Tribuna/Хакей/Блогі/Пинта-Шминта/Крыўднікі «Дынама» Мінск з трэскам праваліліся ў 1/4 фінала Кубка Гагарына – насуха саступілі камандзе з беларускім трэнерам

Крыўднікі «Дынама» Мінск з трэскам праваліліся ў 1/4 фінала Кубка Гагарына – насуха саступілі камандзе з беларускім трэнерам

Сенсацыйнае фіяска масквічоў.

Аўтар — Pam-pam
24 сакавіка, 00:45
Крыўднікі «Дынама» Мінск з трэскам праваліліся ў 1/4 фінала Кубка Гагарына – насуха саступілі камандзе з беларускім трэнерам

Маскоўскае «Дынама», якое выбіла з 1/8 Кубка Гагарына «зуброў», сенсацыйна вылецела з турніру.

Пераможцы рэгуляркі прайгралі тры матчы запар у серыі з «Трактарам», у штабе якога працуе беларускі трэнер Аляксандр Макрыцкі. У чацвёртай сустрэчы, якая праходзіла 22 сакавіка ў Чэлябінску, у «Дынама» проста не засталося права на памылку. «Трактар» жа глядзеўся ўпэўнена і быў гатовы да змагання.

Аляксандр Макрыцкі другі злева

«Дынамаўцам» удалося адкрыць лік сустрэчы – на 9-й хвіліне Мікіта Гусеў і Седрык Пакет узорна рэалізавалі большасць. Але ўжо праз дзве хвіліны госці атрымалі кур'ёзны гол у свае вароты – пасля дотыку Чарльза Робінсана шайба патрапіла ў перакладзіну, а ад яе адскочыла ў галкіпера бела-блакітных Максіма Матарыгіна і закацілася ў вароты – 1:1.

У рэшце першага перыяда «дынамаўцы» прымудрыліся прапусціць яшчэ тройчы. Здавалася, што ў гэтым матчы ўсё вырашана. Але трэнерскі штаб масквічоў знайшоў патрэбныя словы, і падапечныя здолелі скараціць адставанне да адной шайбы. Пры ліку 3:4 у дынамаўскіх заўзятараў замігцела надзея, што іх каманда зможа паўтарыць камбэк з другога матча, калі яны адгуляліся з 2:4 за перыяд.

Але каманда беларускага трэнера была супраць – на 55-й хвіліне Ілля Карпухін змог адабраць шайбу ў суперніка і выкінуць яе ў сярэднюю зону, дзе ўключыўся Максім Шабанаў. Форвард «Трактара» падхапіў шайбу, паскорыўся, зрабіў віраж на пятачок, абʼехаў брамніка і закінуў пяты гол у сетку «Дынама».

На апошняй хвіліне Эрык О’Дэл шчоўкнуў пад перакладзіну і скараціў адставанне да мінімуму. Але адгуляцца масквічы ўжо не паспелі.

«Трактар» утрымаў перавагу і выйграў матч, а разам з ім і ўсю серыю, ды яшчэ ўсухую – 4-0!

Маскоўскае «Дынама», якое выйграла рэгулярны чэмпіянат КХЛ, у след за сваімі мінскімі калегамі адправілася ў адпачынак. А каманда Макрыцкага чакае ў паўфінале пераможцу пары «Авангард» – «Лакаматыў». Лік у гэтай серыі 1-3 на карысць Яраслаўля.

Іншыя пасты блога

Усе пасты