Tribuna/Гімнастыка/Блогі/Пинта-Шминта/Пасля перамогі гімнасткі-беларускі на Кубку свету ўключылі не рэжымны гімн, а тое, што замяняла гімн расіянам у Токіа

Пасля перамогі гімнасткі-беларускі на Кубку свету ўключылі не рэжымны гімн, а тое, што замяняла гімн расіянам у Токіа

Вы напэўна чулі гэтую музыку Чайкоўскага.

Аўтар — Pam-pam
26 сакавіка, 04:58
Пасля перамогі гімнасткі-беларускі на Кубку свету ўключылі не рэжымны гімн, а тое, што замяняла гімн расіянам у Токіа

24 сакавіка беларуская гімнастка і падпісантка ліста за рэжым Аліна Гарнасько стала першай у практыкаваннях са стужкай на этапе Кубка свету ў Грэцыі. На турнір спартсменка патрапіла, бо Міжнародная федэрацыя гімнастыкі (FIG) дапусціла 30 беларускіх гімнастаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай у нейтральным статуце.

Нейтральны статус забараняе спарстменам публічна з'яўляцца са сцягам сваёй краіны, дэманстраваць яе нацыянальныя сімвалы, у тым ліку на вопратцы і інвентары.

Таму калі Гарнасько паднялася на п'едэстал, беларускі гімн не мог прагучаць. А што замест яго? Арганізатары ўключылі фрагмент з першага канцэрта расійскага кампазітара Пятра Чайкоўскага. Вы маглі чуць гэтую музыку.

Дзіўны выбар кампазіцыі, калі ўспомніць, што гэты ўрывак на апошніх Алімпійскіх гульнях выкарыстоўвалі замест гімна для расійскіх спартсменаў, якія ўжо тады выступалі пад нейтральным сцягам. Прычым ініцыятарам выбару такой кампазіцы быў расійскі бок.

У правілах FIG не прапісана, якая музыка мусіць выконвацца замест гімна для беларускіх (ды і іншых) спартсменаў, аднак раней у арганізацыі адзначалі, што пры прадстаўленні нейтральных спартсменаў павінна выкарыстоўвацца нейтральная музыка. У выніку замест гімна беларускія гімнасткі слухалі тое ж самае, што і расійскія алімпійцы.

Цікава, хто так вырашыў: ці то прадстаўнікі Беларусі заняліся паўтарэннем, ці то міжнародная федэрацыя «зблытала» краіны і турніры.

Іншыя пасты блога

Усе пасты