Tribuna/Кіберспорт/Блогі/Беларусы з кiберспорту трапiлi ў буйны скандал з дамоўнымі матчамі – дзеля iх у «сетцы» з Расіі выкарыстоўвалi грошы, страх і нават секс

Беларусы з кiберспорту трапiлi ў буйны скандал з дамоўнымі матчамі – дзеля iх у «сетцы» з Расіі выкарыстоўвалi грошы, страх і нават секс

Але ж нават не факт, што кагосьцi пакараюць.

Аўтар — Alex Zagorski
15 красавіка 2023, 13:00
Беларусы з кiберспорту трапiлi ў буйны скандал з дамоўнымі матчамі – дзеля iх у «сетцы» з Расіі выкарыстоўвалi грошы, страх і нават секс

Дамоўныя матчы і іншыя маніпуляцыі з гульнямі – усё больш частая з’ява ў кiберспорце. А нядаўна ў Расii выявiлася цэлая сетка, якая стварыла сапраўдны канвеер матчаў «на кантору» ў звышпапулярным мультыплэеры Dota 2. Пры гэтым у складах каманд з «дагаварнякамi» ў пасiве (такiя гульнi на слэнгу называць 322) былi i беларускiя ўдзельнiкi.

Каб выкрыць шэраг падманных супрацьстаянняў, расiйскi блогер Morf правёў сваё паспяховае расследаванне. Вось спасылка на яго вiдэа, а нiжэй мы пералiчым асноўныя пункты.

Як працуюць схемы і колькі можна зарабіць

Morf пачаў расследванне з-за таго, што адзiн з адмiнiстратараў вядомага ў доцераў Discord-сервера стаў адкрыта заяўляць, што арганiзуе «дагаварнякi». Богер зацiкавiўся гэтым i падаслаў на сервер свайго «агента». Той лёгка ўстанавiў кантакт з патрэбным яму чалавекам, некалькi раз па сваёй iнiцыятыве дапамог яму ў некаторых просьбах i праз невялiкi час дастаткова ўвайшоў у давер, каб дазнацца сапраўднае iмя адмiнiстратара – iм аказаўся Антон Манецін, былы трэнер і менеджар акадэміі буйной расійскай кіберарганізацыі Winstrike.

Неўзабаве Манецін, якi нiчога на западозрыў, прапанаваў «агенту» рабіць стаўкі на матчы з загадзя вядомым вынiкам. Прычым грошы на гэта даваў сам арганiзатар – але ж усю суму з выйгрышам трэба было вяртаць. Выгада для «агента» i iншых, з кiм «працаваў» Манецiн, была ў тым, што можна было паставiць i свае грошы – тады арганiзатар забiраў толькi 50% ад выйгрышу.

Першая ж стаўка па прыказу Манеціна аказалася на матч з удзелам беларускага гульца – Мікіта Lonely Кашкан з камандай HOTU супрацьстаў камандзе beautiful у адкрытай кваліфікацыі да лігі Усходняй Еўропы. Нават дзiўна, што букмекеры дазвалялi ставiць на такi матч (у адбор мог заявiцца хто заўгодна), але ж арганiзатар сеткi гэтым скарыстаўся. Па яго прызнаннi, гульцы beautiful сумарна атрымлiвалi ад яго да 850 долараў за забеспячэнне патрэбнага вынiку.

Пры чым тут беларускi гулец, калi ён быў за iншую каманду? Аказалася, што HOTU таксама «злiвала», толькi супрацоўнiчала з iншай сеткай. Таму стаўка Манецiна на першую карту (гэта як першы матч у серыi плэй-оф да некалькiх перамог) спрацавала, а вось на другую – ужо не: як бы дрэнна нi гулялi beautiful, HOTU ўсё ж змаглi прайграць дзеля сваiх мэтаў.

Але ж звычайна ў Манецiна не было промахаў. Прычым пасля некалькіх ставак, па якiх «агент» выканаў усе ўмовы са свайго боку, арганiзатар пачаў зліваць больш цэнную інфармацыю. Напрыклад, свая каманда Dawn Gaming знайшлася ў Манецiна ў кiтайскай лізе – i там ставiлi ўжо на тотал знiшчэнняў герояў на карце (гэта прыкладна як колькасць забiтых мячоў за матч у футболе). Такiя больш дэтальныя стаўкi звычайна маюць прывабны каэфiцыент выйгрышу. Усе злітыя Манеціным стаўкі па гэтаму матчу зайшлі.

А для яшчэ адной сваёй каманды пад назвай Thiuth Gaming Манецiн выкупiў месца ў элітным дывізіёне лiгi Паўночнай Амерыкi ў iншага калектыву за 20 тысяч долараў. У выніку Thiuth Gaming прайгралі 6 з 7 матчаў і вылецелі з эліты – а Манецiн, вiдавочна, зарабiў нашмат больш, чым выдаткаваў.

Хто з беларусаў узгадваецца ў расследаванні

У камандах, падкантрольных сетцы Манецiна, было i некалькi беларускiх гульцоў. Напрыклад, у складзе каманды Wildcard Gaming, якая таксама гуляла ў лiзе Паўночнай Амерыкi, выступаў беларус Кірыл Sunlight Качынскі. Але яго ўдзел у дагаварняках пад пытаннем – аўтар расследавання лiчыць, што, зыходзячы з паводзiнаў, Качынскi мог не ведаць пра тое, што яго сукаманднікі здаюць гульнi.

Затое Манецiн наўпрост казаў, што на яго добра працуе i робiць патрэбны рэзультат на розных турнірах iншы беларускi гулец – Сяргей HappyDyurara Харожны з каманды HYDRA. Проста зараз HYDRA з Харожным бярэ ўдзел у элітным дывізіёне лігі Усходняй Еўропы.

Апроч гэтага, ўзгаданыя Кашкан, Харожны, а таксама Аляксандр pio65 Залівака, Алег klassnokruto Палфёраў і Уладзімір Miyaoo Аўсянскi засвяціліся на турніры Neon League. Ён быў створаны Манеціным адмыслова дзеля заробку на дагаварных матчах – 6 з 8 калектываў былі падкантрольныя сетцы арганiзатара.

Як гульцоў уцягваюць у «дагаварнякi»

Таксама ў расследаванні распавядаецца, як гульцы трапляюць у дамоўную кругаверць. Акрамя таго, што ўдзельнiкам дамоўных матчаў плацяць за «злiвы», ёсць i iншыя метады ўздзеяння. Так, у перапiсцы з «агентам» Манецiн заявiў, што ў выпадку невыканання ўмоў гульцоў «знойдуць» тыя, чыiмi высiлкамi на матч пастаўлена 1,6 мiльёна расiйскiх рублёў (каля 20 тысяч долараў). Што здарыцца з гульцамi ў такiм выпадку, застаецца толькi здагадвацца, але яны яўна пра гэта думалi – стаўка зайшла без эксцэсаў.

Ёсць і больш iнтымная гісторыя. Гулец расійскай каманды Cybercats Альберт alberkaaa Чорнаіванаў улiп у сетку праз дзяўчыну, якую пад яго фактычна падлажыў Манецiн. Арганiзатар красамоўна распавёў пра гэта «агенту».

– Раней я быў менеджарам у яго камандзе. Мне проста быў патрэбны ручны гулец, які будзе рабіць тое, што мне трэба. Даведаўся, што ён ведае маю знаёмую, і адразу ўзнік план, што іх трэба звесці, каб ён быў маім ручным чарвячком. Я прывёў яе ў бар, яшчэ паднастроіў яе ў «тым» напрамку. Альберт прыехаў такі заціснуты, а я іх настройваў на тое, што «штосьці ў іх будзе ўвечары». Потым я даў Альберту ключы ад сваёй кватэры, пакінуў іх сам-насам. Яна б не пераспала з ім, калі б не я.

Пасля гэтага Альберт стаў паслухмяным, проста шаўковым. З iм спiць жанчына, на якую трэба выдаткоўвацца, а значыць, трэба зарабляць. Ён рабіў усё, што я прасіў – пагуляць з чытамі, пагуляць не пад сваім акаўнтам, – сказаў Манецін. Канешне ж, апошнiя названыя дзеяннi строга забароненыя правіламі Dota 2.

Што чакае парушальнікаў?

Ці будуць прынятыя меры супраць арганiзатараў «дагаварнякоў» i гульцоў? Тут усё цалкам залежыць ад Valve – стваральніка гульні, якая i кантралюе ўсе асноўныя турнiры. Але ж сам Манецiн не думае, што яму нешта пагражае.

– Valve ##### [усё роўна], абсалютна ##### [усё роўна]. Баняць толькі кітайскія каманды, якія [на топ-турнiрах праз дагаварнякi] зарабляюць па 200-300 тысяч долараў за матч. [Толькі] калі букмекерскія канторы пайшлі да Valve і сказалі: «Якога ### [чорта]»… А ўся ж кіберспартыўная сфера трымаецца на букмекерах. Калі букмекеры зразумелі, што іх кінулі праз сцягно і грабуць з іх грошы лапатай, яны ###### [вельмi здзівiлiся] проста. На гэтым моманце і [пайшлі] баны кітайцаў. На ўсё астатняе можна ціснуць толькі медыйным бокам, хайпам, – сказаў Манецін.

Не вельмі добра адгукаюцца пра Valve і ў камьюніці гульні. Праблема існуе не першы год, але ніякай глабальнай рэакцыі на яе арганізацыя не дэманструе, акрамя раздачы банаў час ад часу. Такім чынам, усё апiсанае можа i працягнуцца, калi кампанiя не звярне нiякай увагi на расследаванне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты