Tribuna/Футбол/Блогі/Пара з белспорту ў замежжы: футбалістка, якая выкрыла трэнера зборнай, сышлася з хакеicтам, пра якога вы наўрад цi чулi

Пара з белспорту ў замежжы: футбалістка, якая выкрыла трэнера зборнай, сышлася з хакеicтам, пра якога вы наўрад цi чулi

Гуляюць у 30 км адзiн ад аднаго.

20 красавіка, 08:12
Пара з белспорту ў замежжы: футбалістка, якая выкрыла трэнера зборнай, сышлася з хакеicтам, пра якога вы наўрад цi чулi

У беларускім спорце зʼявілася яшчэ адна пара. На днях хакеiст Марк Ізоўскі апублікаваў фота пацалунку з футбалісткай Анастасіяй Пабягайлай. У кадры (вышэй па цэнтры) маладыя людзі цалуюцца на хакейным лёдзе. Праз некалькі дзён свой здымак выклала ўжо Пабягайла – з футбольнага поля.

Гледзячы па ўсяму, гэтае фота зробленае пасля матча датскiх «Фартуны» i «Кёге» (0:0). Абодва беларускiх спартсмена з пары гуляюць за каманды з Данii.

Выхаванец мінскага «Дынама» Ізоўскі ў 16-гадовым узросце адправіўся ў фінскі «Эсят» U-17, які шукаў нападаючага пад плэй-оф. Хакеiст прайшоў прагляд, а пасля заканчэння сезона-2017/18 трэнер каманды пакінуў «Эсят» дзеля чэмпіяната Даніі – з коўчам паехаў i гулец.

У 2018 годзе хлопца ўпершыню выклікалі ў зборную Беларусі U-17, у складзе якой ён згуляў тры матчы супраць равеснікаў з Аўстрыі, Латвіі і Казахстана. На турніры нападаючы закінуў адну шайбу, аднак назваў сваю гульню «поўным правалам», пасля якога «ведаў, што верагоднасць выклiкаў зноў невялікая». І быў правы – больш беларускiм зборным не патрабаваўся.

У Даніі Ізоўскі ад пачатку i да гэтага часу гуляе ў сістэме «Фрэдэрыксхаўна» з Д1. Да бягучага сезона беларус адначасова выступаў за другі склад клуба ў Д2 і каманду U-20 у маладзёжнай лізе. «Рэгулярку»-2023/24 форвард цалкам правёў у Д2. Па яе выніках каманда заняла сёмае месца з 13, а 22-гадовы форвард правёў толькi 12 з 39 матчаў, але набраў 18 (9+9) балаў, што аказалася трэцім у складзе паказчыкам сярэдняй колькасці ачкоў за гульню. У плэй-оф «Фрэдэрыксхаўн II» у серыi да дзвюх перамог за два матчы саступiў фарму «Хернiнга» – Iзоўскi набраў 1+1, але гэта не дапамагло.

Пабягайла праводзіць другі сезон у жаночым чэмпіянаце Даніі – у складзе «Фартуны» з Ёрынга, ад якога да Фрэдэрыксхаўна 30 кіламетраў. За шэсць тураў да канца Д1 «Фартуна» займае чацвёртае месца – ад тройцы лідараў каманда адстае на чатыры ачкі, ад зоны Лігі чэмпіёнаў (топ-2) на шэсць балаў. На рахунку Пабягайлы 3 галы ды 6 асiстаў у 18 гульнях лігі, 9 вынiковых дзеянняў – гэта пяты паказчык па дацкай лізе і найлепшы ў «Фартуне».

Увосень мінулага года футбалістка адмовілася прыязджаць у зборую Беларусі, раскрытыкаваўшы паводзіны галоўнага трэнера Юрыя Малеева. Ён, па словах Пабягайлы, зневажаў гульцоў.

Нядаўна Малееў у адказ заявіў, што адмаўляецца лічыць Пабягайлу наймацнейшай легіянеркай краіны, хаця паўабаронца паспяхова выступае ў наймацнейшай лізе сярод тых, у якiх ёсць гульцы з Беларусі. Хутка футбалiстка ўсё паказала гульнёй.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты