Tribuna/Футзал/Блогі/Пинта-Шминта/Амаль у топ-3! Што ў беларускага трэнера атрымліваецца ў топ-дывізіёне Францыі па міні-футболе

Амаль у топ-3! Што ў беларускага трэнера атрымліваецца ў топ-дывізіёне Францыі па міні-футболе

Каманда Сяргея Падалінскага ўдзельнічае ў сурʼёзных разборках.

Аўтар — Pam-pam
21 лютага, 11:06
Амаль у топ-3! Што ў беларускага трэнера атрымліваецца ў топ-дывізіёне Францыі па міні-футболе

Былы топ-гулец зборнай Беларусі Сяргей Падалінскі, які ў мінулым сезоне завяршыў прафесійную кар'еру, працягвае працаваць у Францыі. Яшчэ гуляючы за «Тулон», ён пачаў трэнаваць юніёрскую каманду U-15, а ўжо ў чэрвені 2023-га ўзначаліў асноўную. Гэта стала магчыма дзякуючы таму, што Падалінскі атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі B УЕФА. Пры гэтым спецыяліст расказваў, што фінансавая сітуацыя ў клуба не самая простая, таму як мінімум на першым этапе яму трэба было сумяшчаць трэнаванне з работай, звязанай з усталяванем рыштунка для басейнаў. Пра фінансавую сціпласць клуба французскія СМІ пішуць дагэтуль.

Тым не менш Падалінскі быў вельмі натхнёны, бо, паводле яго слоў, трэнерская справа была даўняй марай. Яшчэ падчас гульнявой кар'еры, якая расцягнулася на 23 гады, ён стараўся ўзяць найлепшае ад тых спецыялістаў, з якімі паспеў папрацаваць у Расіі і Беларусі.

І ўсё ж перад стартам сезона ў Д1 Падалінскі прызнаваўся, што адчувае сябе крыху няўпэўнена. Праўда, хваляваўся дарэмна – дэбют атрымаўся даволі яркім. У першым афіцыйным матчы сезона «Тулон» атрымаў упэўненую перамогу над «Гол Футзал» 6:3, а затым яшчэ перайграў «Парыж» 4:2.

Першую частку сезона Падалінскі быў не адзіным беларусам у «Тулоне». Улетку да каманды далучыўся гулец зборнай Беларусі Юры Дубкоў. Праўда, ужо ў сярэдзіне студзеня стала вядома, што ён вярнуўся на Радзіму і падпісаўся з ВРЗ.

Падалінскі прыўнёс у каманду строгасць і дысцыпліну, што адбіваецца і на выніку. На сёння французская каманда мае 7 перамог, 3 нічыіх і 5 паражэнняў – з 24 пунктамі «Тулон» займае 6-ы радок, але ад 2-га месца яго аддзяляе толькі два пункты. А вось да лідара турніру «Этуаля» не дацягнуцца – у яго актыве 43 пункты.

Беларускі трэнер не вельмі актыўны ў сацсетках – у асноўным ён рэпосціць клубныя фота і відэа, з якіх можна зрабіць выснову, што Падалінскі нядрэнна падцягнуў сваю французскую. Ці жарт, 15 хвілін адказваць на пытанні на замежнай мове.

А некаторыя французы, каб звярнуцца да Падалінскага, адкрываюць для сябе беларускую мову.

Увосень 2023-га Падалінскі казаў мясцовым медыя, што Францыя стала для яго другім домам, але і на Беларусь ён не забудзецца:

«Мару вярнуцца і згуляць там яшчэ адзін матч. Ну, напэўна, юбілейны (смяецца), і калі памяняецца ўлада…»

Іншыя пасты блога

Усе пасты