Tribuna/Хакей/Блогі/Спорт в соцсетях/Трэнер, якога «папрасілі» з мінскага «Дынама» і «Юнацтва», набірае мільённыя прагляды ў YouTube на кантэнце для жанчын

Трэнер, якога «папрасілі» з мінскага «Дынама» і «Юнацтва», набірае мільённыя прагляды ў YouTube на кантэнце для жанчын

Лянга раскрывае «сакрэты вечнай маладосці».

Аўтар — Alex Zagorski
17 верасня, 08:23
Трэнер, якога «папрасілі» з мінскага «Дынама» і «Юнацтва», набірае мільённыя прагляды ў YouTube на кантэнце для жанчын

Пасля 19-ці параз у 25 матчах напачатку сезона КХЛ-2018/19 з мінскага «Дынама» разам з усім штабам звольнілі галоўнага трэнера Гордзі Дуайера. На пасадзе канадца змяніў Андрэй Сідарэнка, але перастаноўкі не дапамаглі: «зубры» занялі перадапошняе месца ў Заходняй канферэнцыі (і ўсёй рэгуляркі ўвогуле), набраўшы толькі 34% магчымых пунктаў (42 балы ў 62-х матчах). Катастрофа, пасля якой у 2019 годзе ў «Дынама» пачалася другая эра Крэйга Вудкрафта.

Адным з падначаленых Дуайера, звольненых разам з ім, апынуўся беларускі трэнер па фізпадрыхтоўцы Генадзь Лянга. Як пісаў Сhampionat.com, адной з прычын правалу «Дынама» у сезоне-2018/19 была «дрэнная фізіка», ды і адносна трэнера былі пытанні – раней Лянга нібыта «па-добраму папрасілі» з экстралігаўскага «Юнацтва», бо там ён не спраўляўся з задачамі.

Дзве няўдачы ў хакейнай кар'еры, тым не менш, на жыццё Лянгі не паўплывалі: ён яшчэ ў 2013 годзе завёў YouTube-канал «Геннадий Лянго» пра здаровы лад жыцця, фітнес і лячэбную фізкультуру. У апісанні экс-коўч «Дынама» па фізпадрыхтоўцы таксама называе сабе біятэхнолагам фармацэўтычнай прамысловасці, ў біяграфіі пішацца, што Лянга станавіўся прызёрам чэмпіянатаў Беларусі па бодзібілдынгу (у 2006, 2008 і 2009 гадах), працаваў загадчыкам лабараторыі ў адным з навукова-даследчых цэнтраў па распрацоўцы лекавых сродкаў.

Паступова на канале пачалі з“яўляцца ролікі для жанчын пра «сакрэты вечнай маладосці», і на кантэнце для сталой аўдыторыі экс-коўч «зуброў», так бы мовіць, абагаціўся. Напрыклад, у самым папулярным відэа на канале Лянга (2 мільёна праглядаў) раіць жанчынам трэнаваць малую грудную мышцу, каб выглядаць мінімум на пяць гадоў маладзейшымі:

Падобны кантэнт самы папулярны на YouTube-канале Лянга – сем відэа маюць мінімум па мільёне праглядаў:

Зараз на Генадзя ў YouTube падпісаныя 847 тысяч чалавек, агулам яго канал мае амаль 47 мільёнаў праглядаў. Таксама папулярнасцю карыстаеццу блог Лянгі на Яндэкс.Дзэн (150 тысяч падпісчыкаў) і Instagram (100 тысяч).

Напрыканцы нагадаем, што калі вы маеце праблемы са здароўем, то варта звяртацца да лекараў, а не займацца самалячэннем па YouTube. Практыкаванні, якія прапаноўваюцца «блогерамі-спецыялістамі» ў інтэрнэце, могуць нашкодзіць здароўю.

Іншыя пасты блога

Усе пасты