Tribuna/Біятлон/Блогі/Пинта-Шминта/Экс-Алімбекава правяла першую афіцыйную гонку пасля родаў. Шмат саступіла ходам, але абагнала Солу

Экс-Алімбекава правяла першую афіцыйную гонку пасля родаў. Шмат саступіла ходам, але абагнала Солу

Здаецца, усім задаволеная.

Аўтар — Pam-pam
14 лютага, 04:27
Экс-Алімбекава правяла першую афіцыйную гонку пасля родаў. Шмат саступіла ходам, але абагнала Солу

Беларуская біятланістка Дзінара Смольская (у дзявоцтве Алімбекава), якая стала мамай у верасні 2023-га, правяла свой першы старт. Апошні раз алімпійская чэмпіёнка выступала 30 сакавіка 2023 года ў змешанай эстафеце на чэмпіянаце Расіі ў Ханты-Мансійску. Тады каманда Беларусі заняла чацвёртае месца.

Яшчэ два тыдні таму галоўны трэнер зборнай Алег Рыжанкоў рабіў акуратныя заявы наконт магчымага вяртання біятланісткі. Маўляў, калі тая будзе гатовая функцыянальна, то атрымае магчымасць прабегчы які-небудзь эстафетны этап. А ў канцы студзеня так званы дзяржаўны трэнер па біятлоне Юры Альберс казаў, што экс-Алімбекава нават не мае допуску да трэнінгаў. Але ў выніку спарсменку заявілі на старт індывідуальнай гонкі расійскай спартакіяды ў Залатавусце.

На турнір сям'я Смольскіх адправілася ў кампаніі свайго сына Сафрона – чатырохмесячнае немаўля нават уключылі ў склад зборнай. Верагодна, гэта звязана з тым, што спартсменка працягвае карміць малога, што таксама не дазваляе паўнацэнна вярнуцца не толькі да спаборніцтваў, але і да трэнавальнага працэсу.

У Залатавуст Смольскія адправіліся яшчэ 31 студзеня. Падпісантка за рэпрэсіі нават паспела пахваліцца ў сваім інстаграм снежным надворʼем на Урале.

Перад стартам «індывідуалкі» Антон Смольскі казаў, што не хвалюецца за жонку, і што галоўнае для той – атрымаць задавальненне. Ён таксама адзначыў, што трэнеры выступалі супраць удзелу алімпійскай чэмпіёнкі ў старце, аднак тая настаяла на сваім.

Гонка для беларуска склалася відавочна няпроста. Стартаваўшы 46-й, ужо на адзнацы 2,5 кіламетры Смольская саступала лідарцы амаль 41 секунду, а на першай «лёжцы» злавіла 2 промахі. Праўда, астатнія тры рубяжы прайшла чыста, але паскорыцца ўсё роўна не мела магчымасці.

Нядзіўна, што вынік аказаўся далёкім ад таго, што спартсменка паказвала раней – 21-ы радок і адставанне ад пераможцы расіянкі Наталлі Шаўчэнка больш за 5 хвілін. Чыстым ходам Смольская паказала 39-ы вынік, пераадолеўшы трасу за 44 хвіліны і 16 секунд.

Найлепшая з беларусак Ірына Лешчанка да апошняга прэтэндавала на высокае месца, але адна незакрытая мішэнь на апошняй стральбе адкінула спартсменку на 10-ы радок. Ганна Сола дапусціла 6 промахаў і стала 24-й, а Дарʼя Кудаева з такой жа колькасцю промахаў – 45-й.

Пасля гонкі Смольская цешылася, што проста дабралася да фінішу – так ёй было цяжка. А яшчэ зразумела, над якімі кампанентамі трэба больш працаваць. Не забылася яна парадавацца і за мужа (Смольскі стаў другім у аналагічнай гонцы ў мужчын), але адзначыла, што ён здольны на большае.

Здаецца, спартсменка спакойна паставілася да першая пасляродавай спробы. У сторыз свайго інстаграм яна выклала відэа, дзе, адказваючы на пытанне пра гатоўнасць перад гонкай, паказвае «пяць». Пасля ў подпісах пажартавала, што мела на ўвазе пяць хвілін адставання.

Наступнай гонкай для біятланісткі, далёкай ад сваіх кандыцый, павінна стаць эстафета. Сама Смольская разлічвае наблізіцца да сваёй старой формы да чэмпіянату Расіі ў Цюмені, які пройдзе ў сакавіку гэтага года.

Іншыя пасты блога

Усе пасты