Tribuna/Футбол/Блогі/«Лестэр» кайфуе ў чэмпіёншыпе: 11 перамог у 12 матчах, гістарычны рэкорд лігі і Вардзі, які не старэе

«Лестэр» кайфуе ў чэмпіёншыпе: 11 перамог у 12 матчах, гістарычны рэкорд лігі і Вардзі, які не старэе

У камандзе знайшлі «новага Мэдысана», а трэнер выйграў трэбл у штабе Пепа.

24 кастрычніка, 04:11
«Лестэр» кайфуе ў чэмпіёншыпе: 11 перамог у 12 матчах, гістарычны рэкорд лігі і Вардзі, які не старэе

Адзін з найбольшых апсетаў мінулага сезона англійскай прэм'ер-лігі – вылет у чэмпіёншып моцнага і нават зорнага па складзе, але надзвычай нестабільнага «Лестэра».

Улетку «лісы» страцілі сваіх найлепшых футбалістаў і змянілі трэнера, але, нягледзячы на гэта, здаецца, затрымлівацца ў другім англійскім дывізіёне надоўга не збіраюцца – сёння яны ўзначальваюць табліцу з амаль бездакорнымі паказнікамі і будуюць новую каманду пад вяртанне ў АПЛ.

«Лестэр» добра пачуваецца ў чэмпіёншыпе: 11 перамог у 12 матчах, толькі 7 прапушчаных і паўтарэнне найлепшага старту лігі ў гісторыі

Клубная праца ў летняе міжсезонне, нягледзячы на тое, што каманда гуляе ў чэмпіёншыпе, выклікала нямала аптымізму (значна больш, чым летась напярэдадні сезону ў АПЛ) сярод мясцовых заўзятараў.

Па-першае, «Лестэр» нядрэнна папрацаваў над продажамі. На Джэймсе Мэдысане («Тотэнхэм»), Харві Барнсе («Ньюкасл») і Цімаці Кастаня («Фулхэм») клуб зарабіў больш за 100 млн еўра і з розумам рэінвеставаў гэтыя грошы ў новых футбалістаў.

Усяго толькі на 44 млн еўра «лісы» ўзмацніліся дасведчанымі Хары Уінксам («Тотэнхэм») і Конарам Коўдзі («Вулвз»), падпісалі таленавітага цэнтрфорварда Тома Кэнана з «Эвертана», вінгера Стэфі Мавідзідзі, які гуляў у моладзевых камандах «Арсенала» і «Ювентуса», і новага галкіпера Мадса Хермансена з «Брондбю».

«Лестэр» узяў яшчэ некалькіх маладых футбалістаў «Чэлсі», «Сіці», «Спортынга» і «Галатасарая» ў арэнду, аднак самае галоўнае ўзмацненне – новы галоўны трэнер Энца Марэска. 44-гадовы італьянец выйграў трэбл мінулага сезона, з'яўляючыся часткай штаба Пепа Гвардыёлы, а гэтым летам вырашыў пайсці ў свабоднае плаванне. На прафесійным узроўні Марэска працаваў толькі з «Пармай» (14 матчаў у сезоне 2021/22), таму пакуль не мае сур'ёзнага досведу на такой арэне, але яго самастойная кар'ера ў Англіі стартавала вельмі ўдала.

«Лестэр» пачаў сезон з 11 перамог у 12 матчах:

І зараз узначальвае турнірную табліцу чэмпіёншыпа з амаль бездакорнымі паказнікамі:

Зарабіўшы 30 пунктаў у стартавых 11 турах, «лісы» паўтарылі найлепшы старт сезона ў гісторыі чэмпіёншыпа, якім да таго мог пахваліцца толькі «Шэфілд Юнайтэд», які меў ідэнтычны паказнік у сезоне-2005/06, а ў выніку тады ўдалося набраць 90 пунктаў і павысіцца ў класе з другога месца (першым быў «Рэдынг» са 106 пунктамі).

Акрамя гэтага, каманда Марэскі – найлепшая па колькасці забітых (26 галоў) і мае найлепшую абарону – прапусціла ўсяго 7 разоў.

Поспех «Лестэра» нельга назваць збегам абставін. Акрамя трэнера, які набраўся досведу ў самога Пепа, склад упэўнена можна назваць наймацнейшым у лізе – у цэнтры абароны гуляе асноўны футбаліст зборнай Бельгіі Ваўт Фас, справа – знакаміты Рыкарду Перэйра. У паўабароне ўсё яшчэ ёсць Уілфрэд Ндзідзі і Дэніс Прат (праўда, пакуль траўміраваны), а наперадзе – Келечы Іхеанача, Пэтсан Дака і Джэймі Вардзі.

Цікава, што, нягледзячы на зорны статус, не ўсе гэтыя футбалісты з'яўляюцца безальтэрнатыўнымі стартарамі, бо ў Марэскі запальваюць і маладыя футбалісты. У цэнтры абароны гуляе 20-гадовы Калум Дойл, а на флангах атакі асноўным стаў 21-гадовы выхаванец клубнай акадэміі Кейсі Макацір, якога часта падмяняюць 20-гадовы Ваня Марсал або 19-гадовы Абдул Ісахаку.

Ролю Джэймса Мэдысана на сябе ўзяў яшчэ адзін мясцовы выхаванец Кірнан Д'юзберы-Хол. 25-гадовы хаўбек стаў сапраўдным лідарам каманды і даказвае гэта не толькі сваім статусам, але і рэзультатыўнасцю:

Заўважылі ў спісе Вардзі? Так-так, ён усё яшчэ тут – і працягвае быць важным футбалістам для каманды.

Вардзі – адзін з двух гульцоў чэмпіёнскага «Лестэра», якія дагэтуль у камандзе. І адзіны, хто ўсё яшчэ гуляе і робіць розніцу

«Vardy's in our army and he's blue and white,

You won't catch him, he'll be out of sight,

He scores em here, he scores em there,

He scores when he wants and he don't care»

Гэта адзін з сотні чантаў, які пра Джэймі Вардзі прыдумалі заўзятары «Лестэра». Англічанін выступае за «ліс» з 2012-га, пачынаў у тым жа чэмпіёншыпе, выйграваў АПЛ, гуляў у Лізе чэмпіёнаў і вось ізноў вярнуўся туды, дзе усё пачыналася.

Вардзі і Марк Олбрайтан – адзіныя гульцы таго чэмпіёнскага «Лестэра» Клаўдыа Раньеры, якія ўсё яшчэ застаюцца ў камандзе, а Джэймі яшчэ і працягвае рабіць розніцу.

У гэтым сезоне ён забіў 5 мячоў ва ўсіх турнірах і запомніўся не толькі выніковымі дзеяннямі, але і святкаваннямі ў сваім стылі.

У матчы з «Брысталем» Джэймі «даў Адэбаёра» – прабег усё поле, каб адсвяткаваць пераможны гол перад заўзятарамі гасцей:

Яго святкаванне ў матчы з «Блэкбернам» таксама наўрад ці спадабалася мясцовым фанатам:

Джэймі такі, які ёсць – сапраўдны, і калі ўсё пойдзе па плане, то і яго, і «Лестэр» мы ўжо хутка зноў убачым у АПЛ.

Фота: Harriet Lander/Getty Images, Stephen White - CameraSport, Leicester City FC

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты