Tribuna/Футбол/Блогі/YouTube выдаліў канал медыйнай каманды Драгуна – падобна, уся справа ў рэкламе букмекера

YouTube выдаліў канал медыйнай каманды Драгуна – падобна, уся справа ў рэкламе букмекера

Пакаралі не толькі DMedia.

9 студзеня, 02:24
YouTube выдаліў канал медыйнай каманды Драгуна – падобна, уся справа ў рэкламе букмекера

Відэахостынг YouTube выдаліў канал беларускай каманды пад расійскую аматарскую медыялігу DMedia. Верагодная прычына санкцый – рэклама, звязаная са стаўкамі на спорт. Каманда, якая жыве за грошы Станіслава Драгуна і мае падтрымку ад рэжымнага Мінспорту, на кантракце ў буйной расійскай букмекерскай канторы Winline:

У DMedia заявілі, што пастараюцца ўсё вырашыць, аднак якім чынам, пакуль незразумела. Крэатыўны дырэктар каманды падзяліўся скрынам паведамлення, па ўсёй бачнасці, ад падтрымкі ютуба з якога вынікае, што канал клуб страціў:

У канцы 2023 – пачатку 2024 года не толькі DMedia страціла YouTube-канала. Падобная гісторыя напаткала яшчэ адну каманду з медыялігі «Чыста Піцер». Расіяне актыўна працавалі з букмекерам «БэтБум». На іх канале было 33,1 тысяча падпісантаў і 251 відэа. У апісанне канала была інфармацыя, што і пра згаданага вышэй тытульнага спонсара.

Кіраўнік і заснавальнік яшчэ адной медыйнай каманды Fight Nights Каміл Гаджыеў страціў свой аўтарскі канал. Ягоныя ролікі стабільна збіралі каля ста тысяч праглядаў. Ён наўпрост прызнаўся, што санкцыі звязаныя з рэкламай «арганізацый, якія нельга рэкламаваць на ютубе. Гэта ўсё, што звязана з азартнымі гульнямі».

Страціў канал гулец расійскага медыйнага «Амкала» Андрэй Сібскана. Яму мусіць быць асабліва крыўдна. Колькасць падпісантаў у ютубе гульца была больш за 400 тысяч. Ён супрацоўнічаў з «Пары».

Прыляцела і расійскаму фіферу Акылбеку Бісікенаву, вядомаму пад псеўданімам «Акул». YouTube выдаліў ягоны канал Аcoolfifa з амаль мільёнам падпісантаў, які ён вёў каля 10 гадоў. На сваім асабістым канале acoolbek (508 тыс.) блогер паказаў скрыны ад сэрвісу падтрымкі ютуба, дзе паведамляецца, што такія меры былі ўжытыя ў сувязі з парушэннем правілаў, якія датычацца забароны рэкламы азартных гульняў і букмекерскіх паслуг.

Канал DMedia быў далёкі ад папулярнасці сваіх калегаў па няшчасці. Там было каля 7,88 тысячы падпісантаў і сціплыя 11 ролікаў. Самы папулярны сабраў 350 тысяч праглядаў. Астатнія мелі ад 4900 да 61 тысячы. Што цікава, у апісанне выдаленага канала было пазначана, што Winline – тытульны партнёр FC DMedia. Таксама лагатып букмекера можна заўважыць проста на вокладках відэа:

Адна з самых папулярных каманд медыялігі 2DROTS не пажадала паўтараць лёс калег і выдаліла ўсе ролікі са свайго ютуб-канала. Аднак вокладка, дзе бачны тытульны спонсар букмекерская кампанія Fonbet, засталася:

Насамрэч забарона на рэкламу БК дзейнічае ад 2018 года. Тады YouTube дадаў у правілы радок: «Не дазваляецца рэкламаваць і такія паслугі, як, напрыклад, азартныя гульні і стаўкі». У платформы ёсць пералік краін, дзе такая рэклама ўсё ж дапускаецца, але ў спісе «дазволеных» Беларусі няма.

Нягледзячы на забарону, многія аўтары YouTube-каналаў яе ігнаруюць або імкнуцца абыходзіць, напрыклад, шляхам размяшчэння рэкламы ў кароткіх відэа (Shorts) або ў выглядзе банэра або лагатыпа ў куце роліка.

Чысткі, звязаныя з рэкламай букмекераў, адбываюцца бессістэмна. На абшарах беларускага ютуба хапае каналаў, якія актыўна рэкламуюць БК, але застаюцца даступнымі. Магчыма, DMedia папросту не пашчасціла. Аднак іх прыклад можа стаць павучальным для астатніх: сама рэклама букмекераў з'яўляецца формай вялікай рызыкі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты