Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Пинта-Шминта/Беларуская топ-марафонка збіраецца абарваць паўзу ў паўтара года і стартаваць у ЗША. Там яе ўжо лічаць мясцовай бягухай

Беларуская топ-марафонка збіраецца абарваць паўзу ў паўтара года і стартаваць у ЗША. Там яе ўжо лічаць мясцовай бягухай

Вольга Мазуронак па-ціхаму знікла са складу зборнай Беларусі.

Аўтар — Pam-pam
18 лютага, 13:00
Беларуская топ-марафонка збіраецца абарваць паўзу ў паўтара года і стартаваць у ЗША. Там яе ўжо лічаць мясцовай бягухай

Найлепшая марафонка Беларусі Вольга Мазуронак выйдзе на свой першы старт пасля працяглай паўзы – спартсменка прыме ўдзел у лос-анджэлескім марафоне, які адбудзецца 17 сакавіка гэтага года.

Апошні раз Мазуронак, чый скрываўлены твар падчас пераможнага забегу на чэмпіянаце Еўропы-2018 у Берліне разляцеўся па сусветных медыя, брала ўдзел у спаборніцтвах на Алімпійскіх гульнях у Токіа-2020. Тады, 7 жніўня 2021 года (алімпійскія старты зрушыліся на год), беларуска паўтарыла сваё алімпійскае дасягненне Рыа-2016, стаўшы пятай і прадэманстраваўшы найлепшы вынік сярод прадстаўнік Еўропы.

Пасля гэтага топ-бягуха літаральна знікла са спартыўных радараў. Адсутнасць на міжнародных спаборніцтвах можна патлумачыць адхіленнем беларускіх спартсменаў, якое стала адказам на саўдзел лукашэнкаўскага рэжыма ў вайне з Украінай на баку Расіі. Але ж Мазуронак не з'яўлялася і на ўнутраных стартах – неаднаразовая пераможца мінскага паўмарафона пасля Алімпіяды ў забегах увогуле не ўдзельнічала.

Увосень 2022-га «Трыбуна» цікавілася, чым жыве спартсменка. На той момант яна па ўласнай праграме трэнавалася на стадыёне БДУФК і разлічвала, што прадстаўнікоў Беларусі дапусцяць на Алімпіяду ў Парыж.

У снежні 2022-га пра Мазуронак успамінаў бягун Раман Адамовіч, які пераехаў у Польшчу. Спартсмен расказваў пра жаданне марафонкі спаборнічаць і ездзіць на міжнародныя спаборніцтвы і таму здзіўляўся, што яна застаецца ў Беларусі і працягвае там трэнавацца. Адамовіч тлумачыў гэта тым, што Мазуронак баіцца, што калі паедзе, напрыклад, у Польшчу, то пазбавіцца месца ў зборнай.

«Афіцыйна яе ніхто не адпусціць з Беларусі на спаборніцтвы, а сама яна не хоча, бо прывязаная да заробку, да зборнай. І ў выніку прапускае спаборніцтвы, прапусціць Алімпіяду, хоць узрост у яе нядрэнны для заваявання медалёў. Вольга магла б звольніцца са зборнай, сама спаборнічаць – але не, не хоча губляць стабільную зарплату на стаўцы ў Мінспорту. Я ведаю дакладна, што ёй тэлефанаваў адзін мэнэджар і запрашаў на спаборніцтвы ў Польшчу, але яна адмовілася – баіцца, што будуць наступствы. І гэта ўсё дзеля 500 даляраў заробку ў зборнай…»

Падобна, сітуацыя з таго часу змянілася.

Мазуронак была ў складзе зборнай Беларусі на 2023 год, як і яшчэ дзве прадстаўніцы марафона – Людміла Ляховіч і Марына Даманцэвіч (асабістым трэнерам зʼяўляецца Юрый Недасекаў – бацька скакуна-лукашыста Максіма Недасекава).

У спісачным складзе зборнай на 2024-ы Ляховіч і Даманцэвіч на месцы, а вось Мазуронак ужо адсутнічае.

Знікненне тытулаванай спартсменкі беларуская федэрацыя ніяк не каментавала. Сама бягуха апошнія пару гадоў з медыямі ніяк не камунікуе.

Роўна праз месяц бягуха, якой у сярэдзіне красавіка споўніцца 35, збіраецца стартаваць у штогадовым марафоне ў Лос-Анджэлесе. Калі не адбудзецца форс-мажору, яе забегі раздзеліць 1 год і 7 месяцаў. Дыстанцыя пачнецца на стадыёне «Доджэр» і скончыцца на Авеню зорак у Сенчуры-Сіці.

Арганізатары марафону лічаць беларуску адной з галоўных прэтэндэнтак на перамогу ў жаночым забегу. Пры гэтым на сайце мерапрыемства напісалі, што Мазуронак «яшчэ і мясцовая бягуха, якая жыве ў Лос-Анджэлісе апошні год ці каля таго».

Сярод іншых прэтэндэнтаў на перамогу называюць кенійскую бягунку Стэйсі Ндзіву. Акрамя таго канкурэнцыю складуць удзельніца АГ ў Рыа Сільвія Парэдэс з Эквадора, пераможца снежаньскага марафону ў Малазе кенійка Памэла Роціч і бронзавая прызёрка Панамерыканскіх гульняў Рэйчэл Ханна з Канады. Пры гэтым менавіта прадстаўніца Беларусі мае найлепшы асабісты рэкорд - 2:23:54.

Удзельніцы забегу пачнуць сваю гонку на 18 хвілін раней за мужчын, а пераможца атрымае чэк на 10 тысяч долараў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты