Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Восем па цане шасці. Гонка WEC у Спа зацягнулася і скончылася нечаканай першай перамогай каманды Jota

Восем па цане шасці. Гонка WEC у Спа зацягнулася і скончылася нечаканай першай перамогай каманды Jota

Восем па цане шасці. Гонка WEC у Спа зацягнулася і скончылася нечаканай першай перамогай каманды Jota

Фота: fiawec.com

У Ferrari AF Corse ізноў былі незадаволеныя. Там чакалі, што гонка 6 гадзін Спа-Франкаршам пасля спынення яе чырвонымі сцягамі калі і працягнецца, то будзе зусім кароткай, і пяцідзясяты экіпаж каманды нарэшце пераможа. Але гоначная дырэкцыя вырашыла кампенсаваць той час, што ўдзельнікі правялі, стоячы на галоўнай прамой за аўтамабілем бяспекі, і шоў усё ж такі працягнулася, стаўшы не шасці-, а васьмігадзіннай.

Антоніа Фуока, Мігелю Маліна і Нікласу Нільсэну на трэцім этапе чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць у Спа-Франкаршам не пашанцавала двойчы. У кваліфікацыі ім удалася здабыць поўл, але праз недавес гіперкара Ferrari 499P усе вынікі экіпажа былі ануляваныя, і стартаваў ён у выніку апошнім у сваім класе. А ўжо ў гонцы яшчэ і днішча машыны атрымала пашкоджанні, што, аднак, не перашкодзіла пілотам эфектыўна прарывацца і за першыя дзве траціны дыстанцыі дабрацца да групы лідараў.

У якой, дарэчы, увесь гэты час адбывалася шмат цікавага. З першай пазіцыі пасля дыскваліфікацыі пяцідзясятага экіпажа стартаваў пяты каманды Porsche Penske Motorsport у складзе Мэта Кэмпбэла, Міхаэля Крыстэнсэна і Фрэдэрыка Макавецкі. І пасля першых дзвюх гадзін гонкі на першай пазіцыі быў гіперкар Porsche 963, але ўжо не іх, а прыватнай каманды Proton Competition – дзевяноста дзявятая машына, якой гэтым разам кіравалі Ніл Яні і Жульен Андлаэ.

Апошні і вывеў свой экіпаж у лідары ўжо пасля трыццаці васьмі хвілін пасля старту, правёўшы выдатную атаку на Макавецкі ў Аўтобусным прыпынку. Першую пазіцыю француз захаваў і пасля хвалі піт-стопаў, але ўвесь кайф яму ледзь не абламала левыя дзверы, што ніяк не жадалі зачыняцца. На яго шчасце Жульена, гонка ў той момант была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі, таму праблему ўдалася вырашыць без страты пазіцыі.

Нейтралізацыя тады адбылася праз аварыю, якая праз паўтары гадзіны пасля старту здарылася ў павароце Fagnes, перад якім Рэнэ Раст на дваццатым гіперкары BMW M Hybrid V8 зачапіў трыццаць восьмы Porsche 963 каманды Hertz Team JOTA, які ў сваю чаргу прыбраў з сабой з трасы сорак шосты BMW M4 LMGT3 каманды WRT, якім на той момант кіраваў Ахмад Аль-Харці. Абодва гэтыя экіпажы сышлі з дыстанцыі, а маршалам даволі доўга прыйшлося чыніць бар’еры бяспекі, што вырашыў пракантраляваць нават бяззменны гоначны дырэктар WEC Эдуарда Фрэйтас.

Ужо пасля рэстарту пелатон пазбавіўся і адных з фаварытаў гонкі – пятага экіпажа заводскай Porsche. Перад Аўтобусным прыпынкам, памыліўшыся на выхадзе з Blanchimont, машыну левым бокам аб бар’ер прыклаў Крыстэнсэн. Пашкоджанні атрымала гібрыдная сістэма Porsche 963, праз што экіпаж склаў зброю. На момант аварыі ён займаў трэцюю пазіцыю, якая перайшла… да пяцідзясятага экіпажа Ferrari AF Corse! Прычым для італьянскага калектыву ўсё складалася як нельга лепей, бо на другую ўжо паспеў прарвацца і пяцьдзесят першы экіпаж Алесандра П’ер-Гуідзі, Джэймса Калада і Антоніа Джавінацы.

Для пераможцаў мінулагодняга Ле Мана гонка ў Спа таксама была няпростай. Праз няўдачу ў кваліфікацыі стартавалі яны толькі дзясятымі, і тое ў выніку анулявання ўсіх часоў сястрынскага экіпажу, бо нават прайсці ў сесію Гіперпоўла ў іх не атрымалася. Але ізноў жа, хуткасць у іх была, і пасля дзвюх трацін дыстанцыі яны ўжо трымаліся непасродна за лідарамі з дзевяноста дзявятага экіпажа Proton Competition. Прычым Калада на прамой Kemmel нават удалася абагнаць Яні і самому ўзначаліць гонку, хаця праз круг, праўда, прыйшлося і боксы наведаць для чарговага піт-стопа і перадачы стырна П’ер-Гуідзі.

Затое італьянец пачаў нарошчваць адрыў, тады як Яні пазней перад Аўтобусным прыпынкам прапусціў яшчэ і Фуока. Пасля гэтага экіпажы Ferrari AF Corse кантралявалі сітуацыю і ішлі на, нарэшце, магчымы дубль, які праз іх уласныя тактычныя хітрыкі не ўдаўся ім на папярэднім этапе ў Імале. Але меней чым за дзве гадзіны да сканчэння часу гонкі адбылося непрадбачанае, якое, канечне, не прадбачылі і ў шостым экіпажы Porsche пераможцаў першай гонкі сезону ў Катары Кэвіна Эстрэ, Андрэ Лотэрэра і Лоўрэнса Вантора і дванаццатым Hertz Team JOTA, за які гэтым разам выступалі толькі Уіл Сцівэнс і Калум Айлат.

І тыя, і тыя зрабілі, як выявілася, своечасовыя піт-стопы акурат перад тым, як усё на той жа прамой Kemmel адбылася жудасная аварыя. У гэтай гонцы даволі хуткім быў таксама другі экіпаж Cadillac Racing у складзе Эрла Бамбера і Алекса Ліна. Першы з іх у пачатку перадапошняй гадзіны гонкі ішоў чацвёртым, і ўжо гатовы быў уварвацца і ў першую тройку, ізноў жа на прамой Kemmel атакаваўшы дзевяноста дзявяты экіпаж Proton Competition.

Але дзеянні Бамбера выглядалі, хутчэй, неразважна, бо ён паспрабаваў уціснуць свой Cadillac V-Series.R паміж і прататыпам Porsche 963, і больш павольным кругавым BMW M4 трыццаць першага экіпажа Team WRT, за які выступаюць Дарэн Лонг, Шон Гелаэль і Аўгусту Фарфус. У выніку Пратонаўскі Porsche абагнаць не атрымлася, затое Эрл зладзіў аварыю з Гелаэлем, які ў той момант быў за стырном BMW, сур’ёзна разбіў свой гіперкар, выбіў Шона і пашкодзіў бар’еры бяспекі, якія прыйшлося доўга рамантаваць у рэжыме чырвоных сцягоў, які быў абвешчаны адразу.

У той жа Формуле 1 ў такіх выпадках гонка проста прыпыняецца, адлік кругоў, зразумела, не ідзе. А вось у доўгіх гонках, які праходзяць па хранаметражы, час працягвае ісці. Так адбылося і гэтым разам, і паколькі ліквідацыя наступстваў зацягнулася настолькі, што заезд, калі б ён і быў адноўлены, працягваўся б ад сілы пару кругоў, перамога адпраўлялася б у кішэнь пяцьдзесят першага экіпажа Ferrari, які на момант аварыі лідзіраваў. Аднак дырэкцыя гонкі вырашыла кампенсаваць час, праведзены ў рэжыме чырвоных сцягоў, і пасля аднаўлення заезду заставалася не пара хвілін, а адна гадзіна і сорак чатыры хвіліны!

Першыя кругі пасля зняцця чырвоных сцягоў прайшлі за аўтамабілем бяспекі, і піт-лэйн пару кругоў быў закрыты. Піт-стопы ў такім выпадку дазволеныя кароткія і толькі тым, каму яны неабходныя праз малую колькасць паліва. Экіпажы Ferrari былі якраз сярод такіх, таму ім прыйшлося спачатку заязджаць на аператыўную дазапраўку, а ўжо потым рабіць паўнавартасныя піт-стопы.

Таму з барацьбы за перамогу яны выключыліся адразу, хаця наўрад ці тая барацьба наогул была. Прыватны дванаццаты Porsche 963 быў яўна хутчэйшы за заводскі шосты, таму Сцівэнс і Айлат ўпэўнена перамаглі, што стала першым поспехам Hertz Team JOTA ў катэгорыі гіперкараў. Эстрэ, Лотэрэр і Вантор фінішавалі другімі, трэцяе месца занялі Фуока, Маліна і Нільсэн.

Сітуацыя з чырвонымі сцягамі многа каму паламала стратэгічныя планы і ў катэгорыі LMGT3. Значную частку дыстанцыі тут лідзіравалі дзяўчаты з восемдзесят пятага экіпажа Iron Dames Сара Баві, Рахель Фрэй і Мішэль Гацінг, якія ў WEC выступаюць на Lamborghini Huracan LMGT3. Свае намеры яны абазначылі яшчэ ў кваліфікацыі, здабыўшы поўл, і цяпер рыхтаваліся нарэшце ўзысці на вяршыню подыуму.

Хаця канкурэнты, вядома, спрабавалі ім перашкодзіць, і тым жа Джэймсу Коцінгэму, Нікаласу Косце і Грэгуару Сасі на пяцьдзесят дзявятым McLaren 720S LMGT3 Evo каманды United Autosports удалася навязаць ім барацьбу. Дый дзевяноста першы Porsche 911 R LMGT3 каманды Manthey EMA таксама аказаўся дастаткова хуткім, асабліва пад кіраваннем Морыса Шурынга, які дзеліць какпіт з Ясірам Шахінам і Рыхардам Літцам. Малады нідэрландзец у сваю змену на чацвёртай гадзіне гонкі наогул вывеў у лідары свой экіпаж, які стартаваў трэцім (чаму, дзеля справядлівасці, дапамаглі і непрыемнасці сорак шостай машыны Team WRT).

Экіпажу ж Iron Dames не пашанцавала і на фінальным піт-стопе, які зацягнўся праз праблемы з правым заднім колам. У тым ліку праз гэта клецісты сцяг Баві, Фрэй і Гацінг пабачылі толькі пятымі. Лідарства ж на апошняй гадзіне захапіў быў шасцідзясяты экіпаж Iron Lynx у складзе Клаўдзіа Скіавоні, Матэа Крэсоні і Франка Перэры. Але іх жоўтаму Lamborghini на апошніх кругах такі спатрэбілася дазапраўка, якая адкінула італа-французскае трыа на трэцяе месца.

Мала паліва пад фініш было і ў баку Porsche дзевяноста другога экіпажа Manthey PureRxing, у якім разам з немцам Джаэлем Стурмам і аўстрыйцам Клаўсам Бахлерам выступае наш беларус Аляксандр Малыхін (на жаль, не пад сцягам нашай краіны праз злачынствы калгаснага дыктатара). Стартавалі яны толькі дзявятымі, аднак у гонцы знайшлі тэмп і шанцаванне і ўжо захапілі былі лідарства. Але праз неабходнасць эканоміць паліва на апошніх кругах саступілі калегам Шахіну, Шурынгу і Літцу першае месца, задаволіўшыся другім.

Лідарства ў заліку вытворцаў чэмпіянату свету пасля гонкі ў Спа засталася ў Porsche, якая мае 83 ачкі. Таёце гэтым разам не надта пашанцавала – толькі шостае і сёмае месцы (ізноў баланс прадукцыйнасці згуляў супраць японцаў), і хоць у турнірай табліцы яна засталася другой, але ад лідара з 60-цю ачкамі адстае ўжо сур’ёзна. Ferrari па-ранейшаму на трэцяй пазіцыі, у яе 49 балаў.

Лотэрэр, Эстрэ і Вантор, у якіх 74 ачкі, узначальваюць залік гоншчыкаў чэмпіянату свету, а Айлат і Сцівэнс разам узляцелі на другую пазіцыю – у іх 52 балы. Замыкаюць першую тройку, маючы 46 ачкоў, Камуі Кабаяшы, Майк Конвэй і Нік дэ Фрыс. Manthey PureRxing захавалі першую пазіцыю ў LMGT3, дзе ў іх ужо 72 ачкі, што значна болей за 37, якія маюць два канкурэнты – Team WRT, якія ідуць другімі, і ў Heart of Racing, якія замыкаюць першую тройку.

Наступным прыпынкам чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць стане цэнтральная падзея сезона – Ле Ман. Яго тыдзень пачнецца 10 чэрвеня, а сама гонка пройдзе 15-16 чэрвеня. Наш блог, вядома, будзе ўважліва за ёй сачыць, а ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja я паспрабую правесці яе тэкставую трансляцыю, таму заклікаю падпісвацца. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы таксама можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты