Tribuna/Біятлон/Блогі/Пинта-Шминта/Былы бос сусветнага біятлона раіў Бʼёрндалену не выступаць за Беларусь, а сёння яго віняць у хабарах ад расіян (у тым ліку прастытуткамі)

Былы бос сусветнага біятлона раіў Бʼёрндалену не выступаць за Беларусь, а сёння яго віняць у хабарах ад расіян (у тым ліку прастытуткамі)

Муж Домрачавай хоча пабачыць доказы.

Аўтар — KentYara98
14 студзеня, 13:00
Былы бос сусветнага біятлона раіў Бʼёрндалену не выступаць за Беларусь, а сёння яго віняць у хабарах ад расіян (у тым ліку прастытуткамі)

У Нарвегіі пачаўся суд над былым прэзідэнтам Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) Андэрсам Бесебергам. Спартыўнага функцыянера абвінавачваюць у карупцыі ў перыяд, калі ён узначальваў Саюз.

77-гадовы Бесеберг займаў пасаду з 1993 па 2018-ы, пакуль у офіс агранізацыі ў Зальцбургу не прыйшла аўстрыйская паліцыя. Праваахоўнікі расследавалі выпадкі меркаванай карупцыі IBU і магчымыя парушэнняў антыдопінгавых правіл у перыяд з 2012-га па 2017-ы годы. Разам з нарвежцам фігурантам справы стала і генеральная сакратарка IBU Ніколь Рэш, але ў красавіку 2023-га абвінавачанні з яе былі знятыя.

Цікава, што за месяц да ператрусаў Бесеберг распавядаў, як адгаворваў нарвежца Уле Эйнара Б'ёрндалена ад удзелу ў АГ-2018 у складзе зборнай Беларусі. Праўда, тады гаворка не ішла пра тое, што топавы біятланіст можа нашкодзіць сваёй рэпутацыі – усё ж такі беларускі рэжым на той момант яшчэ не быў настолькі таксічным. Размова хутчэй была пра фізічныя магчымасці 42-гадовага біятланіста:

«Не хачу сказаць, што гэта сапсавала б ягоны імідж, але я ведаю яго вельмі даўно, таму параіў Бʼёрндалену не рабіць гэтага. Хаця разумею, што ў яго была моцная спакуса.

Многія лічылі, што Бʼёрндалена трэба ўзяць на Алімпіяду, так што гэта было б не найгоршым варыянтам. Думаю, пазней ён бы пашкадаваў, што пагадзіўся», – казаў тады функцыянер.

Бываў Бесеберг у Беларусі і асабіста – у 2004-м наведаў чэмпіянат Еўропы ў Раўбічах, дзе сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля размовы з тагачасным кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Бесеберг рассыпаўся ў кампліментах, маўляў, і чэмпіянат у краіне найлепшы правялі, і Лукашэнка так захоплены біятлонам, што вельмі добра для гэтага віду спорта.

Яшчэ адна сустрэча экс-прэзідэнта IBU з прадстаўнікамі Беларусі адбылася ў 2016-м, калі ў Рупольдынг прыехаў тагачасны першы віцэ-прэзідэнт НАК Максіма Рыжанкова. Нарвежац ізноў нагаварыў дзяжурных слоў пра тое, што ў Беларусі арганізоўваюць біятлонныя спаборніцтвы на самым высокім узроўні - маўляў, у IBU ужо чакаюць заяўку ад беларускай федэрацыі для правядзення топ-турніраў.

Раўбічы сапраўды атрымалі права на этап Кубка свету ў 2022-м. Такое рашэнне прынялі ў лістападзе 2018-га - праз паўгода пасля таго, як Бесеберг пакінуў пасаду. У траўні 2021-га IBU прыйшлося адкатваць усё назад. Тады ў арганізацыі спаслаліся на «бягучую сітуацыю ў Беларусі».

Абвінавачанне сцвярджае, што Бесеберг атрымліваў хабар ад расійскіх чыноўнікаў грашыма, у выглядзе эксклюзіўных гадзіннікаў, прымаў запрашэнні на дарагія паляўнічыя паездкі і карыстаўся аплачанымі паслугамі прастытутак. На іх думку, такім чынам забяспечвалася лаяльнасць функцыянера ў дачыненні да расійскага біятлона, а яшчэ дапамогу ва ўтойванні допінг-проб біятланістаў з Расіі.

Сам Бесеберг не прызнае сябе вінаватым, пра што заявіў падчас першага дня паседжання. Пры гэтым ён не аспрэчвае, што прымаў падарункі і ездзіў на паляванне, але ўсё гэта нібыта выпадковыя рэчы, а не нейкія там хабары. Вось, напрыклад, як былы функцыянер пракаментаваў адзін з эпізодаў з гадзіннікам:

«Я не цікаўлюся гадзіннікамі і не разбіраюся ў іх. У тых гадзінніках, якія я атрымаў ад Сяргея Кушчанкі (віцэ-прэзідэнта IBU) у 2011 годзе, не было нічога, што стварала б уражанне, што гэта нейкі асабліва дарагі гадзіннік».

Паводле слоў Бесеберга, ён быў здзіўлены, калі ўбачыў падобны гадзіннік у аэрапорце Жэневы з цэнікам каля 130 000 нарвежскіх крон (прыкладна 23 тысячы долараў на той час).

Пры наступнай сустрэчы з Кушчанкам функцыянер удакладніў, ці сапраўды гадзіннік залаты, а пасля сцвярджальнага адказу нібыта паспрабаваў адмовіцца ад падарунка, але яго супакоілі словы, што гэта падзяка за працу, якую Бесеберг прарабіў для развіцця біятлона.

Пра эпізод з аплачанай расійскімі біятлоннымі чыноўнікамі прастытуткай распавядае наступнае. Маўляў, думаў, што прынеслі расклад, а калі зразумеў, што дзяўчына гаворыць па-руску, сказаў, што яму час спаць - госця быццам бы пакінула нумар, прабыўшы там усяго пару хвілін.

Верагодна, стратэгію «пагаджацца, але адмаўляць» прапанаваў адвакат Бесеберга, які заявіў, што ягоны кліент «ніколі не дзейнічаў такім чынам, што яго можна было б абвінаваціць у подкупе з боку рускіх у мэтах атрымання апошнімі выгады або прыкрыцця з боку кіраўніка IBU». Ды і наогул, падарункі падаваліся рознымі людзьмі, паміж уручэннямі праходзіў нейкі час, так што звязваць гэтыя эпізоды няма падстаў.

Судовыя спрэчкі, падчас якіх можа ўсплыць яшчэ шмат цікавага, працягнуцца да 16 лютага, а рашэнне суда чакаецца не раней за канец зімы.

Муж Домрачавай з нецярпеннем чакаем, што праз шэсць гадоў адкрыецца праўда. Маўляў, шмат чутак вакол справы - хацелася б пабачыць і доказы. А вось суайчынніца Б'ёрндалена біятланістка Сюневе Сулемдал распавяла, што бачыла Бесеберга з маладымі дзяўчатамі на руках у Маскве пасля «Гонкі чэмпіёнаў».

Іншыя пасты блога

Усе пасты