Tribuna/Футбол/Блогі/Найлепшыя галы ў гісторыі АПЛ: Краўч, Уілшэр, Гарнача і іншыя. Не перадаць словамі, якая асалода

Найлепшыя галы ў гісторыі АПЛ: Краўч, Уілшэр, Гарнача і іншыя. Не перадаць словамі, якая асалода

Які ваш любімы?

27 лютага, 11:06
Найлепшыя галы ў гісторыі АПЛ: Краўч, Уілшэр, Гарнача і іншыя. Не перадаць словамі, якая асалода

АПЛ набліжаецца да стадыі вырашальных матчаў, а мы ўспамінаем найлепшыя галы ў гісторыі наймацнейшай футбольнай лігі. Кожны гол – асобная гісторыя гульца, які стварыў гэты шэдэўр.

Пішыце ў каментарах, які з галоў вы лічыце самым-самым. Або нагадайце пра тое, пра што мы забыліся.

20. Георгій Кінкладзэ, «Ман Сіці» – «Саўтгэмптан», 1996

Тады «Ман Сіці» беспаспяхова змагаўся за выжыванне, але меў у складзе такую легенду як Кінклад. Праход Георгія Рабінзонавіча (так!) стаў упрыгожваннем у цэлым даволі млявага сезона «Сіці».

19. Пол Скоўлз, «Астан Віла» – «МЮ», 2006

У рудага з «Юнайтэд» было нямала крутых галоў, чаго варты той, што заляцеў у браму «Барселоны» ў паўфінале ЛЧ. Але тут мяч ідэальна лёг на нагу хаўбеку. Такія ўдары не бяруцца.

«Аднойчы на трэнінгу Раналду спытаў: «Патрапіш у вунь той маленькі слуп, што ў 60 ярдах адсюль?». Скоулзі проста падышоў да мяча, ударыў і трапіў у цэль», – успамінаў былы партнёр Дэні Сімпсан.

18. Мэт Ле Цісье, «Саўтгэмптан» – «Уімблдон», 1994

Культавы гол ад легенды «Саўтгемптана» – гэта яшчэ адзін напамін усім нам, што добрая гульня ў футбол зусім не азначае гарантаваных разумовых здольнасцяў ва ўсім. Мэт стаў вядомым кансперолагам, антываксерам і проста падазроным чалавекам. Ён знішчаў Бекхэма за сумеснае фота з Білам Гейтсам, якога лічыць злачынцам, а таксама рабіў рэпосты наконт «пастаноўкі» ў Бучы ў пачатку расійскага ўварвання.

17. Эрык Ламела, «Арсенал» – «Тотэнхэм», 2021

Эрыка можна смела называць футбалістам-рабонай. Гэты трук ён прапампаваў максімальна, а ў АПЛ гэты гол прызналі найлепшым у сезоне. Да таго хаўбек не забіваў у лiзе больш за год, а потым выдаў шэдэўр.

«Праўда ў тым, што гэта не самы прыгожы гол рабонай, які забіваў Ламела», – адзначыў Гары Лінекер.

«Калі мяч дайшоў да мяне, я не думаў біць менавіта так. У галаве такога не было - проста ўспышка. Я проста хацеў забіць, гэты спосаб аказаўся самым зручным і эфектыўным у той момант», – гэта ўжо словы Ламелы. Дакладна адзін з самых яркіх галоў у гісторыі дэрбі Паўночнага Лондана.

16. Тоні Эбоа, «Уімблдон» – «Лідс», 1995

Ганец Эбоа пасля пераходу ў «Лідс» за месяц прымудрыўся забіць два шэдэўры: «Ліверпулю» і «Уімблдону». Другі гол АПЛ прызнала найлепшым у сезоне.

«Гэта гол, які ўдаецца забіць далёка не кожнаму. Гэта гол, які можна праглядаць сотні разоў – і ён усё яшчэ табе не надакучыць. Ці памятаю яго выразна? Ведаеце, цяжка забыць найлепшыя галы твайго жыцця», – казаў Тоні, які цяпер займаецца гасцінічным бізнесам у роднай Гане.

15. Дэліян Аткінсан, «Астан Віла» – «Уімблдон», 1992

Дэліян хоць і згуляў усяго адзін матч за другую зборную Англіі (была і такая), але яго кар'ера ў цэлым была даволі нядрэннай ды багатай на падзеі. Цудоўны праход і ўдар парашутам стаў упрыгожваннем першага сезона АПЛ.

Але сапраўдная трагедыя разгарнулася ўжо пасля заканчэння карʼеры. Спачатку Дэліяну паставілі дыягназ цяжкая хвароба нырак, а пазней ён уварваўся ў дом свайго бацькі і паспрабаваў забіць яго. Паліцыя, якая прыехала на выклік, забіла электрашокерам самога футбаліста. Паліцэйскаму вынеслі абвінавачванне ў ненаўмысным забойстве і асудзілі на 8 гадоў.

14. Эндрас Таўнсенд, «Ман Сіці» – «Крыстал Пэлас», 2018

Сёння Таўнсенду 32 і ён гуляе за «Лутан», хоць падаваў досыць вялікія надзеі і згуляў 13 матчаў за зборную. У 2018-м Эндрас гуляў за «Крыстал Пэлас», дзе паказаў свой магутны ўдар ва ўсёй прыгажосці.

Пра гол «Сіці» ён распавядаў з зачараваннем: «Усё ідэальна склалася на той момант. Я ведаў, якім чынам «Сіці» прэсінгуе, і калі б першым дотыкам спыніў мяч, то мяне адразу атачылі б. Таму я вырашыў біць, а калі мяч лёг на маю левую нагу, я адразу зразумеў, што ў мяне вельмі вялікія шанцы забіць гэтым ударам».

13. Дэле Алі, «Крыстал Пэлс» – «Тотэнхэм», 2016

Дэле Алі ўсяго 27 гадоў, але сур'ёзныя праблемы праз перажыты ў дзяцінстве гвалт пагражаюць абарваць кар'еру таленавітага футбаліста.

А ў свае 18 Дэле стварыў шэдэўр у вароты «Крыстал Пэлас», які можна пераглядаць сотні разоў.

«Гэта атрымалася натуральным чынам. Я не раздумваў занадта доўга, шакаваў нават сябе – думаю, гэта было відаць па святкаванні гола. Я проста не ведаў, што рабіць», – кажа Алі пра той момант.

12. Пойцім Касамі, «Фулхэм» – «Крыстал Пэлас», 2013

Вы маглі і забыцца пра існаванне гэтага швейцарца, які восенню перайшоў з «Алімпіякаса» ў «Сампдорыю». Але ў 2013 годзе малады паўабаронца быў важнай часткай «Фулхэма».

Трэнер «дачнікаў» Марцін Ёл выдаваў хлопцу вялізныя кампліменты: «Гэты гол яшчэ лепей, чым вы думаеце. Ён прыняў мяч на грудзі і прабіў у далёкі кут. Гол ван Бастэна ў фінале Еўра-1988 быў зусім іншым, нельга іх параўноўваць. Але калі хочаце, гол Касамі лепш!»

11. Джэк Уілшэр, «Арсенал» – «Норвіч», 2013

Гэты гол называюць найлепшым камандным голам у гісторыі АПЛ. Літаральна кожнае рашэнне ў гэтай атацы было ідэальным, нестандартным і своечасовым.

«Гол Уілшера – шэдэўр, адзін з самых узрушаючых галоў, якія бачыў. Гэта надзвычайны вынік камандных дзеянняў. Тэхніка і хуткасць аб'ядналіся ў адно цэлае. Так і павінен дзейнічаць «Арсенал», – не мог нарадавацца Арсен Венгер.

Джэку ўсяго 32, але ён ужо завяршыў карʼеру. Затое 37-гадовы Жыру, які асіставаў яму ў эпізодзе з голам, перажывае трэцюю або чацвёртую маладосць.

10. Пітэр Краўч, «Сток Сіці» – «Ман Сіці», 2012

Краўч – вядомы майстар танцаў і прыгожых галоў. Сам футбаліст пасля матчу запэўніў, што яго гол у браму «Сіці» – гэта не проста выпадковасць: «Я перакананы ў сваёй тэхніцы ўдараў з лёту, штодня працую над ёй на трэнінгах. Майце на ўвазе, яны не заўсёды так выходзяць».

Тое ж самае казаў менеджар «Стоку» Тоні Пуліс: «Ён робіць гэта на трэнінгах. Ён адораны малады чалавек, сёння я лічу яго найлепшым гульцом на полі».

Цікава, што гэты гол дазволіў «МЮ» дагнаць «Сіці» па ачках, а пасля «гараджане» страцілі першае месца, аддаўшы тытул «Юнайтэд».

9. Алехандра Гарнача, «Эвертан» – «МЮ», 2023

Самы свежы гол у нашым рэйтынгу, але ён атрымаўся сапраўды геніяльным.

«Шчыра кажучы, я не магу ў гэта паверыць. Я сказаў: «Божа мой!» Я не бачыў, што я забіў, я проста слухаў натоўп... Цяпер яшчэ лістапад, але, магчыма, гэта адзін з найлепшых галоў сезону», – не хаваў эмоцый Гарнача.

8. Паола ды Каніа, «Вест Хэм» – «Уімблдон», 2000

Гэты гол да дагэтуль адзін з самых папулярных ва ўсіх хайлайтах АПЛ, а фаны «Вест Хэма» памятаюць яго да кожнай долі секунды. Калі «Аптан Парк» закрывалі, то Паола атрымаў узнагароду за найлепшы гол, забіты на гэтым стадыёне.

Слова майстру: «Перада мной быў Кені Канінгем, маёй першай думкай было спыніць мяч, а затым пайсці твар у твар, але калі я ўбачыў, што ён не збіраецца скакаць, я за долю секунды падняў адну нагу з зямлі. Іншая павінна была пайсці па дыяганалі – гэта вельмі складана, таму што ў цябе ёсць маленькае імгненне, калі мяч ляціць, ты павінен ударыць па ім, як па мячы для рэгбі.

Вы можаце бачыць усе кручэнні мяча – гэта выдатна. Мяч трапіў у шчыліну ля стойкі. Брамнік Ніл Саліван нічога не мог зрабіць. Адразу зразумеў, што зрабіў нешта асаблівае і незвычайнае, убачыўшы здзіўленне на тварах заўзятараў. Гэта было чароўна і засталося ў гісторыі».

7. Аліўе Жыру, «Арсенал» – «Крыстал Пэлас», 2017

Хутчэй за ўсё, француз ужо ніколі не атрымае «Залаты мяч», але прэмію Пушкаша ў яго ніхто ўжо не забярэ. Часам здаецца, што 1 студзеня ў свеце не адбываецца нічога грандыёзнага, але 2017-ы пачаўся з гэтага шэдэўра.

«Не цяжка сказаць, што гэты гол – найлепшы ў маёй кар'еры. Мне крыху пашанцавала ў гэтым эпізодзе, але я мог згуляць толькі так. Мяч быў за мной, таму паспрабаваў дацягнуцца да яго пяткай. Магчыма, на гэта мяне натхніў прыгожы гол Генрыха Мхітарана. Мы з камандай вельмі задаволеныя, таму што пачалі новы год з перамогі», – радаваўся Жыру.

6. Эрык Кантана, «МЮ» – «Сандэрленд», 1996

Тут легендарным стала ўсё: ад атакі да завяршальнага ўдару і легендарнага святкавання караля. «Я ніколі раней не думаў, што буду святкаваць менавіта так. Вы бачыце некаторых гульцоў, якія заўсёды святкуюць аднолькава, але гол – ўнікальны момант. Я хацеў даць месца інстынкту. Кожны момант у жыцці асаблівы і непаўторны. Вы не можаце паўтарыць гэта. Цяпер я, напрыклад, займаюся тэатрам, выходжу на сцэну.

Я іду з тымі ж словамі, але першая ноч і ноч пасля яе не аднолькавыя. Часам вы знаходзіце момант, які вам падабаецца, вы хочаце паўтарыць яго на наступны дзень, але гэта не працуе. Таму што людзі перад табой не тыя, і энергія не тая», – тлумачыў Кантана.

5. Дэвід Бекхэм, «Уімблдон» – «МЮ», 1996

Магчыма, менавіта пасля гэтага гола пачаўся шлях Бекхэма – суперзоркі. Бедны Ніл Саліван таксама ўвайшоў у гісторыю з гэтым голам, але як чалавек, які прапусціў з цэнтра поля.

Дэвід любіць распавядаць пра гэты гол: «Я хацеў бы паспрабаваць забіць з цэнтра ў кожнай гульні. Вось толькі брамнікі не дазвалялі мне гэтага зрабіць. Я б зноў хацеў забіць такі мяч, каб атрымаць асалоду ад шуму заўзятараў. Па праўдзе кажучы, гэты эпізод да гэтага часу мурашы па скуры. У мяне ўдома ёсць фатаграфія з таго матчу, дзе б'ю па мячы, брамнік бяжыць да брамы, а на трыбунах сядзяць мае родныя. Гэта быў найлепшы эпізод у маёй карʼеры».

4. Сон Хын Мін, «Тотэнхэм» – «Бёрнлі», 2020

За гэты сольны праход карэец атрымаў узнагароду FGK NF ФІФА за найлепшы гол года. Сціплая рэакцыя – фішка Сона: «Калі я атрымаў мяч, я паспрабаваў даць пас Дэлі, але не знайшоў яго, таму проста пайшоў далей. Я вельмі шчаслівы забіць гэты гол».

Затое Жазэ Маўрынью знайшоў куды красамоўнейшыя словы: «Нават да гэтага гола мой сын называў яго Соналда Назарыё. Сёння ён быў Соналда Назарыё, таму што гэты гол нагадаў мне іншы, у матчы, дзе я меў гонар сядзець разам з сэрам Бобі Робсанам – «Кампастэла» супраць «Барселоны», 1996 год. Раналда Назарыё атрымаў мяч за лініяй паўабароны і забіў вельмі падобны гол». Можаце параўнаць.

3. Дэніс Бергкамп, «Ньюкасл» – «Арсенал», 2002

Гэтым голам нідэрландзец давёў, што геніяльнасць вельмі часта хаваецца ў простасці.

Грэк Нікас Дабізас, якога абгуляў Бергкамп, і сам разумее, галоўным сведкам якога шэдэўра ён стаў: «Я нават ганаруся быць часткай гэтага гола. Мне зусім не сорамна, што Бергкамп так мяне абгуляў. Гэта быў футбольны цуд»

«Думаю, мне пашанцавала. Калі б абаронца зрабіў крок назад, то быў бы першым на мячы. Пра гэты гол так шмат казалі, што я вырашыў паглядзець яго па тэлевізары. Так, атрымалася даволі прыгожа, але я не аматар фінтоў», – рэзюмаваў Дэніс.

Калі Бергкампу задумалі паставіць статую перад стадыёнам «Арсенала», то ідэя была ў тым, каб адлюстраваць менавіта гэты гол, але гэта аказалася нялёгка, таму за аснову ўзялі іншы сюжэт.

2. Уэйн Руні, «МЮ» – «Ман Сіці», 2011

Гэты гол быў забіты тады, калі спорт ужо актыўна быў прадстаўлены на лічбавых пляцоўках, таму ён загледжаны з усіх бакоў. Нічога новага пра гэты шэдэўр не скажаш, калі яго так ацаніў сам Алекс Фергюсан: «Гэта ўзрушыла. Неверагодна. У нас тут было некалькі фантастычных галоў, але з пункту гледжання выканання... Вы ніколі такога не ўбачыце»

«Верагодна, гэта быў адзін з найгоршых матчаў у маёй кар'еры. Калі быць сумленным, я наогул гуляў тады даволі паршыва. Калі вы паглядзіце паўтор, то пас, які я аддаў Скоўлзу, быў дрэнным. Я проста штурхнуў мяч у яго бок.

Але потым Пол перавёў мяч на фланг, і я проста падумаў: чаму б не паспрабаваць?», – загадваў Руні. Атрымалася так, што гол дагэтуль грэе сэрцы фанаў «МЮ».

1. Цьеры Анры, «Арсенал» – «МЮ», 2000

Геніяльнае рашэнне Анры, ашуканы Дэніс Ірвін побач яго і збянтэжаны Бартэз у варотах, які праводзіць мяч поглядам – такім запомніўся гол француза.

«Я ўвесь час кажу, што я забіваў і больш складаныя галы, але яны не былі супраць «МЮ», – кажа форвард, але ён трохі хітруе, бо выканаць такі ўдар было надзвычай цяжка.

«Я хацеў падбіць і адправіць мяч з лёту, але самы складаны навык у гэтым голе заключаецца ў тым, што калі я ўдарыў яго, мяч пайшоў трохі ў бок. Так што калі б я проста ўлупіў, мяч бы вылецеў за межы поля. Я ведаў, што мне проста трэба крыху змякчыць удар і пераканацца, што мяч збіраецца сплысці, тады ён патрапіць», – дзяліўся сакрэтам француз.

Атрымаўся сапраўды шэдэўральны гол. Анры падкрэслівае, што гульцы павінны не баяцца спрабаваць нешта новае і забаўляць людзей.

Photo credit: The Sun

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты