Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/Спорт в соцсетях/Культавы баец ММА запосціў накаўт з Беларусі – чалавек з данымі, як у аўтара ўдару, змешчаны ў рэжымны спіс «экстрэмістаў»
Відэа

Культавы баец ММА запосціў накаўт з Беларусі – чалавек з данымі, як у аўтара ўдару, змешчаны ў рэжымны спіс «экстрэмістаў»

Спартсмену прад'яўлялі за дабіванне ляжачага і стралялі ў азадак.

Аўтар — Alex Zagorski
13 верасня, 16:00
Культавы баец ММА запосціў накаўт з Беларусі – чалавек з данымі, як у аўтара ўдару, змешчаны ў рэжымны спіс «экстрэмістаў»

Чэмпіён UFC у лёгкай і паўлёгкай вазе Конар МакГрэгар не біўся з 2021 года, але Instagram вядзе актыўна – там у яго 46,8 мільёна падпicчыкаў. І вось раптам 11 верасня культавы баец MMA перапосцiў вiдэа з Беларусi – iрландца ўразiў відовішчны накаўт: чалавек у майцы з надпiсам BLR трымаў адну нагу супернiка, але той другой нагой змог правесцi ўдар наўпрост у галаву!

Нам удалося знайсцi больш дэталёвае вiдэа гэтага накаўта – ён адбыўся ў фiнале лакальнага турнiру па панкратыёне ў кастрычніку 2022 года. Атрымаў па галаве Юрый Асецкі са Светлагорска, а ўдар аформіў Арцём Жураўлёў са Жлобіна. У апісанні паста было асобна пазначана, што з тым, хто прайграў, усё добра.

На відэа бачна, што з Жураўлёвым у момант ягонай радасці нехта спрабаваў выйсці на «разборкі» – відавочна, з-за таго, што пасля падзення Асецкага, у момант, калі ён ужо ляжаў, пераможца дадаў па галаве яшчэ і рукой. Гэта ўвогуле шмат каму не спадабалася – у каментарыях абмяркоўвалі ў асноўным менавіта дабіванне.

Зрэшты, пара чалавек знайшла апраўданне такiм паводзiнам.

Гэта не адзіная перамога Жураўлёва ў розных турнірах. Так, у чэрвені 2023-га ў Мiнску ён узяў золата і на спаборніцтвах, якія арганізатары называлі «Кубкам свету па панкратыёне». Праўда, у госці прыехалі толькі прадстаўнікі такіх краін, як Латвія, Пакістан, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан, Узбекістан і Расія.

Баец паспеў дэбютаваць і ў ММА – у лістападзе 2022-га ў Мінску ў паўсярэдняй вазе правёў паядынак з таксама дэбютантам Сяргеем Марозам. Шмат удараў прапускалі абодва, але ў другім раўндзе Жураўлёў перамог прыёмам на задушэнне, пасля чаго паспрабаваў адсвяткаваць акрабатычным эцюдам – атрымалася не супер.

Жураўлёў даволі актыўна вядзе сацсеткі – там ужо паспеў паведаміць падпісчыкам пра рэпост ад Конара. Мы ж думаем, што Макгрэгара маглі б зацікавіць яшчэ пара відэа ад беларускага байца. Ірландзец славіцца сваім дзівацкім характарам – але ці спрабаваў ён згуляць у карты на стрэл у азадак з пісталета (хоць і не агнястрэльнага)? А ў Жураўлёва было.

А вось яшчэ адна акрабатычная спроба, за якую Жураўлёў, паводле ягонай рэмаркі, трапіў у чорны спіс мінскага метро.

Дарэчы, пра чорныя спісы. У адным з акаўнтаў Жураўлёва пазначана дата нараджэння – 20 сакавіка 2003 года. І пошук па ёй разам з прозвішчам прывёў нас да рэжымнага спісу «экстрэмістаў» ад МУС Лукашэнкі. У ім знаходзіцца чалавек па імені Арцём Жураўлёў, які нарадзіўся 20 сакавіка 2003-га, з месцазнаходжаннем у Жлобіне і «прысудам» дзевяцімесячнай даўнасці ад суда рэжыму Лукашэнкі па Жлобінскім раёне па артыкуле, па якім караюць удзельнікаў мірных пратэстаў. У канцы пазнака «судзімасць не пагашаная» – гэта значыць, што чалавек не за кратамі (інакш быў бы паказаны статус «адбывае пакаранне»). Ці супадзенне?

Іншыя пасты блога

Усе пасты