэмі Сівер і Сімон Лангенфельдэр

Для разнастайнасці. На мотакросавым Гран Пры Швецыі пяршынствавалі Джэрэмі Сівер і Сімон Лангенфельдэр

Фота: mxgp.com

Няўдачы супернікаў лідараў чэмпіянату свету па мотакросе ў абедзвюх яго катэгорыях Хорхе Прада і Андрэа Адама пакінулі нас без інтрыгі. Затое, паколькі спяшацца іспанцу з італьянцам няма куды, яны могуць дазволіць сабе прапускаць на вяршыні подыумаў і кагосьці з іншых удзельнікаў, што яны і зрабілі ў шведскай Удэвале.

Усе апошнія дні расійска-фашысцкія акупанты працягваюць катаваць і забіваць украінцаў усіх узростаў. Развальваючыся, імперыя не можа скарыць суседзяў, але гора ім ўсё роўна прыносіць. І такое гора чакае ўвесь свет, калі ён працягне марудзіць з дапамогай Украіне. Толькі знішчэнне агрэсара і яго паслугача, што катуе беларусаў, прынясе доўгачаканыя мір і спакой ва ўсёй Еўропе. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Швецыі ёсць за што падзякаваць не толькі ўкраінцам, але і ўсім прыхільнікам гонак, у тым ліку чэмпіянату свету па мотакросе. І хоць траса Удэвала трапляе ў каляндар MXGP не штогод (хаця гонкі прымае з 60-х), але сусветнае пяршынства ўпрыгожвае кожны раз. Шкада толькі, што траўмы многіх фаварытаў па ходу папярэдніх этапаў практычна пазбавілі іх шанцаў пазмагацца за тытул.

Гаворка тут, асабліва ў дачыненні да малодшай катэгорыі MX2, найперш пра Яга Гіртса. Бельгіец з завадской Ямахі толькі быў раскаціўся пасля пропуску некалькіх этапаў, а на папярэднім у Фінляндыі ўпаў і выбыў з ладу ізноў, прапусціўшы ў выніку і шведскі Гран Пры. І хай лідар чэмпіянату Андрэа Адама правёў яго не ідэальна, перавага яго ўсё роўна засталася камфортнай.

Сапраўды няўдалай, зрэшты, для італьянца з Red Bull KTM Factory Racing была толькі першая з нядзельных гонак. Стартаваў у ёй Адама не надта ўдала, апынуўшыся на дзявятай пазіцыі, а потым, калі яго маска забрудзілася мокрым пасля дажджу грунтам, Андрэа прапусціў свайго канкурэнта з JM Honda Racing Камдэна МакЛелана і так дзясятым і фінішаваў.

Першым жа адмашку клецістым сцягам атрымаў гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які захапіў лідарства яшчэ на старце. Немец пасля ўпэўнена кантраляваў сітуацыю, і яшчэ адзін прадстаўнік завадскога калектыву KTM Ліам Эвертс, які скончыў гонку на другой пазіцыі, так і не здолеў падабрацца да яго блізка. Трэцім фінішаваў адзіны на дадзены момант у пелатоне прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team Рык Элзінга.

У Адама ж атрымалася другая гонка, якая праходзіла пад дажджом і якую ён узначаліў з самага старту. Цяпер ужо Лангенфельдэр быў у ролі таго, хто даганяе, але італьянца Сімон так і не дагнаў, задаволіўшыся другой пазіцыяй. Аднак Эвертс усё роўна застаўся ззаду і фінішаваў трэцім, таму выніковая перамога на Гран Пры Швецыі дасталася менавіта Лангенфельдэру. Эвертс заняў другое месца, Адама падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Затое ў чэмпіянаце Адама па-ранейшаму першы з 663-ма ачкамі. Яго галоўным пераследнікам цяпер з’яўляецца Эвертс, у якога 583 балы. Гіртс мае 559 і апусціўся ўжо на трэці радок, а хутка можа прапусціць і Лангенфельдэра, які ідзе следам, маючы 546 ачкоў. Пры гэтым Yamaha з 774-ма ачкамі застаецца першай сярод вытворцаў катэгорыі MX2. KTM з 732-ма баламі цяпер на другой пазіцыі, а Хускварна, у якой 699 ачкоў, апусцілася на трэцюю.

Лідар чэмпіянату ў старэйшай катэгорыі MXGP Хорхе Прада ў вядомай ступені можа расслабіцца. Яго задача на дадзены момант – не дапускаць памылак і не рызыкаваць празмерна. Таму ў які ўжо раз іспанец з завадской каманды GasGas дазваляе бліснуць сваім канкурэнтам. У прыватнасці, гоншчык Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр выйграў пяць папярэдніх Гран Пры запар, але ўсё роўна застаўся далёка ад Прада ў чэмпіянаце. Ну а ў Швецыі перарвалася і яго пераможная серыя.

Першую гонку, зрэшты, француз пачаў хол-шотам і захоўваў лідарства да сёмага круга, на якім упаў і прапусціў наперад Прада. Хорхе, які напярэдадні выйграў і кваліфікацыйны заезд, першым і фінішаваў, а Фэвр задаволіўся другой пазіцыяй. Трэцім да фінішу дабраўся прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Джэрэмі Сівер, якому Рамэн саступіў у другой гонцы.

Яе хол-шотам пачаў якраз швейцарац, і на мокрай трасе ён быў недасяжным для супернікаў, выйграўшы і заезд, і Гран Пры (як і Лангенфельдэр, у другі раз у сезоне). Фэвр ізноў фінішаваў другім, другое месца заняўшы і па выніках этапу. У гонцы першую тройку замкнуў партнёр Сівера па камандзе Максім Рэно, які пасля атрыманай у Іспаніі траўмы нагі прапусціў і той этап, і восем наступных, нарэшце вярнуўся ў лад.

Па выніках Гран Пры Швецыі ж трэцім стаў Прада, які застаўся галоўным, калі не адзіным прэтэндэнтам на тытул. У Хорхе ўжо 770 балаў супраць 672-х у Фэвра, які застаецца другім. Сівер, маючы 603 ачкі, захоўвае трэцюю пазіцыю. GasGas з 776-цю ачкамі ўтрымлівае лідарства ў заліку вытворцаў, але Yamaha, якая займае другую пазіцыю, па-ранейшаму блізка і адстае ўсяго на дваццаць балаў. Kawasaki мае 688 і замыкае першую тройку.

Сезон чэмпіянату свету па мотакросе набліжаецца да свайго фіналу, і ў апошнія летнія выхадныя правядзе свой наступны этап – Гран Пры Нідэрландаў, які пройдзе ў Арнхэме.

Іншыя пасты блога

Усе пасты