Tribuna/Футбол/Блогі/Што Шкурын паспеў за паўсезона ў Польшчы: зарабіў добрую прэсу, гуляе адрэзкамі, ужо выратаваў трэнера

Што Шкурын паспеў за паўсезона ў Польшчы: зарабіў добрую прэсу, гуляе адрэзкамі, ужо выратаваў трэнера

Пытанні таксама ёсць.

20 снежня, 11:28
Што Шкурын паспеў за паўсезона ў Польшчы: зарабіў добрую прэсу, гуляе адрэзкамі, ужо выратаваў трэнера

18 снежня для «Сталі» канчалася першая частка чэмпіянату Польшчы, а завяршала яе гульня, у якой каманда Іллі Шкурына без шансаў саступіла «Пясту», які да таго доўгі час меў праблемы з рэалізацыяй і ў 18 гульнях 12 разоў згуляў унічыю. Фактычна для поўнага камплекту камандзе з Мельца яшчэ трэба правесці гульню супраць ЛКС, што была перанесеная праз снегапад, але гэта адбудзецца ўжо пасля зімовай паўзы, таму і запісваць матч можна ўжо ў другую частку сезона.

Давайце разбяромся, як Ілля Шкурын сваім польскім адрэзкам пераканаў многіх, што на сёння менавіта ён з’яўляецца найлепшым футбалістам Беларусі, хоць АБФФ так і не лічыць.

Першае, што варта зафіксаваць, дык гэта рост аўтарытэту Шкурына ў мясцовы СМІ. Калі напачатку сезона ён быў невядомым нападнікам, які асудзіў вайну, палітычнае і прававое беззаконне ў Беларусі, а ў футбольным плане праваліўся ў «Ракаве» і апошні год правёў у ізраільскім Д2, то сёння Шкурын – галоўная надзея Мельца, адзін з найлепшых форвардаў чэмпіянату і кропка прыцягнення ўвагі каментатараў на працягу ўсёй гульні.

Як беларус дамогся такога прагрэсу? Самае відавочнае – дзякуючы выніковасці. У 18 гульнях чэмпіянату Польшчы (17 з якіх з выхадам у старце) нападнік паразіў браму суперніка восем разоў і яшчэ пяць разоў асіставаў партнёрам.Таксама варта адзначыць, што калі Шкурын забівае, то «Сталь» набірае пункты, а гэта спрыяе рэпутацыі здабыўцы балаў, якія так патрэбныя Мельцу ў барацьбе за выжыванне. У мінулым годзе клуб з Падкарпацця адарваўся ад зоны вылету толькі на пяць пунктаў, сёння такі адрыў складае чатыры пункты. Дастаткова глянуць у табліцу, каб зразумець, якое значэнне для каманды маюць мячы беларуса.

Калі паглыбіцца ў статыстыку, то становіцца заўважнай празмерная эфектыўнасць Шкурына: пры паказніку 4,29 у графе чаканыя галы форвард ужо адзначыўся восем разоў. Шкурын прабіў па браме суперніка 16 разоў, і толькі 11 спроб патрапілі ў створ. Такія сціплыя лічбы абумоўленыя стылем гульні «Сталі». З 18 матчаў чэмпіянату толькі ў чатырох каманда з Мельца пераўзыходзіла суперніка па статыстычных паказніках у атацы. І ў гэтых чатырох матчах Шкурын адзначыўся выніковымі дзеяннямі толькі аднойчы - у матчы супраць «Заглембе», якое гуляла ў меншасці ад 28-й хвіліны. У той гульні беларус аформіў гол+пас.

Зразумела, што ў камандзе, якая ў асноўным абараняецца, складана раскрывацца гульцам атакі. Адкуль жа тады такія прыгожыя лічбы ў беларускага форварда?

На гэтае пытанне можна адказаць гіпотэзай: Шкурын з’яўляецца гульцом вялікіх матчаў. У дэбютнай гульні за «Сталь» Шкурын аформіў гол+пас, яшчэ асіст прыйшоўся на сустрэчу з «Лехам», які ў мінулым сезоне дайшоў да 1/4 фіналу Лігі канферэнцый. Узяцце брамы і два асісты адбыліся супраць галоўнай сілы польскага футболу «Легіі», а хет-трык - супраць «Пагоні», якая выступала ў кваліфікацыі еўракубкаў цяперашняга сезону. То бок беларус зарабіў адразу пяць+чатыры ў гульнях супраць складаных супернікаў. Яшчэ адзін мяч стаў пераможным у гульні супраць «Гурніка», дзе «Сталь» гуляла ў меншасці з 55-й хвіліны.

Аднак цяпер трэба звярнуць увагу на сумную тэндэнцыю, якую можна заўважыць у гульні нападніка: выступае нібыта адрэзкамі. Пасля добрай дэбютнай сустрэчы адбылася серыя з пяці пасрэдных гульняў без выніковых дзеянняў, пасля былі тры сустрэчы запар, у кожнай з якіх форвард ці забіваў, ці аддаваў, а затым праваліўся з аўтсайдарамі. Цяпер адрэзак, на якім Шкурын ў трох з чатырох гульняў рабіў вырашальны ўнёсак у перамогі каманды, перамежаваны дзвюма сустрэчамі, дзе беларус не мог зачапіцца за мяч і, на жаль, завяршае 2023 год ён менавіта на такой ноце.

Тым не менш, хто дакладна адчувае ўдзячнасць да беларуса, дык гэта галоўны трэнер «Сталі» Каміль Керэсь, якога без добрай гульні Шкурына ў вырашальных матчах дакладна чакала б звальненне.

Чуткі пра такія думкі ў кіраўніцтва мелецкага клуба з’явіліся пасля чатырох паразаў запар - ад «Леха» (1:2), «Кароны» (2:3), «Відзева» (0:1), «Варты» (0:1). Такая серыя прывяла да таго, што босы «Сталі» паставілі ультыматум - ці пункты, ці звальненне. Набліжалася серыя з матчаў супраць «Легіі», «Ягелоніі» і «Гурніка». Шкурын сваёй гульнёй прынёс перамогі над клубамі з Варшавы (3:1) і Забжэ (2:1) і выратаваў Керэся, а далей адбыўся хет-трык супраць «Пагоні», які вывеў беларуса на ўзровень дыскусіі пра тое, што ён адзін з найлепшых форвардаў першынства Польшчы тут і цяпер.

З важных дасягненняў беларуса можна адзначыць траплянне ў каманду тыдня EA FC 24, куды адбіраюцца найлепшыя футбалісты з усяго свету. Таксама Шкурын атрымаў узнагароду як найлепшы гулец чэмпіянату Польшчы ў лістападзе і тым самым перарваў серыю форварда «Шлёнска» Эрыка Экспазіта, які станавіўся найлепшым у жніўні, верасні і кастрычніку.

Сёння выглядае на тое, што Шкурын упершыню пасля ад'езду з «Энергетыку-БДУ знайшоў свой клуб: выступае рэгулярна і паспяхова, у чэмпіянаце, знаходзіцца ў полі зроку скаўтаў топавых еўрапейскіх ліг. Пры гэтым нападнік змог зрабіць сабе прэсу, і цяпер журналісты і заўзятары ўжо смяюцца з «Ракава», які ў 2022-м фактычна не даў беларусу праявіць сябе. Усё гэта дае надзею, што час без беларускіх футбалістаў у топ-5 ліг скончыцца, тым больш, што кантракт Шкурына завяршаецца летам 2024-га. Але, канешне, не варта забягаць наперад.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты