Tribuna/Біятлон/Блогі/Пинта-Шминта/Экс-Алiмбекава кажа, што Смольскі ў iх сям'i галоўны, але ён агучвае жаданнi – а жонка робiць усё па-свойму (яшчэ i пасля «дамоваў»)

Экс-Алiмбекава кажа, што Смольскі ў iх сям'i галоўны, але ён агучвае жаданнi – а жонка робiць усё па-свойму (яшчэ i пасля «дамоваў»)

Прарэжымнiку застаецца «змірыцца» i зарабляць.

Аўтар — KentYara98
15 снежня, 19:25
Экс-Алiмбекава кажа, што Смольскі ў iх сям'i галоўны, але ён агучвае жаданнi – а жонка робiць усё па-свойму (яшчэ i пасля «дамоваў»)

Біятланісты-прарэжымнікі Антон і Дынара Смольскія праводзяць сёлетні сезон па-рознаму. Найперш гэта звязана з тым, што 28 верасня ў пары нарадзіўся сын Сафрон.

Нядаўна экс-Алімбекава дала інтэрв'ю пра тое, як змянілася яе жыццё, і біятланістку наўпрост спыталі: хто ж галоўны ў яе сям'і? Як указаў аўтар пытання, Дынара з усмешкай адказала, што яе «справы і клопаты ў асноўным круцяцца вакол сына», але пры гэтым, «вядома, Антон па-ранейшаму галоўны».

Аднак гэтая ўсмешка цалкам можа сысці за іранічную – неяк зусім не падобна, каб Смольская рабіла тое, што хоча муж. Вось, напрыклад, трэнеры зборнай прагназавалі, што спартсменка вернецца ў біятлонныя спаборніцтвы да красавіка 2024-га, і Антон, па прызнанні самой Дынары, быў толькі за такі плаўны графік – казаў, што «усяму свой час, трэба паберагчы сябе». Але сама Дынара хацела на лыжню як мага хутчэй – і праз тры тыдні пасля родаў адправілася з мужам і сынам практыкавацца на збор у Ханты-Мансійск. Прычым для таго, каб было каму сачыць за Сафронам, з ім паляцелі яшчэ і абедзве бабулі.

Толькі праз час Смольскі ўсё ж такі пераканаў жонку спыніцца – здаецца, для гэтага прыйшлося аплаціць пуцёўку на тыдзень у Дубай. Паляцець на курорт ААЭ экс-Алімбекава пагадзілася і адтуль выкладвала ў старыс вось такі кантэнт.

З Дубая Дынара таксама ўсё ж падзякавала мужу за тое, што ён, цытата, «прапанаваў яшчэ крыху адпачыць – так бы мовіць, дамовіўся са мной». Ну а пасля вяртання ўсё роўна паехала на біятлонную трасу – проста не расійскую, а ў «Раўбічах». Увогуле, тут Смольскі відавочна не ўказ для жонкі.

Яшчэ адзін момант – паводзіны экс-Алімбекавай у сацсетках. Нядаўна яе муж прызнаўся, што і тут яе жаданні аказаліся мацнейшымі за яго.

«У інтэрнэце я стараюся публікаваць толькі трэніроўкі. Калі з'явіўся сын, першапачаткова я быў супраць таго, каб Дынара выкладвала нейкія сямейныя карцінкі ў інтэрнэт. Але потым змірыўся», – сказаў Смольскі.

Проста факт: за апошнія два з невялікім тыдні ў Алімбекавай выйшла шэсць пастоў у стужку Instagram, з якіх чатыры былі з сынам у кадры, а пяты называўся «Дзённік мамы». Тут ужо сапраўды толькі змірыцца.

Смольскаму застаецца зарабляць сямейны бюджэт на расейскіх стартах, што, трэба сказаць, адразу атрымалася дзякуючы шчодрасці арганізатараў. У лістападзе малады бацька зарабіў амаль 17 тысяч долараў за дзве гонкi на турнiры толькi прыдуманай «лігі клубнага біятлона».

Таксама ў медалi Смольскі трапiў на Кубку Расіі, але там беларускiм бiятланiстам нiчога не плацяць – зрэшты, другое месца ў мас-старце на другiм этапе павiнна быць ацэнена выплатай з беларускага дзяржбюджэту ў памеры 100 базавых велiчынь, што зараз складае больш за 1,1 тысячу долараў.

Пасля спартсмен скардзіўся, што яго арганізм ужо мае патрэбу ў адпачынку – але тут як раз здарылася адмена запланавай праграмы спаборнiцтваў у Цюмені з-за маразоў.

Цяпер жа ў Смольскага зноў грашовае спаборніцтва – новы этап Кубка садружнасці, дзе расійскі бок плаціць амаль 1,5 тысячы долараў за шостае месца з прагрэсіўным павелічэннем да 3,3 тысячы за першае. Аднак 15 снежня ў спрынце Антон не патрапіў нават у топ-10.

Іншыя пасты блога

Усе пасты