Tribuna/Баскетбол/Блогі/Малады Морэнт хоча быць галоўным гангстэрам НБА: збіў падлетка, засвяціў пісталет. Цяпер у яго праблемы

Малады Морэнт хоча быць галоўным гангстэрам НБА: збіў падлетка, засвяціў пісталет. Цяпер у яго праблемы

Ліга дала Джу другі шанс, але цярпець будзе нядоўга.

10 сакавіка 2023, 21:40
Малады Морэнт хоча быць галоўным гангстэрам НБА: збіў падлетка, засвяціў пісталет. Цяпер у яго праблемы

Галоўны ньюсмейкер НБА апошніх дзён – разыгрываючы «Мэмфіса» Джа Морэнт. Нажаль, такую ўвагу да сваёй персоны 23-гадовы таленавіты баскетбаліст, здольны тварыць сапраўдныя цуды на пляцоўцы, выклікаў зусім не гульнявымі навыкамі.

У пачатку сакавіка Морэнт паказаў пісталет у жывым эфіры свайго Instagram, які вёў з начнога клуба. Каманда гульца і ўся ліга адрэагавалі – Джа адразу ж адхілілі на два матчы, распачалося расследаванне. Такiя дзеяннi ў адказ не дзiвяць, бо гэта не першая выхадка Морэнта – і не першы падобны выпадак у гісторыі лігі.

НБА і спонсары зацікаўлены ў аднаўленні іміджу Морэнта, сам Джа таксама абяцае выправіцца

Летам мінулага года Морэнт ужо ўліп у максімальна непрыемную сітуацыю. Джа быццам бы збіў 17-гадовага падлетка, з якім гуляў у баскетбол на заднім двары дома. Па словах відавочцаў, Джа ўдарыў хлопца 12-13 разоў, і гэтыя ўдары «можна было параўнаць з ММА-паядынкам». Сам падлетак сцвярджае, што пасля гэтага Морэнт падыходзіў да яго з пісталетам, які вісеў на поясе штаноў, і трымаў руку на зброі. Сам Морэнт сцвярджае, што гэта была самаабарона – маўляў, хлопец кінуў яму ў галаву баскетбольны мяч і ступіў насустрач, а яшчэ нібыта пагражаў гульцу падпаліць яго дом і нашкодзіць сям'і.

Пасля гэтага ў Джа быў інцыдэнт у гандлёвым цэнтры Мемфіса, калі ён пагражаў начальніку аховы, а адзін з яго сяброў нават штурхнуў работніка ГЦ у галаву. У студзені 2023-га Морэнт умудрыўся ўляпацца ў яшчэ адну «бандыцкую» гісторыю – пасля матчу з «Індыянай» сябры лідара «Мемфіса» накіравалі чырвоныя лазеры на працаўнікоў «Пэйсерс» з пазадарожніка, які павольна праязджаў міма. Сам Джа ў гэты момант знаходзіўся ў аўтамабілі, а лазеры, як мяркуюць у Індыяне, маглі быць прымацаваныя да зброі.

І вось, маючы такі бэкграўнд, Морэнт хвалiцца пісталетам у жывым эфіры.

У НБА з асаблівай асцярогай ставяцца да зброі ў гульцоў, бо памятаюць сітуацыю з Гілбертам Арэнасам і Джаварысам Крытэнтанам, якія насілі з сабой незараджаныя пісталеты (дадумаліся прыйсці з імі нават на арэну), не маючы на гэта дазволу, з-за чаго былі адхіленыя і пакараныя лігай. І калі Арэнас на гэтым спыніўся, то Крытэнтан скончыў тым, што ў 2011 годзе забіў жанчыну падчас вулічнай перастрэлкі і быў асуджаны да 23 гадоў турмы.

Ліга баіцца, што гісторыя можа паўтарыцца, таму сітуацыю з Морэнтам адразу ж вынеслі ў публічную плоскасць. Сам баскетбаліст папрасіў прабачэння і паабяцаў, што выправіцца і знойдзе іншыя метады барацьбы са стрэсам. Пры гэтым НБА і спонсары зорнага гульца гатовы дараваць Джу.

«Стаўкі для НБА высокія. Леброн Джэймс, Кевін Дзюрэнт і Стэф Кары паступова набліжаюцца да завяршэння кар'еры, а Морэнт якраз на шляху стаць адным з наступных буйных гульцоў.

Людзі з Nike і Powerade, з якімі Джа заключыў вялікія рэкламныя кантракты, таксама вельмі зацікаўлены ў аднаўленні яго іміджу», – паведамляе аглядальнік The Athletic Сэм Эмік.

Да справы Джы ўжо падключылася паліцыя Каларада, бо прамы эфір Морэнт вёў з аднаго з клубаў Дэнвера. Тут Морэнту, дарэчы, пашчасціла: Каларада з'яўляецца штатам з вольным нашэннем зброі, аднак яе забараняецца мець пры сабе ў стане алкагольнага апʼянення. Калі акажацца, што Джа на момант эфіру ў такім стане не знаходзіўся, ніякімі страшнымі наступствамі для яго гэта не абернецца.

Джа вельмі хоча быць сапраўдным гангстарам, але ў яго не выходзіць. Супольнасць просіць Морэнта апамятацца

Гісторыя Морэнта не вельмі падобная на класічную гісторыю афраамерыканскіх гульцоў НБА а-ля Ален Айверсан (нарадзіўся ў беднай, няпоўнай сямʼі, жыў у гета, прадаваў наркотыкі з дзяцінства і яшчэ да каледжу некалькі разоў быў арыштаваны за рознага роду злачынствы).

Джа вырас у поўнай спартыўнай сям'і (маці гуляла ў баскетбол у школе і софтбол у каледжы, а бацька ў школьныя гады быў партнёрам самога Рэя Алена), хадзіў у звычайную школу і меў магчымасць вырасці ў нармалёвым становішчы.

Замашкі бандыта і «сапраўднага гангстара» у Морэнта пачалі зʼяўляцца ўжо ў НБА. Баскетбаліст «Мемфіса» атачыў сябе людзьмі, да якіх хоча быць падобным, і гэта вельмі негатыўна ўплывае на яго карʼеру, бо Джа ўвесь час выдае сябе за таго, кім не зʼяўляецца насамрэч, замест таго, каб сканцэнтравацца на выніках у найлепшай баскетбольнай лізе планеты.

«Джа – сапраўды добры баскетбаліст. Але па нейкай прычыне ён атачыў сябе гэтымі людзьмі. Чаму? Бро, ты не жорсткі. Гэта не тваё жыццё. Людзі, якія жывуць так, гатовы зрабіць усё, каб жыць так, як ты зараз. У цябе кантракт на 200 мільёнаў, а ты хочаш, каб людзі ў НБА думалі, што ты чувак з раёна, што ты гангстар, але ніхто так не думае. А ты шкодзіш свайму жыццю, хоць не павінен гэтага рабіць», – звярнуўся да Морэнта трохразовы пераможца Супербоўла, легенда амерыканскага футбола Шэнан Шарп.

Апраўдваць учынкі Джы адмовіўся нават яго бацька Ці Морэнт. Ён падтрымлiвае сына, але сказаў, што яму сорамна, i ён хацеў бы, каб яго сын быў ідэальным.

Што цікава, фідбэк ад баскетбалістаў НБА Морэнт атрымаў пераважна станоўчы. Некаторыя, накшталт Пола Пірса, нават апраўдваюць яго дзеянні і нашэнне зброі. Але ж цалкам відавочна, што Морэнту зараз дадзены адзiны «другі шанц». Калі Джа і далей не будзе гуляць па правілах, НБА наўрад ці рызыкне сваім іміджам яшчэ раз.

Фота: Joe Murphy/NBAE, TMZ

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты