Tribuna/Футбол/Блогі/Як Санча дасягнуў кар'ернага дна ў «МЮ», хаця яму ўсяго 23

Як Санча дасягнуў кар'ернага дна ў «МЮ», хаця яму ўсяго 23

Ментальныя праблемы, сварка з тэн Хагам і адхіленне ад каманды.

13 кастрычніка, 05:23
Як Санча дасягнуў кар'ернага дна ў «МЮ»,  хаця яму ўсяго 23

Усяго некалькі гадоў таму Джэйдан Санча быў адным з найлепшых англійскіх гульцоў, дэманстраваў відовішчную і выніковую гульню і быў важнай асобай для нацыянальнай зборнай Англіі.

Пасля здарыўся пераход у «Манчэстэр Юнайтэд» – і кар'ера імкліва пайшла ўніз. Пасля вяртання на Радзіму адна праблема Санча перарастае ў іншую, сам футбаліст пакутуе, а яго будучыня няпэўная.

Чаму так адбылося і што будзе далей? Разбіраемся.

Санча прыйшоў у «МЮ» суперзоркай – але праз Раналду і Рэшфарда не змог загуляць

Джэйдан Санча быў галоўным, калі гуляў за дортмундскую «Барусію».

Англічанін забіў 50 мячоў і аддаў 64 асісты ў 137 матчах за нямецкі клуб, паставіў вялікую колькасць рэкордаў выніковасці сярод англічан, у Бундэслізе і сярод тынэйджараў у топ-чэмпіянатах. Той Санча ў «Дортмундзе» абыгрываў супернікаў адзін за адным з такой лёгкасцю, што ў гэта было цяжка паверыць, таму лагічна, што за кутом ужо стаялі еўрапейскія гранды, якія маглі прапанаваць яму больш выгадныя фінансавыя ўмовы.

Улетку 2021-га Джэйдан пераехаў у «МЮ» за 85 млн еўра.

Непаразуменні пачаліся адразу. «МЮ» цікавіўся Санча яшчэ ў 2020-м і абяцаў яму 7-ы нумар, аднак пасля яго пераходу з сямёркай працягнуў гуляць Эдысан Кавані, а пасля яе ў якасці «падарунка» ад уругвайца атрымаў Крышціяну Раналду. Зрэшты, то быў не самы вялікі галаўны боль для Джэйдана.

Калі ўжо пачаўся сезон, новы 25-ы нумар «чырвоных д'яблаў» запатрабаваў час на адаптацыю, але з'яўленні ў стартавым складзе ўвесь час чаргаваліся з выхадамі на замену, а на полі ён гуляў то злева, то справа – гэта, вядома, не надавала ўпэўненасці і не спрыяла вяртанню ў найлепшую форму.

У цэлым жа галоўнай праблемай Санча ў «МЮ» стаў прыезд Раналду ў апошні дзень летняга трансфернага акна-2021. Сульшэр адразу пабудаваў атакуючы футбол вакол партугальца ў якасці цэнтрфорварда, а Маркус Рэшфард, якога планавалі выкарыстоўваць «дзявяткай» таго сезона, аўтаматычна пераходзіў на левы фланг, дзе так хацеў гуляць Джэйдан.

Не спрыяла развіццю і агульная карціна ў клубе – Оле-Гунара Сульшэра, трэнера, пры якім Санча перайшоў у «Юнайтэд», звольнілі, прыйшоў Ральф Рангнік, задача якога палягала ў тым, каб праўдамі і няпраўдамі заваяваць пункты, нягледзячы на тое, як гуляе каманда. Пад кіраўніцтвам немца Джэйдан нават крыху набраў і дэманстраваў нядрэнную гульню – пакуль што сваю найлепшую ў чырвонай футболцы.

Пад кіраўніцтвам тэн Хага ўсё пагоршылася – спачатку былі ментальныя праблемы і трэніроўкі па-за камандай

Сезон 2022/23 Санча пачаў адносна нядрэнна – быў стартарам у новага трэнера Эрыка тэн Хага і двойчы забіў у першых пяці матчах сезона (шэдэўр у вароты «Ліверпуля» і пераможны гол «Лестэру»). Пасля, праўда, у англічаніна адбыўся яшчэ адзін прыкметны спад фізічнай формы, які суправаджаўся яшчэ і сур'ёзнай траўмай.

Для аднаўлення кандыцый Джэйдан накіраваўся ў Нідэрланды для трэнаванняў па індывідуальнай праграме ў аматарскім футбольным клубе «Росмален» – з ім займаліся знаёмыя спецыялісты Тэн Хага, які і прапанаваў гэты метад рэабілітацыі.

Згодна з планам, Санча мусіў выправіцца на міні-збор каманды ў Іспанію падчас чэмпіянату свету і быць гатовым да вяртання АПЛ пасля турніру ў Катары, аднак яго не было ні ў Іспаніі, ні ў заяўцы каманды на матчы з «Нотынгем Форэст» і «Вулверхэмптанам».

Калі тэн Хага спыталі пра стан здароўя гульца, Эрык распавёў, што Санча «ўсё яшчэ не гатовы праз спалучэнне фізічных і ментальных праблем», а тэрміны яго аднаўлення трэнер прадказаць не браўся. Як выявілася пазней, нідэрландцу нельга было агучваць інфармацыю пра псіхалагічныя праблемы Джэйдана, таму напружаныя стасункі паміж імі ўзніклі ўжо тады.

Англічанін вярнуўся на поле 1 лютага 2023 года ў пераможным матчы Кубка лігі супраць «Нотынгем Форэст». Фота шчаслівых Санча і тэн Хага разляцелася па сетках – яго камбэку радаваліся ўсе:

Сваё вяртанне ў АПЛ Джэйдан адсвяткаваў голам у вароты «Лідса», які выратаваў для «Юнайтэд» нічыю, а ў наступных 15 гульнях чэмпіянату ён змог запісаць на рахунак 3+2 – здавалася, пакуль што далёка не праймавы, але правільна наладжаны Санча нарэшце вярнуўся.

Але ў новым сезоне – новыя траблы. Санча пасварыўся з тэн Хагам і цяпер цалкам адхілены ад каманды

«Канкрэтна цяпер вакол Санча вельмі добры вайб. У яго шмат энергіі – мы ўсе гэта бачылі ад моманту яго вяртання на поле. Ён хоча атрымліваць асалоду ад футбола і быць паспяховым», – казаў пра Джэйдана тэн Хаг падчас перадсезоннай падрыхтоўкі «МЮ».

Санча адносна нядрэнна выглядаў у таварыскіх матчах, адзначыўся ў варотах «Арсенала», але сезон усё роўна пачаў на лаве запасных – за спінай Антані, Рэшфарда і нават Гарнача. У стартавых трох матчах 23-гадовы футбаліст выходзіў на поле з лавы запасных, а на матч чацвёртага тура з «кананірамі» ўвогуле не патрапіў у заяўку.

Пасля паразы 1:3 нідэрландзец патлумачыў адсутнасць Санча яго «вынікамі на трэнаваннях» – Джэйдан з гэтым катэгарычна не пагадзіўся, не змаўчаў і напісаў сваё меркаванне наконт сітуацыі ў сацсетках.

«Калі ласка, не верце ўсяму, што чытаеце! Я не дазволю людзям казаць рэчы, якія з'яўляюцца абсалютна памылковымі.

На гэтым тыдні я вельмі добра выкладваўся на трэнаваннях. Упэўнены, што на гэта паўплывалі іншыя прычыны, у якія не буду паглыбляцца. Доўгі час я быў ахвярным казлом, але гэта несправядліва! Усё, чаго я хачу – гэта гуляць з усмешкай на твары і дапамагаць камандзе. Я паважаю ўсе рашэнні трэнерскага штаба, гуляю з выдатнымі партнёрамі, удзячны за гэта і ведаю, што кожны тыдзень – гэта выклік.

Я працягну змагацца за гэтую эмблему, што б ні здарылася», – напісаў Санча ў інстаграме.

Рэакцыю клуба доўга чакаць не прыйшлося – Джэйдана адхілілі ад трэнаванняў і матчаў з першай камандай манчэстэрцаў па «дысцыплінарных прычынах». Пасля стала вядома, што Санча адмовіўся выбачацца перад тэн Хагам, а партнёры па камандзе падтрымліваюць менавіта трэнера і яго жорсткую дысцыпліну.

Па інфармацыі Mirror, англічаніна не толькі выключылі з трэнаванняў, але і забаранілі карыстацца ўсімі памяшканнямі на клубнай базе, прызначанымі для першай каманды. Футбаліст цяпер нават не можа харчавацца на базе ў сталовай першай каманды. У клубе лічаць, што канфлікт Санча з галоўным трэнерам зайшоў у тупік, але адзінае выйсце з яго – Джэйдан павінен папрасіць прабачэння ў трэнера.

Адразу некалькі клубаў хочуць падпісаць Санча, магчымы варыянт – вяртанне ў «Дортмунд»

Канфлікт Санча з тэн Хагам адбыўся яшчэ да заканчэння трансфернага акна ў некаторых краінах, таму Джэйдана актыўна звязвалі з арэндай у Саудаўскую Аравію, дзе ім быццам бы цікавіліся «Аль-Іціфак» Стывена Джэрарда і «Аль-Іціхад». Па некаторых звестках, менавіта англічанін адмовіўся мяняць клуб, але, здаецца, будучыні ў «Юнайтэд» у яго ўжо няма, таму пераход ужо ў студзені – цалкам верагоднае развіццё падзей.

Сярод магчымых варыянтаў працягу кар'еры для Санча фігуруюць «Нотынгем Форэст», які трэнуе Стыў Купер, былы трэнер Джэйдана ў юнацкай зборнай Англіі, «Барселона» і «Рома», але больш за ўсё размоў пра магчымае вяртанне ў «Барусію».

У сацсетках Джэйдан увесь час выстаўляў сторыс, на якіх ён глядзіць матчы «Дортмунда», і пакідаў каментары былым партнёрам па камандзе. У англічаніна выдатныя стасункі з мясцовымі заўзятарамі, але яго вяртанне выклікае пытанні сярод кіраўніцтва клуба.

Акрамя фінансавых момантаў клуб заклапочаны дысцыплінай – па інфармацыі газеты BILD, яшчэ выступаючы за «Барусію» Санча часцяком спазняўся на трэнаванні, ездзіў дадому на 2-3 дні пасля матчаў і меў праблемы са сном – «позна клаўся спаць, таму што да раніцы гуляў у відэагульні».

Змена клуба – хоць і лагічны ў гэтай сітуацыі, але вельмі рызыкоўны крок для Санча, бо зразумела, што, калі ён не папросіць прабачэння ў тэн Хага, то больш не будзе гуляць за «МЮ», а да адкрыцця трансфернага акна ўсё яшчэ застаецца тры поўных месяцы.

Фота: Lukas Schulze/Bundesliga, PAUL ELLIS/AFP/Global Look Press, Simon Stacpoole/Offside, Micah Crook/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты