Tribuna/Бейсбол/Блогі/Пинта-Шминта/Топ-менеджар бейсбольных «Янкіз» начуе на вуліцы. Так ён спрабуе прыцягнуць увагу да праблем бяздомнай моладзі

Топ-менеджар бейсбольных «Янкіз» начуе на вуліцы. Так ён спрабуе прыцягнуць увагу да праблем бяздомнай моладзі

Падыход.

Аўтар — KentYara98
22 лістапада, 15:33
Топ-менеджар бейсбольных «Янкіз» начуе на вуліцы. Так ён спрабуе прыцягнуць увагу да праблем бяздомнай моладзі

Штогод у лістападзе генеральны менеджар бейсбольных «Янкіз» Браян Кашман праводзіць адну халодную ноч на вуліцы. Браяну 56 гадоў, пра такіх кажуць, што ён паспяховы чалавек. Прыйшоўшы ў 1986 годзе ў «Янкіз» на пазіцыю стажора, ён дарос да пасады генеральнага менеджара і старэйшага віцэ-прэзідэнта клуба. Пад ягоным кіраўніцтвам клуб шэсць разоў выйграваў Амерыканскую Лігу і чатыры – чэмпіянат Сусветнай серыі.

Упершыню Кашмана заўважылі на начной вуліцы ў 2014 годзе. Тады сустрэча з топ-менеджарам у такіх умовах кагосьці магла збянтэжыць. Але як аказалася, ён ахвяраваў уласным камфортам на адну ноч і разбіў намёт дзеля добрай справы. Мужчына выйшаў на вуліцы ў межах штогадовай дабрачыннай акцыі Sleep Out, якую арганізуе некамерцыйная арганізацыяя Covenant House дзеля дапамогі бяздомнай моладзі па ўсёй краіне.

«Я не ўяўляю, як наогул чалавек можа вытрымаць адну ноч, не кажучы ўжо аб некалькіх тыднях запар», – казаў тады амерыканец.

У той год больш за 750 кіраўнікоў кампаній у 21 горадзе начавалі на вуліцах, каб сабраць грошы на дабрачыннасць.

За сваю 50-гадовую гісторыю Covenant House, які ініцыяваў акцыю, ператварыўся ў арганізацыю, якая штогод дапамагае прыкладня 74 тысячам маладых людзей. Кожны чалавек, які пераступіў парог «дома паратунку» (прыкладна так можна перакласці назву арганізацыі), атрымлівае гарачую ежу, чыстае адзенне, медыцынскую дапамогу і бяспечны ложак. Але Covenant House – гэта не проста прытулак. Тут таксама праводзіцца актыўная прафесійная падрыхтоўка і даецца магчымасць атрымаць адукацыю. Дзякуючы праграме Sleep Outs перад маладымі людзьмі адкрываюцца шматлікія дзверы, таму што бізнесмены, якія апякуюцца над ініцыятывай, часам забяспечваюць стажыроўку і даюць магчымасці для кар'ернага росту.

З моманту першага начлегу Кашмана на вуліцы мінула дзевяць гадоў. І кожны год спартовы функцыянер знаходзіў адну ноч, каб так сама, як і сотні іншых людзей, дапамагчы арганізатарам сабраць грошы на сваю дзейнасць.

Сёлета ўпершыню ў гісторыі праекта ўдзельнікі спалі на Таймс-сквер, а топ-менеджар дапамог прыцягнуць 25525 долараў ахвяраванняў.

Агулам жа падчас адной такой акцыі ўдаецца сабраць каля 10 мільёнаў долараў.

«Я ведаю, што ўсе разам мы можам зрабіць болей. Я бачыў, як адбываюцца цуды», – кажа Кашман пасля акцыі.

Гэтая дзіўная гісторыя салідарнасці і эмпатыі прымушае задумацца толькі пра адно – як шмат беларускіх спартовых функцыянераў гатовыя былі б ахвяраваць сваім камфортам дзеля дапамогі зусім незнаёмым людзям.

Іншыя пасты блога

Усе пасты