Tribuna/Футбол/Блогі/Цуд Нідэргауса на фоне смерці Пушкіна: лукашыстаў хвалюе здароўе вязняў! Затое Галаваты застаўся з белфутболам – і гэта вялікая праблема

Цуд Нідэргауса на фоне смерці Пушкіна: лукашыстаў хвалюе здароўе вязняў! Затое Галаваты застаўся з белфутболам – і гэта вялікая праблема

Тым, да каго вельмi шмат пытанняў, iх не задаюць.

11 ліпеня, 19:26
Цуд Нідэргауса на фоне смерці Пушкіна: лукашыстаў хвалюе здароўе вязняў! Затое Галаваты застаўся з белфутболам – і гэта вялікая праблема

Жыве лукашэнкаўскі суд – самы гуманны суд у свеце! Не ведаю, ці выгукнуў такое пасля абвяшчэння прысуду Уладзімір Нідэргаус. Калі не – яму варта было гэта зрабіць, бо ён не толькі саўдзельнік злачынства, але і саўдзельнік цуду.

Чалавек, з дапамогай якога беларускі футбол увагналі ў хаос, які спакушаў «Энергетык-БДУ», «Белшыну» ды іншыя калектывы, выходзіць на волю. Гэта ж трэба – так званы пракурор і так званы суд звярнулі ўвагу на стан здароўя былога спартыўнага дырэктара салігорскага «Шахцёра» і абмежаваліся штрафам, хаця можна ж было адправіць небараку на тры гады за краты. Уласна, цуд менавіта ў гэтым. Палітвязні Ксенія Луцкіна (мае пухліну галаўнога мозгу), Уладзімір Гундар (страціў слых), Рыгор Кастусёў (анкалогія), Аляксандр Фядута (мае праблемы з нагамі) ды шмат хто яшчэ пра такі гуманізм могуць толькі марыць (дакладней, не могуць).

Пінчука-пенсіянера Мікалая Клімовіча кінулі за краты за антываенную карыкатуру з Аляксандрам Лукашэнкам. Мужчына, які незадоўга да таго перанёс інсульт, напярэдадні абвяшчэння выраку папярэдзіў, што любое пазбаўленне волі для яго – смерць. У выніку так і атрымалася: Клімовіча ўзялі пад арышт і накіравалі ў СІЗА – там ён праз пару месяцаў і памёр.

Нідэргаус можа ўдвая лічыць сябе шчасліўчыкам на фоне навіны, што ў аўторак пры нявысветленых абставінах у шпіталі сканаў мастак-палітвязень Алесь Пушкін. Шчасліўчыкам, што не палітычны.

Пры гэтым функцыянеру выпісалі такі штраф (185 тысяч рублёў, а яшчэ ж федэрацыя футбола спаганяе амаль 15 тысяч долараў), што багата хто са звычайных беларусаў за лепшае абраў бы пасядзець. Але калі грошы – не праблема, трэба рвацца на свабоду. Тое цалкам слушна.

Вось што здзівіла ў працэсе над Нідэргаусам, дык гэта нейкая нетыповая абыякавасць носьбітаў формы і мантыі да фінансавага складніку. Дзе менеджар, які працаваў у камандзе, што жыла на датацыі з боку фактычна дзяржаўнага прадпрыемства, браў грошы, каб стымуляваць і падкупаць? Хто яму даваў гэтыя грошы? Хто скрозь пальцы глядзеў на іх выкарыстанне? Чаму грошы, які зарабляюць беларускія шахцёры, марнаваліся такім чынам?

І толькі не трэба казаць, што гэта нецікава. Гэта ж галоўныя пытанні ў лукашэнкаўскіх сілавікоў. Хто вам заплаціў, каб вы выйшлі на мітынг? А хто вам плаціць, каб вы дасылалі ў турмы лісты і перадачы? Яны ніколі не вераць у чысціню памкненняў. І можна прыгадаць, як добра ў свой час раскруцілі кіраўнікоў хакейнага «Дынама» Максіма Суботкіна і Уладзіміра Беражкова. Апошні таксама казаў, што траціў нейкія левыя грошы на патрэбу клуба, прычым не на тое, каб падкупіць супернікаў – і ледзьве выкараскаўся з-за крат, у адрозненні ад Суботкіна. Той нармалёва прысеў.

Відавочна, разбірацца, адкуль у Нідэргауса грошыкі, не надта хацелася. Проста не было такой задачы. Да гэтай высновы падштурхоўвае простае назіранне: падчас паседжанняў ні разу не прагучала прозвішча Галаваты (прынамсі, яго не зафіксаваў прапагандысцкі рэсурс «Мінская праўда», які сачыў за працэсам, i iншыя крынiцы). Генеральны дырэктар «Беларуськалія» няхай і без пасады, але апякуецца над клубам, забяспечвае яму фінансаванне. Віншуе гульцоў пасля сезону, бывае ў распранальні. Уласна, грошы ягонага прадпрыемства і раскідваў прыезджы кіраўнік з вельмі сумнеўнай рэпутацыяй (Нідэргауса і раней звязвалі з футбольнымі махінацыямі).

Так, гэта пад наглядам Галаватага ўтварыўся дзіўны праект, які ў шалёных аб’ёмах паліў грошы, што зарабляліся на беларускім каліі. Там ладзілі каруселі з нізкаякасных легіянераў. Падпісвалі незарэгістраваныя кантракты. Прывезлі гэтага вось Нідэргауса, з якім дакаціліся да дамоўных матчаў (ладна ўжо стымуляванне). Але самае галоўнае – гаспадаром у клубе быў нейкі ўвогуле незразумелы чалавек без пасады. Ён вырашаў, каго падпісаць і прызначыць, каго звольніць, на каго колькі патраціць. Хаця ладна, чалавек зразумелы – так званы футбольны агент Яўген Култаеў, пра якога мы пісалі яшчэ чатыры гады таму. Супрацоўнікі клуба ў лукашэнкаўскім судзе наўпрост сведчылі, што падпарадкоўваліся гэтаму персанажу. Па сутнасці, Галаваты забяспечваў грашыма дзяржаўнага прадпрыемства Култаева, каб той на іх чыніў незразумела што. Але пытанняў да Галаватага, сваяка сям’і Віктара Лукашэнкі, няма.

Можа, пытанні ёсць да памочніка Галаватага на «Беларуськаліі» Вадзіма Шумака? Ён жа фармальны старшыня футбольнага клуба «Шахцёр». Ну так, вы ўсё правільна разумееце: памочнік Галаватага – старшыня, але ўсімі пытаннямі ў клубе руліць Култаеў. І калі журналісты тэляць Шумаку, каб запытацца пра ганебныя справы ягонага «Шахцёра», то чуюць ледзьве не гістэрыку: «Чаму вы мне званіце?!»

І сапраўды – чаму.

З Шумаком увогуле адбылося дзіўнае. Мы ведаем, што футбольную пасаду ён заняў у снежні 2014-га (пры гэтым працягнуў працаваць на «Беларуськаліі»). Пра сыход з клуба нічога не паведамлялася. Але пры гэтым у мінулым годзе прозвішча Шумак раптам знікла з раздзелу кіраўніцтва на афіцыйным сайце «Шахцёра». 9 лiпеня 2022-га ён там быў, а ўжо 16 жніўня 2022-га яго не стала. Што здарылася?

Магчыма, проста супадзенне, але Шумак выпарыўся з сайта акурат перад тым, як федэрацыя наклала на «Шахцёр» штраф за адсутнасць рэгістрацыі дадатковых пагадненняў да кантрактаў. То бок афіцыйна было заяўлена пра тое, што ў клубе нешта муцяць з паперамі, і за гэта наклалі штраф у памеры 40 тысяч рублёў. А старшыня клуба... Як мінімум на сайце старшыні ў клуба ўжо не было. Так сышліся зоркі.

Затое на сайце заставаліся тыя, хто ў выніку і сеў. Дырэктар Аляксандр Марчанка абмежаваўся кароткім трыпам у камеру. Ягоны калега Нідэргаус заехаў на паўгода. Але ўсе цяпер на волі. І з гэтай гісторыі напрошваецца толькі адна выснова: мафія сваіх не кідае. І Марчанка, і тым больш Нідэргаус аказаліся ідэальнымі хлопчыкамі. Не крыўдавалі на непрыемны паварот лёсу, не панікавалі, лішняга не казалі, хаця, перакананы, пра лішняе ў іх і не пыталіся. І – вуаля – адносны хэпі-энд.

Ну а што выйграў белфутбол? Пара дробных махінатараў злёгку атрымала па срацы, а іхныя босы – нават не пацярпелі. Пакуль судзілі Нідэргауса, Галаваты катаўся на ровары па месцах баявой славы, віншаваў калектыў «Беларуськалія» з 3 ліпеня пафасным спічам, адзначаў свой дзень нараджэння. Ну а яшчэ фігураваў у справаздачы як асоба, датычная да выкрадання ўкраінскіх дзяцей.

То бок i Галаваты, і той жа Шумак – па-ранейшаму прымальныя фігуры для беларускага футбола. А гэта значыць, што інфраструктура для новых злачынстваў нікуды не знікла. Схема адпрацаваная – трэба перачакаць мінус па ачках ды замяніць пару шрубчыкаў, і можна працаваць наноў. Новыя легіянеры, новыя нідэргаусы і новыя трафеі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты